Рэальная адліга ці паказная «нармалізацыя»? Чаго чакаць беларусам перад выбарамі
Рэжым адпускае палітвязняў — часткамі, выбарачна і не па гуманітарным трэку. А ў той жа час сілавікі затрымліваюць іншых людзей, набіраюць новых палітвязняў. Гэта два бакі аднаго медаля ці ўсё-ткі розныя з'явы? І ці варта чакаць рэальнага спынення рэпрэсій?
— 3 верасня былі памілаваныя яшчэ 30 палітвязняў. Гэта ўжо трэцяя партыя, папярэднія памілаванні адбываліся 3 ліпеня і 16 жніўня. Адначасова з гэтым амаль штодня адбываюцца новыя суды над затрыманымі з палітычных прычын, а значыць, з'яўляюцца новыя палітвязні. Як можна патлумачыць гэтыя паралельныя працэсы, які ў гэтым сэнс з гледзішча ўлады?
— Я б развёў гэтыя працэсы. Працяг рэпрэсій — гэта ў значнай ступені інерцыя сістэмы. Сілавікі не могуць працаваць па-іншаму, мяняць матывацыю, паказчыкі, на якія арыентуюцца. І калі справы заведзеныя, то сілавая бюракратычная сістэма, як той алігатар, не ўмее аддаваць ахвяру, якую заглынула, — гаворыць медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».
Што тычыцца вызвалення палітзняволеных, то трэба разумець, што вызваляюць не па нейкім гуманітарным спісе, вызваляюць нават не таму, што людзі пісалі ці не пісалі прашэнне — вызваляюць так, як сама сістэма вырашыла.
Гэта важны элемент стратэгіі рэжыму, які ўваходзіць у прэзідэнцкую кампанію. Магчыма, гэта будзе азначаць частковае альбо поўнае вызваленне палітзняволеных да дня выбараў — за выключэннем найбольш значных фігур. Гэта будзе прадстаўлена як лібералізацыя і гуманітарны жэст, накіраваны на зніжэнне міжнароднага ціску і паляпшэнне іміджу рэжыму.
У чэрвені Лукашэнка ўпершыню з 2020 года вярнуў гаспадарнікаў у кадравую шафу, запоўненую сілавікамі, — эканаміст Дзмітрый Круты быў прызначаны кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, а яго першым намеснікам — Наталлля Пяткевіч, якая ў свой час брала чынны ўдзел у «гандлі палітзняволенымі». І ў 2015 годзе прэзідэнцкія выбары адбыліся без наяўнасці прызнаных палітзняволеных.
— Вось ужо трэцяе памілаванне за апошні час, але пакуль не відаць, чым на гэта адказвае Захад. Ці Мінск гэта робіць «у паветра», не чакаючы нейкага адназначнага адказу, проста каб паказваць свой «гуманны» настрой і намер, ці проста ўжо існуюць нейкія дамоўленасці з Захадам, але грамадства пра іх не ведае?
— Мы ў значнай ступені арыентуемся па ценях на сцяне ў той пячоры, дзе гарыць агонь. Гэта вельмі няўстойлівая глеба, на якой складана рабіць дакладныя высновы.
Аднак мы бачым, што мінскі рэжым імкнецца непасрэдна не ўдзельнічаць у вайне Расіі з Украінай. Прытым, што ў 2022 годзе ў некаторых складвалася ўражанне, што Мінск можа рынуцца ў вайну і падтрымаць Расію ўсім, чым магчыма.
Мінск некалькі разоў выступаў ініцыятарам таго, каб прадставіць сваю пляцоўку для мірных перамоў. У нейкі момант спыніліся абстрэлы Украіны з беларускай тэрыторыі.
То-бок існуе шмат чыннікаў, якія дазваляюць меркаваць, што нейкія ўскосныя кулуарныя дамоўленасці паміж рознымі бакамі могуць існаваць. І гэта той стан, які патрэбны Лукашэнку, каб адстойваць сваю пэўную самастойнасць.
