Рух за пакараньне вінаватых і за адкрыцьцё праўды. 35 гадоў Чарнобыльскаму шляху

Агучваньне праўды пра Чарнобыльскую катастрофу было заяўленае сярод найважнейшых мэтаў БНФ яшчэ ў момант яго ўтварэньня. 30 верасьня 1989 БНФ арганізаваў першы Чарнобыльскі шлях, у якім прынялі ўдзел дзясяткі тысяч беларусаў. 

Чарнобыльскі шлях. Фота Сяргей Брушко, 90s.by

Чарнобыльскі шлях. Фота Сяргей Брушко, 90s.by

«Маўчаньне можа ўплываць больш, чым яркія прамовы». Акцыя-папярэднік

«Гадзіна смутку і маўчаньня», vytoki.net

«Гадзіна смутку і маўчаньня», vytoki.net

26 красавіка 1989 года, на трэцюю гадавіну найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы XX стагодзьдзя, Беларускі Народны Фронт аганізаваў акцыю «Гадзіна смутку і маўчаньня», якая стала папярэднікам «Чарнобыльскага шляху».

«Дзесяць-пятнаццаць тысяч чалавек напрацягу гадзіны стаялі моўчкі, неварушачыся. Пад звон чарнобыльскага звона, з запаленымі сьвечкамі, –згадваў лідар БНФ Зянон Пазьняк у эфіры «Радыё Свабода». – Гэта было нешта такое, чаго я потым ніколі не бачыў – як маўчаньне можа ўплываць больш, чым яркія прамовы».

А вось як той дзень апісвае палітычны аналітык, дэпутат ВС 12-га скліканьня Сяргей Навумчык у кнізе «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі»:

«26 красавіка 1989 года Народны Фронт вывеў каля 10-ці тысячаў людзей да Дому ураду, пад жалобнымі транспарантамі, на якіх былі пазначаныя назвы пацярпелых гарадоў і мястэчак – Брагін, Быхаў, Ельск, Карма, Слаўгарад ды іншыя. Улады прыгналі на плошчу будаўнічую тэхніку, каб адбойнымі малаткамі і бульдозэрамі заглушыць выступы прамоўцаў. Але прамоў не было. Мы прастаялі гадзіну на плошчы ў маўчаньні – кожны трымаў сьвечку, званіў Чарнобыльскі звон у поўнай цішыні. Хвілінаў праз дваццаць тэхніку прыбралі».

Першы Чарнобыльскі шлях

30 верасня 1989 года, роўна 35 гадоў таму, адбыўся першы Чарнобыльскі шлях – «рух за пакараньне вінаватых і за адкрыцьцё праўды пра Чарнобыльскую катастрофу» (вызначэньне Зянона Пазьняка).

Першы Чарнобыльскі шлях. Фота Уладзімера Сапагова

Першы Чарнобыльскі шлях. Фота Уладзімера Сапагова

«Першая акцыя прадугледжвала сход і прыход у Менск людзей з усёй Беларусі на дэманстрацыю барацьбітоў супраць чарнобыльскага вынішчэньня і, асабліва з чарнобыльскіх раёнаў.

З Гомеля, напрыклад, калёна каля тысячы чалавек адправілася ў Менск дэманстратыўна пешшу (адлегласьць амаль 400 км.).

Гэтак жа і шмат зь якіх іншых гарадоў. Камуністычныя ўлады кінулі ўсе сілы, каб не дапусьціць людзей у Менск: заблакавалі дарогі, зрабілі засекі і перашкоды, кінулі на перахоп унутраныя войскі і ОМОН. Але некаторыя людзі прарваліся групамі і ў адзіночку», — піша лідар БНФ.

