Нацыянальнае прымірэнне — ці магчыма гэта?

«Як зрабіць, каб людзі выходзілі, а рэпрэсіі наадварот — спыніліся? І каб Беларусь захавала суверэнітэт і магчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця, з сотнямі тысяч тых, хто вярнуліся, без саўдзелу ў вайне, без сузалежнай эканомікі», — задаецца пытаннем Вольга Лойка.

politzaklyuchennyie_belarusi.jpg

Людзі выходзяць з турмаў, і гэта велізарная радасць для тых, хто дачакаўся, і шалёная надзея ў тых, хто яшчэ чакае і спадзяецца. Яшчэ нядаўна мы абмяркоўвалі, што не выходзіць ніхто да тэрміну і не ўсё па тэрміне. Але вось ужо чацвёртае вызваленне людзей раней за тэрмін. Па памілаванні выйшла 115 чалавек.

І гэта не арыфметыка. Гэта Ксенія Луцкіна, якая ўпершыню за чатыры гады абняла свайго сына. І гэта Рыгор Кастусёў, які нарэшце змог атрымаць нармальную медыцынскую дапамогу. Гэта Даша Лосік, дачка якой амаль два гады расла сіратой пры жывых бацьках. Мужы і жонкі, маці і бацькі, дочкі і сыны вярнуліся дадому, піша Вольга Лойка на «Plan B».

Задача з зорачкай

Як зрабіць, каб гэта не скончылася? Каб людзі выходзілі, а рэпрэсіі наадварот — спыніліся? І каб Беларусь захавала суверэнітэт і магчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця, з сотнямі тысяч тых, хто вярнуліся, без саўдзелу ў вайне, без сузалежнай эканомікі.

Раскол у грамадстве зайшоў так далёка, што ўсе эмацыйныя ацэнкі імгненна выводзяць нас на новы віток эскалацыі. А калі без эмоцый, то працэс выхаду палітвязняў (так-так, мы памятаем, што ў Беларусі іх няма, хай гэта будуць тыя, каго Захад і дэмсілы прызнаюць палітвязнямі) важны не толькі для саміх асуджаных. Гэты працэс важны і выгадны для Беларусі. Не асабіста для Лукашэнкі, Ціханоўскай, Захаду ці яшчэ кагосьці. Для краіны.


Глядзіце таксама

Пры гэтым відавочна, што выхад адных не павінен суправаджацца паралельнымі пасадкамі іншых. Зноў «лайк» не туды, зноў крыўдны для ўлады каментар, зноў усіх у турму. «Сігналы павінны быць яснымі, — піша сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч. — Так, рэжым хоча падавацца дамоваздольным, але рэпрэсіі, якія працягваюцца, і жорсткія ўмовы ўтрымання паказваюць, што мала што змянілася. Паўстае пытанне: а ці варта пачынаць размову?»

Палітвязні на волі здольныя цяпер прынесці краіне значна больш, чым палітвязні ў турме. Палітвязні ў турме псуюць прымірэнне, адносіны з Захадам і карму. Мёртвыя палітвязні (а здароўе там забіваецца імгненна) — робяць тупіковую сітуацыю незваротна тупіковай.


«Грамадствы неаднастайныя ва ўсім свеце. Яны складаюцца з розных людзей з рознымі поглядамі, іх інтарэсы прадстаўляюць палітычныя партыі, а па-сапраўднаму сумленныя выбары даюць магчымасць ставіцца да ўлады з больш ці менш вызначаным даверам. Падзел беларускага грамадства не з'яўляецца фатальным. ( ... ) Важна разумець, што гэты ўнутраны падзел грамадства носіць працяглы характар. І з гэтым падзелам нам усім — усяму беларускаму грамадству, незалежна ад нашых поглядаў і перакананняў, — давядзецца жыць яшчэ доўга».

З апошняга слова нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага

Не ворагі, але апаненты

Бяда многіх з тых, хто патануў, у тым, што навакольныя проста не бачылі, не разумелі, што яны тонуць. У гуманізм дзеля гуманізму мала хто паверыць. Падстава для змены modus operandi ўлады праз трыццаць гадоў кіравання павінна быць сур'ёзнай.

Але каб і Захад, і беларусы ўнутры краіны ўбачылі сігнал, ён павінен быць цалкам выразным. Вельмі складана прадаць нацпрымірэнне, калі так і не вырашаным застаецца пытанне з сядзельцамі ва ўмовах інкамунікада. Такіх як мінімум шасцёра. І ў такіх жудасных умовах сёння не сядзіць ніхто ў Еўропе і ў цывілізаваным свеце ў цэлым.


«У гэтай сітуацыі курс на супрацьстаянне, калі адзін бок — сілавыя структуры, спецслужбы, пракуратура, следчы апарат, суды — прыгнятае і душыць іншы, небяспечны і бесперспектыўны. Ён вядзе ў нікуды. Гісторыя краін Лацінскай Амерыкі ХХ стагоддзя — Чылі, Аргенціны, Гаіці і іншых краін — таму пацвярджэнне.

Хунты, "бананавыя рэспублікі", дыктатуры не маюць перспектыў на доўгае жыццё і развіццё. Вынікам гэтай палітыкі нецярпімасці, канфрантацыі і поўнай адмовы ад палітычнага плюралізму з'яўляюцца бесперапынныя сацыяльна-палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя крызісы, масавая міграцыя. Усё гэта звязана разам».

