Павел Севярынец: Калі Расія паспрабуе захапіць Беларусь, яна разваліцца

Рэжым ментальна застаецца савецкім. Начальства атаясамляе сябе не з тымі, каго расстрэльвалі, а з тымі, хто страляў. Адсюль штрафы і «суткі» абаронцам, адсюль перашкоды для ўсталявання крыжоў, адсюль маўчанне пра закрытыя архівы КГБ, — распавёў Павел Севярынец «Нашай Ніве».

786a1186_helew.jpg



Павел Севярынец будзе ўдзельнічаць ад хрысціянскіх дэмакратаў у праймерыз, якія вызначаць кандыдата на наступныя прэзідэнцкія выбары. «Наша Ніва» пагутарыла з ім аб яго праграме, уплыве сына Францішка і пра тое, як апазіцыя будзе дзейнічаць у выпадку анексіі нашай краіны Расіяй.

— Павел, мінулы год прайшоў для цябе пад знакам Курапатаў? Якія ўрокі ты вынес з гэтага супрацьстаяння?

— Урок першы. Беларусы паказалі сябе ў Курапатах народам: абсалютная бальшыня не прыняла рэстарацыі ў Курапатах і зладзіла маўклівы байкот «Бульбашхолу», — адзначыў Павел Севярынец. — Нягледзячы на вал публікацый (здавалася б, якая рэклама!), зніжкі, бясплатны плоў і замануху ў выглядзе папсовых «зорак», мы бачым каля кабака толькі па некалькі наведнікаў у дзень. Пераважна гэта людзі, якія едуць сюды наўмысна, з выклікам — «рускі мір», сталіністы, цынікі, «гаспадары жыцця».

Урок другі. Невялікая колькасць рашуча настроеных абаронцаў прымусіла грамадства вызначыцца, а ўладу публічна заняць пазіцыю «нейтралітэту», паставіць у мемарыяле помнік ахвярам рэпрэсіяў 1930–1940 гадоў, добраўпарадкаваць дарожкі, правесці чарговыя талокі. Гэтага не было б, калі б не варта. Арганізаваныя ды ідэйныя людзі здольныя стаяць за Беларусь — і мяняюць шмат што ўжо тут і цяпер.

Урок трэці. Рэжым ментальна застаецца савецкім. Начальства атаясамляе сябе не з тымі, каго расстрэльвалі, а з тымі, хто страляў. Адсюль штрафы і «суткі» абаронцам, адсюль перашкоды для ўсталявання крыжоў, адсюль маўчанне пра закрытыя архівы КГБ.

Урок чацвёрты. База звестак наведнікаў, якую мы з ініцыятывы Дзяніса Івашына сталі весці пасля абвяшчэння грамадскага байкоту, дала нам зрэз людзей і установаў, гатовых уключыцца ў гібрыдную вайну супраць Беларусі. Многія не едуць у кабак, бо баяцца, што прыстойныя людзі перастануць з імі вітацца.

Урок пяты. Яднанне прадстаўнікоў з розных партыяў і рухаў, а таксама беспартыйных людзей добрай волі адбудзецца вакол кропак кіпення — такіх, як Курапаты, пратэст супраць Брэсцкага акумулятарнага, дармаедскага дэкрэту ці ўшчыльнення ў Мінску.

786a1199_h9vgm.jpg



— Курапаты далі краіне новых герояў? А што рабіць з антыгероямі?

— Героі Курапатаў — гэта абаронцы, якія восьмы месяц у спёку, дождж і маразы стаяць ва ўрочышчы, раздаюць буклеты, фіксуюць прынцыповых наведнікаў «рускага міру» — і паказваюць Крамлю: калі сунецеся — тут ёсць людзі, якія стануць на абарону краіны.

Героі — гэта Ганна Шапуцька і Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык і Алесь Чахольскі, Дзяніс Урбановіч і Зміцер Казакевіч, Вольга Мікалайчык і Леанід Кулакоў, Аляксей Туровіч і Ніна Багінская, Мая Навумава і Максім Вінярскі, Валер Рабцаў і Вінцук Пятроўскі, Дзяніс Івашын і Алена Талстая, Ігар Шчамялеў і Васіль Бань, Наталля Саматыя і Наталля Гарачка, Віталь Паўлаў і Арсень Дзядок, Юрась Палейка і Сяржук Анянкоў, Надзея Батура і Анатоль Наўмовіч, Пётр Рабушка і Базыль Гушча, Піліп Шаўроў і Наталля Іллініч, і многія, многія іншыя… Праз курапацкую абарону за сем з паловай месяцаў прайшло больш як пяцьсот чалавек — а па Беларусі колькасць гатовых абараняць незалежнасць, свае гарады і сем’і вымяраецца, упэўнены, у дзясятках тысячаў.

