Сяргей Навумчык: На дэбатах кандыдатаў у віцэ-прэзідэнты ЗША Украіну не ўзгадалі. Зусім

У ноч на 2 кастрычніка ў Нью-Ёрку прайшлі дэбаты кандыдатаў у віцэ-прэзідэнты ЗША: дэмакрата Ціма Уолза і рэспубліканца Джэй Дзі Вэнса. Сяргей Навумчык аналізуе іх і робіць надзвычай трывожныя, у тым ліку для беларусаў, высновы. 

Трансляцыя дэбатаў на Таймс-сквер. Kena Betancur / AFP / Scanpix / LETA

Трансляцыя дэбатаў на Таймс-сквер. Kena Betancur / AFP / Scanpix / LETA

Палітычны аналітык Сяргей Навумчыкадзначыў, што на дэбатах кандыдатаў у віцэ-прэзыдэнты ЗША пытанне падтрымкі Укріаны ў вайне не было ўзнятае. 

«Канешне, амэрыканскія выбары — гэта, найперш, пра ўнутраныя праблемы. Вядома, віцэ-прэзыдэнт не вызначае міжнародную палітыку ЗША, — піша Сяргей Навумчык. — І ўсё ж, тое, што пра Украіну не было ні слова — трывожны знак». 

Спадар Навумчык лічыць, што гэты знак «можна расцаніць як індыкатар істотнага дрэйфу амерыканскіх палітыкаў (прычым абедзьвюх партый) у бок пачатку мірных перамоваў паміж Кіевам і Масквой — у час, калі Расія знаходзіцца ў значна больш выйгрышнай тактычнай пазыцыі».

«Стратэгічна, магчыма, і не (Расія  адстане на дзесяцігодзі), але ў сэнсе становішча на фронце, мілітарызацыі вытворчасці (больш як 40% бюджэту запланавана на вайну), невычэрпнага людскога рэсурсу (Пуцін кладзе мужыкоў на фронце дзясяткамі тысяч, а можа мільёнамі — і народ змаўчыць, “бабы новых нарожают”), попыту на расійскія энэрганосьбіты — па ўсім гэтым Крэмль у выйгрышным становішчы. Плюс знешні фактар: падтрымка Кітаю і абвастрэньне канфліктаў у іншых кропках планеты», — піша палітычны аналітык. 

Сяргей Навумчык лічыць, што сітуацыя была б кардынальна іншай, «калі б у 2022 Захад закрыў ва Украіне неба, а ў 2024 дазволіў біць ракетамі ўглыб расійскай тэрыторыі». 

Палітычны аналітык адзначае, што такія тэндэнцыі з'яўляюцца пачаткам «прымусу Украіны да міру».

«А значыць, Расія паразу ў вайне не пацерпіць. Мне горка гэта пісаць, я хацеў бы яе поўнага разгрому і, як вынік, яе распаду, вызвалення народаў, якія цяпер у складзе “федэрацыі” — але трэба цвяроза глядзець на рэчы», — піша Сяргей Навумчык. 

Глядзіце таксама

Ён падкрэслівае, што для беларусаў такое становішча азначае «яшчэ мацнейшы ціск імпэрыі, яшчэ большы маштаб знішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасці, новых палітвязняў і новых эмігрантаў».

Нагадаем, да выбараў прэзідэнта ЗША застаецца ўсяго пяць тыдняў. Матэматычныя мадэлі ацэньваюць верагоднасць перамогі кандыдаткі ад дэмакратычнай партыі Камалы Харыс у 55-60%.

Дэбаты кандыдатаў у віцэ-прэзідэнты — дэмакрата Ціма Уолза і рэспубліканца Джэй Дзі Вэнса — пачаліся з абмеркавання ракетнага ўдара Ірана па Ізраілі.

У ходзе дэбатаў былі ўзнятыя пытанні нелегальнай міграцыі, права на аборты, права на зброю і праблема шутынгаў, эканамічныя пытанні. Тэма вайны Расіі супраць Украіны сапраўды не ўздымалася.