Назад у сярэднявечча. Гісторыя і сучаснасць кансерватыўных ідэй у Расіі

Трапіўся мне на вочы тэкст вядомага расійскага духоўнаскрэпнага філосафа-прапагандыста Аляксандра Дугіна. У асноўным я ўвогуле мала звяртаю ўвагу на такіх людзей. Тым больш што гэты персанаж даўно ўжо прывучыў усіх да сваёй неадэкватнасці. Але прайсці міма такога шэдэўра не атрымалася.

vasja_lozkin.png


Вытокі расійскага кансерватызму

Вось гэты тэкст цалкам: «Каб вырашыць дэмаграфічную праблему Расіі адным ударам, трэба проста зараз жа перайсці ад Мадэрна да Традыцыі. І ўсё. Гарады будуць неадкладна расселеныя, на зямлі складуцца моцныя праваслаўныя сем'і са мноствам дзяцей. Разводы — не тое што аборты! — будуць забаронены. Іх не будзе. Нельга, і ўсё. Ажаніўся — будзь добры, так і жыві да смерці. Раней трэба было думаць. За распусту — вогнішча. За крадзеж — павешанне. За кляцьбу Цара — вечная катарга. І толькі тонкі гул знаменных распеваў над Святой Руссю. Без канца і краю. «Сусветную Славу...» Чорныя стрэлы манаскіх шэсцяў. Ціхае напружанае сапенне аратага і храп станістага сытага каня. Пранізлівы пах сырадою ў тумане. Вада і хлеб. Асёл і бык. І карагодныя постаці рускага сонца. Дружыны і сем'і, палкі і весі. І Цар! Каб усім было радасна і спакойна. Смела і весела. Для гэтага Цар».

Звонку гэты тэкст выглядае як трызненне хворага чалавека. Але гэта не зусім так. Такія ідэі маюць даўнюю традыцыю і ў свой час былі даволі пашыранымі ў Расійскай імперыі. А сярод людзей, якія спрычыніліся да іх стварэння, сустракаюцца даволі вядомыя асобы.

Па-сапраўднаму падобныя ідэі пачалі афармляцца ў першай палове ХІХ стагоддзя. Ідэал грамадскага ладу тагачасныя ідэолагі першапачатковага рускага кансерватызму (Мікалай Карамзін, Сяргей Глінка, Аляксандр Шышкоў, Міхаіл Магніцкі і іншыя) бачылі перш за ўсё ў ідэалізаваным вобразе гістарычнага мінулага Расіі. З іх тэкстаў выразна вымалёўвалася карціна ўтапічнага соцыуму, у якім адсутнічае антаганізм паміж «вярхамі» і «простым рускім народам», паміж багатымі і беднымі, паміж элітай і сялянскай масай. У той жа час грамадства гэта мусіла быць жорстка стратыфікаваным, але гэта павінна была быць «дабранраўная» сацыяльная іерархія. У кансерватыўным дыскурсе таго часу назіраецца празмернае ўсхваленне земляробства, звязанага з ім ладу жыцця і адначасова фарміраванне фобіі ў адносінах да прамысловасці і ўрбанізму. Расійскія кансерватары развілі цэлую тэорыю перавагі сельскага ладу жыцця над гарадскім. На іх думку, прамысловасць, гандаль і гарады не мелі, у адрозненне ад земляробства, такога важнага для грамадства значэння. Расія ж, з іх пункту гледжання, была адной з тых краін, якія, будучы пераважна земляробчымі, «прынялі вянок першынства маральнага, не схільнага да хуткага заняпаду, што спасцігае камерцыйныя дзяржавы». Яны лічылі, што прамысловасць і гандаль неабходныя толькі там, дзе земляробства не можа пракарміць насельніцтва.

Папярэднік славянафільства. Сяргей Глінка

Сяргей Глінка

Сяргей Глінка


Амаль усё жыццё пісьменніка і публіцыста Сяргея Глінкі было прысвечана ўпартай барацьбе з праявамі заходнееўрапейскага ўплыву. Асабліва з модным тады сярод расійскага дваранства французскім уплывам, так званай «галаманіяй». Нават можна сказаць, што менавіта антыфранцузскую прапаганду Глінкі можна лічыць адной з прыкмет станаўлення ў Расіі сапраўднай кансерватыўнай і нацыяналістычнай ідэалогіі. У грамадска-палітычных поглядах для яго было характэрна прыраўноўванне адносін сацыяльных да адносін сямейных, дзе Бог разглядаўся як бацька ўсяго чалавецтва, а манарх — як айцец усяму народу. Гэты падыход, па яго меркаванні, з цягам часу ўтварыў бы такую грамадскую сістэму, у якой кожны чалавек добраахвотна выконваў бы свае функцыі, бачачы ў гэтым вышэйшы жыццёвы абавязак. Палітычным стрыжнем падобнага грамадства, па меркаванні Глінкі, магла быць толькі самадзяржаўная манархія.

