Андрэй Шарэнда: Паліна памірае ў турме. Яе трэба ратаваць!
Муж палітзняволенай падкрэслівае, што «час ідзе ўжо не на месяцы, а на тыдні і дні» і просіць зрабіць усё магчымае для вызвалення Паліны.
«Паліна памірае ў турме. Стан яе здароўя рэзка пагоршыўся», — піша муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.
«Сёння прыйшлі дзве цяжкія навіны.Па-першае - стала вядома аб рэзкім пагаршэнні стану здароўя Паліны. Яна пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, якія аддаюць у спіне. Патрэбную медыцынскую дапамогу Паліне не аказваюць, даюць толькі абязбольваючыя. Мы дагэтуль не ведаем нічога аб стане здароўя Паліны. Нам вядомы толькі яе дыягназ — хранічны панкрэатыт. Гэта вельмі цяжкая хвароба, якая патрабуе строгай дыеты і сталага кантролю лекараў.
Ва ўмовах, якіх утрымліваюць Паліну, гэта проста адтэрмінаваны смяротны прысуд.
Таксама сёння стала вядома, што Паліну этапавалі з гомельскага СІЗА-3 у ІЧУ горада Рэчыцы для правядзення "следчых дзеянняў". Значыцца, што ў бліжэйшыя некалькі тыдняў, альбо нават месяцаў да суду, Паліна будзе ўтрымлівацца там. Умовы ў рэчыцкім ІЧУ нават горшыя за камеры ШІЗА ў калоніі. Там не выдаюць матрацаў, у камерах адсутнічаюць прыбіральня, і вельмі шмат клапоў. Спаць прыходзіцца на падлозе. У мінулым годзе Паліну таксама трымалі там некалькі тыдняў. Пратэстуючы супраць жудасных умоў утрымання, Паліна тады аб'яўляла галадоўку. Лукашысты былі вымушаныя пайсці на саступкі і вярнулі тады Паліну ў гомельскае СІЗА-3 да суду.
Этап у рэчыцкае ІЧУ не мае ніякага сэнсу, акрамя таго каб зняважыць і знясіліць Паліну, падарваць і да таго слабое здароўе.
Паліна павінна была выйсці на волю ўжо два з паловай гады таму. За час зняволення яна правяла ў жахлівых умовах штрафнога ізалятара і карцара больш 350 дзён. Яе перакідвалі шматдзённымі этапамі больш дваццаці разоў. Менавіта за кратаміі ў Паліны з'явілася невылечнае цяжкое захворванне — панкрэатыт сярэдняй цяжкасці. І зараз чакае чацвёрты суд і чацвёртае кола пекла, якіх Паліна проста не вытрымае.
Паліну трэба ратаваць! Яе жыццё сапраўды ў небяспецы».
У размове з «Белсатам» Андрэй Шарэнда падкрэсліў, што «час ідзе ўжо не на месяцы, а на тыдні і дні».
«Фактычна Паліна дасылае сігнал SOS, просіць біць максімальную трывогу. Да гэтага Паліна ніколі не звярталася з такой просьбай», — кажа спадар Андрэй.
«Я прашу беларускія дэмакратычныя сілы і міжнародныя гуманітарныя, праваабарончыя арганізацыі, каб яны зрабілі ўсё магчымае, каб вызваліць Паліну».