Хто стаяў ля вытокаў БССР?
Стварэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь было абвешчана 100 гадоў таму. Насуперак папулярнаму міфу, гэта быў не толькі бальшавіцкі праект.
Народнікі за самавызначэнне народаў
Задоўга да з’яўлення марксістаў за права народаў Расійскай імперыі на самавызначэнне выступілі рэвалюцыйныя народнікі. Менавіта яны стварылі першую палітычную партыю ў Беларусі — Беларускую сацыял-рэвалюцыйную партыю. Яе лідар Ігнат Грынявіцкі пакараў смерцю 1 сакавіка 1881 года цара Аляксандра II (як бы зараз сказалі, здзейсніў тэракт).
Гэтую эстафету ў пачатку XX стагоддзя прыняла новая партыя — Беларуская сацыялістычная Грамада. БСГ таксама шмат у чым стаяла на народніцкіх пазіцыях «сацыялізму суполак». Тэарэтыкі агульнарасійскай партыі эсэраў актыўна распрацоўвалі канцэпцыю федэрацыі ўсіх народаў былой Расійскай імперыі. Але правы эсэр Аляксандр Керанскі, які ўзначаліў Часовы ўрад, нічога не зрабіў для нацыянальных інтарэсаў беларускага народа.
У верасні 1917 года лідар бальшавікоў Уладзімір Ленін заявіў аб праве Беларусі на самавызначэнне. На маю думку, шмат у чым правадыра РСДРП(б) да гэтага падштурхнула актыўнасць беларускай Грамады ў Петраградзе, дзе было шмат працоўных і матросаў з Беларусі. І дзейнасць беларускага сацыяліста Яўсея Канчара, які неаднаразова сустракаўся ў Леніным і лідарамі партыі эсэраў. З БСГ у гэты час вылучылася левае крыло на чале з Аляксандрам Чарвяковым і Зміцерам Жылуновічам. Фактычна, самастойную партыю ўтварылі і левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры.
Левыя эсэры ўваходзілі ў кіраўніцтва беларускімі фракцыямі ў шэраг усерасійскіх структур, створаных паміж лютым і кастрычнікам 1917 года. Так, Васіль Селіванаў і Яўсей Канчар узначальвалі Беларускую групу ва Усерасійскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Канчар, левы эсэр Караткевіч і бальшавік Фрунзэ каардынавалі Беларускую групу Усерасійскага Савета сялянскіх дэпутатаў.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пазіцыі левых эсэраў узмацніліся. Левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры ўзначалілі Беларускі абласны камітэт (БАК) пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў, у які ўвайшлі Васіль Селіванаў, Яўсей Канчар, Караткевіч і Гольман. Яўсей Канчар і матрос Раман Канчар уваходзілі таксама ў кіраўніцтва Беларускага Савета па фармаванні вайсковых частак, штаб якіх знаходзіўся ў Петраградзе на вуліцы Разначыннай. Па словах Канчара, да моманту анулявання Брэсцкага міру ў лістападзе 1918 года ім было сфармавана 2 беларускія палкі Чырвонай Арміі ў Петраградзе і 3 палкі — на тэрыторыі Беларусі, колькасцю каля 2 тысяч чалавек кожны.
БАК выступіў ініцыятарам правядзення Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года. Дэлегатамі з’езда былі прадстаўнікі сялянскіх Саветаў з усёй Беларусі. Аднак выканкам Савета Заходняга фронту і вобласці («Аблвыкамзах»), баючыся страты ўлады, самавольна разагнаў з’езд, які праходзіў з санкцыі Саўнаркама і Наркамата па справах нацыянальнасцяў.
Але беларускі нацыянальна-рэвалюцыйны рух нарастаў, і гэта патрабавала ад Саўнаркама нейкага канструктыўнага рашэння. Не ў меншай меры да гэтага падштурхоўвала і ваенна-палітычная сітуацыя ў Беларусі.
Левы сектар
Пасля паразы ў Першай сусветнай вайне і Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі нямецкія войскі сталі пакідаць Беларусь. Чырвоная Армія займала беларускія гарады і мястэчкі. З другога боку на тэрыторыю Беларусі пачалі ўступаць польскія войскі. У Варшаве яшчэ не было адзінага погляду на далейшы лёс Беларусі, але яе бачылі выключна ў межах Польшчы. Польскія правыя «нарадоўцы» наўпрост казалі пра інкарпарацыю ўсёй Беларусі ў склад Рэчы Паспалітай узору 1772 года. А былы сацыяліст Юзэф Пілсудскі заляцаўся да ўмеранай часткі дзеячаў БНР, абяцаючы ў будучыні польска-беларускую федэрацыю «роўных». Адначасова літоўскі ўрад, прызнаны Германіяй, аб’явіў Гродзенскую губерню сваёй тэрыторыяй.
