«З кабінета начальніка нас выводзілі галавой у дзверы»

Былы палітвязень расказаў «Новаму Часу» пра гвалт амапаўцаў у дачыненні да саслужыўцаў, затрыманне ў Расіі, норавы ў шклоўскай калоніі і нязломную веру ў тое, што абавязкова вернецца на Радзіму.

Фота героя публікацыі з яго асабістага архіву.

Фота героя публікацыі з яго асабістага архіву.

«Быў дужа крануты салідарнасцю»

Аляксандру 33 гады, ён з Берасцейшчыны, былы вайсковец. У 2023 годзе быў асуджаны за нібыта «абразу кіраўніка дзяржавы», атрымаў год пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у шклоўскай ПК-17 і, адседзеўшы яго цалкам, з’ехаў з Беларусі.

— Як былы вайсковец я добра ведаў, што адбываецца ўнутры сістэмы, як мысляць сілавікі, улада, і тыя, хто яе абслугоўвае. Я ўжо не мог на гэта ўсё глядзець, і таму ў 2019 годзе звольніўся з узброеных сіл, — апавядае былы палітвязень. — Я ніколі не галасаваў за Лукашэнку. У 2010 годзе ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах на Плошчы, трапіў тады ў самую гушчу падзей — але здолеў уцячы, калі пачаўся разгон. 

Аляксандр кажа, што пытанне аб удзеле ці няўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе перад ім нават не стаяла:

— Як і большасць беларусаў, абураных маштабнымі фальсіфікацыямі вынікаў выбараў, далучыўся да народнага паўстання. Ну як можна было застацца ў баку ад усяго таго, што адбываецца? Людзі ўсяго толькі патрабавалі справядлівых выбараў, змагаліся за годнае жыццё, прагнулі перамен, хацелі, каб у нас нарэшце пачалі выконвацца законы, каб людзей паважалі, а не ўтоптвалі ў бруд, каб краіна развівалася, а не скочвалася ў прорву. Усе мы выдатна разумелі, што ніяк не мог Лукашэнка набраць больш за восемдзесят працэнтаў. Мяне абурыла, што нас зноў надурылі, што ў чарговы раз нахабна скралі нашыя галасы. Абурыў і гвалт сілавікоў. У мяне ў прамым сэнсе нянавісць да іх узнялася: ну як так, за што, чаму з такой садысцкай асалодай яны збіваюць, катуюць і забіваюць беларусаў? 

Былы палітвязень дадае, што «сярод гэтага кашмару быў дужа крануты салідарнасцю нашых людзей: як хутка і шчыра беларусы падтрымлівалі адзін аднаго, аб’ядноўваліся, самаарганізоўваліся».

Адзін з сімвалаў салідарнасці гарачага жніўня 2020 — пластыкоўкі з вадой

Адзін з сімвалаў салідарнасці гарачага жніўня 2020 — пластыкоўкі з вадой

— Гэта насамрэч дужа кранальна, як беларусы спрабавалі абараніць адзін аднаго, працягвалі руку дапамогі, дарылі цяпло. Незнаёмыя людзі неаднойчы ўпускалі мяне ў свае пад’езды, калі я збягаў ад сілавікоў. І я тое ж самае рабіў. Людзі гуртаваліся. Падтрымка аднадумцаў адчувалася ва ўсім. Нас было шмат, і ўсе разам мы стараліся змагацца з гэтай страшнай навалай — лукашэнкаўскім рэжымам, — згадвае Аляксандр. 

«Дамовіцца з сілавікамі не атрымалася б»

Суразмоўца «Новага Часу» зазначае, што ў шмат якіх момантах верыў у перамогу прыхільнікаў дэмакратычных перамен. «Мы былі вельмі блізкія да гэтага, можна сказаць, на мяжы», — гаворыць былы палітвязень. 

