Федэрацыйны пакт паміж Мінскам і Масквой
Францыя — адна з вялікіх дзяржаваў Еўропы і свету сто гадоў — таму мала цікавілася Беларуссю, якую бачыла ў зоне інтарэсаў царскай, а потым і савецкай Расіі. Аднак сто гадоў таму ў французскім парламенце пад уплывам сацыялістаў усё ж такі паўставалі дэбаты і пытанні аб Беларусі.
Пра гэта сведчыць газетны летапіс французскай парламенцкай прэсы. «L’Economiste parlementaire» (Парламенцкі эканаміст) за 4 сакавіка 1920 года размясціў цэлае дасье, прысвечанае беларускаму пытанню. І хоць французская прэса праігнаравала і не прызнала абвяшчэнне БНР, яшчэ халадней яна паставілася да навіны аб абвяшчэнні аўтаноміі БССР.
Шчыра кажучы, французскія газеты зусім абышлі гэтую навіну, з вялікім спазненнем пазначыўшы факт «федэрацыйнага пакту» паміж Мінскам і Масквой. Вялікай навіны ў гэтым не знайшоў і «L’Economiste parlementaire», які пазначыў у сваім дасье, што 1 студзеня 1919 года БССР была навязаная воля і рашэнне Масквы, якая скасавала ўсе папярэднія незалежніцкія памкненні Рады БНР. У далейшым ніхто ў Еўропе ўсур’ёз не ўспрымаў БССР. Гэта яшчэ раз падкрэслівае цяперашнія штучнасць і неабгрунтаванасць святкавання стагоддзя БССР як рэальнай беларускай дзяржаўнасці.
Максанс Ральдэс,
Так, Максанс Ральдэс, сацыяліст, эканаміст, рэдактар парламенцкага часопісу «L’Economiste parlementaire» у прадмове да нумару 4.03.1920 года, якую тытулаваў «Права нацыянальнасцяў», смела пазначыў, што Еўропа і Францыя перадусім забылі пра шчодрую традыцыю міжнароднага права і Дэкларацыю правоў чалавека, якія абвяшчалі ўсім нацыянальнасцям права на незалежнасць і свабоду. Гэтае права забытае і падкупленае імперыялістамі ўсіх кшталтаў. Гэтага права чамусьці пазбавілі беларусаў. У беларускім пытанні, адзначыў рэдактар, няма прагрэсу, бо французскія імперыялісты ўвайшлі ў змову з польскімі імперыялістамі, а таму французскія неабазнаныя і палонафільскія высокія чыны сцвярджаюць: «Ніякай Беларусі няма».
Цікава, што такая амаль прафетычная заўвага французскага рэдактара стане актуальнай на самым пачатку 90-х ХХ стагоддзя, калі гэтым разам Францыя Мітэрана зноў будзе ў ступары і сумнявацца, ці прызнаць незалежнасць Беларусі, бо ў палітычных элітах дамінавала тая ж думка — ніякай Беларусі няма. Частка французскай лявіцы сто гадоў таму даводзіла іншае і спрабавала досыць рацыянальна, эканамічна выбудоўваць адносіны з Беларуссю. Акрамя аргументу дэмакратыі і права кожнай нацыі на незалежнасць у французскіх сацыялістаў гучаў аргумент эканамічных інтарэсаў у Беларусі, у рэгіёне.
Іншы журналіст часопіса Эдуар Коз, які падрыхтаваў аналітычнае дасье аб Беларусі, пачаў з таго, што здзівіўся, чаму на мапах, выдадзеных у Францыі, няма Беларусі, а вось на мапах, якія прадаюцца ў Ангельшчыне, з 1919 года Беларусь пазначаная як «новая краіна». Зноў у гэтым усім заўважаецца польскі і расійскі след: расійскі і польскі імперыялізм не прызнаюць Беларусь, а Францыя слепа верыць Варшаве і Маскве. За выняткам геаграфічнай памылкі (аўтар дадаў да беларускіх гарадоў Коўна, Кіеў і Львоў), дасье «La Russie Blanche» увасабляе цікавы аналітычны дакумент, узбагачаны гістарычнымі тлумачэннямі, нетыповым, нестэрэатыпным бачаннем краіны і смелай крытыкай у бок палякаў, расіян і немцаў, якія, на думку аўтара, не адважыліся падтрымаць маладую беларускую незалежнасць.
Артыкул Эдуара Коза завяршаецца на прагматычнай ноце — зваротам да французскіх дэпутатаў, міністэрстваў не ігнараваць 12-мільённы еўрапейскі беларускі народ, з якім да ўсяго можна выгадна супрацоўнічаць эканамічна. Зрэшты, і Максанс Ральдэс, і Эдуар Коз шкадуюць, што праз эканамічную і дыпламатычную недальнабачнасць Францыя Пуанкарэ не адгукнулася і не прызнала незалежнасць Беларусі.