Першы Чарнобыльскі шлях. Фота Уладзімера Сапагова

Першы Чарнобыльскі шлях. Фота Уладзімера Сапагова

«Каля Гадзіньнікавага завода ў скверы па вуліцы "Талбухіна" сабралася каля 30-ці тысячаў дэманстрантаў і пад моцным дажджом рушылі па прасьпекце да Дому ўраду. Дайшлі амаль усе. Пад несьціханым дажджом адбыўся мітынг (я якраз быў яго вядоўцам). Выступалі фронтаўцы, людзі з Чарнобыльскай зоны і знакамітыя асобы Беларусі. Алесь Адамовіч прывёз з Масквы вядомага тады савецкага акадэміка Веліхава, які выступіў на мітынгу і падтрымаў беларусаў».

Першы Чарнобыльскі шлях. Фота bns-volnayabelarus.org

Першы Чарнобыльскі шлях. Фота bns-volnayabelarus.org

Сяргей Навумчык: «Пасьля мітынгу ў будынку Чырвонага касьцёла прайшла прэсавая канфэрэнцыя, пад час якой былі упершыню агучаны вынікі дасьледаваньняў уплыву так званых «малых дозаў» радыяцыі на здароўе. Член-карэспандэнт АН Пятраеў паведаміў пра небясьпеку часьцінак плутонія, якія былі знойдзеныя ў лёгкіх тых, хто жыў на забруджаных тэрыторыях.

Арганізаваныя Народным Фронтам Чарнобыльскі шлях і прэсавая канфэрэнцыя мелі шырокі розгалас у сьвеце, пасьля яе камуністычнаму кіраўніцтву Беларусі было вельмі складана замоўчваць рэальную сытуацыю вакол Чарнобыля».

Прэзыдыюм сходу і прэсавай канферэнцыі Чарнобыльскага Шляху ў Чырвоным касьцёле 30 верасьня 1989 г. Фота bns-volnayabelarus.org

Прэзыдыюм сходу і прэсавай канферэнцыі Чарнобыльскага Шляху ў Чырвоным касьцёле 30 верасьня 1989 г. Фота bns-volnayabelarus.org

Дзейнасьць дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня дапаможа захаваць жыцьці мноства беларусаў.

«Менавіта Апазыцыя БНФ дамаглася стварэньня заканадаўства аб дапамозе пацярпелым ў выніку Чарнобыльскай катастрофы.

І, нарэшце, менавіта дзякуючы распачатай па ініцыятыве Народнага Фронту шырокай грамадзкай дыскусіі была пахаваная злачынная 35-ці бэрная канцэпцыя, якая дапускала пражываньне людзей на «адносна забруджаных» тэрыторыях.

На заклік БНФ адгукнуліся і прадстаўнікі беларускай дыяспары – адзін толькі канадыйскі Чарнобыльскі фонд пад кіраўніцтвам Івонкі Сурвіллы сабраў і накіраваў у Беларусь лекаў на мільёны даляраў», — піша спадар Навумчык у кнізе «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі».

Немагчыма пераацаніць і гераічную дзейнасьць дэпутата Апазыцыі БНФ Генадзя Грушавога, які ачольваў дзейнасьць Камітэту БНФ «Дзеці Чарнобыля».

Як пісала «Свабода», разам з жонкаю Ірынай, якая выдатна валодае нямецкаю мовай, яны арганізавалі лячэньне і аздараўленьне беларускіх дзетак за мяжою, а таксама дастаўку ў Беларусь тысяч тон гуманітарнай дапамогі: лекаў, мэдычнага абсталяваньня, чыстай ад радыяцыі ежы.

Глядзіце таксама

У Беларусі дзьве катастрофы — Чарнобыль і Лукашэнка

Акцыя Чарнобыльскі Шлях стала ў Беларусі штогадовай. 

«Чарнобыльская катастрофа — гэта не толькі тэхнагенная аварыя, але і тая хлусьня, якой камуністы павялічылі ўсе рызыкі для беларускага грамадзтва ў сувязі з аварыяй, распавядаў  грамадзкі і палітычны дзеяч Вячаслаў Сіўчык у эфіры Польскага Радыё. – На мяжы 1980-1990-ых атрымалася прымусіць камуністаў перастаць труціць людзей, бо ў той час перамешвалі чыстую і забруджаную сыравіну, прадукты, каб прайсьці радыёлагічны кантроль. Было праведзена масавае адсяленьне з найбольш небясьпечных раёнаў. Але ўся беларуская нацыя постчарнобыльская, дактары ў ваенкаматах яшчэ дзесяць гадоў таму скардзіліся, што няма здаровай моладзі.

