«Атручвалі свінцом і прэсавалі па поўнай праграме»

42-гадовы Андрэй (имя змененае ў мэтах бяспекі) — спецыяліст па нерухомасці з Мінска. У 2020 годзе мужчыну асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту. Яго абвінавацілі ў парушэнні грамадскага парадку, а таксама ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Андрэй адседзеў тэрмін цалкам у ПК-3 «Віцьба». Пасля вызвалення мужчына разам з сям’ёй пакінуў Беларусь. Пра перажытае за кратамі былы палітвязень распавёў «Новаму Часу». 

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

«КДБ ціснуў, каб я выйшаў з прафсаюзнага руху»

— Непрыязнасць да сістэмы ў мяне ўзнікла амаль з самога пачатку прыходу Лукашэнкі да ўлады. Я быў яшчэ падлеткам, але тым не менш разумеў, што гэта за чалавек і куды ён вядзе Беларусь. Дакладна не за цывілізаваным светам, як ён сам выказаўся. Я вельмі добра памятаю дух свабоды, які лунаў пасля распаду Савецкага Саюза, я адчуваў, як людзям стала лягчэй дыхаць, гэтыя пачуцці захліснулі і мяне, — распавядае Андрэй. — Лукашэнка пасля абрання адразу ж пачаў расколваць грамадства: маўляў, завадчане добрыя, а прадпрымальнікі «вшивые блохи» і гэтак далей. Дзяржава не мае права так рабіць, людзі павінны быць абароненыя і ўсё павінна быць па законе.

У 1999–2002 гадах я наведваў акцыі супраць парушэння праў прадпрымальнікаў. Гэтая тэма была мне блізкай, плюс тады я быў сябрам незалежнага прафсаюзу: лічыў сваім абавязкам падтрымаць тых, каго гноіць сістэма.  

Але ў душы заўсёды была пэўная крыўда на людзей — за тое, што абіраюць такога прэзідэнта і такі шлях для сябе і ўсіх нас. 

Калі Лукашэнка ў 2006 пачаў душыць прафсаюзы — я працаваў у той час на заводзе ў Мінску — да нас прыехалі чэкісты і змушалі, каб мы скасавалі сяброўства ў незалежным прафсаюзе. Добраахвотна-прымусова. Кіраўніцтва завода выклікала нас у кабінет, мне прыгразілі, што звольняць з працы па артыкуле. На той момант мне гэтая праца была вельмі патрэбная, таму давялося выйсці з прафсаюза. На душы было маркотна.  

Прыкладна з 2002 года я перастаў хадзіць на масавыя мерапрыемствы — як тое святкаванне Новага года ў горадзе альбо 9 мая. Мне было непрыемна, што вакол столькі міліцыі, а цябе правяраюць, абмяжоўваюць, у чымсьці падазраюць. Сэнс хадзіць туды, калі ты не можаш расслабіцца? Паліцэйская дзяржава. 

У 2010 годзе я вельмі ўзрадаваўся, узбадзёрыўся, калі ўбачыў вялікую колькасць людзей на Плошчы. Беларусы тады пратэставалі супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Таксама планаваў далучыцца, але калі на наступны дзень убачыў, што пратэст па сутнасці згас, што людзей разагналі, у гэтым ужо не было сэнсу. 

Глядзіце таксама

Пасля анексіі Крыма Лукашэнка прыняў мінскія перамовы па Расіі і Украіне і абдымаўся падчас іх з еўрапейскімі лідарамі… У мяне было глыбокае расчараванне. Я не разумеў, як такое магчыма. Калі ён тыран, то як вы можаце з-за нейкіх сваіх інтарэсаў рабіць перад ім такія рэверансы? 

З 2015 па 2019 год я, можна сказаць, спаў. Перастаў чытаць навінавыя рэсурсы, хаця больш за 30 гадоў цікаўлюся і беларускай, і сусветнай палітыкай. Я быў моцна расчараваны. У тым ліку ў беларусах, даруйце за мае развагі. 

