Заява Рады БНР: Смерць Алеся Пушкіна — палітычнае забойства

Рэжым займаецца мэтанакіраваным знішчэннем беларускай культурніцкай эліты. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве Рады БНР з нагоды смерці за кратамі мастака-палітвязня Алеся Пушкіна

19030258_636615006528217_274867357929733184_n_logo.jpg.webp


— Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае свае шчырыя спачуванні родным і блізкім Алеся Пушкіна, выбітнага беларускага мастака, актывіста і палітычнага зняволенага, які пры абставінах, на дадзены момант не высветленых, памёр у лукашэнкаўскай турме.

Алесь Пушкін быў арганізатарам першай за дзесяцігоддзі публічнай акцыі ў гонар 25 сакавіка: у 1989 годзе ён выйшаў на праспект у Мінску з пікетам, быў затрыманы савецкай міліцыяй і асуджаны. 

Пушкін — аўтар дзясяткаў палотнаў, прысвечаных гераічнаму мінуламу беларускага народа. У 2018 годзе ён быў узнагароджаны Радай БНР Медалём да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прамую адказнасць за гэтую заўчасную трагічную смерць нясе аўтарытарны рэжым, які пануе ў Беларусі, а таксама персанальна былы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які ў 1995-1996 гадах здзейсніў дзяржаўны пераварот і незаконна ўзурпаваў найвышэйшую дзяржаўную ўладу ў краіне. 

Персанальна Аляксандр Лукашэнка нясе адказнасць за палітычны тэрор, цэнзуру, гвалт супраць іншадумцаў і забойствы сваіх крытыкаў і апанентаў, якія адбыліся за гэтыя амаль трыццаць гадоў. 


Глядзіце таксама

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама поўнай юрыдычнай рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітычных вязьняў. Асобы, якія нясуць адказнасць за незаконнае ўвязненне беларускіх палітыкаў, актывістаў, журналістаў, інтэлектуалаў і проста неабыякавых грамадзянаў, маюць панесці пакаранне па ўсёй строгасці закону. 

Гэта тычыцца як палітычных замоўцаў, уключна з вышэйшым кіраўніцтвам аўтарытарнага рэжыму ў Мінску, так і выканаўцаў: суддзяў, прапагандыстаў, супрацоўнікаў турмаў і сілавых структураў.

Як гэта рабілі савецкія акупанты ў найбольш змрочныя часы СССР, рэжым Аляксандра Лукашэнкі займаецца мэтанакіраваным знішчэннем беларускай культурніцкай эліты. Спыненне гэтага любымі магчымымі спосабамі з’яўляецца неабходным дзеля выжывання беларускага народу.

Імя Алеся Пушкіна застанецца ў гісторыі ў адным шэрагу з імёнамі найлепшых сыноў і дачок Беларусі.