Што рабіць з антыгероямі? Бог ім суддзя. Людзі, якія будуюць кабак, глумяцца з памяці і запускаюць феерверкі ў месцы масавых расстрэлаў, рыюць яму ў пекла проста ў сябе пад нагамі.

Што для цябе ўвогуле такое Курапаты?

— Курапаты — гэта месца, дзе кроў дзясяткаў тысячаў нявінных ахвяраў дагэтуль крычыць да неба. Станьце, заплюшчыце вочы, уявіце — і ў шуме курапацкіх хвояў вы пачуеце гул. Сённяшні рэжым не адкрывае архіваў — і мы нават ня ведаем імёнаў расстраляных камуністамі. Сотні тысячаў беларусаў дагэтуль не ведаюць, як і дзе былі забітыя іх продкі. У духоўным плане гэта аграмадная страшная рана, і яна не загоіцца без праўды і пакаяння. У Беларусі дзясяткі і сотні такіх ранаў, але Курапаты — найбольш жахлівая.

Таму Курапаты з часоў Зянона Пазняка — месца, якое нараджае новыя і новыя хвалі беларускага руху. Так было ў 1988-89-ым са стварэннем Беларускага Народнага Фронту, так было ў 2001-2002-ых, калі маладафронтаўцы разам з «зубрамі» ды «свабодаўцамі» трымалі кругласуткавую варту, так было ўзімку 2017-га: выбухнуў пратэст у Курапатах, і рэхам адгукнуліся шматтысячныя пратэсты «недармаедаў».

Курапацкі крыж — гэта сістэма каардынатаў беларускай нацыянальнай ідэі.

— Чаму ты вырашыў прыняць удзел у праймерыз, а ў будучыні, магчыма, і ў прэзідэнцкіх выбарах?

— Ведаеш, шмат езджу па Беларусі, за апошні год больш за сто дваццаць гарадоў, мястэчак і вёсак…

Зараз для вялізнай колькасці беларусаў альтэрнатыва Лукашэнку — не лідары апазіцыі, а Пуцін. Лукашэнка дастаў, прыйдзе Расея і навядзе парадак — вось што кажуць людзі, наглядзеўшыся тэлевізара. Супярэчлівыя галасы дзясятка лідараў раздробленай апазіцыі ўспрымаюцца як пабочны шум.

Таму зараз нам, дэмакратам, трэба правесці сумленныя, свабодныя, празрыстыя і справядлівыя ўнутраныя выбары — і вызначыць адзінага лідара, здольнага стаць голасам беларускага народа. На мой погляд, гэта можа быць і лідар пратэстаў, і лідар байкоту, і лідар пераможнай кампаніі ў выпадку форс-мажору, які наспявае. Выбараў няма, фальсіфікацыі татальныя. Але ў выпадку знешняга ці ўнутранага ціску, масавых забурэнняў ці нечаканасцяў са здароўем Лукашэнкі сістэма можа даць збой — і трэба быць гатовымі вярнуць народу ўладу, на якую ўжо разявіў пашчу Крэмль.

Таму і вырашыў. Набліжаецца час вырашаць.

— Беларусь гатовая да прэзідэнта-хрысціяніна? Які ўвогуле патэнцыял у палітыцы з хрысціянскім адценнем?

— Беларусь большую частку сваёй гісторыі была краінай, якой кіравалі палітыкі-хрысціяне. Ізяслаў, Усяслаў, Альгерд, Вітаўт, Жыгімонт Аўгуст, Сапегі, Радзівілы, Астрожскія… Полацкае Княства — гэта вечавая хрысціянская дэмакратыя. Вялікае Княства Літоўскае ў пару свайго росквіту — шляхецкая хрысціянская дэмакратыя. Наогул, хрысціянская дэмакратыя — гэта палітычны хрыбет беларускай нацыі.