Але надышоў 2020 год. Я пачаў прачынацца, бо ўбачыў актыўнасць суайчыннікаў, што адбываецца цікавая электаральная кампанія, з’явіліся новыя кандыдаты. У той момант я жыў не ў Мінску, але адмыслова прыехаў у сталіцу, каб паставіць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў. Падпісаўся за ўсіх, апроч Дзмітрыева, — дзеліцца ўспамінамі пра дваццаты год Андрэй. 

«Амапаўцы не ведалі, што з намі рабіць»

— Я адчуваў унутраны ўздым. Пасля пачаліся затрыманні людзей, зверствы сілавікоў — я зразумеў, што не змагу застацца ў баку, пачаў прымаць актыўны ўдзел у акцыях. 14 ліпеня 2020 года мы з сябрам выйшлі на пратэст, бо абурыліся, што па надуманых прычынах не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыку. У той момант у розных беларускіх гарадах збіралася вялікая колькасць людзей, мяне гэта натхняла, — працягвае суразмоўца. —14 ліпеня сілавікі пачалі затрымліваць і запіхваць у бусы пратэстоўцаў. Я быў вельмі жорстка і рашуча настроены супраць людзей у пагонах — я столькі гадоў назіраў, як ад іх рук цярпелі сотні тысяч беларусаў, як гэтыя нягоднікі паламалі лёсы цэлых пакаленняў… 

Глядзіце таксама

Калі стаялі з сябрам у счэпцы насупраць АМАПу, вельмі запомнілася такая дэталь: іх кіраўнік не ведаў, што з намі рабіць і не мог самастойна прыняць рашэнне — разганяць нас ці не. Перамаўляўся з кімсьці па рацыі, я бачыў рух яго кадыка, як яму было псіхалагічна некамфортна. Яшчэ б: ён стаяў насупраць мірных людзей, у нашых шэрагах былі і жанчыны. Я бачыў нават цяжарных, але ў счэпку мы іх, вядома, не бралі. 

І тут паступае загад разганяць нас. Аднаго хлопца амапавец паваліў на зямлю і пачаў збіваць дубінкай. Мы з сябрам падбеглі, шмат людзей падбегла тады, я штурхануў амапаўца пару разоў, збегліся іншыя амапаўцы, той ужо ляжаў на зямлі. Пачаўся замес, але я здолеў збегчы. Сябра майго затрымалі і далі 10 сутак. Калі яго выпусцілі, прыехалі за мной. Было 27 ліпеня. Я так прыкінуў, што калі атрымаю суткі, то яшчэ паспею ўзяць удзел у выбарах. Але мяне ўжо не выпусцілі, узбудзілі крымінальную справу. 

У судзе пацярпелы амапавец сказаў, што я нанёс яму маральную шкоду, пра фізічную ці матэрыяльную гаворкі не ішло. За гэта мне далі чатыры гады з шасці магчымых на той момант. Суддзя Таццяна Ліннік будзе адказваць за гэтае злачынства, як і ўсе астатнія, што забрудзілі свае рукі і мундзіры ў рэпрэсіях.

«Не здымалі кайданкі нават у прыбіральні» 

— Пасля былі ІЧУ, Валадарка, Жодзіна. На Валадарцы я быў каля пяці месяцаў і да гэтай установы па вялікім рахунку ў мяне прэтэнзій няма. Медыцына, канешне, не на самым лепшым узроўні, але ўсё астатняе больш-менш, — працягвае Андрэй. — Сустрэў там вельмі шмат цікавых людзей, якіх таксама затрымалі на глебе палітыкі. 

У дзень выбараў 9 жніўня я быў на Валадарцы, і калі адбываліся вялікія пратэсты з выбухамі, стралянінай— была надзея, што адчыняцца «тормазы» (дзверы ў камеры СІЗА — В.К.) і зараз за мной прыйдуць нашыя і вызваляць мяне. Такія адчуванні былі, і асабліва яны ўзмацніліся, калі светлашумавая граната заляцела на тэрыторыю Валадаркі. Адміністрацыя была ў паніцы, службоўцы не ведалі, што рабіць, было шмат крыкаў, куча неразбярыхі, яны баяліся. 

У верасні-кастрычніку я яшчэ на штосьці спадзяваўся, пасля пачаў верыць, што нейкі пералом адбудзецца вясной, у Дзень волі. На жаль, нічога не адбылося…

Навіны на Валадарку даходзілі рознымі шляхамі. Асноўная крыніца — выданне «Новы Час», газета тады яшчэ выходзіла і нам яе аддавалі. Кожны нумар мы ўсе чакалі з нецярпеннем. Адразу на яе выстройвалася чарга.

