«Я русский — какой восторг!» Як працуе эстафета расейскага культу «Перамогі»
Ужо больш за дзесяцігоддзе ў Расеі існуе рух, мэтай якога ёсьць агрэсіўны распаўсюд расейскага бачаньня гісторыі Другое Сусьветнае вайны (фактычна — «культ Перамогі») на нізавым узроўні гарадоў і мястэчак суседніх краінаў. Да ягонае дзейнасьці залучаныя і некалькі беларускіх прыхільнікаў «русского міра».
Называецца гэты рух «Міжнародная эстафета памяці і ўдзячнасьці «Радзіма подзьвігу — радзіма героя», ініцыятарам яго стала расейская грамадская арганізацыя з назвай «Інстытут сацыяльнае памяці Акадэміі вайсковых навукаў». «Інстытутам сацыяльнае памяці» кіруе дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных зносінаў (рас. «МГИМО») Аляксандр Ужанаў, а саму «Акадэмію вайсковых навукаў», у склад якой уваходзіць згаданы «інстытут», узначальвае генерал Валерый Герасімаў. Менавіта Герасімаў на дадзены момант камандуе аб'яднанай групоўкай войскаў Расеі, якая здзяйсьняе ўзброеную агрэсію супроць Украіны.
Дзейнічаюць аўтары «эстафеты памяці і ўдзячнасьці» так: адшукваецца інфармацыя аб якім-небудзь салдаце арміі СССР, які здзейсьніў падчас Другое Сусьветнае вайны гераічны ўчынак, пажадана па-за межамі Расеі, і робяцца спробы наладзіць «пабрацімскія» адносіны паміж мейсцам нараджэньня таго салдата і мейсцам ягонага ўчынку. Часта гэта суправаджаецца эмацыйнымі каментарамі на тэму «няўдзячных» краінаў, што знішчаюць савецкія помнікі. Апроч таго, ў якасьці мэты руху агучваецца стварэньне «адзінае ваенна-мемарыяльнае сацыяльнае прасторы» ў межах краінаў, якія калісьці знаходзіліся пад кантролем СССР.
На дадзены момант увагай арганізатараў гэтае эстафеты ахопленыя ўжо прынамсі Берасьце, Гародня, Віцебск, Магілеў, Полацак, Івацэвічы, Ворша і Лоеў. Ініцыятары эстафеты далучаюць да кантактаў з расейскім бокам супрацоўнікаў навучальных установаў у згаданых гарадах, і сумесна зь імі арганізуюць анлайн-сустрэчы ды анлайн-гульні школьнікаў. Гульні пад назвай «фарсайт-гульня» робяцца па адной схеме: перад дзецьмі зь дзьвюх школаў, якія знаходзяцца ў патэнцыйных гарадах-»пабрацімах», фармальна ставіцца задача знайсьці кропкі перасячэньня інтарэсаў прамысловых, гандлёвых або турыстычных галінаў у гэтых гарадах. Але мадэратар фарсайт-гульняў, якім часьцей за ўсё зьяўляецца Аляксандр Ужанаў, фактычна задае меркаваньням удзельнікаў гульняў «сакральны» накірунак у дусе ідэолага расейскага імперства Дугіна.
Цытата: «Обратите внимание, — сказал Александр Евгеньевич, — все три города связывает между собой некая базовая, изначальная святость, своего рода сакральность, закодированная в генеалогии иррациональность. Именно божественный (Нечто Свыше) промысел ведет Астану, Сочи и Берлин к соединению их ресурсов, возможностей, их целеполагания. <...> Берлин — город, основанный славянскими племенами шпреване, хефелеры, на гербе которого тотемное животное — BAR, Медведь или Медведица. В корне слова Медведь — русское «ведать», то есть «знать». Это тотемное животное, знаковое и для России, владеет некими тайными, истинными знаниями. Не случайно Медведь в немецкой мифологии — Священное животное».
З умоўна беларускага боку ўсталяваньнем такіх «пабрацімскіх» кантактаў займаюцца часьцей за ўсё чальцы «Русскіх суполак» і «Русскіх дамоў», то бок арганізацыяў, падпарадкаваных філіялу «Россотруднічества» ў Беларусі.
