80 гадоў таму пачалася Апэрацыя Багратыён. Шмат для каго яна цягнецца дагэтуль

У чэрвені 1944 года распачалася буйнамаштабная наступальная апэрацыя па вызваленьні Беларусі ад адных захопнікаў і аднаўленьню панаваньня іншых. За два летніх месяцы жыхары нашай дзяржавы разьвіталіся з немцамі і сталі сьведкамі новага чырвонага тэрору. Што гэта было?

3_798.jpg

Страты

За два месяцы мясарубкі страты чырвонай арміі ацэньваюцца ў 180 тысячаў чалавек загінулых і каля 600 тысячаў параненых. Страшэнныя лічбы людзкіх ахвяраў падкрэсьліваюцца жудаснай статыстыкай, паводле якой людзі, ці на думку чырвоных генэралаў, гарматнае мяса, на тэрыторыях, якія былі вызваленыя ад немцаў – забіраліся без належнай падрыхтоўкі ў склад арміі саветаў. І адразу ў пекла – на фронт.

Апэрацыя ў сёньняшняй прапагандзе

Заўтра адбудзецца афіцыйнае беларуска-расейскае мерапрыемства, а дакладней відэамост Менск-Масква на тэму: «80-годзьдзе вызваленьня Беларусі: захаваньне гістарычнай памяці, недапушчэньне гераізацыі нацызму».

Розныя доктары гістарычных навук падрыхтавалі наступнае апісаньне сваёй імпрэзы: «Сёньня калектыўны Захад адкрыта спрабуе перапісаць гісторыю Другой сусьветнай вайны, прынізіць ролю савецкага народа ў перамозе над нацызмам, схаваць факты генацыду беларускага народа. У Прыбалтыцы масава зносяцца помнікі воінам-вызваліцелям. Ветэранам забараняюць насіць ордэны. Улады прыбалтыйскіх дзяржаваў падтрымліваюць былых паліцаяў і карнікаў.

Сёньня ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі праводзяць актыўную працу па недапушчэньні фальсыфікацыі гісторыі і гераізацыі нацызму».

Агульная схема Апэрацыі

Агульная схема Апэрацыі

Сапраўды, вось ужо 80 гадоў вядзецца актыўная праца па містыфікацыі і адбельваньні злачыннага камуністычнага рэжыму. Тэма Другой сусьветнай вайны зьяўляецца самай балючай кропкай сёньняшніх рэжымаў у Менску і Маскве. Фактычнае табуіраваньне асьвятленьня і дасьледваньня гэтага перыяду не з пракамуністычнага пункту гледжаньня зьяўляецца відавочнай прыкметай страху аб тым, што гліняны калос па-просту разваліцца.

І менавіта таму не толькі гісторыкі, а і пісьменьнікі (у першую чаргу вядома Васіль Быкаў) становіцца асобамі нон-грата пры гэтых рэжымах.

З дакумэнтаў часоў апэрацыі

Суадносіны напярэдадні аднаго з баёў былі наступныя: у пяхоце перавага прыблізна ў 3 разы над немцамі, у артылерыйскай групе – у 2—3 разы меньш. Прычым у пяхоце абсалютная большасьць стралкоў былі ўзброеныя вінтоўкаю, а артылерыя мела востры недахоп у мінах і снарадах.

«Такія суадносіны сілаў асабліва настойліва дыктавалі пяхоце як мага хутчэй зблізіцца з супернікам на самай блізкай адлегласьці, каб пазбавіцца ад яго артылерыйскага агню. Таму што артылерыя суперніка пры блізкім баі нявольна вымушаная спыніць агонь па нашых баявых парадках праз асьцярогу абстраляць сваю ж пяхоту. Таму кіраўнік палка загадаў кіраўнікам батальёнаў як мага бліжэй, упрытык падвесьці пяхоту да суперніка ў разьліку на рукапашны бой».

Глядзіце таксама

Чорным па-белым кіраўніцтва 331 стралковай дывізіі пісала аб тым, што лепшая тактыка пры атацы – гэта закідваньне ворага чалавечым мясам сваіх вайскоўцаў. Нашых жа ў 3 разы больш, давайце ў рукапашную.

Усё, як вы маглі бачыць у розных фільмах, самая страшэнная фаза вайны, калі ты бяжыш з нажом, з прыкладам, са штыком, з голымі рукамі на ворага і толькі дзякуючы перавазе ў людзях праходзіш далей па трупах сваіх жа паплечнікаў. Бязьлітасная і па-сутнасьці злачынная тактыка камуністычнага кіраўніцтва арміі.

У гэтым жа дакумэнце чырвоныя не саромеюцца сказаць, што немцы, хоць і фашысты на ўсю галаву, але артылерыяй па сваіх біць ня стануць. За саветамі такое не заіржавее. Праўда снарадаў было мала.

