Пераносы тэрмінаў і капсула часу з надзеяй на светлую савецкую будучыню. Як будавалі Чарнобыльскую АЭС

47 гадоў таму, 27 верасня 1977 года, да энергасістэмы СССР была падключана Чарнобыльская АЭС. Хаця першы энергаблок і не стаў аўтарам найстрашнейшай у гісторыі экалагічнай катастрофы, яго ўзвядзенне суправаджалася мноствам абсурдных момантаў, якія не могуць не сведчыць аб тым, што то была хутчэй выпадковасць.

vokladka_130.jpg

Спробы выкарыстаць кіраваную ядзерную рэакцыю для вытворчасці электраэнергіі ў СССР пачаліся ў 1940-я гады. Восенню 1945 года група фізікаў пад кіраўніцтвам Ігара Курчатава прадставіла кіраўніцтву краіны даклад, дзе, акрамя зброі, можна выкарыстоўваць ядзерную энергію. Прапановамі былі АЭС, транспарт, прамысловасць, сельская гаспадарка.

«Спачатку зрабіце бомбу, а потым усё астатняе» — цытата, якая часта прыпісваецца тагачаснаму кіраўніку Іосіфу Сталіну (хаця дакументальнага пацвярджэння гэтага няма), адлюстроўвала агульны настрой і прыярытэты савецкага кіраўніцтва ў тыя часы.

 Праз год пасля выпрабаванняў першай савецкай атамнай бомбы ў 1949 годзе Сталін асабіста падпісаў пастанову Савета Міністраў «Аб навукова-даследчых, праектна-канструктарскіх і эксперыментальных работах па выкарыстанні атамнай энергіі ў мірных мэтах». У 1954 годзе ўступіла ў строй першая ў свеце Обнінская АЭС у Калужскай вобласці, а праз 12 гадоў быў зацверджаны план будаўніцтва і ўкаранення атамных электрастанцый на ўсёй тэрыторыі краіны.

Ігар Курчатаў і Мікіта Хрушчоў у Навукова-даследчым цэнтры атамнай энергіі ў Харвэле, Вялікабрытанія, 26 красавіка 1956 года

Ігар Курчатаў і Мікіта Хрушчоў у Навукова-даследчым цэнтры атамнай энергіі ў Харвэле, Вялікабрытанія, 26 красавіка 1956 года

Згодна з пастановай, у паўднёвай частцы Аб'яднанай энергетычнай сістэмы СССР планавалася будаўніцтва атамнай станцыі, якая мала забяспечыць электраэнергіяй Цэнтральны энергетычны раён — усю тэрыторыю Украінскай ССР і Растоўскую вобласць.

Спачатку Саветы доўга выбіралі пляцоўку для будаўніцтва. Абследаваўшы 16 патэнцыйна прыдатных месцаў у Кіеўскай, Вінніцкай і Жытомірскай абласцях, спыніліся на поўначы Украіны: перавагай абранага месца была блізкасць ракі Прыпяць, якая давала неабходную крыніцу для сістэм астуджэння АЭС.

Застаецца загадкай, ці думалі Саветы пра магчымы выбух, але мясцовасць, дзе была збудавана Чарнобыльская АЭС, знаходзілася на пэўным аддаленні ад буйных гарадоў, такіх як Кіеў і Гомель, што зніжала патэнцыйныя рызыкі для насельніцтва ў выпадку аварыі. Да таго ж, і рэгіён, у якім знаходзіўся гарады Прыпяць і Чарнобыль, быў адносна маланаселеным.

 Вядомая шматпавярхоўка з надпісам «Хай будзе атам работнікам, а не салдатам»

 Вядомая шматпавярхоўка з надпісам «Хай будзе атам работнікам, а не салдатам»

У жніўні 1972 года ў падмурак галоўнага корпуса першай чаргі станцыі быў урачыста заліты першы кубаметр бетону, а таксама ўсталявана нержавеючая капсула з пасланнем будучым пакаленням. Капсула часу павінна была быць адкрыта ў 100-гадовы юбілей Савецкага Саюза — у 2022 годзе. Звычайна ў падобных артэфактах захоўваліся ідэалагічныя наратывы, што ў будучыні людзі будуць жыць ва ўмовах пабудаванага камунізму, і пасланні змяшчалі надзею на гэтую светлую будучыню.

