Як камуністы выкарыстоўвалі нацысцкія канцлягеры пасьля вайны

Акт аб безумоўнай капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны, падпісаны 8 траўня 1945 года павінны быў сьцерці ўсе жахлівыя элементы папярэдняга рэжыму. Але, як казаў Лукашэнка, ня ўсё было дрэнным пры Гітлеры. Канцэнтрацыйныя лягеры, у якіх пакутавалі мільёны людзей, перайшлі ў валоданьне чырвоных карнікаў з Крамля. Яны яшчэ гадамі выкарыстоўвалі іх па прызначэньні. Як гэта было, чытайце ў нашым артыкуле.

Камуністы на абароне свайго канцлягеру Заксэнхаўзэн у Нямеччыне. 1946 год

Камуністы на абароне свайго канцлягеру Заксэнхаўзэн у Нямеччыне. 1946 год

Агентурнае данясеньне крыніцы №2 ад 5.01.1948 года:

Зьняволены ВА., 1891 г.н., падчас гутаркі з крыніцай з нагоды газэтнага артыкула аб дэнацыфікацыі, сказаў наступнае: «Былыя нацыянал-сацыялісты, якія зараз знаходзяцца на волі, жывуць у параўнаньні з намі, як у раі. Нават тыя, хто цяпер сядзіць у турме шчасьлівейшы за нас: яны прынамсі ведаюць свой тэрмін. Мы ж здохнем тут, адны раней, іншыя пазьней. У гэтым сутнасьць знакамітых мэтадаў ГПУ, якія перанесены з Расеі ў Нямеччыну. Для ГПУ чалавечае жыцьцё ня мае ніякага кошту, таму нам не даводзіцца разьлічваць на дэнацыфікацыю».

Пра што мы кажам?

Беларусы, як ніхто іншы, праадчувалі зьмену нямецкай акупацыі на камуністычную. Падобнае можна сказаць і пра тых, хто знаходзіўся на тэрыторыі Нямеччыны, якая апынулася пад кантролем СССР пасьля заканчэньня вайны.

Лягеры былі істотным інструмэнтам савецкай рэпрэсіўнай палітыкі ў савецкай зоне акупацыі Нямеччыны. Толькі паводле афіцыйных зьвестак МУС СССР, праз спецлягеры за пяць гадоў іх функцыянаваньня (1945–1950) прайшлі больш за 157 тысячаў чалавек, зь іх больш за 122 тысячы складалі немцы і больш за 34 тысячы — грамадзяне СССР, паведамляе гісторык Надзея Лявонцьева.

За гэтыя гады ў спецлягерах памерла больш за 43 тысячы чалавек. З агульнай колькасьці зьняволеных, паводле ацэнак сучасных дасьледчыкаў, толькі каля 10% знаходзіліся ў лягерах па прысудзе савецкіх ваенных трыбуналаў, якія працавалі на тэрыторыі савецкай зоны акупацыі. Пераважная частка ўяўляла сабой так званы «спецкантынгент», або інтэрнаваных — асобаў, скіраваных у лягеры без якога-небудзь судовага рашэньня, толькі на падставе арышту савецкімі органамі дзяржбясьпекі на тэрыторыі Нямеччыны. Самі зьняволеныя называлі спецлягеры «лягерамі маўчаньня», бо гэтыя людзі не мелі ніякіх сувязяў са зьнешнім сьветам, і нават сваякі доўгія гады не ведалі пра іх знаходжаньне там.

Тым, што мы ўвогуле ведаем пра злачынствы камуністаў з СССР у пасьляваеннай Нямеччыне, мы абавязаны ў першую чаргу пошукам створанай у 1948 годзе па ініцыятыве нямецкага праваабаронцы Райнэра Хільдэбранта так званай «Баявой групы супраць бесчалавечнасьці», якая інфармавала аб арыштах і жахлівых умовах утрыманьня ў лягерах як сваякоў арыштаваных, так і грамадзкасьць у заходніх сэктарах Нямеччыны.

Напрыканцы 1950-х гэтая гадоў група перадала Нямецкаму Чырвонаму Крыжу 900 тысячаў картак з асабовымі дадзенымі зьніклых людзей.

Ізалятар аднаго з камуністычных канцлягераў у Нямеччыне

Ізалятар аднаго з камуністычных канцлягераў у Нямеччыне

Як так сталася?

Напрыканцы 1944 — пачатку 1945 гадоў, у сувязі з надыходам Чырвонай Арміі на Захад, у паласе баявых дзеяньняў франтоў быў пакладзены пачатак арганізацыі спецыялізаваных месцаў зьняволеньня для ўтрыманьня інтэрнаваных.

Быў створаны інстытут Упаўнаважаных НКУС СССР па франтах. Упаўнаважаным загадвалася «па меры прасоўваньня частак Чырвонай Арміі, на тэрыторыі, вызваленай ад войскаў ворага, неадкладна праводзіць неабходныя чэкісцкія мерапрыемствы, якія забясьпечваюць выяўленьне і арышт шпіёнска-дыверсійнай агентуры нямецкіх выведвальных органаў, тэрарыстаў, удзельнікаў розных варожых арганізацый, бандытаў, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасьці і грамадзянства».