Менск

Схема наступу на Менск у межах Апэрацыі Багратыён

Схема наступу на Менск у межах Апэрацыі Багратыён

Як вядома, 29-30 чэрвеня 1944 года войскі 3-га Беларускага фронту выйшлі да Бярэзіны, фарсіравалі яе і працягнулі імклівы наступ на Менск. У ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня нямецкія злучэньні пакінулі Менск. Але гэта не перашкодзіла савецкай авіяцыі зьдзейсьніць бамбардзіроўку горада перад уваходам у яго. Менск быў фактычна зруйнаваны ў пыл гэтымі налётамі вызваліцеляў. 3 ліпеня танкавае падразьдзяленьне чырвонай арміі ўварвалася ў горад.

Жывы (нежывы) прыклад

3 ліпеня 1944 года чырвоная армія афіцыйна вызваліла Менск ад немцаў, а разам зь ім і вёску Новы Двор на поўдзень ад горада. Ці сустракалі іх кветкамі і хлебам, не вядома, але фактам зьяўляецца наступнае. Ужо ў першыя ж дні пасьля гэтага наноў створаным камуністычным Менскім Раённым Ваенным камісарыятам блізкі сваяк аўтара Іван Хадзінскі ва ўзросьце 47 гадоў быў прызваны ў армію саветаў.

З Новага Двара ўвогуле вырашылі ўзяць што было. У 1104 стралковы полк 331 стралковай дывізіі 31 арміі 3-га Беларускага Фронту былі таксама забраныя: Васіль Хадзінскі (41 год) траюрадны пляменьнік Івана, Міхаіл Мачальскі (20 гадоў), Лукаш Рудзінскі (42 гады), Антон Рудзінскі (47 гадоў), Сьцяпан Шабан (37 гадоў), Адам Дуброўскі (38 гадоў), Міхаіл Дуброўскі (44 гады), Іван Малашэвіч (19 гадоў)

Што такое звычайны стралковы полк? Гэта чалавечая маса, у руках якіх вінтоўка, ці ў лепшым выпадку аўтамат. Гэты натоўп кідаюць у наступ, раз за разам, раз за разам. Колькі часу прайшло з моманту вырываньня з роднай вёскі ў падрыхтоўцы да дзеяньняў у складзе вайсковага фармаваньня? Дакладная інфармацыя адсутнічае, вядома толькі, што ўжо праз няпоўны месяц пасьля прыходу чырвоных, некаторыя са сьпісу навадворскіх шэрагоўцаў ужо адправіліся ў лепшы сьвет.

З дакумэнтаў 1104 палка вынікае, што 27 ліпеня 1944 атрыманае папаўненьне ў складзе 205-ці чалавек. Сярод іх былі і дзевяць з Новага Двара. У той дзень байцы праходзілі санітарную апрацоўку і баявую падрыхтоўку: чатыры гадзіны тактыкі на тэму «адзінкавы баец у наступе». А таксама чатыры гадзіны агнявой падрыхтоўкі на тэму «Мат. частка вінтоўкі і ППШ».

Разьбітая нямецкая тэхніка

Разьбітая нямецкая тэхніка

Адзін з дзён аднаго палка

У баях 5 жніўня 1944 года полк панёс вялікія страты. Выйшлі са строю кіраўнік 1-га батальёна маёр Кісялёў, кантужаны кіраўнік 2-га батальёна маёр Афанасьеў. У ротах засталося па 10-12 чалавек, а некаторыя роты зусім перасталі існаваць. Не засталося ніводнага станкавага і ручнога кулямёта, а таксама аўтаматаў. Кіраўніцтва вырашыла сфармаваць адзін батальён пад кіраўніцтвам маёра Ільічава. У батальёне стварылі тры роты.

Агульны асабісты склад жаўнераў складаўся са 130-ці чалавек.

А 11 раніцы пасьля кароткай артылерыйскай падрыхтоўкі, батальён пераадольваў моцны агнявы супраціў ворага, пайшоў у атаку за авалодваньне траншэяй суперніка. Полк панёс страты і зноў засяродзіўся на сыходным рубяжы.

У выніку палутарагадзіннага бою а 12.30 частка пяхоты была выбітая зь нямецкай траншэі і адыйшла назад на заходні ўзьлесак,  а іншая частка засталася ў траншэі суперніка, панесла вялікія страты ад масіраванага агня суперніка.

З вайсковых дакумэнтаў перыяду Апэрацыі

З вайсковых дакумэнтаў перыяду Апэрацыі

Штаб 1104 стралковага палка праз некалькі дзён напіша наступнае данясеньне:

«Полк не адыходзіў ад занятага рубяжа, ён зьнік не з поля бою, полк зьнік на полі бою. Полк сьцёк крывёю, змагаўся да апошняга жаўнера, ні на крок не адступіў.