— У мяне на той момант яшчэ было шмат знаёмых у сілавых структурах, але зараз з імі я ўжо адносіны не падтрымліваю. Дык вось многія тады былі ў рэжыме чакання: яны асабліва не рваліся ваяваць з народам, а калі і выконвалі пэўныя загады, то рабілі гэта без энтузіязму, — кажа суразмоўца. — Канешне, у мяне была надзея, што народ зможа перамагчы ў супрацьстаянні з дыктатурай. Хаця, вядома, я з самога пачатку скептычна ставіўся да такой формы барацьбы, як шарыкі і кветкі. Вялікую ролю ў згасанні пратэстаў адыграла і падтрымка Лукашэнкі Расіяй. 

Глядзіце таксама

Ці магчыма было дамовіцца з сілавікамі ў 2020? Думаю, не, бо дамаўляцца ў такім выпадку давялося б з вышэйшым звяном, а не з шэраговымі выканаўцамі. А першыя — гэта цэрберы, ні на які кампраміс яны не пойдуць. Яны будуць да канца бараніць не тое што Лукашэнку, а ў першую чаргу саміх сябе. Выпадкі, калі вайскоўцы ставілі на зямлю шчыты — адзінкавыя. І гэтыя людзі нічога не вырашалі ў тым супрацьстаянні. У асноўным гэта былі звычайныя курсанты ваенных вучэльняў, акадэміі, самае дробнае звяно.

«Амапаўцы збівалі сваіх жа, каторыя не хацелі ўдзельнічаць у здушэнні пратэстаў»

Былы вайсковец кажа, што амаль упэўнены ў тым, што «першымі чыніць зверствы супраць пратэстоўцаў пачаў расійскі АМАП».

— Шмат сведчанняў таго, што расіяне былі пераапранутыя ў форму беларускага АМАПу. Выглядае на праўду. Апошнія ж пасля вельмі хутка падхапілі садысцкія метады і пачалі рабіць з пратэстоўцамі тое ж самае. 

Адзін з маіх знаёмых, які працаваў у АМАПе, распавядаў мне, што ён не хацеў удзельнічаць у разгоне пратэстаў — дык яго вывезлі ў лес і збілі свае ж амапаўцы. Сказалі яму, што калі, маўляў, ты не будзеш за нас, то, лічы, ты труп. 

І гэта не адзінкавы такі выпадак, пра які я чуў. 

«Альбо сам набываеш квіток у Мінск, альбо мы цябе экстрадыруем»

— Я даволі актыўна вёў сацыяльныя сеткі ў часе пратэстаў, каментаваў у сеціве грамадска-палітычныя падзеі, і ў 2022 годзе мной пачаў цікавіцца ГУБАЗіК, — згадвае Аляксандр. — На той момант я ўжо ўсё выдаліў, таму калі да мяне прыехалі, я быў спакойны. Але сілавікі ўсё роўна знайшлі ў маім тэлефоне «кампрамат»: зачапіліся за тое, што я пераслаў навіну ў прыватнай перапісцы свайму сябру — з канала, які на той момант не быў прызнаны экстрэмісцкім. Але гэта не адыграла аніякай ролі, я атрымаў 13 сутак на Акрэсціна і штраф. 

Пакуль Аляксандр знаходзіўся на Акрэсціна, губазікаўцы пільна вывучалі змесціва яго мабільнага, правяралі айдзі акаўнту тэлеграма ва ўсіх магчымых базах. 

— Адчуваў, што кола вакол мяне сціскалася ўсё вузей. Неўзабаве мне патэлефанаваў міліцыянт і сказаў, што я, маўляў, стаў сведкам ДТЗ і што мушу даць паказанні з гэтай нагоды. Пытаюся: «Дык а дзе і калі адбылося ДТЗ?» Ён кажа: «Гэта службовая інфармацыя, не для разгалошвання». Вядома, што мэта была сустрэцца са мной, плюс гэты службоўца максімальна імкнуўся выцягнуць з мяне як мага болей асабістай інфармацыі. Я зразумеў, што справа пахне керасінам і прыняў рашэнне з’ехаць, гэта быў пачатак 2023 года, — распавядае былы палітвязень.

