«Ім пашанцавала, што ў тую ноч я быў на змене». Памяці афіцэра, які выратаваў Зямлю ад вечнай зімы

41 год таму, 26 верасня 1983 года, свет як ніколі наблізіўся да ядзернай катастрофы. Ён быў выратаваны чалавечай смеласцю, неабыякавасцю, здольнасцю прыняць уласнае рашэнне, а не банальна выконваць прапісаныя ў інструкцыі правілы. Гэта дзень чалавека, які пайшоў супраць савецкай машыны, прадухіліўшы найстрашнейшую памылку чалавецтва. Яго імя — Станіслаў Пятроў.

vokladka_129.jpg

У тую раніцу афіцэр Станіслаў Пятроў завяршаў начное дзяжурства ў камандным цэнтры «Вока» — савецкім пункце ўпраўлення сістэмай ранняга папярэджання аб ядзернай пагрозе, якая ў аўтаматычным рэжыме адсочвала пуск варожых боегаловак.

Раптам камп’ютарная сістэма адлюстравала на экране вялікія чырвоныя літары, якія складалі слова «ПУСК». Згодна з трывогай, адбыўся запуск амерыканскай міжкантынентальнай балістычнай ракеты, якая накіроўвалася ў бок Савецкага Саюза. Спачатку гэта была ўсяго адна ракета, потым яшчэ адна, і яшчэ, пакуль сістэма не паведаміла, што было запушчана пяць МБР Minuteman.

«Завыла сірэна, але я проста сядзеў некалькі секунд, гледзячы на ​​вялікі, падсветлены чырвоным экранам са словам «ПУСК», — расказваў Пятроў.

Сістэма паведамляла яму, што ўзровень надзейнасці гэтай абвесткі быў «найвышэйшым». У гэтым не магло быць ніякіх сумневаў. 

iljustratyunae_fota_4.jpg

Група аператараў спадарожнікавых радараў паведаміла Пятрову, што яны не зафіксавалі ніякіх ракет. Але гэтыя людзі былі толькі службай падтрымкі. Універсальны пратакол для савецкіх вайскоўцаў складаўся ў тым, каб неадкладна здзейсніць зваротны ўдар уласнай ядзернай зброяй. У пратаколе было выразна сказана, што рашэнне павінна грунтавацца на камп’ютарных паказаннях. І гэтае рашэнне заставалася за ім, дзяжурным афіцэрам.

Уся адказнасць за лёс планеты ў той момант была ў руках Станіслава. Далейшыя шляхі афіцэра разыходзіліся па супрацьлеглых кірунках: паведаміць пра няспраўнасць сістэмы і, верагодна, выратаваць свет ад ядзернай зімы альбо расказаць пра надыходзячы амерыканскі ўдар кіраўніцтву. У апошнім выпадку савецкая ядзерная дактрына заклікала б да імгненнай ядзернай адплаты. Пры гэтым, інструкцыя не прадугледжвала магчымасці пераправерыць сістэму папярэджання, а тым больш шукаць перамовы з ЗША.

«Усё, што мне трэба было зрабіць, гэта дацягнуцца да тэлефона; падняць прамую лінію да нашых вышэйшых камандзіраў — але я не мог паварушыцца. Я адчуваў сябе так, як быццам сяджу на гарачай патэльні», — распавядаў афіцэр расійскай службе BBC праз 30 гадоў пасля начной змены. 

Станіслаў Пятроў у маладосці

Станіслаў Пятроў у маладосці

Пятроў патэлефанаваў дзяжурнаму афіцэру ў штаб Савецкай Арміі і далажыў аб няспраўнасці сістэмы. Ён палічыў паведамленні ілжывай трывогай і праігнараваў зафіксаваныя сістэмай надыходзячыя ўдары. Ён і іншыя супрацоўнікі зрабілі выснову, што «Вока» прыняло за балістычныя ракеты водбліскі сонца ад аблокаў. Калі б Пятроў памыліўся, першыя ядзерныя выбухі адбыліся б ужо праз некалькі хвілін.

Праз 23 хвіліны, максімальны тэрмін магчымага прыбыцця боегаловак, ён уздыхнуў з палёгкай. Афіцэр зразумеў, што прадухіліў ядзерную вайну паміж Саветамі, у якіх у 1983 годзе месцілася амаль 36 тысяч ядзерных боегаловак, і ЗША, якія мелі 23 тысячы ракет.

Гэта было парушэннем інструкцыі, прысягі, здрадай супраць дзяржавы і невыкананнем так званага доўгу. Любы іншы савецкі вайсковец, які мог знаходзіцца на месцы Пятрова ў той момант, наўпрост пераклаў бы адказнасць ды накіраваў бы паведамленне ўверх.

«У мяне былі ўсе звесткі [каб выказаць здагадку, што ракетная атака працягваецца]. Калі б я адправіў свой даклад уверх па ланцужку камандавання, ніхто б не сказаў ні слова супраць яго», — успамінаў Пятроў. 

«Чалавек, які выратаваў свет»

«Чалавек, які выратаваў свет»

Праз некалькі дзён Пятроў атрымаў афіцыйную вымову. Але не за тое, што ён зрабіў, а за памылкі ў бартавым часопісе. Вызначальнае рашэнне Пятрова выявіла праблемы ў савецкай сістэме ранняга папярэджання і збянтэжыла яго начальства. Яму адмовілі ў павышэнні і датэрмінова адправілі на пенсію. Да канца 1990-х гадоў гэтая гісторыя не была вядомая нават за межамі сакрэтнага свету савецкіх ваенных. Пасля былы афіцэр прызнаўся, што адчуваў ганьбу за савецкую армію.

19 студзеня 2006 года ў Нью-Йорку Станіславу Пятрову была ўручана спецыяльная ўзнагарода міжнароднай грамадскай арганізацыі «Асацыяцыя грамадзян свету». Яна ўяўляе сабой крыштальную статуэтку «Рука, якая трымае зямны шар» з выгравіраваным на ёй надпісам «Чалавеку, які прадухіліў ядзерную вайну».

У траўні 2007 года, знаходзячыся ў Злучаных Штатах для здымак дакументальнага фільма, Станіслаў правёў два дні ў Нацыянальнай гістарычнай зоне Minuteman Missile, адзначыўшы, што «ён ніколі не мог сабе ўявіць магчымасць наведаць адно з самых бяспечных месцаў праціўніка». 

Станіслаў Пятроў са статуэткай Дрэздэнскай прэміі, якая прысуджаецца за асаблівыя дасягненні супраць канфліктаў, гвалту і эскалацыі

Станіслаў Пятроў са статуэткай Дрэздэнскай прэміі, якая прысуджаецца за асаблівыя дасягненні супраць канфліктаў, гвалту і эскалацыі

Станіслаў Пятроў памёр 19 траўня 2017 года ва ўзросце 77 гадоў.

Сам афіцэр быў дакладна ўпэўнены, што вырашальным фактарам у прадухіленні ядзернай вайны стала яго грамадзянская, а не вайсковая адукацыя, якая дазволіла яму думаць уласнай галавой і вырашаць лёс самастойна. Ягоныя калегі з вайсковымі дыпломамі наўпрост паследавалі б кніжачцы з загадам.

«Гэта была мая праца. Але ім пашанцавала, што ў тую ноч я быў на змене», — казаў Станіслаў Пятроў.

Усім пашанцавала.