Вайна за гісторыю. Як дзяржава спрабуе перапісваць наратывы мінуўшчыны

Не сакрэт, што афіцыйна гісторыя ў Рэспубліцы Беларусь пачынаецца з Другой сусветнай вайны. А дакладней, нават з савецкага прапагандысцкага канструкта — Вялікай Айчыннай. Нават рэвалюцыя 1917 года, якая прывяла да ўлады чэкістаў, і тое не ўвайшла ў «канон». Але ў падручніках па гісторыі па-ранейшаму ёсць і Полацкае княства, і ВКЛ. Ёсць яны і ў памяці беларусаў.

Помнік у Каложскім парку Гродна. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Помнік у Каложскім парку Гродна. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Гістарычная палітыка фармуе гістарычную памяць грамадства — падмурак і найважнейшую частку нацыянальнай ідэалогіі. У Рэспубліцы Беларусь ад самых яе пачаткаў трывае змаганне паміж дзвюма адрознымі і месцамі процілеглымі плынямі гістарычнай палітыкі. З аднаго боку — афіцыёзная постсавецкая, з другога — грамадская нацыянальная. Якая плынь пераможа ў гэтым змаганні? Разважае на «Будзьме»Канстанцін Семяновіч.

Тры дзесяцігоддзі спроб стварыць эрзац нацыянальнай ідэалогіі

Першая — постсавецкая, прарасійская ідэалогія — уводзіцца воляй аднаго чалавека з падключэннем усяго адміністрацыйнага рэсурсу. Другая — нацыянальная — пракладае сабе дарогу намаганнямі беларускіх патрыётаў, прысутных ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і ва ўсіх дзяржаўных інстытуцыях, ад школьных настаўнікаў да чальцоў лукашэнкаўскага ўрада. Першая, што называецца, «грыміць пад фанфары», другая пашыраецца паціху, часта непрыкметна, але няўхільна, як вада ў паводку.

Ужо тры дзесяцігоддзі працягваюцца ўпартыя спробы Лукашэнкі і яго ідэолагаў стварыць і ўвесці ў масавую свядомасць эрзац нацыянальнай ідэалогіі, збудаваны на двух галоўных пасылах: адвечнага беларуска-расійскага братэрства і міфалагізацыі/гераізацыі германа-савецкай вайны 1941-1945 гадоў.

У гэтыя патугі ўкладваюцца агромністыя сродкі, мабілізуецца вялікі штат афіцыйных ідэолагаў (пасада намесніка па ідэалогіі ўведзеная ва ўсе дзяржаўныя ўстановы, ад міністэрстваў да калгасных ферм), гісторыкі-прапагандысты пішуць адпаведныя падручнікі.

Патрыятычная праца «па-партызанcку»

З другога боку, беларускія патрыёты не менш упарта прасоўваюць у публічную прастору наратыў пра беларускую дзяржаўнасць, пачаўшы ад Полацкага княства, эстафету ў якога пераняло Вялікае Княства Літоўскае. Галоўную ролю тут адыгрываюць гісторыкі, многія з якіх занятыя ў навучальных, культурніцкіх і розных іншых дзяржаўных установах. Патрыятычную працу яны вядуць збольшага паводле даўняй беларускай традыцыі: па-ціхаму, «па-партызанcку».


Падручнік па гісторыі Беларусі

Падручнік па гісторыі Беларусі

Вось адзін невялікі эпізод: у 2014 годзе ў Беларусі не маглі афіцыйна адзначыць паўтысячагадовы юбілей Аршанскай бітвы, затое правялі праз Нацбанк выпуск памятнай срэбнай манеты ў гонар яе пераможцы гетмана Канстанціна Астрожскага.

Гісторыкі не дапусцілі выдалення нацыянальнага наратыву са школьных падручнікаў гісторыі, там моцна ўкаранілася храналагічная схема беларускай дзяржаўнасці: Полацкае княства — Вялікае Княства Літоўскае — БНР — БССР — Рэспубліка Беларусь.

За трыццаць гадоў незалежнасці адбылася «беларусізацыя» Вялікага Княства Літоўскага. На пачатку 90-х гадоў ХХ ст. яго лічылі беларускай дзяржавай адно некаторыя гісторыкі, сёння гэта трывалы стэрэатып гістарычнай свядомасці беларускага грамадства.

Абсалютнай большасці старадаўніх гарадоў вярнулі гістарычныя гербы часоў ВКЛ, у тым ліку з «Пагоняй». Сярод абласных цэнтраў тое не ўдалося толькі ў Гомелі — там у 1997 годзе прынялі царскі расійскі. За дзяржаўныя сродкі аднаўляюцца замкі ў Нясвіжы, Міры, Лідзе, Гародні, Крэве.

«Вайна помнікаў»

Найбольш выразна і наглядна змаганне дзвюх адрозных плыняў гістарычнай палітыкі праяўляецца ў беларускай «вайне помнікаў». Афіцыйная ўлада не толькі зберагае даўнія савецкія помнікі, але ў звязцы з расійскай царквой абстаўляе краіну дзясяткамі новых помнікаў савецкім і расійскім героям. Сярод іх ганаровае месца па колькасці займаюць помнікі міліцыянтам і чэкістам — наглядная дэманстрацыя, каму гэтая краіна належыць.

Але па ініцыятыве грамадскасці, а часта і выключна за яе кошт, то тут то там паўстаюць іншыя помнікі, прычым у гістарычных цэнтрах — вялікім князям полацкім і літоўскім ад Усяслава Чарадзея да Гедыміна і Альгерда.


Глядзіце таксама

Канцлеру Льву Сапегу беларусы паставілі як мінімум тры помнікі, Тадэвушу Касцюшку — амаль адначасова ў Мерачоўшчыне і ў швейцарскім Золатурне.

Ужо стаяў бы конны помнік Міндоўгу ў Наваградку, але справу тармазіць праваслаўная царква, маўляў, не дапусцім, бо язычнік. Гэтаксама ў цэнтры Віцебска з-за супраціву праваслаўных іерархаў тры гады стаяў пусты пастамент помніка Альгерду Гедымінавічу, але, узяўшы паўзу, гарадскія ўлады ў 2014 годзе паставілі на яго і сам помнік.

Прарасійская палітыка прайграе нацыянальнай

Сёння можна з упэўненасцю прагназаваць, што афіцыёзная прарасійская гістарычная палітыка ў Беларусі прайграе нацыянальнай.


Глядзіце таксама

Бо, па-першае, яна фальшывая. Звязаная з адносна нядаўнімі падзеямі ХХ ст., яна лёгка верыфікуецца ўспамінамі (шмат іх запісана) жывых яшчэ сведкаў, якія расказваюць зусім іншую гісторыю. 

Па-другое, яна казённая, робіцца з-пад палкі па афіцыйнай разнарадцы, у той час як нацыянальную рухаюць энтузіясты, не па загадзе, а за ідэю. 

Па-трэцяе, такіх энтузіястаў хапае нават у адміністрацыйным апараце (здавалася б, вычасаным, вывераным-правераным на лаяльнасць). Маем там, так бы мовіць, нашых агентаў уплыву ў закансерваваным стане. Да пары да часу. Ён настане — і ўсё будзе!