Яшчэ адзін філіял пекла. Як катавалі людзі ў жніўні 2020 года ў Маскоўскім РУУС

Праваабаронцы сабралі сведчанні пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў у першыя паслявыбарчыя дні ў жніўні 2020 года. Гаворка ідзе пра Маскоўскі РУУС Мінска — названыя імёны катаў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікаваў грамадскае расследаванне злачынстваў, учыненых у Маскоўскім РУУС 9-13 жніўня 2020 года — пасля прэзідэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў, якія рушылі за імі. Гэта ўжо пятае па ліку ўпраўленне ўнутраных спраў Мінска, дзе праваабаронцам удалося аднавіць дэталёвую храналогію злачынстваў і меркаваных вінаватых па сведчаннях пацярпелых. Удзельнікам расследавання ўдалося даведацца пра катаванні ў Фрунзенскім РУУС і ў ЦІПе на Акрэсціна.

Гэтым разам карціну падзей эксперты камітэта аднаўлялі на аснове 48 індывідуальных інтэрв'ю з людзьмі, якія былі затрыманыя і дастаўленыя ў Маскоўскае РУУС. Таксама былі прааналізаваныя фотаздымкі траўмаў і медыцынскія дакументы пацярпелы, паведамляе тэлеканал «Настоящее время». Расследаванне паказала, што затрыманыя, якія прайшлі праз гэтае ўпраўленне ўнутраных спраў, падвяргаліся не толькі збіццю і здзекам, але і пагрозам сексуалізаваным гвалтам. Адзін пацярпелы паведаміў пра згвалтаванне дубінкай.

«Білі не чалавека, білі чалавекам — аб падлогу, аб сцены»

У Маскоўскім РУУСе затрыманых праганялі праз «калідор» амапаўцаў: людзей білі на шляху ад аўтазака да будынка і на лесвіцах. Вось як гэта апісвалі пацярпелыя, дастаўленыя ў аддзяленне 10 жніўня 2020 года:

«Хлопец, які перад мной ішоў... яго білі да гэтага, альбо яму было цяжка з нейкіх прычын, калі ён падымаўся на апошняй лесвіцы, ён спатыкнуўся і ўпаў. Яго вельмі моцна пачалі біць, кулаком па нырках, са спіны з крыкамі "Уставай", а ён задыхаўся».

«Хлопца перада мной спецыяльна галавой аб дзвярны вушак уваходу ў РУУС ударылі. Ён закрычаў ад болю. У адказ на гэта яго пачалі біць па галаве і гарлапаніць: "Заткніся, сука!"»


Глядзіце таксама

«Быў чалавек, які задыхаўся ад таго, што яго вельмі моцна ўдарылі кудысьці ў грудзі ці ў жывот. Ён крычаў свой дыягназ, каб яму выклікалі лекара. Усё, што зрабіў АМАП, гэта ўзяў пяцілітровую бутэльку вады, ударыў яго і выліў яму ваду на галаву».

Затрыманых збіралі ў актавай зале. Паводле сведчанняў пацярпелых, людзей клалі на падлогу адно на аднаго і прымушал тых, хто прыбывалі, ісці па тых, хто ляжаў:

«Мы заходзім у гэтую актавую залу — і там людзі ляжаць на падлозе. Проста штабелямі ляжаць з рукамі за галавой, і той сілавік, які мяне вядзе, ён кажа: "Ідзі". Ён хацеў, каб я проста ішоў па гэтых людзях. Я спрабаваў іх неяк пераступіць, дзесьці на кагосьці выпадкова наступаў. Спрабаваў не наступаць, але гэта было складана, бо там іх вельмі шмат».

Збіццё працягваліся і ў кабінетах, куды затрыманых выводзілі для вопісу рэчаў і надглядаў:

«На даглядзе паставілі рукамі да сцяны... У мяне было перабінтавана калена. Ён мне за гэта ўдарыў у вобласць ногі проста над костачкай. Ён увесь бінт гэты дастаў, выкінуў, крычаў: "Глядзіце, у яго бінты, ён нас душыць збіраецца!" І ўдарыў мяне за гэта па назе».

Сведкі паказалі, што падлога ў будынку РУУС была ў крыві і спаражненнях, бо людзей моцна білі і не давалі хадзіць у прыбіральню:

«Калі я там ляжаў, некаторыя крычалі: "Вось, ён аброблены, у штаны наклаў!" Гэта значыць людзей прымалі так жорстка, што некаторыя або былі моцна збітыя, або вось ад страху».