Штосьці даведваліся з тэлебачання: у камеры быў тэлевізар. Аддавалі нам «Белорусы и рынок». Добрая газета, але яна выходзіла раз на месяц. Ну, і, вядома, сувязь была праз тых людзей, якія заязджалі, новапрыбылыя. Яны распавядалі апошнія навіны. 

Падчас этапаў я набыў новы досвед — хадзіць у прыбіральню ў «сталыпіну» (цягнік, у якім перавозяць зняволеных В.К.) у кайданках. Мне іх не здымалі. Такі вось я небяспечны злачынца. 

Не веру да канца ў тое, што мы прайгралі. Я веру ў цуд. На ўзроўні логікі, розуму, канешне, разумею, што шчаслівая будучыня Беларусі — гэта міраж. Але як я сказаў ужо, веру ў цуды, бо вельмі часта іх атрымліваю ў сваім жыцці — штосьці такое, што не паддаецца аніякай логіцы і аніякаму разумнаму тлумачэнню. Таму на ўзроўні цуда я не веру, што мы прайгралі, мы ўсё яшчэ можам. 

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Пераломны момант, калі ў зняволенні я зразумеў, што перамены пакуль не адбудуцца і што мне давядзецца сядзець, і хутчэй усяго да канца, — гэта быў верасень 2021 года. Тады мусіраваліся чуткі, што рыхтуецца вялікая амністыя, што ўсіх палітычных выпусцяць. І нават было нейкае пацвярджэнне, што гэтыя спісы ў калоніі рыхтавалі. Але ў апошні момант яе завярнулі. І тады я цалкам расчараваўся і зразумеў, што мая самапавага не дазваляе мне быць нейкім сабачкам ці коцікам, якога прывабліваюць кавалкам каўбасы. Няхай проста будзе так, як будзе.

Я разумеў, хто знаходзіцца ва ўладзе — і калі мы маем справу з людзьмі, у якіх няма нічога святога, то спадзявацца на іх літасць не выпадае. Да 2021 года яшчэ была надзея, што нейкія целарухі могуць адбыцца з-за санкцыяў, міжнароднага ціску, і, можа быць, пройдзе гэтая амністыя. Але калі нікога не выпусцілі, асэнсаваў, што пра гэта можна забыць. Але ж у калоніі заставаліся палітвязні, якія да апошняга ў штосьці верылі. 

«Прэсавалі па поўнай праграме — каб іншыя баяліся»

— Пасля быў люты 2022 года, ва Украіне пачалася вайна. Настрой зноў змяніўся. З’явілася надзея. Лукашэнкаўскі рэжым цалкам трымаецца на падтрымцы Крамля, і калі б яе не было, ход гістарычных падзеяў у Беларусі ўжо б даўно быў іншым. 

І ў мяне, і ў іншых палітвязняў таму з’явілася надзея, што Украіна пры дапамозе Захаду дасць па зубах Расіі, і тады Беларусь таксама атрымае пэўнае вызваленне на пэўны перыяд…

У калоніі я прабыў амаль тры гады. Цяжэй за ўсё было выносіць расстанне з блізкімі. І цяжка было назіраць, як прэсуюць палітычных, і што няма магчымасці нейкім чынам супрацьстаяць гэтым нягоднікам.  

Нас, палітвязняў, што першымі заехалі ў калонію, прэсавалі па поўнай праграме — каб іншыя баяліся. Увесь час абшуквалі, маглі прыйсці і два-тры разы на дзень, спраўджвалі пастаянна, вешалі парушэнні па надуманых прычынах. 

Глядзіце таксама

Неяк далі даручэнне начальніку атрада, каб напісаў на мяне рапарт. Лейтэнант забягае ў пакой, дзе мы з іншымі зняволенымі пілі каву, чапляецца за ганак і пачынае вырабляць кульбіты — гэта так ён спяшаўся на мяне павесіць парушэнне. Дык вось ён склаў рапарт, што я нібыта не ўзняўся і не прадставіўся па форме. Нас там было чалавек 8, але паперу напісалі толькі на мяне. І такія рэчы адбываліся ўвесь час, — згадвае Андрэй.

