Цяжкі стан палітвязняў — гэта «спроба ціску, спроба гуляць у складаную гульню»

Прапагандысты па тэлебачанні паказалі відэа пра палітзняволенага Юрася Зянковіча, асуджанага на 11 гадоў пазбаўлення волі нібыта за «спробу дзяржаўнага перавароту». У ім бачна, што палітвязень знаходзіцца ў вельмі кепскім стане. Выхад відэа пракаментавалі незалежныя аналітыкі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Прапагандысцкую кінафальшыўку з Зянковічам, прадстаўленым "осуждённым за организацию заговора с целью захвата государственной власти", можна абмяркоўваць у розных аспектах, але спынюся на адным, — піша Сяргей Навумчык у сваім ТГ-канале. — Адзін з галоўных пасылаў агіткі — прадэманстраваць, чым можа скончыцца спроба сілавой змены ўлады. Але ўжо на пачатку свайго прэзідэнцтва Лукашэнка ўстанавіў дыктатуру якраз праз сілавы варыянт — збіўшы сіламі групы КДБ "Альфа" і спецпадраздзяленнямі МУС дэпутатаў апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Гэта ёсць ні што іншае, як тэрарыстычны акт супраць дзяржаўных дзеячаў (пакаранне, паводле і тагачаснага, і цяперашняга Крымінальнага кодэкса – аж да расстрэлу).

Пра гэта ніколі не прыгадвае ўлада, практычна не гавораць цяперашнія лідары апазіцыі ды палітычныя аналітыкі (з розных, пераважна індывідуальных, прычын).

Аднак памятаць пра гэта трэба, бо той тэракт дэлегітымізуе "рэфэрэндум"-95, адным з пытанняў якога, нагадаю, было права прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет. Што праз год Лукашэнка і зробіць, здзейсніўшы, па сутнасці, "захват государственной власти" і ўжо тады фактычна не пакінуўшы апанентам варыянту змены ўлады мірным шляхам».


Глядзіце таксама

Палітолаг Вадзім Мажэйка ў інтэрв'ю «Свабодзе» таксама выказаўся пра прапагандыскае відэа з удзелам палітзняволенага Юрася Зянковіча:

«Мы бачым, што выпускаюць палітвязняў менш вядомых, але мы бачым, што ёсць і палітвязні, якія маюць большую вагу для канкрэтных краін. Калі гаварыць пра гандаль, то гэта актыў, які мае большую цану. Тым болей, мы памятаем, як для вызвалення Віталя Шклярава адбылася размова Лукашэнкі з Майкам Пампеа. Шкляраў быў вызвалены, але Зянковіч дасюль застаецца за кратамі.

Безумоўна, для ЗША клопат пра сваіх грамадзян за мяжой — гэта іх найвялікшы прыярытэт. Адпаведна — так, Лукашэнка мяркуе, што можа дамагчыся тут размовы як мінімум з дзяржсакратаром. Магчыма, нейкіх іншых прэферэнцый, хоць нечага. У межах гэтага гандлю рэжым гандлюе адным з самых карысных сваіх актываў. Астатнія палітвязні не з'яўляюцца такім актывам».

Нагадаем, учора ўвечары ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм пра палітзняволенага Юрася Зянковіча, асуджанага на 11 гадоў пазбаўлення волі нібыта за «спробу дзяржаўнага перавароту».


Глядзіце таксама

На думку палітыка, былога прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерыя Кавалеўскага, цяпер нагодай для новага фільма магло стаць амерыканскае грамадзянства Зянковіча, якое ён мае адначасова з беларускім.

«Выглядае, што гэта нейкая спроба ціску на ўрад Злучаных Штатаў дзеля таго, каб дамагчыся пэўных паслабленняў у палітыцы ЗША ў дачыненні да рэжыму ці зменшыць падтрымку на адрас дэмакратычных сіл Беларусі.

Гэта таксама звязана і з праблемай палітычных зняволеных. Мы бачым, што гэтая сфера цяпер стала вельмі актыўнай. Тут шмат працэсаў: вызваленне ўжо 115 чалавек, і пры гэтым захоўваюцца рэпрэсіі. Часам яны больш жорсткія, мэтанакіраваныя і падкрэсленыя», — сказаў Кавалеўскі ў каментары «Белсату».

«Мы пабачылі Юрася Зянковіча менавіта ў такім стане, калі яму тэрмінова патрэбная дапамога. Таму я думаю, што гэта найперш спроба ціску, спроба гуляць у нейкую вельмі складаную гульню. Гэта звязана, канешне, з эфектам ад санкцый, але таксама са спробамі Лукашэнкі змякчыць непрызнанне, стаўленне, якое цяпер ёсць да яго з боку Злучаных Штатаў», — дадаў Кавалеўскі.


Глядзіце таксама


Як піша «Позірк»часовы павераны ЗША ў Беларусі Пітэр Каўфман «рашуча асудзіў» прапагандысцкі фільм з удзелам Зянковіча:

«Гісторыя выкарыстання рэжымам [Лукашэнкі] тактыкі прымусу для вытворчасці падобнага кантэнту ставіць пад сумнеў добраахвотны характар удзелу грамадзяніна ЗША.

Дзяржаўны дэпартамент не мае вышэйшага прыярытэту, чым бяспека грамадзян ЗША за мяжой, і мы будзем працягваць выступаць за паляпшэнне становішча гэтага затрыманага амерыканца. Я паўтараю даўнюю рэкамендацыю ўрада ЗША, што грамадзяне ЗША не павінны ездзіць у Беларусь, а тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі, павінны неадкладна з’ехаць з краіны».

Юрася Зянковіча затрымалі 12 красавіка 2021 года і пакаралі 11 гадамі калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Ён абвінавачваўся паводле ч.1 арт.357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч.1 арт.361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне ім»), ч.3 арт.361 КК («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады»), ч.3 арт.130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»), арт.369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Тым часам праваабаронцам вядома не менш чым пра 224 палітвязняў, якія знаходзіцца за кратамі ў асаблівай рызыцы, паведаміла «Вясна»

  • 4 чалавекі ў цяжкім стане здароўя;
  • 45 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем);
  • 36 шматдзетных маці і бацькоў;
  • 11 чалавек з інваліднасцю;
  • 16 чалавек з ментальным разладам;
  • вядома як мінімум пра 5 сямей, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.

Найстарэйшы з палітвязняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны шпіталь за «абразу Лукашэнкі».