Сярод іх — кіраўніца «Русского дома» ў Магілеве Людміла Рэчац, а таксама прадстаўнікі «Расейскага цэнтра навукі і культуры» (РЦНК) ў Берасьці. Прычым актывісты з берасьцейскага РЦНК — гэты тры адстаўныя расейскія вайскоўцы, якія адносна нядаўна пераехалі ў Берасьце.
Напрыклад, Аляксандр Цалякоў прыбыў у Берасьце з расейскага Рыбінска, дзе займаў пасаду намесніка дырэктара па ваенна-патрыятычным выхаваньні Рыбінскага кадэцкага корпусу. У берасьцейскім РНЦК ён заснаваў праект «Славянскае адзінства» і ў рамках яго праводзіць лекцыі для дзяцей на тэмы «Русские не сдаются», «Я русский — какой восторг!».
Віктар Шубін раней быў намеснікам начальніка па патрыятычным выхаваньні ў Яраслаўскім вышэйшым зенітна-ракетным вучылішчы. Пасьля прыезду ў Берасьце ён некаторы час працаваў у Берасьцейскім дзяржаўным універсітэце. Магчыма, менавіта ягоныя сувязі ў гэтай навучальнай установе сталіся прычынай накіраваньня студэнтаў Берасьцейскага ўніверсітэта ў чэрвені 2023 года на слуханьні на тэму «ваенна-мемарыяльнае спадчыны», якія праводзілі ініцыятары эстафеты.
Анатоль Іванчанкаў раней займаў пасаду намесніка начальніка інспекцыі тылу Ўзброеных сілаў СССР, а потым Расеі. Падчас правядзеньня выбараў ў расейскую Дзярждуму ў верасьні 2021 года ён у Берасьці ўзначальваў штаб па агітацыйнай працы з выбаршчыкамі пры «Россотрудничестве».
Значная частка дзейнасьці арганізатараў «эстафеты памяці і ўдзячнасьці» мае імітацыйны характар. Яны заяўляюць аб уключэньні ў ланцужкі «пабрацімства» з расейскімі і беларускімі гарадамі гарадоў у Польшчы і Ўкраіне — то бок тых мясьцінаў, якія адназначна адмовяцца ад супрацоўніцтва, і нават могуць паслаць па адрасе расейскага карабля. Яскравы прыклад — горад Чугуеў Харкаўскае вобласьці, уключэньне якога ў праект «пабрацімства» зь Вялікім Ноўгарадам і зь Чаўсамі Магілеўскае вобласьці ініцыятары эстафеты пракаментавалі так: «Потерпи, дорогой город Чугуев, по законам Высшей Справедливости ты будешь освобождён и мы обязательно побратаем твоих жителей и тебя с Великим Новгородом, и со столицей белорусского казачества Могилевским городом Чаусы!»
Горад Чугуеў перыядычна падвяргаецца расейскім ракетным абстрэлам — напрыклад, зусім нядаўна, трэцяга траўня гэтага года, ў выніку абстрэлаў з расейскіх ЗРК былі параненыя тры чалавекі.
19 чэрвеня 2023 года арганізатары «Міжнароднае эстафеты памяці і ўдзячнасьці», ў тым ліку кіраўнік «Інстытута сацыяльнае памяці Акадэміі вайсковых навукаў» Аляксандр Ужанаў, зьбіраліся ў Берасьці, каб абмеркаваць заяву ў ААН аб ахове «ваенна-мемарыяльнае спадчыны», то бок савецкіх помнікаў. На слуханьнях на тэму заявы, як згадвалася раней, прысутнічалі студэнты Берасьцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Тады былі агучаныя пляны правесьці другія слуханьні на тэму заявы ў ААН у 2024 годзе ў польскім горадзе Баляславец. Гэты плян выглядае імітацыйным, бо наўрад ці палякі пагодзяцца на такое зборышча.
Польшча ўвогуле значна прыцягвае ўвагу аўтараў эстафеты. У ланцужкі «пабрацімства» яны ўключылі некалькі польскіх гарадоў і мястэчак, у тым ліку Гайнаўку, Аўгустаў, Лідзбарк-Варміньскі і ўжо згаданы Баляславец. На практыцы гэта праяўляецца ў адпраўцы лістоў мясцовым польскім уладам. Да падтрымкі былі далучаныя польскія «рускамірцы», напрыклад, жыхар Беластоку Андрэй (Анджэй) Раманчук, які зьяўляецца чальцом «Координационного совета российских соотечественников» («КСОРС») у Польшчы.