Другая катастрофа — гэта прыход Лукашэнкі да ўлады, таму на Чарнобыльскім шляху ў 1996-ым годзе быў лозунг «У Беларусі дзьве катастрофы — Чарнобыль і Лукашэнка». І гэта праўда».

Чарнобыльскі шлях-1996, які адбываўся 26 кастрычніка, на дзясятую гадавіну катастрофы, стаў сапраўды легендарным. У шэсьці ўзялі ўдзел не меньш як 50 тысяч беларусаў. Гэты дзень стаў кульмінацыяй «Мінскай вясны».

«Вясной 1996-га Лукашэнка вырашыў даць бой вулічнай дэмакратыі, — пісаў праваабаронца Алесь Бяляцкі ў кнізе «20-я вясна»,  І калі акцыі 15 сакавіка (Дзень Кантытуцыі), 24 сакавіка (святкаваньне Дня Волі) і 2 красавіка (дэманстрацыя пратэсту супраць саюзнай дамовы) прайшлі адносна спакойна, то 26 красавіка на Чарнобыльскі шлях міліцыя атрымала дазвол на гвалт».

Фота Георгі Ліхтаровіч, vytoki.net

Фота Георгі Ліхтаровіч, vytoki.net

«Разгулялася сапраўдная бітва. Людзі з голымі рукамі адбіваліся ад міліцыянтаў, перавярнулі міліцэйскія машыны, нарэшце разарвалі ланцуг і пайшлі па праспэкце.

Фота Георгі Ліхтаровіч, vytoki.net

Фота Георгі Ліхтаровіч, vytoki.net

Першапачаткова планавалася правесьці мітынг на плошчы Незалежнасьці, але, калі мы дайшлі да цырка, да перасячэньня праспэкта Скарыны з вуліцай Купалы, за ёй, крыху вышэй, праспэкт перагароджваў цэлы натоўп міліцыянтаў у шаломах і са шчытамі. Весьці людзей на іх азначала зладзіць крывавую бойню. Таму дэманстранты павярнулі па вуліцы Купалы на Нямігу. На тратуары разам з жонкай стаяў Зянон Пазьняк і прывітаў дэманстрантаў.

Фота Сергей Брушко, 90s.by

Фота Сергей Брушко, 90s.by

Па ходзе жорсткія бойкі з міліцыяй разгарнуліся за свіслацкім мастом, на ўзгорку. Дэманстрацыя дайшла, як і 2 красавіка, да Палаца спорту, дзе быў праведзены мітынг.

Для мяне гэты напад міліцыі на мірных дэманстрантаў быў шокам. З 1988 года, з дня разгону лістападаўскіх "Дзядоў", міліцыя баялася выкарыстоўваць брутальны гвалт супраць дэманстрантаў... І вось яно, пасля сямі гадоў мараторыя на гвалт — пачалося. Быў зламаны псыхалагічны бар'ер, які ўтрымліваў сілавікоў ад гвалту ўсе гэтыя гады», – згадваў Алесь Бяляцкі.

Пасьля гэтай акцыі лідар БНФ, а сёньня – лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк быў вымушаны пакінуць краіну на доўгія гады. Алесь Бяляцкі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, асуджаны Лукашэнкам да 10 гадоў зняволеньня, менавіта тады заснаваў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Нягледзячы на рэпрэсіі і пагрозы, беларусы працягваюць ісьці сваім шляхам да волі і незалежнасьці. І дагэтуль штогод зьбіраюцца разам 26 красавіка, каб ушанаваць памяць ахвяраў катастрофы і злачыннай хлусьні.