Мікалай Карамзін. Апалагет самадзяржаўя

Мікалай Карамзін

Мікалай Карамзін


З пункту гледжання прыдворнага царскага гісторыка Мікалая Карамзіна, самадзяржаўе ўяўляла сабой «разумную палітычную сістэму», якая ўзнікла ў выніку сінтэзу мясцовай традыцыі і палітычнага ідэалу Візантыйскай імперыі. Усе дзяржаўныя і грамадскія інстытуты былі «ізліяніем манаршай улады» і не мелі права існаваць самі па сабе. Выключэнне рабілася толькі для праваслаўнай царквы, якая павінна была задаваць маральныя каардынаты для манарха і народа. Акрамя царквы, самадзяржаўе мусіла абапірацца таксама на народныя традыцыі і звычаі, на тое, што Карамзін абазначаў як «дух народны», «прыхільнасць да нашага асаблівага». Для Карамзіна гэта было «падмуркам Расіі», галоўнай прычынай яе магутнасці і асновай яе існавання.

Аляксандр Шышкоў. Апантаны пурыст

Аляксандр Шышкоў

Аляксандр Шышкоў


Яшчэ адной тэмай, што не давала спакою гэтым дзеячам, было пытанне мовы. Здавалася б, што можа пагражаць расійскай мове ў Расійскай жа імперыі? Але ж вось не. Так, на думку міністра народнай асветы Аляксандра Шышкова, сучасная яму руская мова праз царкоўнаславянскую з'яўляецца прамым спадчыннікам антычнай грэцкай традыцыі і адначасова з гэтым хрысціянска-праваслаўнай Візантыі, а таму сама па сабе ёсць з’ява сакральная. Менавіта таму недапушчальнымі лічыліся запазычанні з заходнееўрапейскіх моў, асабліва французскай.

Шышкоў і блізкія да яго людзі абвясцілі неабходнасць агульнанацыянальнага патрыятычнага выхавання з апорай на ўласныя моўныя, палітычныя, бытавыя традыцыі (напрыклад, у адзенні, ежы, паўсядзённых паводзінах). Была нават распрацавана праграма так званага «рускага выхавання», заснаванага на вывучэнні міфалагізаванай у гераічным стылі рускай гісторыі, звароце да «даўніны», адмове ад французскіх мод і прадметаў раскошы, якія «спусташаюць рускае дваранства і прыводзяць да псавання грамадскай маральнасці». Лічыў неабходным стварэнне пантэона свецкіх святых. Туды павінны былі ўвайсці ідэалізаваныя ў кансерватыўным духу выявы Пятра I, Кацярыны II, Аляксандра Суворава і іншых, свядомае перайманне ладу жыцця і думкі якіх павінна было змяніць сучаснае яму грамадства.

Асобнае месца ва ўяўленнях ранніх рускіх кансерватараў пра ідэальнае грамадства павінна была заняць «хрысціянізаваная» навука. Мэта свецкай адукацыі, па іх меркаванні, палягала ў стварэнні «выратавальнай згоды паміж вераю, ведамі і ўладай, паміж хрысціянскай набожнасцю, асветай розумаў і існаваннем грамадзянскім». І гэтыя ідэі былі хутка ўзяты на ўзбраенне. Праўда, метады, якімі яны рэалізоўваліся, зусім не нагадвалі «выратавальную згоду».

Міхаіл Магніцкі. Стваральнік «праграмы знішчэння навукі»

Міхаіл Магніцкі

Міхаіл Магніцкі


Напэўна, найбольш адыёзным з усіх дзеячаў кансерватыўнага лагера Расійскай імперыі тых часоў быў сімбірскі губернатар Міхаіл Магніцкі. Чалавек, які пісаў імператару даносы аб «змове ілюмінатаў», быў пасланы ў якасці рэвізора ў Казань, дзе адразу заняўся праверкай дзейнасці адкрытага там нядаўна ўніверсітэта. Ні да чаго добрага такая апека прывесці, зразумела, не магла.

Прывяду толькі адзін прыклад, які добра сведчыць, якога чалавека прыслалі апекавацца ўніверсітэтам: у 1824 годзе Магніцкі і казанскі архіепіскап Амвросій уварваліся ў будынак анатамічнага факультэта Казанскага ўніверсітэта ў галаве натоўпу, які нёс… труны. У іх яны паскладалі ўсе прэпараты анатамічнай калекцыі, якія затым вывезлі на адны з гарадскіх могілак, дзе пахавалі пад звон і памінальныя малітвы.

Зразумела, што ў такіх умовах нармальна працаваць вышэйшая навучальная ўстанова не можа. Таму з універсітэта паступова звольніліся ўсе вядучыя выкладчыкі, а жыццё студэнтаў стала падобным на манастырскую турму.

