Семдзясят пяць гадоў Рады Эўропы. Аб чым нараіліся за гэты час?

Рада Эўропы была створаная як галоўная праваабарончая арганізацыя на кантынэнце, задачай якой зьяўляецца падтрымка і прасоўваньне дэмакратыі, вяршэнства закона і, самае галоўнае, правоў чалавека. Гучыць, як і шмат што падобнага кшталту вельмі дэкляратыўна. Беларусь адзіная ў Эўропе ніколі не была яе сябрам, а патрэба ў існаваньні гэтага інстытута можа падацца ілюзорнай. Давайце глянем!

Падпісаньне Статуту Рады Эўропы ў 1949 годзе

Падпісаньне Статуту Рады Эўропы ў 1949 годзе

Як усё пачыналася

У Эўропе, спустошанай самым разбуральным канфліктам у гісторыі чалавецтва, некалі паўстала бачаньне аб'яднанага мірнага кантынэнту. Менавіта ў гэтым кантэксце Рада Эўропы была заснаваная 5 траўня 1949 года дзесяцьцю краінамі, якія імкнуліся стварыць агульную дэмакратычную і прававую прастору. Безумоўна, туды не ўваходзілі дзяржавы пад дыктатам камуністаў.

У адрозьненьне ад Эўразьвязу, які часта разглядаецца ў першую чаргу як эканамічны суб'ект, амбіцыі Рады Эўропы былі маральнымі і нават можна сказаць філязофскімі, скіраванымі на забесьпячэньне салідарнасьці ва ўсёй Эўропе.

Стваральнікамі арганізацыі рухала галоўная мэта - прадухіленьне таталітарызму, які распаліў Другую сусьветную вайну. Каб дасягнуць гэтага, чальцы-заснавальнікі задумалі Эўропу, зьвязаную агульнымі прававымі і культурнымі рамкамі, якія паважаюць чалавечую годнасьць і спрыяюць супрацоўніцтву.

5 траўня 1949 года прадстаўнікі дзесяці краінаў — Бэльгіі, Даніі, Францыі, Ірляндыі, Італіі, Люксэмбургу, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Швэцыі і Вялікай Брытаніі — сабраліся ў Лёндане, каб падпісаць Статут Рады Эўропы. Ён абавязаў сваіх падпісантаў імкнуцца да большага адзінства ў Эўропе, садзейнічаць эканамічнаму і сацыяльнаму прагрэсу калектыўнымі сродкамі.

Пашырэньне Рады Эўропы было хуткім. Грэцыя і Турцыя далучыліся ў наступным годзе, а Ісляндыя і Заходняя Нямеччына далучыліся неўзабаве пасьля гэтага. Выбар сталіцы, а ёй стаў горад Страсбург, на мяжы Францыі і Нямеччыны падкрэсьліваў імкненьні да новага сумеснага, мірнага існаваньня. Былыя ворагі дзейнічалі зараз пад адным дахам.

Уінстан Чэрчыль на адным з паседжаньняў арганізацыі. Вялікі брытанец заўжды быў прыхільнікам стварэньня моцнага заходняга інстытуту агульнай Эўропы

Уінстан Чэрчыль на адным з паседжаньняў арганізацыі. Вялікі брытанец заўжды быў прыхільнікам стварэньня моцнага заходняга інстытуту агульнай Эўропы

З ростам Рады Эўропы рос і яе ўплыў. Пагадненьні і канвэнцыі, якім яна спрыяла, напрыклад Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека, сталі краевугольнымі камянямі эўрапейскага права і дэмакратычнага жыцьця.

Кіруючым органаў зьяўляецца Рада Міністраў, якая складаецца з міністраў замежных справаў усіх чальцоў арганізацыі. Акрамя таго існуе кансультатыўны орган (гэта вельмі істотна падкрэсьліць, яго справа даваць кансультацыі і больш нічога) – Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы, куды ўваходзяць прадстаўнікі парлямэнтаў ўсіх джяржаваў Рады Эўропы.

Посьпехі

Распрацоўка і прыняцьце Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека ў 1950 годзе стала, бадай што, найвялікшчым дасягненьнем гэтай арганізацыі за 75 гадоў. Гэта адначасова падкрэсьлівае і сапраўдную істотнасьць і падсьвечвае далейшае павольнае існаваньне. Безумоўна, за такі працяглы час можна было б чакаць яшчэ нейкіх яскравых праяваў дзейнасьці гэтай структуры.

Канвэнцыя стварыла поўны каталёг асноўных правоў чалавека і грамадзяніна, пачынаючы ад права на жыцьцё і забароны катаваньняў і сканчваючы свабодай выказваньня меркаваньняў і сходаў. Вы ўжо пачынаеце здагадвацца, чаму Беларусь так і не далучылася да Рады Эўропы.

Значэньне Канвэнцыі яшчэ больш узмоцнілася стварэньнем у 1959 годзе Эўрапейскага суда па правах чалавека. Гэты судовы мэханізм дазваляе людзям падаваць пазовы супраць дзяржаваў за парушэньне іх правоў у адпаведнасьці з Канвэнцыяй. Суд вынес рашэньні па тысячах справаў з таго часу.

