Асобная думка. Да чаго прыводзяць спробы маргіналізацыі нацыянальна арыентаваных палітыкаў
Беларускае грамадства ўзбудзілася з нагоды прамоваў Зянона Пазьняка. Сімптаматычна, што эмацыйную рэакцыю і спрэчкі выклікалі не самі выступы, але асобныя цытаты, вынесеныя ў асобныя загалоўкі. Здаецца, гэта добрая нагода паразважаць: чаму мы так рады падманвацца? І чаму гэта надзвычай небяспечна.
Невывучаныя ўрокі 2020
Рэфлексія з нагоды падзеяў 2020-га ў Беларусі, калі народ аб’яднаўся ў адзіную, непахісную сілу, зойме дзясяткі гадоў. Але ж азірнемся назад ужо сёння, згадаем сябе ў тыя дні. Татальна незадаволеныя Лукашэнкам, яшчэ да адвольных затрыманняў і пасадак, мы хутка зачараваліся спадаром Бабарыкам. Хто ён быў для большасці з нас? Сімпатычны банкір з нібыта справядлівымі памкненнямі. А што 20 гадоў працаваў у «Газпраме» – дык з кім не бывае. Ды й пэўна, добры менеджар.
Другая, відавочна меншая частка грамадства, абрала зачаравацца спадаром Цапкалам. Такі вось увесь з сябе інтэлігент. «Палепш за Лукашэнку. Бяром!»
Так мы распараджаліся лёсам дзяржавы. Канкрэтна вы – ня так? Тады, няма сумневаў, вы згадаеце з дзясятак знаёмых, што прыводзілі менавіта агучаныя вышэй разважанні.
Медыі ў той час, на жаль, не спрыялі крытычнаму разгляду гэтых сімпатычных і так своечасова аб’явіўшыхся асобаў.
– Для вас сцяг — чырвона-зялёны, ці бел-чырвона-белы?
– [доўгая паўза] Не адкажу.
– Герб – сённяшні, ці «Пагоня»?
– Тое ж самае. (З інтэрв’ю Віктара Бабарыкі тэлеканалу «Белсат», 2020 год).
– Расія для нас – асноўны рынак, асноўны партнёр. Нельга адкінуць гэтую ўсю гісторыю і сказаць: заўтра ўсе ў Еўразвяз […] Таму саюз і аб'яднанне – гэта непазбежнасць. (З інтэрв’ю Віктара Бабарыкі агенцтву «Белапан», 2020 год).
– У мяне ніколі не было выказванняў ні супраць нашых акцыянераў, ні супраць Расіі. Увогуле я лічу, што «супраць» – гэта дрэнна. Заўжды трэба «за»! (З інтэрв’ю Віктара Бабарыкі тэлеканалу «Белсат», 2020 год).
Вось на такога палітыка мы пагаджаліся. А многія – на такога прэзідэнта.
Медыі, які сёння прэпарыруюць кожнае выказванне Зянона Пазьняка дзеля гучных загалоўкаў, тады чамусьці не выкарыстоўвалі гэтае сваё ўменне ў дачыненні да таго, хто цэліў у прэзідэнты. А калі задацца мэтай, дык якія б былі загалоўкі толькі са згаданых цытатаў спадара Бабарыкі!
Але абмяркоўвалі мы не іх. Ужо тады, з нагоды ўсё тых жа маніпулятыўных загалоўкаў (няхітрая тэхніка, згадзіцеся) мы абмяркоўвалі непапулярную (бо нязручную) пазіцыю Зянона Пазьняка.
А зараз уявім палітыка Віктара Бабарыку, які «ніколі не выказваўся супраць Расіі», ва ўмовах расійска-украінскай вайны. Уявім яго стаўленне да беларускіх добраахвотнікаў. Ці не быў бы Полк Каліноўскага прызнаны «тэрарыстычнай арганізацыяй» гэтак жа, як тое адбылося пры Лукашэнку?