Пагроза новай акупацыі, страта доўгачаканага шанцу на нацыянальнае самавызначэнне падштурхнулі беларускіх камуністаў і рэвалюцыйных сацыялістаў, Беларускі нацыянальны камітэт і Беларускі камісарыят Наркамнацу да патрабаванняў неадкладнага вырашэння беларускага пытання. Беларускі камісарыят узначальваў, дарэчы, левы эсэр Мікалай Семяновіч.
У партыі бальшавікоў 3 ліпеня 1918 года былі ўтвораны Беларускія секцыі РКП(б). Іх аснову склалі былыя чальцы Грамады на чале са Зміцерам Жылуновічам і Аляксандрам Чарвяковым. Менш вядома, што такія ж беларускія секцыі былі ўтвораныя пры другой кіруючай савецкай партыі — партыі левых сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПЛСР).
А. Чарвякоў
Па словах Канчара, левыя эсэры стварылі свае беларускія партыйныя арганізацыі значна раней за бальшавікоў — яшчэ 22 лістапада 1917 года. Кіравалі гэтымі беларускімі секцыямі ў Піцеры левыя эсэры — Лагун-старэйшы, Пятровіч, Чаадовіч і Семяновіч. Агульнапартыйныя ж беларускія секцыі ПЛСР былі створаныя 26 мая 1918 года з чальцоў УЦВК, Белнацкама, Галоўнага Зямельнага камітэта і дэлегатаў з акупаванай і неакупаванай Беларусі. Сярод арганізатараў беларускіх секцый ПЛСР былі матрос Павел Шышко і ўжо згаданы Мікалай Семяновіч.
У канцы чэрвеня 1918 года ў Маскве адкрыўся III з’езд партыі левых эсэраў, сярод яго дэлегатаў-беларусаў быў паэт Фабіян Шантыр, які адначасова з’яўляўся адным з лідараў толькі што ўтворанай Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Ён нарадзіўся ў Слуцку, у сям’і мастака. Па прафесіі — настаўнік. Прымаў удзел у рэвалюцыі 1905 года, у 1907 годзе быў асуджаны царскім судом. У 1909 годзе друкаваўся ў «Нашай Ніве». У 1917 годзе адначасова ўдзельнічаў у працы БСГ і левых эсэраў. У снежні 1917-га быў сярод дэлегатаў Усебеларускага з’езда. Муж вядомай беларускай дзяячкі Зоські Верас (Людвіга Савіцкая-Войцек).
Фабіян Шантыр заклікаў партыю левых эсэраў да правядзення беспартыйнага з’езда беларускага сялянства і перадачы ўлады ў Беларусі Савету беларускага сялянства. Але, па словах Шантыра, бальшавікі «бязлітасным чынам паралізавалі» ўсе спробы да гэтага, спасылаючыся на Брэсцкі мір.
Неўзабаве пасля гэтага 6 ліпеня 1918 года ЦК левых эсэраў паспрабаваў сарваць Брэсцкі мір замахам на нямецкага амбасадара Мірбаха, спадзеючыся такім чынам вызваліць Беларусь і Украіну і распаліць «сусветную рэвалюцыю». Але ў выніку сама партыя левых эсэраў была абвешчаная па-за законам. Магілёўскі губернскі камітэт ПЛСР адмовіўся падтрымаць «авантуру» свайго ЦК. Але ўсё роўна на левых эсэраў у неакупаванай частцы Беларусі абрынуліся рэпрэсіі. У прыватнасці, былі арыштаваныя Фабіян Шантыр, Васіль Селіванаў і многія іншыя, у Віцебску некалькі чалавек былі расстраляныя. Такім чынам, радыкальныя левыя эсэры часова выбылі з барацьбы за Беларусь.
Зміцер Жылуновіч
Беларускія секцыі РКП(б) працягвалі настойваць на стварэнні незалежнай савецкай Беларусі. І ў канчатковым выніку Жылуновіч і Чарвякоў дамагліся свайго. На канферэнцыі Беларускіх камуністычных секцый 21–23 снежня 1918 года ў Маскве было прынята рашэнне пра ўтварэнне «рабоча-сялянскага ўрада Беларусі». ЦК РКП (б) узгадніў гэтую пастанову.