«Уначы некаторыя праваахоўнікі дазвалялі хадзіць у прыбіральню — іншыя камандавалі рабіць гэта "пад сябе"».

11 жніўня збіццё і катаванні затрыманых працягваліся. Сведкі расказвалі пра вельмі цяжкі маральны стан ад таго, што ім даводзілася бачыць і чуць:

«За сцяной актавай залы... кагосьці збівалі. Былі гукі ўдараў, стогны, крыкі, прычым былі такія, што сцены трэсліся, гэта значыць не білі чалавека, а білі чалавекам — аб падлогу, аб сцены».

Да дзяўчат таксама ставіліся жорстка, адзначалі пацярпелыя: «У дзяўчыны затрыманай, быў, верагодна, пірсінг на грудзях. Яго даставалі абцугамі».

«Дзяўчатам таксама пагражала дзяўчына, якая супрацоўніца: "Я цябе зараз пастрыгу, прастытутка! Што табе дома не сядзіцца? Ведаеш, што з табой будзе ў турме? Я ўсё для гэтага зраблю, я гэтаму паспрыяю, каб табе там добра жылося!"».


Глядзіце таксама

У актавай зале людзей прыніжалі, прымушаючы паўзці да трыбуны, дзе сядзелі сілавікі РУУСа, сведчылі затрыманыя:

«На пачатку яшчэ калідора прымусілі паўзці да трыбун, гэта ў іх зала нарад, нешта такое. Вось такое памяшканне, дзе з аднаго боку, як у кіназалі, крэслы, крэслы, не ведаю, і з другога гэтыя трыбуны... і крык, плач, усе разам. Мяне паклалі — і "Паўзі!"».

«Мне загадалі легчы, рукі завесці за спіну і адштурхоўвацца аднымі нагамі, паўзці ў бок людзей, якія ляжаць ужо там. Я, натуральна, не стаў гэтаму супраціўляцца, папоўз, як атрымлівалася. Дапоўз наперад па слядах крыві».

Затрыманыя расказвалі, што бачылі на падлозе ў РУУС не толькі сляды крыві, але і чалавечыя зубы.

«Перада мной бег хлопец. Яму, я не ведаю чым, хутчэй за ўсё чаравіком, прыляцела ў твар, і проста там убачыў, як некалькі зубоў проста вось вылецела ў яго з рота, і, карацей, зразумеў, што трэба хоць твар паспрабаваць захаваць...»

Таксама сведкі паведамілі пра катаванні вадой у прыбіральні: «Тут жа яго кінулі, узялі мяне. Як пасля аказалася, гэта вадзілі ў прыбіральню і тапілі ва ўнітазе. Пакуль зліўны бачок набіраўся, пераносілі ў ракавіну, тапілі ў ракавіне. Потым бачок набіраўся, назад ва ўнітаз, зноў злівалі і тапілі».

Згвалтаванне і пагрозы сэксуалізаваным гвалтам

Як паведамляюць аўтары дакладу, 12 жніўня паміж 20:00-24:00 адзін з сілавікоў падчас допыту ўчыніў акт сэксуальнага гвалту затрыманага мужчыны міліцэйскай дубінкай. Пра гэта Міжнароднаму камітэту расказаў сам пацярпелы. Падрабязнасці злачынства ў справаздачы не прыводзяцца.

У ёй таксама ёсць сведчанні іншых пацярпелых, якім у Маскоўскім РУУС пагражалі згвалтаваннем або падвяргалі гвалтоўным дзеянням сэксуальнага характару. Адзін з пацярпелых расказваў, што людзі прасілі перастаць іх біць, на што амапаўцы, спыняючыся, пыталіся: «З прэзерватывам або без?»

Вось што згадваў дастаўлены ў РУУС 10 жніўня чалавек: «Працягваў збіваць і пры гэтым часта вельмі акцэнтаваў увагу на тое, хто мне заплаціў. Пачаў здымаць штаны, кажа: "Я цябе зараз я*аць буду, Прынясіце прэзерватывы". Пачынае біць якраз па пятай кропцы, і там ужо пачынае вадзіць менавіта дубінкай вакол пятай кропкі. Ён проста ў твар глядзіць, пытаецца: "Ты разумееш, што мы цябе зараз выя*ем?" Распісвае ў дэталях, як і што са мной зробіць, калі я не скажу, хто мне заплаціў».