Алесь Бяляцкі

Марыю Калеснікаву даймаюць у турме. Паўтара года яе сям'я нічога не ведае пра яе. Звесткі пра яе сястра збірае па крупінках. Цяпер Марыя важыць 45 кг пры росце 174 см. Дапусціце да гэтых людзей медыкаў, не перашкаджайце камунікацыі са сваякамі — і ўсе ўбачаць гэты крок.


Глядзіце таксама

Прапаганда шалее, называючы палітвязняў ворагамі, здраднікамі радзімы. Але яны апаненты, а не ворагі. Пакуль адыёзныя прапагандысты распальваюць нянавісць паміж беларусамі, нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі нават у апошнім слове перад заключэннем на 10 гадоў гаворыць пра нацыянальнае прымірэнне.


«У такім дыялогу павінны браць удзел прадстаўнікі ўлады, а таксама прадстаўнікі шырокай грамадскасці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто цяпер знаходзіцца ў турмах, і тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і вымушаны быў з'ехаць за мяжу. Гэта рэальная прапанова, было б жаданне і палітычная воля».

Алесь Бяляцкі

Спадзеў быць пачутым

Людзям, якія сядзяць у СІЗА і калоніях, патрэбная надзея. Патрэбны сцэнар, у які можна будзе паверыць, каб трымацца і спадзявацца. У маім сцэнары тады, у другой палове 2021 года, было двое галоўных перамоўшчыкаў. Кіраўнік «Беларускага Хельсінскага камітэта» Алег Гулак і міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

«Але чаму яны? Хіба гэта наогул рэальна?» — сукамерніцы, як мінімум палова якіх заўсёды была «па палітыцы», са скепсісам і з надзеяй хацелі пачуць гісторыю з хэпі-эндам.

Напэўна, гэта былі не ідэальныя кандыдаты ў перамоўшчыкі. Але мары іншых (ох, якімі нерэалістычнымі бываюць мары людзей за кратамі: хтосьці верыў, што яго ўратуе полк Каліноўскага, хтосьці чакаў Пуціна) былі яшчэ больш ілюзорнымі. І сапраўды, чаму б і з беларусамі, і з Захадам не гаварыць людзям, якіх паважаюць паплечнікі і прымаюць праціўнікі? Хто можа сказаць пра прымірэнне, гуманнасць, памяркоўнасць. Для каго суверэнітэт Беларусі — база. Хто ведае, як складана потым аб'яднаць народы, падзеленыя на час сценамі і жалезнымі заслонамі.


Глядзіце таксама

Абодвух з намі больш няма. Яны сышлі нечакана, з розніцай менш чым у месяц. Сышлі, да майго горкага расчаравання — як чалавека і беларуса.

Слабы пол і моцны ход

Цяпер сцэнар даводзіцца перемарыць нанова. Бо пакуль гэта не план, не трэк, а суцэльная мара пра магчымасць вырашэння выключна складанай сітуацыі. Вырашэння без крыві і прыпаўзання на каленях. У траўні 2020-га года я напісала, што гэтая электаральная кампанія будзе жаночай. Нервовай, эмацыйнай, з моцнымі лідарамі-жанчынамі і з моцным уплывам жанчын на лідараў.


Глядзіце таксама

Сёння я зноў пра гэта думаю. І чытаючы пра свежыя кадравыя прызначэнні Лукашэнкі, і прыслухоўваючыся да галасоў здаровага сэнсу з трыбун і ў кулуарах розных івэнтаў Варшавы, Вільні, Берліна і г. д. І я бачу жанчын, якім па плячы і данесці сігналы да Захаду, і гаварыць з сотнямі тысяч беларусаў, якія з'ехалі з краіны.


«Неабходна дакладна ўсведамляць, што цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу лепш, чым бязлітаснае супрацьстаянне, якое можа прывесці да вельмі цяжкіх наступстваў: да беднасці і галечы, да гвалту і несправядлівасці, якія спустошаць Беларусь. (…)

Калі мы не хочам укінуць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавага вымушанага зыходу беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец для эканамічнага, сацыяльнага, сацыяльна-палітычнага і экалагічнага развіцця нашага народа, мы павінны пачаць гэты грамадскі дыялог. Хопіць, трэба спыніць гэтую грамадзянскую вайну! Спадзяюся, мяне пачуюць».

Алесь Бяляцкі

Аптымальна, калі гэта будуць умоўна новыя людзі. Сотням тысяч беларусаў, якія з'ехалі з краіны, таксама складана з вуснаў тых жа асоб, праз якія яны пакінулі свае дамы, пачуць новую рыторыку. Але ў абноўленай камандзе Лукашэнкі ёсць людзі, якія не маюць дачынення да 2020-га года. Яны не адказныя за рэпрэсіі і пры гэтым маюць добрыя веды і досвед узаемадзеяння з заходнім светам, умеюць гаварыць на іх мове.

Такія людзі ёсць. У турме і ва ўладзе, у апазіцыі і ў бізнэсе. Пакуль яны ёсць, у беларусаў ёсць надзея.