А вось кіраўніцтва Заходняй вобласці, што ў асноўным складалася з былога «Аблвыкамзаху», катэгарычна супраціўлялася стварэнню Беларускай Савецкай Рэспублікі. Аднак пры адмове ад задавальнення патрабаванняў беларусаў бальшавікам пагражала страта даверу ў нашым краі. І наркаму па справах нацыянальнасцяў Іосіфу Сталіну давялося ў канцы снежня 1918 года выклікаць да сябе ў Маскву кіраўнікоў Заходняй вобласці. Магчыма, каб ва ўласцівай манеры патлумачыць упартым «абласнікам» такім прыкладна чынам: «А калі таварыш Мяснікян не пагодзіцца з рашэннем ЦК па беларускім пытанні, нам прыйдзецца прымаць рашэнне па самім таварышу Мяснікяну». Дарэчы, Сталін добра ведаў Яўсея Канчара па каўказскай ссылцы.
Яўсей Канчар
Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі быў сфармаваны ў Смаленску 30–31 снежня 1918 года на з’ездзе толькі што створанай Камуністычнай партыі Беларусі (бальшавікоў). «Часовым» ён называўся таму, што яго што павінен быў зацвердзіць «поўнаўладны орган — з’езд Саветаў Беларусі. 1 студзеня 1919 года быў абвешчаны «Маніфест» урада аб стварэнні ССРБ.
Восем беларускіх камісараў
У распрацоўцы плана стварэння ССРБ удзельнічалі, акрамя Сталіна, Жылуновіча, Чарвякова і іншых камуністаў, і левыя эсэры — Селіванаў, Чаадовіч, Семяновіч і іншыя.
Зразумела, пасля ліпеньскага «паўстання» месца для гэтых «рэвалюцыйных рамантыкаў» у Часовым працоўным сялянскім урадзе ССРБ не знайшлося. Сталін асабіста ўзгадніў асобы будучых народных камісараў савецкай Беларусі. Але ў пэўным сэнсе склад першага ўраду БССР усё роўна атрымаўся «шматпартыйным». Вось што пісаў з гэтай нагоды Яўсей Канчар: «Урад новай рэспублікі не выклікаў надзеі, таму што ён быў складзены на кааліцыйнай аснове. Часткова з нацыянал-беларусаў (Жылуновіч, Чарвякоў, Лагун), часткова — з інтэр-дэмакратаў трацкісцкага кшталту (Мяснікоў, Рэйнгольд, Алібегаў, Ландэр, Іваноў). Гэта былі дзве розныя ідэалогіі, хоць яны ўваходзілі ў адну партыю».
У рабоча-сялянскім урадзе Беларусі было 17 чальцоў. 7 месцаў былі аддадзены чальцам Беларускіх секцый РКП, у большасці сваёй — нядаўнім дзеячам беларускай Грамады. Усевалад Фальскі стаў наркамам па замежных справах — ССРБ мела права знешніх зносін! Аляксандр Чарвякоў узначаліў народную адукацыю, камісарыят працы — Язэп Дыла, сацыяльную абарону — Дзмітрый Чарнушэвіч. Партфель наркама юстыцыі атрымаў Аляксандр Квачанюк. А вось камісарам па нацыянальных справах стаў той самы левы эсэр Фабіян Шантыр. Праўда, пасля адсідкі ў Бабруйскай крэпасці ён таксама ўступіў у Беларускія секцыі РКП(б).
Узначаліў першы ўрад ССРБ Зміцер Жылуновіч, у той час ужо камуніст, але яшчэ нядаўна — адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай Грамады.
У кароткі час, адведзены на працу першага ўрада, шмат чаго зрабіць ён проста не мог. Але львіная доля выдаткаў сацыялістычнага беларускага ўрада была сацыяльнай — 13 мільёнаў рублёў на закупку харчавання, 5 мільёнаў — камісарыяту сацыяльнага забеспячэння на пайкі, 1 мільён рублёў — камісарыяту Чарвякова на навучальныя дапаможнікі, у тым ліку і на беларускай мове.
Герб БССР. 1919 год. Фота wikipedia.org
Аднак ужо 2–3 лютага 1919 года ў сувязі з утварэннем Літоўска-Беларускай Савецкай Рэспублікі, уласна беларускія тэрыторыі ў ЛітБел былі зрэзаныя з пяці губерняў да дзвюх. Дарэчы, супраць такой несправядлівасці выступілі як беларускія камуністы на чале з Жылуновічам, так і нават «абласнікі» Мяснікяна–Кнорына.
Існуюць розныя версіі, чаму ЦК бальшавікоў пайшло на стварэнне ЛітБел. У прынцыпе, ідэя «Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага» з 1916 года выказваліся і дзеячамі БСГ. З праектамі аб’яднання Беларусі і Літвы выступаў і Язэп Варонка, першы прэм’ер-міністр БНР. Але, што тычыцца ЛітБел, то той жа Яўсей Канчар ацэньваў яе адмоўна — як праяву «літоўскага вялікадзяржаўнага шавінізму».
