Хронікі рэпрэсій за 3 верасня: Днямі не менш за 33 чалавекі будуць судзіць за пратэсты-2020
«Дні расхламлення» ў Наваполацкай калоніі, «Беларускамоўных» прызналі «экстрэмістамі». З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі галоўныя навіны пра пераслед беларусаў з боку рэжыму за сённяшні дзень.
- На Віцебшчыне ўчора па палітычных матывах асудзілі не менш за 8 чалавек
Адміністрацыйныя справы паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у раскладзе судоў заўважыў @vitebsk_info.
Сярод асуджаных — дальнабойнік з Полацку Дзяніс Анцэн, супрацоўнік «Нафтану» Уладзіслаў Калтуноў, а таксама старшыня першаснай арганізацыйнай структуры ДТСААФ мотаклуба «Эндура-Полацк» Дзмітрый Радзькоў.
- На гэтым тыдні мінімум 33 чалавекі будуць судзіць за ўдзел у пратэстах-2020
З другога па шостае верасня па ўсёй Беларусі паводле народнага артыкула — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) — будуць судзіць як мінімум 33 чалавекі.
Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Паралельна працягваюцца затрыманні.
Лідарамі па пераследу застаюцца Мінск і Берасцейшчына. Так, 4 верасня ў судзе Брэсцкага раёна будуць судзіць адразу 11 чалавек, а на наступны дзень у судзе Бярозаўскага раёна пачнецца працэс над чатырма мясцовымі жыхарамі.
Паводле інфармацыі «Вясны», агулам з 2020 года паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса асудзілі мінімум 2 579 чалавек.
- У Наваполацкай папраўчай калоніі № 1 ладзяць «дні расхламлення», калі ў вязняў адбіраюць рэчы на прымусовую ўтылізацыю
Стала вядома, што ў перапоўненай наваполацкай ПК-1 не хапае месца для захоўвання прадуктовых перадач і рэчаў асуджаных, таму адміністрацыя калоніі прымусова іх утылізуе. Пад знішчэнне рэчаў, што прыйшлі ў непрыдатнасць або «лішніх» рэчаў могуць патрапіць амаль новыя тапкі, абутак для спорту, зменныя спартыўныя касцюмы ручнікі і г. д.
Адзначым, што паводле закона, сваякі з часам маюць права забраць рэчы, аднак адміністрацыя афармляе менавіта іх утылізацыю, а не адпраўку на захоўванне.
Як адзначаюць былыя вязні ПК-1, атрыманне рэчавай перадачы ў калоніі не заўсёды азначае карыстанне перададзенымі па вопісу прадметамі.
- Папаўненне ў спісе “экстрэмісцкіх” матэрыялаў
Тэлеграм-чат “Беларускамоўныя” прызналі «экстрэмісцкім», вынікае з абноўленага спісу на сайце Мінінфарма. Пра гэта паведамляе “Медыязона”. У чаце 170 чалавек. Правіламі пабліку забараняецца размаўляць на якой-небудзь іншай мове, акрамя беларускай.
Акрамя чату, спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў папоўнілі:
— акаўнты ў цікток: politikan_n, mirekly, belarus0.1, grodnanews;
— каналы ў тэлеграм «Katolik_life. Неафіцыйнае”, DOXA, Avtozak LIVE; «Беларусь Telegram Чат».
— ютуб-канал і старонка ў інстаграм службы “Одно окно”.
- У Бярозаўцы затрымалі дырэктарку бара «Столе»
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Прычына затрымання — «экстрэмізм». Паводле «Наша Нівы», затрыманую клічуць Дзіяна Бурштыка. Яна — шматдзеная маці і дырэктарка бара «Столе». Паведамляецца, што разам з ёй затрымалі яшчэ некалькі супрацоўнікаў.
- Сілавікі затрымалі сямейную пару з Кобрына за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе
Мужчыну і жанчыну абвінавачваюць паводле артыкула аб грубым парушэнні парадку (ч. 1 арт. 342 КК).
Паводле інфармацыі ведамства, 10 жніўня 2020 года ў Кобрыне 22-гадовая беларуска разам са сваім 29-гадовым мужам выйшла на пратэсты. Следчыя ўстанавілі, што «дзяўчына з бутэлькай піва ў руцэ ў першых шэрагах паказвала сілавікам непрыстойныя жэсты, а яе муж прыспусціў штаны і дэманстраваў аголеныя ягадзіцы».
Паведамляецца, што сямейная пара ўтрымліваецца пад вартай.
- Чарговае затрыманне за пратэсты
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра чарговае затрыманне мужчыны за пратэсты — гэтым разам, у Брэсце. Падкрэсліваецца, што яго жонка знаходзіцца на чацвёртым месяцы цяжарнасці.
На «палонным» відэа берасцеец прызнаецца, што знаходзіўся на праспекце Машэрава, зарэгістраваўся ў чат-боце «Перамога», а таксама адсылаў даныя ў «Голос».
Праўладныя каналы таксама публікуюць кадры, на якіх мужчыну жорстка затрымліваюць раніцай.