Паглядзі, камуністы кіравалі ў Беларусі 70 гадоў, забілі мільёны беларусаў і пабудавалі сотню свінакомплексаў. Праваслаўны атэіст Лукашэнка кіраваў у Беларусі 25 гадоў, кінуў за краты тысячы найлепшых людзей краіны і пабудаваў паўсотні лядовых палацаў. А хрысціянскія палітыкі кіравалі ў Беларусі шэсьцьсот гадоў, і гэта быў залаты век дзяржавы. Хрысціянскія палітыкі выйгралі ў краі першыя выбары ў расійскую Дзяржаўную думу і прадстаўлялі Беларусь у сейме Другой Рэчы Паспалітай. Калі б не войны ды саветы — у Беларусі б і зараз кіравалі хрысціянскія дэмакраты.

Бяда ў тым, што Лукашэнка ёсць адлюстраваннем настрояў вялікай часткі грамадства, змардаванага бязбожжам і камунізмам, зняверанага, ашуканага, разгубленага. Але я веру, што за два дзесяцігоддзі многія беларусы паглядзелі ў гэтае люстэрка і жахнуліся.

786a1184_8nbcd.jpg



Ці гатовая Беларусь да прэзідэнта-хрысціяніна?… Ты яшчэ пытаешся? Ды мы займаем адно з першых месцаў у свеце — у свеце! — па ўзроўні самагубстваў, абортаў, разводаў, жанчынаў у турмах, ужыванні алкаголю… Краіна проста енчыць у забыцці. Краіна просіць надзеі! Беларусі як паветра патрэбныя людзі, якія вераць у Бога і любяць сваю радзіму. Але не трэба чакаць героя, які прыйдзе і зробіць рай на зямлі. Толькі калі мы пачнем з сябе, са сваіх сэрцаў, калі возьмемся разам — мы не дапусцім тут пекла.

А які патэнцыял у палітыкі з хрысціянскім адценнем у свеце — давайце спытаем у амерыканцаў пра Джорджа Вашынгтона ды Рональда Рэйгана ці ў немцаў пра Конрада Адэнаўэра, Гельмута Коля альбо Ангелу Меркель.

— Беларусь будзе акупаваная Расіяй?

— Пагроза вялікая. Але дзень, калі Масква вырашыць гвалтам ператварыць Беларусь у частку імперыі, будзе пачаткам канца імперыі. Калі Крэмль будзе ажыццяўляць захоп паводле крымскага ці данецкага сцэнару — Расія разваліцца.

З часоў ВКЛ таямніца жыцця і смерці Расійскай імперыі пульсавала тут — першы з’езд РСДРП у Мінску, царская стаўка ў Першай сусветнай вайне ў Магілёве і Белавежская пушча ёсць паваротамі геапалітычнага ключа, закладзенага ў Беларусь.

Беларусь ахвяравала найлепшых сваіх геніяў, каб ператварыць, перамяніць, прасвяціць Расію. Сімяон Полацкі, Дастаеўскі, Высоцкі, Навадворская, Макарэвіч, Алексіевіч… Ужо пяцьсот гадоў Расія хоча паглынуць партызанскую Беларусь, а яна ўсё ўпоперак горла. Яны нас МіГамі, а мы іх кнігамі.

Мы молімся і робім, што можам, каб яны сюды не палезлі. Але трэба быць гатовымі абараняць незалежнасць — тады імперыя трэсне па швах.

Што рабіць з Лукашэнкам, які нібыта стаў за незалежнасць. Не верыць?

— Ці ёсць Лукашэнка гарантам беларускай незалежнасці? Ён ужо 25 гадоў ёсць гарантам сваёй асабістай улады. Калі б ён стаў за незалежнасць, Дзяніса Урбановіча і Волю Мікалайчык не арыштоўвалі б за акцыю памяці Міхася Жызнеўскага, а гарадзенцаў не штрафавалі б за дзень памяці Кастуся Каліноўскага. Калі б Лукашэнка стаў за незалежнасць, мы б пабачылі скасаванне антыканстытуцыйных «саюзаў», дурацкіх дэкрэтаў, кантрактнай сістэмы і бязмежжа ў судах, вяртанне пенсійнага стажу і закрыццё шкодных вытворчасцяў: людзі не будуць абараняць дзяржаву, якая іх душыць.

