Хронікі рэпрэсій за 2 верасня: у Арменіі затрымалі беларуску, якую рэжым аб'явіў у вышук; у «Віцьбе» перасталі прымаць перадачы

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі галоўныя навіны пра пераслед беларусаў з боку рэжыму за сённяшні дзень.

hroniki_represij2_5_3.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1390 дзён, Дзяніс — 1270

***

Беларуску Дзіяну Маісеенка затрымалі ў Арменіі па палітычна матываваным вышуку з боку Беларусі. Пра гэта паведаміў сёння днём юрыст Алесь Міхалевіч.

«2 верасня ў 9 гадзін раніцы Дзіяна была затрымана пры перасячэнні мяжы Грузіі з Арменіяй, бо яна знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі па адным з часта ўжываных беларускімі ўладамі палітычных крымінальных артыкулаў. Ёй інкрымінуюць артыкул 342 ч.1 КК ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). У Беларусі ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў», — напісаў юрыст у сваім фэйсбуку.

Як паведаміў Офіс Святланы Ціханоўскай, неўзабаве дзяўчыну адпусцілі. Яе не будуць выдаваць у Беларусі, пра гэта дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў выданню «Зеркало».

«Мы працягваем працаваць з армянскім МЗС па справе Дзіяны Маісеенка і іншых беларусаў, якіх вышуквае рэжым Лукашэнкі па палітычных прычынах. Офіс Святланы Ціханоўскай атрымаў запэўніванні, што Ерэван не будзе выдаваць рэжыму Лукашэнкі пераследаваных па палітычных прычынах грамадзян Беларусі», — сказаў Вячорка.

***

2 верасня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы стартап-хаба «Imaguru», піша «Салідарнасць». У справе трое абвінавачаных: Таццяна Марыніч, Анастасія Хамянкова і Яўген Пугач.

Марыніч і Хамянкову будуць судзіць завочна. Яны абвінавачваюцца па 10 крымінальных артыкулах, у тым ліку — «Змова з мэтай захопу ўлады», «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання», «Распальванне варожасці», «Заклікі да захопу ўлады», «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «Ухіленне ад выплаты падаткаў».

Яўген Пугач знаходзіцца пад вартай. Яго абвінавачваюць ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў» і «распаўсюдзе матэрыялаў, якія змяшчаюць публічныя заклікі да здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы».

Справу будзе разглядаць суддзя Любоў Сімахіна.

Хаб «Imaguru» быў месцам правядзення шматлікіх мерапрыемстваў. Прэтэнзіі да яго паўсталі ва ўладаў пасля падзей 2020 года. У 2021 годзе ён быў закрыты. Пазней каманда хаба з'ехала з Беларусі. У жніўні 2023 года «Imaguru» прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Хаб адрадзіўся ў Літве, былі адкрыты пляцоўкі ў іншых краінах ЕС.

***

Палітвязня Максіма Матырку хочуць перавесці на турэмны рэжым, паведамляе «Вясна».

За апошнія два гады яго судзілі ўжо тройчы — спачатку за «ўдзел у акцыі пратэсту» (арт.342 КК) і «падпал машыны» (арт.218 КК), а пазней — за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» (арт.411 КК). Максіму прызначылі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але прысуд па справе за «непадпарадкаванне» невядомы. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў горацкую калонію № 9.

Стала вядома, што 10 верасня ў судзе Горацкага раёна будзе разглядацца справа аб пераводзе Максіма на турэмны рэжым. Працэс будзе весці суддзя Алена Шляхціцава.

***

Сілавікі затрымалі жанчыну, якая ў 2020 годзе ўдзельнічала ў мітынгу ў Мінску. Ролік з ёй апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, піша «Медыязона».

На міліцэйскім відэа жанчына кажа, што ў 2020 годзе некалькі разоў брала ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах. Паводле яе слоў, яна трапіла на фотаздымкі з акцыі і «не надала значэння» гэтаму.

***

3 верасня ў Браславе адбудзецца суд над Іосіфам Цапелікам. Фатографа з Паставаў будуць судзіць паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП — «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», піша «Салідарнасць». Яго абвінавачваюць у «анлайн-пікетаванні».

Іосіф Цапелік — вядомы фатограф. Яго фотаработы ўдзельнічаюць у прафесійных конкурсах і ўпрыгожваюць дзіцячыя кнігі.