А вось паказанні дастаўленага ў Маскоўскае РУУС 11 жніўня:

«На адрас Ціханоўскай Святланы таксама казалі, што "ваша прастытутка цяпер на Кіпры сядзіць з вашымі грашыма, а вы тут павяліся, што перамен вы хочаце. Вось вам перамены, мы вас усіх задаволім, будзем цяпер вас гвалтаваць дубінкамі, усё запісваць на відэа і адпраўляць у турмы, каб вам там не здавалася жыццё мёдам"».


Глядзіце таксама

Іншаму затрыманаму сілавікі пагражалі згвалтаваць яго, а таксама збіць яго дзяўчыну, калі ён не падпіша пратакол:

«Мая дзяўчына ўвесь гэты час званіла мне на мой тэлефон. Яны пагражалі, што калі я не падпішу ўсё, то яны знойдуць маю дзяўчыну, адправяцца да яе і прывязуць таксама сюды. Адзін з іх сказаў, што ў дзяўчат хоць болевы парог і вышэй, але пачынаюць гаварыць яны хутчэй. Я маліў іх, кляўся. "Калі ласка, не біце", і гэтак далей. Але абсалютна ніяк гэта на іх не дзейнічала. Тыкалі дубінкай у задні праход. Скажам так, праз штаны».

Пацярпелыя таксама апісалі такі факт зневажальнага абыходжання: сілавікі атрымалі доступ да змесціва тэлефона затрыманага і публічна ў актавай зале пры іншых людзях праглядалі відэазапіс сэксуальнага характару з яго ўдзелам. Праваабаронцы адзначаюць, што прымус усіх прысутных, у тым ліку непаўнагадовых, праслухоўваць аўдыёзапіс сэксуальнага характару таксама з'яўляецца сэксуалізаваным гвалтам у дачыненні да іх і агулам лічыцца парушэннем свабоды і асабістай недатыкальнасці. Гэтыя дзеянні сілавікоў на тэрыторыі Маскоўскага РУУС Мінска аўтары расследавання прапануюць кваліфікаваць як сістэмныя акты сэксуальнага гвалту, учыненыя прадстаўнікамі дзяржавы, — як частку структурнага або інстытуцыйнага гвалту, удакладняюць эксперты.

«Нас было ў адзіночнай камеры 30 чалавек»

Пацярпелыя расказалі, што камеры Маскоўскага РУУС у тыя дні былі перапоўненыя. Людзей не кармілі, амаль не давалі вады, адмаўляліся вадзіць у прыбіральню.

«Нас пачалі ў адзінкавыя камеры адводзіць і ставіць адно да аднаго спінай. Нас было ў адзіночнай камеры 30 чалавек. Нас усіх забілі ў камеры, прычым гэтыя камеры так зробленыя, там ёсць вентыляцыйныя шахты, вентылятары самі там чымсьці замазаныя, што 30 чалавек у камеры — дыхаць няма чым».

Некалькі сведак расказалі, што 12 жніўня падвергліся катаванню газам у такой перапоўненай камеры. Супрацоўнікі патрабавалі ад затрыманых знаходзіцца ў камеры, трымаючы рукі за спінай і нахіліўшы галаву да падлогі — толькі так. Каб гэтае патрабаванне выконвалася, яны пагражалі распыліць газ. І ў адной камеры выканалі гэтую пагрозу.

«Тут праходзіць нейкі час, ён (канваір.Заўв. рэд.) адчыняе дзверы, паварочваецца да нас і кажа: "Я вас папярэджваў". І пырскае газам проста на майку. Усім становіцца дрэнна. Я кажу хлопцам, каб мы не рухаліся. Каму дрэнна — кладзіцеся туды ўніз, таму што газ будзе падымацца і [будзе лягчэй], і не спрабуйце не церці твар. Мы нейкі час стаім у газе. Гэта самае горшае, што было ў гэтым усім. Увесь гэты боль — не так страшна, а вось гэта было страшна... Ну, гэта проста самае нізкае, што можна зрабіць. У замкнёнай прасторы, напшыкаць з балончыка, і пры гэтым ён атрымліваў нейкае задавальненне, ці што».


Глядзіце таксама

Акрамя таго, затрыманыя 12 жніўня сталі сведкамі збіцця сілавікамі лекара за тое, што той дапамагаў параненым падчас акцыі пратэсту людзям:

«Быў хлопец, ён быў лекарам, на ім была апранутая медыцынская форма... І яны білі яго праз тое, што ў яго былі нейкія прэпараты ў сумцы. Ён кажа: "У мяне была ўчора змена, а сёння, улічваючы тое, што адбываецца, я хацеў дапамагчы людзям". Але яны яго білі і абзывалі за прэпараты ў сумцы, якія, як яны хацелі паднесці, мелі нейкую баявую каштоўнасць».