Уцячы з Беларусі ў Аляксандра не атрымалася.

— У мяне не было візы, таму я найперш паехаў у Расію. Калі патэлефанаваў адтуль сваякам, яны сказалі, што да мяне ўжо прыходзілі, а на маёмасць накладзены арышт. Я разумеў, што я невыязны, таму на нейкі перыяд згубіўся ў Расіі, спрабаваў знайсці шляхі адступлення. І, думаю, атрымалася б, калі б не пачалася вайна з Украінай — праз гэта сітуацыя на мяжы кардынальна змянілася.  

Знаёмы, да якога я звярнуўся па дапамогу, сказаў, што прабіў мяне па базе, і што нібыта я не ў вышуку. Я падумаў: чым чорт не жартуе? І набыў квіток у Грузію. Але ў расійскім аэрапорце мяне затрымалі — «да высвятлення абставінаў». 

Дзяжурны змены стэлефанаваўся з беларускімі праваахоўнікамі і па выніках размовы сказаў мне: «Ты ў вышуку і ў цябе зараз два варыянты. Альбо ты сам набываеш квіток і ляціш у Мінск, а там цябе сустрэнуць і табе гэта залічыцца, альбо ж мы афармляем цябе тут і будзем цябе экстрадаваць. Але да гэтага паўгодзіка ты тут пакатаешся па розных месцах.

Я так прыкінуў і вырашыў: не буду губляць час у расійскіх СІЗА, мяне ж у любым выпадку ўжо не адпусцяць, выдадуць Беларусі. Тады я яшчэ не ведаў, што час, праведзены ў расійскіх следчых ізалятарах, залічыўся б і ў мой будучы тэрмін у Беларусі. 

Карацей, я набыў квіток на Мінск, дзе мяне сустрэлі па прылёце, надзелі кайданкі і завезлі ў РАУС на маю малую радзіму. Дарэчы, кайданкі мне зацягнулі вельмі моцна. 

Неўзабаве мне прад’явілі абвінавачванне — «абраза прэзідэнта». 

Спачатку мяне кінулі ў камеру ІЧУ з бамжом, які спрабаваў правакаваць мяне. Праз два дні перавялі ў іншую. Пасцельныя прыналежнасці не выдавалі, курыць не дазвалялі, па 3-4 разы на дзень адбываўся вобшук, пры якім часта ставілі ластаўкай і прымушалі спяваць дзяржаўны гімн. Калі чалавек адмаўляўся, яго збівалі дубінкамі. 

У СІЗА Баранавічаў было спакайней, чым у ІЧУ. Але з лістамі там, як і потым у калоніі, была бяда. Пакуль знаходзіўся ў следчым ізалятары, напісаў 36 лістоў дадому, з іх сваякі атрымалі толькі 8. 

На судзе мяне прызналі віноўным і далі год пазбаўлення волі. Як у былога вайскоўца, у мяне было шмат узнагарод, станоўчыя характарыстыкі з месцаў працы, але суд, вядома, на гэта не глядзеў. Мяне ўсё роўна асудзілі. 

Напярэдадні судовага разбіральніцтва мае сваякі абышлі 14 адвакатаў і ніводзін з іх не пагадзіўся мяне абараняць. Я атрымаў дзяржаўнага, але адмовіўся ад яго, бо не бачыў сэнсу ў такім абаронцы. 

На судзе я шмат казаў пра парушэнні закона з боку праваахоўных органаў: з боку следчага, суддзі, спасылаўся ў сваіх довадах на Крымінальны кодэкс, але мяне ніхто не слухаў. 

Глядзіце таксама

«У калоніі клалі на падлогу ў позе ластаўкі»

— Пасля быў этап у ПК-17 у Шклоў, — дзеліцца ўспамінамі хлопец. — У размеркавальным пункце, калі нас абшуквалі, то на ўсіх палітычных адразу вешалі парушэнні, я не стаў выключэннем. Прыдумлялі што заўгодна — нібыта не павітаўся з супрацоўнікам і гэтак далей. Але ў той момант да нас правілы ўнутранага распарадку не былі даведзеныя: яны павінны ўступаць у сілу пасля таго, як ты з імі азнаёмішся. Я сказаў аб гэтым турэмнікам, але ім што гарох аб сцяну. 