Хочаш, каб беларусы цябе падтрымалі? Аддай народу нарабаванае, вярні свабоду, пакайся, выпусці палітычных вязняў і несправядліва асуджаных, падымі бел-чырвона-белы сцяг і правядзі вольныя выбары. Калі Лукашэнка гэтага не зробіць — ён сам падпіша сабе прысуд, і гісторыя будзе да яго няўмольная.

 

Раней Севярынец быў з густымі вусамі.

Раней Севярынец быў з густымі вусамі.

  

— Ты бачыш, як можна выбудоўваць адносіны з Расіяй пасля Лукашэнкі?

— Так, як выбудоўвалі адносіны з Расіяй Літва, Латвія і Эстонія пасля камуністаў. Сумленна, спакойна, годна і цвёрда.

Без фальшу, ліслівасці, шахер-махераў, «нафты ў абмен на пацалункі» і начных прывідаў тыпу Саюзнай дзяржавы. З пазіцый незалежнасці. З гатовасцю, калі што, даць адпор. З поўнай аплатай за газ, праз цывілізаваную мяжу — нармалёвыя дабрасуседскія стасункі. Акуратна, ветліва, але няўхільна. Думаю, нам дапамогуць у гэтым ЗША, ЕС, асабліва Літва і Вышаградскія краіны, і Украіна.

Пазаблокавы статус Беларусі і агрэсія Крамля ва Украіне вымагаюць ад нас пакінуць АДКБ і стаць перамоўнай пляцоўкай для Захаду і Расеі. Прынцыповы нейтралітэт, транзітнае становішча і мадэрнізацыя інфраструктуры разам з развіццём сферы ІТ зробяць нас эканамічным і лагістычным цэнтрам Усходняй Еўропы — такім, якім ёсць Бенілюкс ці Швейцарыя для Еўропы Заходняй, і ў недатыкальнасці якога зацікаўлены як Захад, так і Ўсход.

— Неадназначную рэакцыю выклікала твая прапанова запрасіць кіраваць войскам беларусаў, якія ваявалі за Украіну. Маўляў, проста ваяваць гэта адно, а кіраваць войскам — зусім іншае.

— Прыгадай, што было ў 2014-м у Крыме і на Данбасе. Колькі дыпламаваных палкоўнікаў ды генералаў здавалі захопнікам базы ды гарады, пераходзілі на бок ворага? А хто стаў за радзіму сцяной і спыніў дыверсантаў па дарозе на Кіеў? Дабраахвотніцкія батальёны.

Ці будуць абараняць Беларусь афіцэры, якіх вучылі ў расійскіх акадэміях, якія п’юць гарэлку ў намётах з верагодным праціўнікам на сумесных вучэннях, якія зайздросцяць расійскім сілавікам і гатовыя прадацца за палучку, як сумнавядомы міліцыянт з Пружанаў?

Думаю, у сённяшнім беларускім войску ёсць прафесіяналы, гатовыя бараніць незалежнасць — але на ключавых пасадах бачу найперш людзей з характарам Касцюшкі, Хадкевіча ці Каліноўскага. Тых, у каго «Пагоня» ў сэрцы. Тых, у каго «так» значыць «так», а «не» значыць «не». Афіцэраў, якія прынцыпова не сталі служыць рэжыму, беларускіх дабраахвотнікаў, фігурантаў «справы патрыётаў».

— Хто ты на сёння больш: палітык, пісьменнік, вернік? Калі б трэба былоахарактарызаваць сябе адным словам?

— Вернік. Сарцавіна любой асобы — вера альбо бязвер’е. З адказу на пытанне, ці верыш, вынікаюць і наступствы, і лад жыцця. А палітык ці пісьменнік — вытворнае, пакліканне ў той ці іншы момант. Зрэшты, «Брату», «Лісты з лесу», «Люблю Беларусь», «Глыбіня», «Беларусалім», «Каменнае сэрца» як ні круці — і тое, і другое, і трэцяе.

Вельмі цяжка, часам да фізічнага болю, сумяшчаць веру, палітыку і творчасць. Спрабую. Але ў такіх выбітных беларусаў як Адам Станкевіч, Зянон Пазняк, Васіль Быкаў, Уладзімір Някляеў, Зміцер Дашкевіч — атрымалася.