Для ўтрыманьня арыштаваных вылучаліся лягерныя памяшканьні — на той момант для часовага ўтрыманьня да адпраўкі на працы ў СССР. У наступныя тры месяцы прыфрантавыя лягеры і турмы НКУС прынялі 215 тысячаў чалавек — немцаў, палякаў, вугорцаў, славакаў, італьянцаў і грамадзянаў СССР. Немцы зь іх складалі 138 тысячаў чалавек. У лягеры НКУС у СССР за гэты перыяд было адпраўлена 148 тысячаў чалавек. Аб гэтым наркам унутраных справаў Берыя дакладваў Сталіну і Молатаву 17 красавіка 1945 года.

Глядзіце таксама

На наступны дзень, 18 красавіка, быў прыняты загад НКУС, падпісаны генэрал-палкоўнікам Сяровым, створана 10 спецлягераў, прычым, на базе былых лягераў нацыстаў:

№1. Мюльбэрг пад Рызай (1945-1948)

№2. Бухэнвальд пад Вэймарам (1945-1950)

№3. Хохеншанхаўзэн у Бэрліне (1945-1946)

№4. Баўтцэн (1945-1950; з 1948 №3)

№5. Кетчэндорф пад Фюрстэнвальдэ (1945-1947)

№6. Ямліц пад Лібэрозэ (1945-1947)

№7. Заксэнхаўзэн пад Араніэнбургам (1945-1950, №7/№ 1)

№8. Таргаў (1945-1947)

№9. Фюнфайхен пад Нойбрандэбургам (1945-1948)

№10. Таргаў (1946-1948).

Загад НКУС ад 18 красавіка 1945

Загад НКУС ад 18 красавіка 1945

Адзін з пунктаў загаду абвяшчаў:

«Спыніць адпраўку ў СССР асобаў, арыштаваных у парадку ачысткі тылоў дзейных частак Чырвонай Арміі. Устанавіць, што вываз у СССР асобных арыштаваных, якія ўяўляюць апэратыўную цікавасьць, можа быць зроблены толькі з санкцыі НКУС СССР».

На справе гэта азначала спыненьне мабілізацыі арыштаваных у якасьці працоўнай сілы і адпраўкі іх у СССР - замест гэтага яны павінны былі зьмяшчацца ў лягеры і турмы, арганізаваныя на тэрыторыі будучай акупацыйнай зоны. Непасрэдны загад НКУС аб іх стварэньні з дадаткамі аб дыслякацыі і штатах лягераў быў падпісаны Берыяй ужо 10 траўня 1945 года.

1_966.jpg

Агентурнае данясеньне крыніцы №1 ад 15.01.1948 года:

Зьняволены ЛЯ., 1889 г.н., сказаў крыніцы ў асабістай гутарцы ў канцы сьнежня 1947 года наступнае: «Ня верце газэтам, яны пішуць толькі хлусьню і прапаганду для рускіх. Каб ясна ўявіць сабе палітычную карціну, трэба прачытаць, што пішуць газэты зь іншага боку. Што дае аднабаковая арыентацыя, мы пераканаліся і адчулі на ўласнай скуры за час нацысцкага рэжыму».

Былыя канцлягеры Гітлера сталі канцлягерамі Сталіна

Канцлягер камуністаў у Заксэнхаўзэне

Канцлягер камуністаў у Заксэнхаўзэне

Самы буйны спецлягер Сталіна —Заксэнхаўзэн, празь які за пяць гадоў прайшло больш за 60 тысячаў зьняволеных. Акрамя таго, спецлягеры ствараліся пераважна на месцах з гатовай лягернай інфраструктурай — у былых нацысцкіх канцлягерах і турмах.

Кадравае напаўненьне пэрсаналу спецлягераў адбывалася з розных структураў. Усе кіруючыя пасады займалі дасланыя з Аддзела кадраў НКУС афіцэры. Таксама ў спецлягеры скіроўваліся супрацоўнікі СМЕРШ 1-га Беларускага фронту. Нутраную ахову лягераў забясьпечвалі салдаты і сяржанты тэрміновай службы (таксама пераважна з запасных палкоў 1-га Беларускага фронту) і вольнанаёмныя, вонкавую — канвойныя войскі НКУС.

«Дзейнасьць лягера можа стаць шырока вядомай іншым дзяржавам»

Да лістапада 1946 года быў расфармаваны спецлягер № 3 Бэрлін — Хохэншэнхаўзэн. Гэтае рашэньне было ініцыяванае вайсковым камэндантам савецкага сэктара акупацыі Бэрліна генэрал-маёрам Коцікавым. У сваім звароце ў верасьні 1946 года ён так фармуляваў адну з прычынаў неабходнасьці ліквідацыі гэтага лягера:

«Могілкі лягера разьмешчаныя паблізу лягера і нікім не ахоўваюцца. Уздоўж лягера і могілак свабодна праходзяць немцы і могуць заходзіць на могілкі як удзень, так і ўначы. На могілках бязладна закапаныя некалькі соцень трупаў, пры гэтым частка зь іх закапаная ў варонках і розных ямах. Пры такім становішчы дзейнасьць лягера можа стаць шырока вядомай не толькі жыхарам Бэрліну, але і іншым дзяржавам».