Фізічныя траўмы і псіхалагічны стан

Эксперты Міжнароднага камітэта, які праводзіў расследаванне, таксама зафіксавалі траўмы пацярпелых і прааналізавалі, якія з іх сустракаліся ў Маскоўскім РУУСе часцей за ўсё. Гэта гематомы мяккіх тканак, раны, удары, вывіхі і пераломы, закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы. Адзін з апытаных паказаў на выяўленне ў яго гематомы ныркі. Аднаўленне пасля атрыманых траўм займала ад тыдня да некалькіх месяцаў.

У расследаванні эксперты камітэта паказваюць, што амаль усе апытаныя сказалі, што пасля перажытага ім было страшна выходзіць з дому, яны асцерагаліся паўторнага затрымання. Чатыры чалавекі расказалі, што ў іх пачалася параноя і манія пераследу.


Глядзіце таксама

«Што тычыцца псіхалагічнага стану, насамрэч, проста жудасны. Таму што гэты дзікі страх, які быў там, суправаджаў мяне кожную секунду. Страх за родных. Таму што мне, груба кажучы, пагражалі, што знойдуць маю дзяўчыну, так, і будуць збіваць яе таксама. Гэта значыць, гэта жудасны страх, у першую чаргу, за родных, за сябе».

Частка пацярпелых паведамілі, што пасля перажытага сутыкнуліся з панічнымі атакамі, бессанню.

Падазраваныя ў злачынствах і кваліфікацыя іх дзеянняў

Як высветлілі следчыя, асноўную карную функцыю ў Маскоўскім РУУСе Мінска 9-13 жніўня 2020 года ажыццяўляў АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, якім кіраваў Дзмітрый Балаба. Менавіта ён нясе персанальную адказнасць за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека, адзначаюць праваабаронцы. Таксама адказнасць ляжыць на начальніку Маскоўскага РУУСа Максіме Гамоле.

Многія сілавікі, якія збівалі затрыманых і пагражалі ім, спрабавалі хаваць свае персанальныя даныя: на іх не было бэйджаў з указаннем прозвішча, імя, пасады і звання, многія насілі балаклавы або медыцынскія маскі на твары, што абцяжарыла працэс апазнання.

Тым не менш, экспертам удалося ўстанавіць 14 імёнаў супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС, якія непасрэдна прымалі ўдзел у катаваннях ці не перашкаджалі ім.


Так, пацярпелыя апазналі і заявілі, што іх збівалі супрацоўнікі Маскоўскага РУУС Аляксандр Байдалаў, Дзмітрый Андросаў, Павел Рухлянскі, Мікалай Балбуцкі, Аліна Бабак. Сярод тых, хто бачыў здзекі з затрыманых, але не распачаў спробы іх спыніць, пацярпелыя назвалі імёны і пазналі Уладзіміра Гаркушу, Сяргея Маліноўскага, Паўла Бакачэўскага, Сяргея Андрэенку, Аляксандра Дразда, Марыю Абметка, Мікалая Зеляноўскага, Аляксандра Аляшкевіча, Паўла Гомана.

Праваабаронцы лічаць, што ўсе 106 супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС, якія знаходзіліся ў гэтыя дні на яго тэрыторыі, у той ці іншай меры прымалі ўдзел у злачынных дзеяннях супраць затрыманых.

Абапіраючыся на сабраныя доказы, эксперты Міжнароднага камітэта прыходзяць да высновы, што сілавікі МУС Беларусі на тэрыторыі РУУС Маскоўскага раёна Мінска ажыццяўлялі масавыя і сістэмныя акты катаванняў і гвалту, у тым ліку сэксуалізаванага, дапускалі здзекі і жорсткае абыходжанне ў дачыненні да затрыманых.


Глядзіце таксама

Гэтае злачынства падпадае пад арт.128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — «Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва». Згодна з ім, незаконнае ўтрыманне ў зняволенні, за якім ідуць катаванні або акты жорсткасці, што здзяйсняюцца ў сувязі з палітычнымі перакананнямі грамадзянскага насельніцтва, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 25 гадоў, альбо пажыццёвым пазбаўленнем волі, альбо смяротным пакараннем. Вінаватыя ў здзяйсненні гэтага злачынства не падлягаць вызваленню ад крымінальнай адказнасці або пакаранню ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці. З пункту гледжання міжнароднага крымінальнага права, апісаныя пацярпелымі акты гвалту кваліфікуюцца як злачынствы супраць чалавечнасці, адзначаюць аўтары дакладу.