— Калі вы казалі, што бюракратычна-сілавая сістэма працуе па пэўнай інерцыі, то ўзнікае пытанне: а чаму Лукашэнка не дае загад спыніць рэпрэсіі? Беларусь — гэта ўсё ж аўтарытарная краіна, і менавіта Аляксандр Лукашэнка, а не сілавікі, прымае галоўныя рашэнні. Чаму ён не дае загад вызваліць усіх і не браць новых, як гэта было, напрыклад, у 2014-2015 годзе?
— Наталля Пяткевіч толькі ў сярэдзіне лета трапіла на гэтую пасаду, на якой яна магла б удзельнічаць у такім працэсе. Для гэтага працэсу патрэбны пэўны час.
Па-другое, улада заканамерна можа спытаць: а што Захад можа прапанаваць у адказ на вызваленне палітвязняў? На сённяшні момант большасць санкцый, якія былі ўведзеныя, — гэта санкцыі за тое, што Беларусь стала суагрэсарам супраць Украіны, і за пасадку самалёта з Пратасевічам.
Санкцыі, якія былі ўведзеныя за рэпрэсіі ўлады супраць беларусаў, таксама ёсць, але не такія магутныя і іх не так шмат у параўнанні з санкцыямі «за вайну». І вайна Расіі супраць Украіны — гэта не тая сітуацыя, якую можа спыніць афіцыйны Мінск сваім жаданнем ці рашэннем.
— Матывацыяй спынення рэпрэсій мог бы стаць зварот да ўнутранай, беларускай аўдыторыі напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Маўляў, глядзіце, я ўжо памяркоўны і разважлівы, «палітычных» вызваляю, давайце перагорнем старонку. А актыўны працяг рэпрэсій усё ж псуе гэтую карцінку.
— Людзі жывуць у сваіх інфармацыйных бурбалках, і ім часам складана зразумець агульную карціну, асабліва калі яны не ўцягнутыя ў інфармацыйныя крыніцы, якія ўлады назвалі «экстрэмісцкімі».
— Але пра новыя арышты актыўна паведамляюць і праўладныя тэлеграм-каналы сілавікоў, і прапагандыст Азаронак.
— Аднак гэта не тое, што прызначана і даходзіць да масавай аўдыторыі. Да масавай аўдыторыі звернутыя беларускія тэлеканалы, масавыя газеты, якія якраз пра рэпрэсіі і амністыю гавораць даволі рэдка і коратка. Таму сярэдняму беларусу, які не глядзіць «экстрэмісцкія» каналы, цяжка даведацца, што машына рэпрэсій працягвае працаваць.
І калі ў лістападзе будзе прызначаная дата прэзідэнцкіх выбараў на люты наступнага года, то да гэтага часу рэжыму трэба будзе правесці пэўную «дамашнюю работу». Ім трэба імітаваць ці дэманстраваць дабрабыт. І мы бачым, як штучна, на шкоду эканамічнаму стану прадпрыемстваў, падвышаюцца заробкі.
Калі казаць пра інфармацыйную сферу, то там усё зачышчана, амаль усё незалежнае выціснута за мяжу. Тыя медыя, якія засталіся, дакладна ведаюць, пра што можна, а пра што нельга пісаць.
Кантраляваную апазіцыю вырашылі не ствараць. Як выглядае, будзе паўтораная схема са «спойлерамі»: ніякіх, нават мяккіх, апазіцыйных кандыдатаў не будзе. Падчас мінулай выбарчай кампаніі ўжо было адпрацаванае паняцце «электаральны сувэрэнітэт», так што міжнародныя назіральнікі не будуць запрошаныя. Хіба што з «саюзнай дзяржавы»... Можа, яшчэ ад АДКБ.
Так што рэпрэсіі дэ-факта не спыняюцца, але ў інфармацыйнай сферы будуць усё больш пісаць пра тое, што рэжым нібыта стаў «больш гуманным». То-бок людзей будуць пераконваць, што «нармалізацыя» адбылася і Лукашэнка стаў гарантам новай «стабільнасці». «Не даў уцягнуць Беларусь у вайну», — гэта будзе, магчыма, адным з галоўных лозунгаў кампаніі.