***

Палітвязняволенаму Арцёму Лапікаву збіраюцца ўзмацніць пакаранне, пішуць «вясноўцы». Арцёма затрымалі ў жніўні 2023 года. У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва 7 верасня 2023 года яго асудзілі паводле арт.367 КК («Паклёп на Лукашэнку»). Суддзя Жанна Пушкіна прызначыла Арцёму 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вязень адбывае пакаранне ў ваўкавыскай калоніі № 11. 2 верасня ў Ваўкавыску адбыўся суд па пераводзе палітвязня на турэмны рэжым. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка. Вынік суда пакуль невядомы.

***

41-гадовага Яўгена Кладава з Баранавічаў, асуджанага на год калоніі з-за карыкатур на Аляксандра Лукашэнку ў «Аднакласніках», абвінавачваюць па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сярод іх — «Стварэнне альбо ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (арт.361-1 КК), «Распальванне сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «Заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі» (ч.3 арт.361 КК), «Арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч.1 арт.293 КК), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і «Абраза Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК).

Пачатак працэсу над Кладавым прызначаны на 2 верасня ў Брэсцкім абласным судзе.

Пра новую крымінальную справу стала вядома ў ліпені. Першы раз Яўгена Кладава судзілі па артыкуле аб «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК) у лістападзе 2023 года.

***

ПК-3 у Віцьбе перастала прымаць перадачы, якія прывозяць сваякі зняволеных, піша тэлеграм-канал «MAYDAY.TEAM».

Перадачы, асабіста прывезеныя сваякамі, з 1 верасня перасталі прымаць з-за рамонту пакоя для перадач. Як доўга будзе доўжыцца рамонт — невядома.

Перадачы для зняволеных зараз можна будзе адправіць толькі па пошце.

Як пішуць праваабаронцы, сітуацыя для зняволеных у калоніі ўскладняецца тым, што з 1 верасня Дэпартамент выканання пакаранняў дазваляе перадаваць асуджаным дадатковую сезонную вітамінную перадачу вагой да 10 кг (толькі садавіна і гародніна), аднак яе нельга адправіць па пошце, бо прадукты могуць сапсавацца, яе трэба прывозіць асабіста — разам з перадачай, дазволенай па рэжыме, альбо пры працяглым спатканні.

З-за рамонту ўсе зняволеныя застаюцца без дадатковай вітамінавай перадачы.

***

Сілавікі затрымалі страхавога агента кампаніі «DSD Insurance», відэа з ім апублікаваў праўладны канал, паведамляе «Медыязона».

На відэа затрыманы кажа, што працуе страхавым агентам, што ў 2020 годзе хадзіў на акцыі пратэсту, пісаў «абразлівыя каментары ў экстрэмісцкім чаце» і нібыта адпраўляў інфармацыю пра перамяшчэнне тэхнікі ў чат-бот канала «Кантроль аўтазакаў».

У відэа сілавікоў таксама паказаныя некалькі фотаздымкаў, на іх дзевяць чалавек, як расказвае затрыманы беларус, святкуюць Новы год, у кадры — прыбраная ёлка і развешаныя на фоне бчб-сцягі.

Па якіх менавіта артыкулах затрыманы мужчына і што з ім цяпер — невядома.

***

Сілавікі апублікавалі чарговае відэа з затрыманым. Паведамляецца, што мінчук браў удзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 года. На камеру мужчыну прымусілі сказаць, што ён «выходзіў на дарогу, каб сфатаграфавацца».

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманага завуць Максім Карабак, піша «Салідарнасць».

***

Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні яшчэ аднаго беларуса за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, Відэа з ім апублікаваў праўладны канал, паведамляе «Медыязона».

У відэа сілавікоў паказаная перапіска, як сцвярджаецца, затрыманага. З кім — невядома. У перапісцы затрыманы пытаецца, чым ён можа быць карысны для таго, «каб рэжым Лукашэнкі ўпаў», у каго ён гэта пытаецца — незразумела. У адказ яму прыходзіць паведамленне: «Добры дзень, спаліце калі ласка некалькі судоў і РАУС, дзякуй».

Сам затрыманы мужчына на відэа кажа, што «браў удзел у масавых беспарадках» і «скідваў інструкцыю, як зрынуць уладу».

Аўтары праўладнага канала пішуць, што супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкулаў аб «масавых беспарадках» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім» (арт.арт. 293 і 361-1 КК).

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 578 дзён, Максіма Знака — 572 дні, Мікалая Статкевіча — 569 дзён, Ігара Лосіка — 560 дзён, Віктара Бабарыкі — 498 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 428 дзён, Уладзіміра Гундара — 391 дзень.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1373 чалавекі.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1460 чалавек. Сярод іх — 185 жанчын і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.