Але адной Казані яму было мала. Ён вырашыў заняцца рэформай усёй расійскай прававой сістэмы. Яна, канешне, ніколі не была ўзорнай, але і да таго ўзроўню, што быў прапанаваны папячыцелем Казанскага ўніверсітэта, скаціцца была ўсё ж такі не гатова. Магніцкі прапаноўваў стварыць так званае «ўкладанне праўдзіва Рускае». Расійскае заканадаўства таго часу не задавальняла Магніцкага таму, што было вынікам запазычанага заходнееўрапейскага юрыдычнага досведу. Апошні ж, лічыў ён, узнік на аснове чужародных пачаткаў: паганскага рымскага і царкоўнага каталіцкага права, а таму быў непрымальны ў рускіх умовах.

Магніцкі прапаноўваў узяць за аснову новага ўкладання візантыйскае права, «цалкам вычышчанае ад усіх паганскіх прымесяў, сапраўдную спадчыну нашу пасля Грэцкай імперыі». З гэтай мэтай Магніцкі прапаноўваў стварыць камісію для сістэматычнага збору існуючых законаў і асобны камітэт, які «заняўся б гістарычным аглядам усяго нашага заканадаўства ў добрым духу», дзе было б «усё згоднае з праваслаўем, усё прыстойнае самадзяржаўнай уладзе, звычаям і духу народа нашага». На думку Магніцкага, стварэнне падобнага «Рускага ўкладання» прадэманстравала б намер «уваскрэсіць сапраўдныя нашы правы на спадчыну Імперыі Грэцкай».

Такім чынам, калі казаць пра асноўныя рысы дзяржаўнага і грамадскага ладу ў светапоглядзе ранніх расійскіх кансерватараў, то гаворка ў іх ішла аб грамадстве, якое ўяўляла б сабой строга іерархічнае «адзінае нацыянальнае цела», у якім найболей прыкметнымі саслоўямі выступалі дваране, духавенства і сяляне. Першыя — у якасці ўладнай эліты, другія і трэція — у ролі асноўных захавальнікаў традыцыйных маральных каштоўнасцей. Яны бачылі ідэальную Расію краінай без гарадоў, без свецкай навукі, заходняга права, краіну, заснаваную на адным ім зразумелай ідэі «рускай духоўнай асаблівасці».

У якасці галоўнай апорнай палітычнай канструкцыі падобнай дзяржавы выступала самадзяржаўе — «падмурак Расіі». Не меншая роля адводзілася праваслаўнай царкве, якая мусіла абараніць рускі народ ад маральнага і культурнага «загнівання», характэрнага для Захаду. У гэты час на тым самым Захадзе на трон Англіі ўзышла каралева Вікторыя, час праўлення якой стаў перыядам буйнога прамысловага, культурнага, палітычнага, навуковага і ваеннага развіцця Вялікабрытаніі і быў названы пазней гісторыкамі «эпохай».

У грамадскім выхаванні, асабліва сярод моладзі, павінны былі культывавацца патрыятызм і паслухмянасць. Разбуральны для традыцыйных каштоўнасцей рацыяналізм, носьбітам якога з'яўляецца навука, меркавалася нейтралізаваць яго сінтэзам з ісцінамі веры. Такія прыклады ў гісторыі, канешне, былі: дастаткова ўзгадаць вядомых манахаў-навукоўцаў Кірыла і Мяфодзія ці францысканца Уільяма Акама. Але ці ўдалося б рэалізаваць гэтую задачу людзям, якія верылі ў ілюмінатаў? Нешта я сумняваюся.

У эканоміцы такога грамадства павінна была дамінаваць сельскагаспадарчая вытворчасцьз апорай на ручную працу, ніякай механізацыі не прадугледжвалася. Прамысловасці і гандлю адводзілася другасная роля, у першую чаргу з-за недастатковай «духоўнасці» гэтых відаў дзейнасці.

Але вернемся да сучаснасці. Цяпер даволі лёгка ўбачыць аналогіі паміж тым даўнім кансерватызмам ХІХ стагоддзя і палітычнай сістэмай пуцінскай Расіі. Кожны з нас без праблем адшукае дзясяткі агульных прыкмет. Таму няцяжка ўявіць, куды хочуць зацягнуць сваю краіну — а разам з ёй, пажадана, і якія-небудзь іншыя памежныя тэрыторыі — звар’яцелыя дзеячы накшталт Дугіна. Гэта будзе дзяржава, якая ў выніку стане нагадваць нешта сярэдняе паміж сучасным Данбасам і Арканарам братоў Стругацкіх.

І яшчэ адна заўвага. Усе апісаныя мной ідэі не з’яўляюцца толькі разумовымі пабудовамі сучасных ці ранейшых мракабесаў. У сусветнай гісторыі ўжо была спроба поўнай дэіндустрыялізацыі дзяржавы,  рэалізаваная на 150 гадоў пазней. Яе ажыццявіў у Камбоджы (Кампучыі) камуністычны дыктатар Пол Пот. Гэты эксперымент каштаваў краіне мільёнаў жыццяў і цалкам разбуранай эканомікі. Але ўсё новае, гэта, як кажуць у прымаўцы, добра забытае старое, і не так важна, пад якім сцягам гэта будзе зроблена.



Вокладка часопіса «Осколки». 1882 год

Вокладка часопіса «Осколки». 1882 год