Пасля пайшло і паехала. Неяк за пяць дзён я атрымаў адразу пяць рапартаў. У калоніі прышыць табе парушэнне — раз плюнуць. Вельмі чапляліся да галення, часам даводзілася галіцца па два-тры разы на дзень. Стаю неяк на праверцы, супрацоўнік пытаецца: «Калі ты апошні раз галіўся» Кажу: «Толькі што». 

Праз некалькі дзён прыходзіць іншы супрацоўнік і кідае: «Пішы тлумачэнне, чаму на праверцы знаходзіўся ў страі няголены». І гэта самыя простыя рэчы, за якія заўсёды можна было «зачапіцца». Турэмнікі стараліся вешаць як мага болей парушэнняў на палітвязняў, каб пазбавіць іх пасылак, спатканняў, ну і, вядома, каб даслаць чалавека ў ШІЗА. Яшчэ адна ўлюбёная фішка ў калоніі — каб усе палітвязні перад вызваленнем зноў прайшлі праз ШІЗА. 

Глядзіце таксама

Уся карная сістэма пабудаваная на запалохванні і страху. Але калі супрацоўнікі адміністрацыі бачаць, што ты не баішся, яны губляюцца. 

Пасля сканчэння камісій па пакаранні, што адбывалася ў кабінеце начальніка калоніі, табе заломвалі за спінай рукі і ў позе ластаўкі выводзілі з кабінета. Такім чынам, што ты мог адчыніць галавой дзверы. Гэта быў улюбёны прыёмчык аднаго з кіраўнікоў шклоўскай калоніі — на жаль, зараз не магу дакладна згадаць яго прозвішча. Начальнік на гэта глядзеў ухваляльна. 

Таксама палітвязняў часта кідалі ў рэжымным аддзеле на падлогу: ты там ляжыш з рукамі за спінай, максімальна шырока разводзіш ногі ў бакі, і ў такой позе цябе абшукваюць. Праз нейкі час вязня забіраюць — дакладна гэтак жа заламаўшы табе рукі, і вядуць у ШІЗА. 

У ПК-17 было два-тры супрацоўнікі, якія мэтанакіравана жасцілі, адчувалі сваё поўнае ўсеўладдзе, сваю беспакаранасць. Вельмі шмат сабе дазвалялі. Увогуле стаўленне да палітычных было жорсткім.

Харчаванне ў калоніі было вельмі нізкакаларыйнае. Нават калі ты даволі шчыльна пад’еў у сталоўцы, праз 2-3 гадзіны ты зноў галодны. Многія асуджаныя за пару месяцаў там гублялі па 15 кілаграм. 

З карэспандэнцыяй таксама была суцэльная бяда.

«Я вярнуся»

— Я выдатна разумеў, што пасля вызвалення мая свабода будзе вельмі адноснай, — кажа былы палітвязень. — Пагроза паўторнага арышту была відавочнай. І на гэты раз мне б далі ўжо нашмат болей і даслалі б на строгі рэжым. І гэта ж не толькі выкрэсленыя гады, але і адсутнасць магчымасці штосьці рабіць для Беларусі і дэмакратычных перамен, для маіх паплечнікаў. Думаю, што ў бяспецы я змагу быць больш карысным, чым за кратамі. Я дужа ўдзячны ўсім за салідарнасць і падтрымку, дужа ўдзячны ўсім, хто выйшаў на вуліцы бараніць Беларусь і наш выбар. 

Будучыня Беларусі адназначна дэмакратычная. Гэта зойме пэўны час, але яна абавязкова надыйдзе. 

Веру, што абавязкова вярнуся ў Беларусь.

Герой публікацыі выказывае падзяку за дапамогу ў эвакуацыі праекту «Зямля» Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» і камандзе BYSOL.