Хронікі рэпрэсій. Па брэсцкай «справе карагодаў» дагэтуль затрымліваюць

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 12 кастрычніка.

_belarus_2022_drot_turma_fota__novy_czas__2__logo_1_1_logo.jpg.webp

Сілавікі затрымалі яшчэ адну меркаваную фігурантку «карагоднай справы».

Як паведамляе СК, гэта 50-гадовая жыхарка Брэста — яе ідэнтыфікавалі па відэазапісах. Паведамляецца, што яна нібыта «прымала актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, выбягала на дарогу, танчыла і здымала тое, што адбывалася, на мабільны тэлефон».

Акрамя гэтага, жанчына была прыцягнута і да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Жыхарцы Брэста прад'яўлена абвінавачанне паводле «народнага» арт. 342 КК. Па хадайніцтве следства, у дачыненні да жанчыны з санкцыі пракурора прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Расследаванне справы завершана, матэрыялы перададзены пракурору для накіравання ў суд.

«Справа карагодаў» — крымінальная справа, узбуджаная па падзеях 13 верасня 2020 года ў Брэсце, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт. Агулам па справе былі асуджаныя больш за 130 чалавек.

У судзе Маскоўскага раёна Брэста завяршыўся судовы працэс над 45-гадовым Аляксандрам Доўгалем. Мужчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Марына Скалковіч.

Паводле версіі абвінавачання, Доўгаль напісаў каментар пра прэм'ер-міністра Галоўчанку. У ім гаварылася пра тое, што Галоўчанка з расейскім чыноўнікам Мішусціным «абмяркоўвалі інтэграцыйныя дакументы». Яшчэ адно паведамленне было напісана ў тэлеграм-чаце «Лухтавікінгі». Там абвінавачанне ўбачыла абразу Лукашэнкі.

Сумарна па двух артыкулах пракурор прапанаваў прысудзіць Доўгалю паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд праваабаронцам пакуль невядомы.


Глядзіце таксама

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна працягваюць судзіць 39-гадовага рабочага Сцяпана Задойку. Паводле праўладных каналаў, у сакавіку яго затрымалі за больш чым 1200 каментароў.

Цяпер яго абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 2 арт. 366 («Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак»).

Справу разглядае суддзя Маргарыта Ланцэвіч.

Раней паведамлялася, што на «пакаяльным відэа» на Задойку накідваюцца пяцёра байцоў САХР, пасля чаго мужчына выглядаў збітым: у яго было падбітае вока і падрапаная да крыві галава. У відэа таксама паказалі каментары, якія Сцяпан нібыта пакідаў на ютубе, — пераважна яны напісаныя на беларускай мове і накіраваныя на падтрымку Украіны.

У Гомельскім абласным судзе пачалі судзіць 23-гадовага жыхара Гомельскага раёна Марка Невара.

Яму інкрымінуюць удзел у экстрэмісцкім фармаванні і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 і ч. 3 арт. 361-1 КК). Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ў 2022 годзе падпісаўся на Telegram-каналы і прымаў актыўны ўдзел у іх дзейнасці праз Telegram-боты.

У прыватнасці, знаходзячыся на тэрыторыі Гомеля, ён зрабіў фота-і відэаздымку перамяшчэння ваеннай тэхнікі. Затым ён накіраваў такі матэрыял з каментарамі пра шлях руху машын у тэлеграм-каналы, прызнаныя «экстрэмісцкімі».


Глядзіце таксама

У судзе Бярозы і Бярозаўскага раёну пачалі судзіць бацьку палітвязня Вадзіма Говіна — Аляксандра Говіна.

Аляксандра Сяргеевіча абвінавачваюць паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) — паўгода таму Вадзіма Аляксандравіча асудзілі паводле гэтага ж артыкулу на 1,5 года пазбаўлення волі.

Пенсіянера Васіля Дземідовіча праз тыдзень пачнуць судзіць ужо ў сёмы раз.

У Старых Дарогах 19 кастрычніка распачнецца суд над 71-гадовым палітзняволеным Васілём Дземідовічам. Яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Справу будзе разглядаць суддзя Наталля Зык.

Гэта ўжо сёмы суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх двух судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць ужо амаль год і чатыры месяцы.

У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Апроч гэтага, у Васіля няма сваякоў якія маглі б яго падтрымаць. Адзначым, што за апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах — таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.


Глядзіце таксама

Палітзняволеныя Рыта Зотава і Мікіта Хількевіч выйшлі на волю.

Іх затрымалі па даносе 9 жніўня 2021 года за расклейванне пратэсных налепак і ўлётак у Чачэрску. Але пазней іх адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. 28 снежня 2021 года іх зноў затрымалі і абвінавацілі паводле арт. 341 КК («Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці») і арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

У сакавіку 2022 года суд прызначыў ім па два гады калоніі. Рыта адбывала тэрмін ў гомельскай жаночай калоніі № 4, а Мікіта — у івацэвіцкай калоніі № 22.