Асьцярогі камуністаў адносна таго, што інфармацыя аб існаваньні лягераў распаўсюдзіцца на Захадзе і падарве прапагандысцкі вобраз дэмакратычнай дзяржавы, якая будуецца ва Ўсходняй Нямеччыне, былі зьвязаныя з пагрозай расфармаваньня ў такім выпадку гэтых самых лягераў.

Аднак у тым жа 1946 годзе ў ангельскіх газэтах зьявіліся паведамленьні аб тым, што «канцэнтрацыйныя лягеры Заксэнхаўзен і Бухенвальд і некаторыя іншыя зноў ператвораныя ў месцы знаходжаньня палітычных зьняволеных, галоўным чынам, з апазыцыйных сацыял-дэмакратаў».

Агентурнае данясеньне крыніцы №4 ад 7.01.1948 года:

Зьняволены ВАН., 1891 г.н., які распавёў нядаўна крыніцы, што ён пасьля вызваленьня арганізуе таварыства для пабудовы помніка "ахвярам" лягера "Кетчэндорф", сказаў крыніцы ў гутарцы 11.01.1948 года пасьля чыткі газэтаў, дзе быў надрукаваны артыкул "Бікгольц" — гэта не санаторый», у якой пісьменьнік Кэлерман апісвае жыцьцё зьняволеных у нямецкім канцлягеры, наступнае: «Навошта выдумляць і пісаць такі раман? Няхай людзі сходзяць у "Кетчэндорф", там яны самі ўбачаць шкілеты».

15.01.1948 года зьняволены ВАН сказаў крыніцы: «З майго вакна ў лягеры "Кетчэндорф" я бачыў могілкі. Штодня я і мае таварышы па пакоі лічылі. Ніколі ніжэй за 20 і не вышэй за 35-40 мерцвякоў кідалі яны штодня ў яму. Ад голаду людзі падалі проста з крэслаў і паміралі не ў лазарэце - яны павінны былі працаваць. Гэта сапраўды тэма для рамана, які напішу я. Гэта будзе мая першая праца ў першую зіму пасьля вызваленьня».

Заданьне для крыніцы № 5: Весьці далейшае назіраньне за выказваньнямі фігуранта.

Бухэнвальд

Пасьля перадачы тэрыторыі Бухэнвальда СССР, 22 жніўня 1945 года ён быў перайменаваны ў «Спецыяльны лягер НКУС №2» для інтэрнаваных. Да канчатковай ліквідацыі лягера, праз яго прайшлі больш за 28 тысячаў зьняволеных, і ў ім закатаваныя больш за 7 тысячаў вязьняў.

Канцлягер праіснаваў тут да 1950 года. У гэтым лягеры ўжо былі і жанчыны.

6 студзеня 1950 года быў выдадзены Загад МУС СССР № 0022 аб ліквідацыі спецлягераў МУС СССР у Нямеччыне:

Цалкам сакрэтна.

ЗАГАДВАЮ:

Начальніку аддзелу спецлягераў МУС СССР у Нямеччыне палкоўніку Сакалову:

1. Вызваліць з лягераў 15038 немцаў, у тым ліку 9634 чалавекі неасуджаных і 5404 чалавекі асуджаных, якія зьмяшчаюцца ў зьняволеньні за малаістотныя злачынствы.

2. Перадаць нямецкім уладам (Міністэрству ўнутраных справаў Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі) 13945 немцаў, у тым ліку 10513 чалавек асуджаных, — для далейшага ўтрыманьня іх у нямецкіх турмах і 3432 чалавекі неасуджаных — для рассьледаваньня іх злачыннай дзейнасьці і перадачы суду.

3. Перадаць органам МДБ СССР у Нямеччыне 649 немцаў, якія вялі найбольш актыўную барацьбу супраць Савецкага Саюза, у тым ліку 473 чалавекі неасуджаных, для адданьня іх савецкаму суду і 176 чалавек асуджаных — для далейшага ўтрыманьня іх пад вартай.

6. Ліквідаваць спецлягеры МУС СССР у Бухэнвальдзе і Заксэнхаўзэне і перадаць камандаваньню Групы савецкіх войскаў у Нямеччыне лягерныя пабудовы для выкарыстаньня і на дапаможныя і гаспадарчыя патрэбы войскаў.

Ліквідацыю лягераў і перадачу турмы скончыць да 15 сакавіка 1950 года.

Міністар унутраных справаў Саюза ССР, генэрал-палкоўнік С.Круглоў.