«У ШІЗА накрываўся анучамі для падлогі»

Былы палітзняволены гаворыць, што за тры гады знаходжання ў калоніі на яго навесілі 12-14 парушэнняў. — Калі я дамагаўся спаткання з сям’ёй, мяне пачалі прэсаваць, — апавядае Андрэй. — Маёй жонцы ў лістах хлусілі, што не даюць спатканне таму, што я, маўляў, не звярнуўся да адміністрацыі з адпаведнай заявай. Калі я ўздымаў пытанне пра спатканне, мяне адразу альбо ў ШІЗА саджалі, альбо афіцыйна яго пазбаўлялі. 

Як ні дзіўна, але часам змяшчэнне ў ШІЗА было для мяне палёгкай, бо я заставаўся сам-насам. Вельмі цяжка ўвесь час знаходзіцца ў атрадзе з людзьмі, з якімі ты быць не хочаш. І ад гэтага вельмі стамляешся, бо няма ніякай асабістай прасторы, ты не можаш ні на секунду пабыць сам-насам, у цішыні. ШІЗА я не баўся, я ў прынцыпе нічога не баяўся. Асноўная мэта турэмнікаў — гэта запалохванне. І калі я буду паказваць, што я баюся, яны будуць працягваць мяне палохаць. 

Глядзіце таксама

Я вернік. Не рэлігійны чалавек, а проста вернік. Таму час у ШІЗА я выкарыстоўваў для размовы з Богам, для малітвы, для ўнутранага заспакаення, прывядзення сваіх думак і душы ў парадак. 

Так, канешне, там халодна. Але я падрыхтаваўся і да гэтага — калі заўгас выдаваў анучы для падлогі, а рыззё было чыстае, я браў пра запас, а пасля ім накрываўся, каб сагрэцца. У ШІЗА мне дапамагала мая вера і адсутнасць страху, я разумеў, што мне проста трэба праз гэта прайсці. 

«Намеснік начальніка ўчыніў скандал з-за колеру ручкі»

— Яшчэ на Валадарку брат пачаў дасылаць мне дайджэст па навінах — аб тым, што адбываецца ў Беларусі, якія санкцыі ўвялі і гэтак далей. Нейкі час працягваў дасылаць навіны і ў калонію, але больш акуратна: турэмнікаў гэта ўсё роўна вельмі раздражняла. А пасля пачатку вайны ва Украіне супрацоўнікі цалкам вырашылі абрубіць нас ад любых альтэрнатыўных навін: прымусілі мяне адмовіцца ад гэтых дайджэстаў Мне давялося гэта зрабіць, бо хацеў атрымаць спатканне з жонкай і дачкой. Дарэчы, мой брат таксама быў вымушаны з’ехаць з Беларусі праз пераслед. Ён шмат дапамагаў не толькі мне, але і іншым рэпрэсаваным.

Неяк жонка перадала мне ручкі з правільнай афарбоўкай — бчб. Ручкі прапусцілі ў калонію, я падарыў штук пяць палітвязням. Пасля мяне выклікаў намеснік начальніка калоніі і пад пагрозай пазбаўлення спаткання з сям’ёй прымусіў мяне ўсе гэтыя ручкі сабраць — маўляў, няправільныя колеры. 

У калоніі ніхто не казаў, па якой прычыне адміністрацыя цябе дадаткова прэсуе. Я не прызвычаіўся так жыць, я прызвычаіўся ўсё абмяркоўваць з людзьмі ў любой сітуацыі. А тут табе ўвесь час прылятае невядома за што і  трэба здагадацца, а што ж я не так зрабіў? А пасля высвятляецца, што я штосьці не так зрабіў шэсць месяцаў таму, — дзеліцца ўспамінамі экс-палітзняволены.

Андрэй апавядае пра яшчэ адно сур’ёзнае злачынства з боку адміністрацыі — аказваецца, асуджаных у «Віцьбе» прымушалі плавіць свінец, цяжкі метал, які не выводзіцца з арганізма.