Як адзін з, насамрэч немаленькага сьпісу станоўчых выпадкаў, варта згадаць справу 2007 года. Тады Эўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў, што зьмяшчэнне дзяцей ромаў у Чэхіі ў спецыяльных школах зьяўляецца парушэньнем Канвэнцыі. Гэтае рашэньне прывяло да адукацыйных рэформаў у Чэхіі.

Іншы дакумэнт, прыняты Радай Эўропы — Эўрапейская культурная канвэнцыя, падпісаная ў 1954 годзе, мела на мэце прасоўваньне эўрапейскай культурнай ідэнтычнасьці шляхам заахвочваньня вывучэньня моваў, гісторыі і традыцый сябраў арганізацыі. Гэтая ініцыятыва спрыяла адукацыйным абменам і культурнаму супрацоўніцтву, што, відаць за ўсё, мела пэўны плён.

Глядзіце таксама

У 1979 годзе была падпісаная Бэрнскай канвэнцыі па ахове навакольнага асяродзьдзя. Афіцыйна адзначаецца, што яна стала адным з першых міжнародных прававых дакумэнтаў, якія прызнаюць неад'емную каштоўнасьць прыроды і неабходнасьць яе аховы, што паўплывала на наступную палітыку ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя на ўсім кантынэнце.

Акрамя правоў чалавека, Рада Эўропы адыграла істотную ролю ў прасоўваньні дэмакратычных стандартаў праз такі орган, як Вэнэцыянская камісія. Афіцыйна вядомая як Эўрапейская камісія за дэмакратыю праз Права, Вэнэцыянская камісія дае юрыдычныя кансультацыі дзяржавам-чальцам па канстытуцыйных пытаньнях. Гэтая роля становіцца асабліва неабходнай у часы палітычнага крызісу або калі краіны праходзяць значныя канстытуцыйныя рэформы. У нядаўні час гэтая Камісія рабіла высновы адносна Вугоршчыны і Польшчы.

Пытаньні застаюцца

Ля ўваходу ў офіс

Ля ўваходу ў офіс

Рада Эўропы таксама сутыкаецца з істотнай крытыкай адносна эфектыўнасьці і выканальнасьці сваіх рэзалюцый і палітычнай волі дзяржаваў-чальцоў выконваць рашэньні Эўрапейскага суда па правах чалавека. Крытыкі сцьвярджаюць, што, хаця Суд вынес рашэньні па шматлікіх справах, выкананьне гэтых самых рашэньняў дагэтуль застаецца непасьлядоўным.

Нягледзячы на тое, што Рада Эўропы можа сапраўды аказваць палітычны ціск і грамадзкае асуджэньне, яе фактычныя паўнамоцтвы па забесьпячэньні выкананьня патрабаваньняў абмежаваныя. Гэта прывяло да распаўсюджанага ўяўленьня, што Рада Эўропы моцная ў рыторыцы, але слабая ў дзеяньнях. ці так гэта? Вы можаце самастойна адказаць на гэтае пытаньне, калі прыгадаеце «глыбокія занепакойствы» і «рашучыя асуджэньні» тых ці іншых праяваў.

Беларусь і Рада Эўропы

У сярэдзіне 1990-х гадоў Беларусь выказала зацікаўленасьць у далучэньні да Рады. Аднак неўзабаве адносіны сутыкнуліся са значнымі перашкодамі. Уваход Беларусі ў Раду Эўропы так і не быў рэалізаваны. Працэс урэшце быў прыпынены праз рост занепакоенасьці парушэньнямі правоў чалавека і адсутнасьцю дэмакратычнага кіраваньня пры рэжыме Лукашэнкі.

Рада Эўропы паставіла пад сумнеў прыхільнасьць Беларусі дэмакратычным каштоўнасьцям, якіх яна патрабуе ад сваіх чальцоў. Да канца 1990-х гадоў стала зразумела, што Беларусь рэзка адышла ад дэмакратычных нормаў, якія падтрымлівае Рада Эўропы, што прывяло да замарожваньня нашага статусу спецыяльнага запрошанага ў 1997 годзе.

Рада Эўропы неаднаразова асуджала Беларусь за парушэньні правоў чалавека, у прыватнасьці ў дачыненьні да свабоды слова, права на мірныя сходы і незалежнасьці судовай сістэмы. Выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі таксама заставалася сур’ёзным спрэчным фактарам. У гэты ж час такая практыка была адмененая ці замарожаная ва ўсіх астатніх эўрапейскіх краінах.

У 2022 годзе Рада Эўропы ўпершыню ў сваёй гісторыі выключыла адну з краінаў са свайго складу (аднойчы па сваёй волі выхозділа Грэцыя на некалькі гадоў, але потым прасілася назад). Гэтай ганебнай выключанай краінай, як не складана здагадацца, стала Расея пасьля пачатку свайго злачыннага нападу на Ўкраіну.