 

kdb6_2gtlu.jpg

— Вялікія спрэчкі ў фэйсбуку апошні з’езд Маладога фронта. Многія пісалі, што ім балюча ад таго, у што пераўтварыўся МФ. Маўляў, Урбановіч без памылак не можа і слова напісаць. А што за спрэчка была з Іванам Шылам пра мыццё падлогі. (Севярынец закідаў Шылу, што той заняўся клінінгавым бізнэсам. — Рэд.) Павел, ты не мыеш падлогу?

— Падлогу, канечне, я мыю, і гаворка зусім не пра гэта, вядома. Гаворка пра былога маладафронтаўца, які прайграў выбары ў Маладым Фронце ў 2013-м, і дагэтуль крыўдуе на МФ.

Івана проста шкада. Цудоўныя бацькі далі хлопцу шмат здольнасцяў, і ён падаваў вялікія надзеі, а потым вырашыў, што лепш траціць жыццё на алкаголь, наркату, начныя клубы, лепш сцябацца з былых сябраў і перайсці на расейскую мову. Размоваў няма, такі ягоны выбар.

Толькі гэта не мой выбар і не выбар Маладога Фронту. Малады Фронт — значыць, беларуская форма і хрысціянскі змест, аптымальная формула беларускага патрыятызму. Так было і так будзе. Сённяшні кіраўнік Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч нагадвае мне ранняга Дашкевіча (якому, памятаеш, гэтак жа закідалі недахоп адукацыі, а потым прыціхлі) — надзвычай моцны і мэтанакіраваны хлопец.

— Летась у цябе з’явіўся сын Францішак. Дзіця неяк змяніла Паўла Севярынца? Што для цябе такое быць бацькам?

— Бацькоўства — гэта прарыў у самаадчуванні. Толькі на нейкім месяцы жыцця свайго дзіцяці ты ўрубаешся, колькі выцерпелі і колькі зрабілі для цябе бацькі. Ты разумееш, як ахвяруецца твая жонка. Бацькоўства — гэта служэнне, не лягчэйшае за палітыку і вулічную барацьбу. Шматдзетныя бацькі для мяне — героі Беларусі. І адначасова гэта найвялікшае дабраславенне і ні з чым не параўнальная радасць.

 

Павел Севярынец з жонкай каля суда Цэнтральнага раёна

— Што сёння робіць цябе шчаслівым?

— Мяне робіць шчаслівым тое, што я нарадзіўся і жыву ў таямнічай і светлай краіне, за якую варта змагацца. Мяне робяць шчаслівымі мае цудоўныя бацькі, сёстры і сваякі. Мяне робяць шчаслівымі сябры, якіх неверагодна шмат. Мяне робіць шчаслівым тое, што я ажаніўся з найлепшай дзяўчынай у свеце, і цяпер у мяне ідэальная жонка. Мяне робіць шчаслівым маё пакліканне, здзейсненыя ідэі і кнігі.

І я ведаю, што такім шчаслівым чалавека робіць толькі Бог, які ўсё ведае і вельмі нас, беларусаў, любіць.

 

 

Павел Севярынец з жонкай каля суда Цэнтральнага раёна

Павел Севярынец з жонкай каля суда Цэнтральнага раёна

***

Павел Севярынец

Нарадзіўся ў 1976 годзе ў Оршы ў сям'і журналіста і настаўніцы рускай мовы. Жыў у Віцебску. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ (2000). Адзін з заснавальнікаў Маладога Фронта і яго першы сустаршыня. Арганізатар шматлікіх акцый супраць Лукашэнкі. У 1998 правёў два месяцы ў СІЗА за спробу зрыву канцэрта да «дня аб'яднання Беларусі і Расіі». У зняволенні прыйшоў да веры. У 2005 прысуджаны да трох гадоў хіміі за акцыю на рэферэндум аб падаўжэнні паўнамоцтваў Лукашэнкі. Пакаранне адбываў у Малым Сітне Полацкага раёна. Адзін з заснавальнікаў хрысціянскай дэмакратыі. Быў кіраўніком выбарчага штаба Віталя Рымашэўскага. Пасля Плошчы-2010 асуджаны да трох гадоў абмежавання волі. Пакаранне адбываў у Купліне Пружанскага раёна. Пісьменнік, аўтар кніг «Лісты з лесу», «Беларуская глыбіня», «Беларусалім» і іншых. Даўні аўтар «Нашай Нівы».

Паводле nn.by