— І рабілі турэмнікі гэта ў адкрытую. Разводзілі вялікае вогнішча, ставілі кацёл і плавілі ў ім свінец. З дазволу адміністрацыі адбывалася атручванне людзей — думаю, робяць яны гэта і цяпер. Наш адзін палітвязень увесь час апантана ваяваў з адміністрацыяй з гэтай нагоды, але безвынікова, — гаворыць мужчына.

«Асістэнтам у стаматолага быў звычайны зэк»

— Са здароўем было па-рознаму за кратамі. Вельмі непрыемную сітуацыю перажыў на Валадарцы: загноіўся і надзьмуўся палец на руцэ, стаў у два разы большы, і медыцынскай дапамогі асаблівай я не атрымаў. Ужо нават змірыўся з думкай у пэўны момант, што мне гэты палец ампутуюць.

Але самая зацяжная эпапея ў мяне здарылася са стаматолагам у «Віцьбе». Сапраўдная садыстка. Тысячы зняволеных, а яна адмыслова не лечыць ім зубы, даводзіць людзей да поўнага знясілення. На працягу пяці месяцаў я хадзіў да яе, бо ўзніклі праблемы з зубам. За гэты час я наведаў яе больш за пяцьдзясят разоў. Яе альбо не было, альбо яна пераносіла візіт, альбо не падпускае да сябе і гэтак далей. У яе ёсць такая практыка — яна можа штосьці там нажывую вырываць ці «лячыць», ты закрычыш, яна націскае на кнопку і кажа, што на яе нібыта быў здзейснены напад. Прыбягаюць кантралёры і ў выніку чалавека саджаюць у ШІЗА. Часам пры лячэнні яна прыбягала да дапамогі асістэнта — звычайнага асуджанага, які біў па зубу малатком. І вось так яны мне аднойчы пару разоў ударылі малатком па зубе, яго частка вывалілася, і гэтая дама кажа: «Ну ўсё, а астатняе выйдзе». «У сэнсе? — пытаюся. — Куды выйдзе, як выйдзе?»

Былі праблемы і са спінай, але на гэта ніхто не рэагаваў. Вядома, у мяне быў другі ярус нар, і на разборцы металу я працаваў — мая хвароба нікога не хвалявала. 

«Другую пасадку не вытрымаў бы»

— Я вельмі доўга не верыў, што я буду сядзець да канца тэрміна. Усё роўна ўнутры цеплілася надзея: а раптам усё ж такі выпусцяць раней? Апошнія дні перад вызваленнем была засцярога, што штосьці можа пайсці не так, бо пры жаданні на кожнага ж можна яшчэ штосьці нарыць, — кажа суразмоўца. — Думаў: «Ну няўжо я нарэшце выйду з гэтай дзіры? Няўжо гэта ўсё нарэшце скончыцца?» Калі ўзнімалася трывога, супакойваў сябе тым, што я ўсё ж такі не нейкая там медыйная фігура, не палітычны лідар, павінны ўсё ж выпусціць.

Таксама думаў: ну вось выйду і пачну скакаць ад радасці, громка крычаць, але нічога такога не было. Звычка трымаць свае эмоцыі пры сабе ўкаранілася вельмі моцна. І ўвогуле шмат якія эмоцыі прытупіліся пасля зняволення. 

Пасля вызвалення пачаліся бясконцыя праверкі з боку міліцыі, выклікі ў РУУС, ціск узмацняўся — я зразумеў, што доўга ў такой атмасферы не змагу, гэта не жыццё. Плюс і я, і мае сваякі выдатна ўсведамлялі, што другую маю пасадку хтосьці з нас ужо не вытрымае. 

Апроч іншага я асэнсоўваў, што нейкую карысць для Беларусі, беларусаў і дэмакратычных перамен знаходзячыся ў Беларусі, я прынесці не змагу. Калі застаешся там, значыцца, ты мусіш замаўчаць назаўжды, а я так не магу. Мне б не хапіла на гэта ні сіл, ні нерваў. 

Калі думаю пра будучыню Беларусі, то падсвядомасць адразу выдае слова — «туманная». Каб у Беларусі была будучыня, людзі павінны змяніцца. На маю думку, галоўная праблема не ў рэжыме, а ў нас. Як толькі мы зменімся, тады і ўсё навокал зменіцца.