Маральны стан пяхоты быў на вельмі высокім узроўні, што сказалася на незгасімым наступальным імпэце».

З дзевяці мужчынаў Новага Двара, забраных у чырвоную армію пры вызваленьні Менска 3 ліпеня, дадому вярнулася адзін.

Глядзіце таксама

З гэтым пагаджаецца гісторык Барыс Сакалоў:

«Тыя, хто не былі ў партызанах, іх лічылі як бы вінаватымі ў тым, што яны жылі пад нямецкай акупацыяй і не змагаліся. Гэтае стаўленьне было ня толькі да беларусаў, але і да ўсіх жыхароў акупаваных тэрыторыяў – у Расеі, на Ўкраіне, у Прыбалтыцы. І іх выкарыстоўвалі асабліва жорстка.

Ім часам давалі адну вінтоўку на 5-10 чалавек і кідалі ў зьнішчальныя лабавыя атакі на непадаўленую абарону праціўніка, часам нават без сур’ёзнай гарматнай падрыхтоўкі. Страты сярод такіх частак былі асабліва вялікія. Акрамя гэтых 600 тысячаў афіцыйных мабілізаваных было, я мяркую, яшчэ некалькі соцень тысячаў, мабілізаваных наўпрост: злучэньне займала нейкую вёску і ўсіх мужчынаў, прыдатных да службы, магла адразу ставіць у шыхт. Паколькі беларусаў асабліва шырока мабілізоўвалі, мяркую, што стратаў сярод іх было больш, чым у сярэднім сярод савецкага насельніцтва».

Пачатак аднаўленьня акупацыі Балтыйскіх дзяржаваў і ўсёй усходняй Эўропы

polack_2.jpg

Гэты здымак яскрава паведаміць больш, чым некаторыя кнігі. І Полацак іх, і Крым, і Вільня і Варшава. А хто супраць – ласкава просім да сьценкі ці ў Сібір.

Заключнай часткай апэрацыі Багратыён зьяўляецца Варшаўскае паўстаньне 1944 года. Тое самае, калі вызваліцелі глядзелі як немцы зьнішчаюць жыхароў Варшавы, якія вырашылі выратаваць горад ад захопнікаў.

Як пісаў гісторык Алесь Смалянчук: «Савецкія гісторыкі пазьней сцьвярджалі, што заканчвалася вялікая наступальная апэрацыя Багратыён, у выніку якой саветы вызвалілі ад немцаў Беларусь, і нібыта часткі ўжо не мелі сілаў на далейшае наступленьне. Але падобна на тое, што Сталін проста ў той час вельмі негатыўна адносіўся да Польшчы і проста вырашыў рукамі немцаў пакараць палякаў, зьнішчыць польскую інтэлігенцыю, фактычна зьнішчыць Варшаву».

Кіраўнікі Апэрацыі: Варэньнікаў, Жукаў, Казакоў, Ракасоўскі

Кіраўнікі Апэрацыі: Варэньнікаў, Жукаў, Казакоў, Ракасоўскі

Толькі ўчора дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Лукашэнкі Аляксандар Вальфовіч заявіў:

«Сёньня некаторыя палітыкі на Захадзе спрабуюць перапісаць гісторыю, сьціраюць з зямлі помнікі воінам-вызваліцелям, прыніжаюць уклад Чырвонай Арміі з справы Перамогі, у вызваленьне краінаў Эўропы ад карычневай чумы фашызму, падліваюць алей ў агонь вайны на тэрыторыі Украіны. Яны нагнятаюць напружаньне на заходніх межах Беларусі, заяўляюць аб выкарыстаньні ядзернай зброі, не разумеючы, да якіх наступстваў гэта можа прывесьці. Сваімі дзеяньнямі яны падштурхоўваюць разьвязваньне новага разбуральнага канфлікту на тэрыторыі Эўропы.

Сёньня ваенная арганізацыя дзяржавы можа даць адпор любому агрэсару і нанесьці непрымальны ўрон. Мы даражым тым, што заваявана нашымі дзядамі, схіляем галаву перад памяцьцю аб тым, што зроблена імі. Дзякуючы ім мы жывем пад мірным блакітным небам».

Здаецца, так і рвецца зь іх вуснаў: «Можам паўтарыць» і «бабы народзяць».

Глядзіце таксама

Адна з найбуйнейшых вайсковых апэрацыяў за ўсю гісторыю чалавецтва адбылася на нашай тэрыторыі. Пасьпяховы наступ чырвоных войскаў прывёў да поўнага краху групы армій «Цэнтар» і страты 28 падразьдзяленьняў Вэрмахту. Вайна сканчвалася, прыгнёт пачынаўся.