Усе сем народных камісараў з Беларускіх секцый РКП (б) выступілі супраць скарачэння тэрыторыі Беларусі. Да беларускіх камуністаў далучыўся і наркам па справах палонных і бежанцаў Рыгор Найдзенка, ураджэнец Смаленска.
Ужо неўзабаве шматлікія наркамы БССР — нядаўнія грамадоўцы — былі арыштаваныя. Супраць Усевалада Фальскага, Язэпа Дылы, Фабіяна Шантыра былі вылучаныя абвінавачванні ледзь не ў «контррэвалюцыі». Вось што казала з гэтай нагоды лідар Беларускай партыі эсэраў і міністр БНР Палута Бадунова на перамовах з савецкім урадам напярэдадні аднаўлення БССР-2 у 1920 годзе: «Гісторыя Савецкай улады ў Беларусі пачалася вялікім актам сацыяльнага і нацыянальнага разняволення беларускага працоўнага народа. З аднаго боку, была абвешчаная ўлада Саветаў, з другога — незалежнасць БССР. Савецкую ўладу горача віталі беларускае працоўнае сялянства і рабочыя, а з імі разам — і Беларуская партыя эсэраў. Было вядома ў першы час, што на чале Савецкай Беларусі беларускі па духу ўрад — Беларускі народны камісарыят, вакол якога адзіна маглі б згуртавацца левыя сацыялістычныя сілы».
Так, шанец на аб’яднанне вакол урада Жылуновіча беларускіх камуністаў, эсэраў, іншых сацыялістычных партый і шырокіх слаёў насельніцтва быў страчаны. Магчыма, гэта дазволіла б яшчэ ў 1919 годзе больш эфектыўна супрацьстаяць інтэрвентам і не дапусціць акупацыі Беларусі?
«Чым жа і як адказала Савецкая ўлада на ўсе гэтыя самыя натуральныя запыты? — працягвае Палута Бадунова. — Першым памылковым палітычным актам быў арышт беларускіх работнікаў Камісарыята, якія былі тут жа ў Мінску пасаджаныя ў турму. Хаця тыя абвінавачванні, якія ўзводзіліся на іх, відавочна, былі правакацыйнага характару, калі і да гэтага часу ўсе члены першага беларускага ўраду — і цяпер працуюць адкрыта ў камуністычнай партыі і ніхто не знайшоў у іх ніякай віны перад пралетарыятам».
Праект Герба БССР 1924 года з бел-чырвона-белай палоскай. Мастак Г. Змудзінскі. Фота wikipedia.org
Але гэта не зусім так. Наркам Рыгор Найдзенка стаў першым з расстраляных камісараў БССР ужо ў маі 1919 года. Трыбунал у Мінску прысудзіў яго да вышэйшай меры па відавочна сфальсіфікаваным абвінавачанні ў злоўжыванні службовым становішчам і «прыпісцы партыйнага стажу» (!). Пасля вынясення смяротнага прысуду беларускі наркам заспяваў «Інтэрнацыянал».
Наступнага беларускага наркама пакаралі смерцю ўжо палякі. У красавіку 1919 года былы наркам па дзяржаўным кантролі Станіслаў Берсан трапіў у палон і быў па-зверску забіты легіянерамі.
Потым прыйшла чарга Фабіяна Шантыра. У 1920 годзе ён яшчэ ўваходзіў у Беларускую рэдакцыйную калегію ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі. Прызваны зноў у Чырвоную Армію, служыў у 16-й арміі на Заходнім фронце. Быў абвінавачаны, відавочна хлусліва, у згвалтаванні, і расстраляны ў красавіку 1920 года. Хто стаяў за гэтымі актамі? Хутчэй за ўсё, вялікадзяржаўнасць, кепска прыкрытая «рэвалюцыйнымі» лозунгамі, спалучалася тут з банальным ахаронствам і канкурэнтнай барацьбой.
Зміцер Жылуновіч і Аляксандр Чарвякоў, як і многія іншыя, сталі ахвярамі страшнага 1937 года. З беларусаў-камуністаў, народных камісараў першага ўрада БССР, чый лёс вядомы, рэпрэсіі перажыў толькі Язэп Дыла, які памёр у 1973-м. Пра тое, як скончылася жыццё яшчэ дваіх наркамаў з Белсекцый, — на сёння звестак няма. Ацалеў у гады «вялікага тэрору» і Яўсей Канчар, які займаўся ўсе наступныя гады навуковай працай.
Але ўсё ж менавіта беларускія камуністы — нядаўнія сябры Грамады, і беларускія левыя эсэры сталі ініцыятарамі і галоўнай палітычнай сілай, якая пралабіравала стварэнне БССР. І праз шмат гадоў гісторыя пацвердзіла — беларускія сацыялісты змагаліся і гінулі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне свайго народа не дарма.