Лёс павярнуўся так, што ні Савецкага Саюза, ні шчаслівай будучыні ў гэтых мясцінах больш не існуе і існаваць не будзе. Пасля Чарнобыльскай катастрофы ў 1986 годзе доля капсулы часу стала сімвалічнай і набыла змрочнае адценне, бо сама станцыя і горад Прыпяць былі закінутыя, а месца стала зонай адчужэння. Капсула застаецца пад саркафагам рэактара.

 Мантаж збудаванняў канала Чарнобыльскай АЭС

 Мантаж збудаванняў канала Чарнобыльскай АЭС

Чарнобыльская АЭС была спраектаваная такім чынам, каб магла б выкарыстоўваць тры розныя тыпы рэактараў. У рэшце рэшт, на станцыі вырашылі ўсталяваць найноўшы графітава-вадзяны рэактар ​​РВМК-1000 (рэактар вялікай магутнасці канальны), які стаў асноўнай прычынай чарнобыльскай трагедыі.

 У лютым 1970 года за тры кіламетры ад АЭС пачалі будаваць працоўны населены пункт — будучы горад атамшчыкаў Прыпяць. Па праекце ён быў разлічаны на 75-85 тысяч чалавек. Тым часам персанал і будаўнікі жылі ў інтэрнатах або ў вёсках вакол станцыі — па ўспамінах мясцовых жыхароў, усе сёлы вакол былі запоўнены навуковымі супрацоўнікамі і «шабашнікамі».

 Аўтобусы, якія прывозілі рабочых на будпляцоўку

 Аўтобусы, якія прывозілі рабочых на будпляцоўку

Запуск першага энергаблока Чарнобыльскай АЭС планаваўся на 1974 год, але ўжо на першых этапах будаўніцтва гэты тэрмін стаўся пад пагрозай зрыву. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва атамнай электрастанцыі стаў трэст «Крэменчукгэсбуд», які ніколі раней не будаваў АЭС.

У рабочых не атрымлівалася выканаць план, праз што Мінэнерга СССР перанесла запуск станцыі на адзін год. Пасля пачаліся перабоі з пастаўкай неабходнага абсталявання, якія адцягнулі пуск першага энергаблока да 1977 года. Трэці раз пераносіць тэрмін ніхто не збіраўся, таму будаўнікам прыйшлося працаваць у шалёным тэмпе — а на некаторых участках кругласутачна.

 Будаўніцтва жылых дамоў у горадзе энергетыкаў Чарнобыльскай АЭС

 Будаўніцтва жылых дамоў у горадзе энергетыкаў Чарнобыльскай АЭС

З тэрмінамі будаўніцтва горада-спадарожніка станцыі, наадварот, праблем не ўзнікала. Яго ўзвялі нават хутчэй, чым саму Чарнобыльскую АЭС, бо дзесьці неабходна было сяліць, карміць і ўтрымліваць каля шасці тысяч будаўнікоў. Першымі будынкамі ў горадзе сталі інтэрнаты і сталовыя, пасля пачалося ўзвядзенне шматпавярховак для «эліты» — супрацоўнікаў АЭС.

Вельмі хутка горад стаў адным з галоўных транспартных вузлоў Палесся. Побач ужо існавала чыгуначная станцыя «Янаў», а таксама праходзіў суднаходны шлях працягласцю амаль 600 кіламетраў. У горадзе было збудавана 160 жылых дамоў з 13414 кватэрамі, 15 дзіцячых садкоў, 5 школ, 25 крам, сярод якіх былі і аналагі сучасных супермаркетаў, ды іншыя аб’екты інфраструктуры. 

Палац культуры «Энергетык» у Прыпяці

Палац культуры «Энергетык» у Прыпяці

26 верасня 1977 года ў 20 гадзін 20 хвілін быў запушчаны турбагенератар першага блока Чарнобыльскай АЭС. Так запрацавала першая ва Украіне атамная электрастанцыя. На наступны дзень аб’ект быў падключаны да агульнай энергасістэмы СССР.

Чацвёрты энергаблок, які па ініцыятыве атамшчыкаў і, у прыватнасці, савецкага кіраўніцтва стаў самым небяспечным месцам на Зямлі, быў запушчаны ў 1983 годзе, за тры гады да катастрофы.

Атамны рэактар ​​Чарнобыльскай АЭС, кастрычнік 1977 года

Атамны рэактар ​​Чарнобыльскай АЭС, кастрычнік 1977 года