Сапраўды, гісторыя не ведае ўмоўных ладаў. Віктар Бабарыка кінуты Лукашэнкам у турму, дзе трывае страшныя здзекі, і павінен быць неадкладна вызвалены. Пра гэта, дарэчы, кажа і Зянон Пазьняк – «змагаймася за вызваленьне ўсіх палітвязьняў, бо асуджаныя яны не па праву, не па закону, а па палітычных інтарэсах узурпатара». Пра гэта лёгка даведацца, калі зазірнуць крыху далей за загаловак.
Агулам зазірнуць далей за загаловак ці агітацыйны плакат, зрабіць пэўныя высілкі, каб самастойна дайсці да сутнасці – абавязак кожнага грамадзяніна.
Адзін з урокаў 2020 года быў у тым, што трэба надзвычай пільна ўглядацца ў тых, хто выходзіць на палітычную арэну. Не падцягваць рэальнасць пад свае ўяўленні пра яе. Не кідаць камяні ў тых, хто агучвае нязручную і недарэчную, але праўду. І гэты ўрок падаецца невывучаным.
Паслядоўныя спробы маргіналізацыі
Больш як 35 гадоў Зянон Пазьняк – найяскравейшы беларускі палітык. Аднаўленню Незалежнасці нашай краіны, вяртанню нацыянальных сімвалаў мы ў вялікай ступені абавязаныя яго асабістай палітычнай волі.
Цягам усяго свайго доўгага палітычнага жыцця Пазьняк сутыкаецца са спробамі маргіналізацыі – звычайны бальшавіцкі метад барацьбы з апанентамі, на жаль, актуальны па сёння.
Пакуль афіцыйная прапаганда закідвае Пазьняку бязглуздыя абвінавачванні ў нацыяналізме (які адчайна спрабуе прыраўняць да нацызму), так званая новая апазіцыя спрабуе высмяяць Пазьняка за падазрэнне яе чальцоў у агентурнай дзейнасці.
Гэтак сама ў 1990-х, калі Зянон Станіслававіч сцвердзіў у артыкуле, што «Расія – гэта вайна», яго заява падавалася большасці недарэчнай. Ажно пакуль гэтая вайна не пагругалася ў нашыя дамы. І толькі праз 30 гадоў, калі Беларусь амаль канчаткова апынулася ў маскоўскіх лапах, лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч і нам усім разам з ёй давялося прызнаць: «Зянон меў рацыю».
Зянон Пазьняк – не прарок, не аракул. Яго выказванні, як і выказванні кожнага палітыка, неабходна разглядаць крытычна. Яны павінны выклікаць дыскусію. Дыскусію, а не маніпуляцыі, эмацыйныя ўкіды ў фэйсбуку ці сваркі. Прынамсі з улікам таго, што яшчэ ніводны тэзіс Пазьняка не быў абвергнуты часам (чым можа пахваліцца надзвычай рэдкі палітык).
«Калі не казаць праўды, то само грамадства, не чуючы праўды, ніколі не саспее. Нехта павінен пра яе казаць, нават калі яго пацягнуць на крыж. Ці пад суд, як Галілея. Але зямля ж круціцца!» – казаў Зянон Пазьняк у інтэрв’ю «Радыё Свабодзе» ў 2019 годзе.
Відавочна, асабіста Зянон Пазьняк не мае патрэбы ў адвакатах. Але патрэбу ў адвакатах Пазьняка мае наша грамадства агулам — бо пракурораў развялося занадта шмат.
Адкажам на пытанне, пастаўленае на пачатку: да чаго могуць прывесці спробы маргіналізацыі нацыянальна арыентаваных палітыкаў? Да жыцця ў камфортнай, зручнай, але цалкам ілюзорнай рэальнасці. І ўрэшце, да непазбежнага сутыкнення з праўдай, якое можа быць вельмі балючым.