Дэ-юрэ – не прызнаем, а дэ-факта – супрацоўнічаем: Беларускі бізнес у Крыме і ў Данбасе

Выхадцы з Беларусі ўдзельнічаюць у больш чым 60 кампаніях, якія працуюць на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, паведамляе «Бюро медыя». Большасць з іх зарэгістраваныя пасля 2014 года і займаюцца гандлем і будаўніцтвам.

rassledavanne_pra_biznes_u_kryme.jpg

Дэ-юрэ – не прызнаем, а дэ-факта – супрацоўнічаем. Такая асаблівая пазіцыя крамлёўскага саюзніка Лукашэнкі па Крыме і Данбасе. Заходнія інвестары не ідуць у гэтыя рэгіёны з палітычных меркаванняў або пад пагрозай санкцый. Беларускія прадпрымальнікі, наадварот, разгарнулі даволі шырокую дзейнасць на захопленай расійскімі войскамі зямлі.

«Бюро» выявіла дзясяткі арганізацый з беларускім капіталам у Сімферопалі, Севастопалі, Марыупалі і іншых акупаваных месцах. Мы падрабязна раскажам пра некаторыя з іх. Нітачкі ад адной фірмы вядуць да ўплывовай сям’і, уладальнікі іншых кампаній – спартовы функцыянер, былы чыноўнік і супрацоўнік КДБ.

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з праектам украінскай службы «Радыё Свабода» «Схемы» і на падставе звестак, пададзеных «КіберПартызанамі». Мы таксама дзякуем за дапамогу калегам з расійскага незалежнага выдання «Важные истории».

Глядзіце таксама

Спартовы інтарэс

Прыватны сектар у прыгарадзе Еўпаторыі. За кіламетр ад чарнаморскага ўзбярэжжа ўзвышаецца бледна-ружовы корпус санаторыя «Карал». Шасціпавярховы пансіянат са спартовым залам і басейнамі, кавярняй і дзіцячай пляцоўкай прапаноўвае кліентам не толькі адпачынак, але і лячэнне. Курорт вядомы гаючай граззю з даўніх часоў. Пуцёўка на дваіх на два тыдні з пражываннем, харчаваннем і працэдурамі будзе каштаваць прыкладна тысячу долараў. Работнікі санаторыя абяцаюць знайсці месцы на ліпень і жнівень.

Санаторый «Карал». Фота перадалі супрацоўнікі санаторыя

Санаторый «Карал». Фота перадалі супрацоўнікі санаторыя

 Адзін з гаспадароў «Карала» – ураджэнец Пінска Віктар Крэйдзіч. Ён не толькі бізнэсовец, але і спартовы функцыянер. 63-гадовы паляшук – намеснік старшыні Беларускай федэрацыі барацьбы. Яшчэ ў 2005 годзе Крэйдзіч і яго партнёры выкупілі пад Еўпаторыяй адміністрацыйны будынак і рэстаран і перадалі іх у гатэльны комплекс. Калі Расія анексавала Крым, санаторый «Карал» шырока расчыніў свае дзверы для гасцей з Масквы. Нічога асабістага. Проста бізнэс. 

Віктар Крэйдзіч. Крыніца: rf-rb.ru

Віктар Крэйдзіч. Крыніца: rf-rb.ru

З 2015 па 2022 гады «Карал» склаў больш за два дзясяткі дамоваў з маскоўскімі ўладамі на аказанне паслуг санаторна-курортнага лячэння. Агульны кошт дзяржкантрактаў – больш як 4 мільёны долараў. У кавідныя гады «Карал» таксама атрымаў фінансавую падтрымку ад расійскіх уладаў – амаль 20 тысяч долараў дзяржаўных субсідый і грантаў. Санаторый працуе па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, яго абароты складаюць сотні тысяч долараў за год.

Партнёры Крэйдзіча па «Карале» – украінкі Фаіна Тэдзеева і Наталля Шчокіна.

Тэдзеева – былая жонка Эльбруса Тэдзеева. Гэта еўрапейскі і алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе і былы дэпутат ад Партыі рэгіёнаў, які называў былога ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча сваім «царом і богам». Дарэчы, паводле звестак СМІ, памочнікам народнага дэпутата Тэдзеева ў адзін час быў цяперашні кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.

Шчокіна – жонка Расціслава Шчокіна. Гэта педагог і заслужаны спартовец. Ён узначальвае Асацыяцыю спартовай барацьбы Кіева і Міжрэгіянальную акадэмію кіравання персаналам. 

Эльбрус Тэдзееў (першы злева) і Расціслаў Шчокін (другі злева). Крыніца: aspi.com.ua

Эльбрус Тэдзееў (першы злева) і Расціслаў Шчокін (другі злева). Крыніца: aspi.com.ua

Фаіна Тэдзеева сказала, што не ў курсе наконт бізнэсу ў анексаваным Крыме. Яна параіла звярнуцца з гэтым пытаннем да былога мужа, але Эльбрус Тэдзееў не адказаў на паведамленні і тэлефанаванні. Расціслаў Шчокін расказаў, што яго сям’я ведае Крэйдзіча, але вельмі даўно з ім не кантактуе. Пра работу санаторыя «Карал» яны нічога не ведаюць.

«Мы не ведаем, што адбываецца на акупаваных тэрыторыях», – сказаў Шчокін.

Пазней прадстаўніца сям’і патлумачыла, што пасля анексіі Крыма дырэктар санаторыя «Карал» самастойна зарэгістраваў прадпрыемства ў расійскім рэестры, бо была вельмі спрошчаная працэдура. Наталля Шчокіна не ведала пра гэта і не давала згоды на перарэгістрацыю прадпрыемства, таму яна звярнулася ў суд, каб прызнаць рашэнне несапраўдным і ліквідаваць прадпрыемства. Суд запрасіў узоры подпісаў, але падаць іх у Крыме пакуль немагчыма і недапушчальна, патлумачыла прадстаўніца Шчокіных. З гэтай прычыны справа заглухла.

Мы здабылі рэгістрацыйныя дакументы «Карала», згодна з якімі сітуацыя выглядае іначай. У лістападзе 2014 года ў Еўпаторыі прайшоў агульны сход уладальнікаў санаторыя. На ім зацвердзілі новы статут, падзялілі долі ў кампаніі і вырашылі зарэгістраваць прадпрыемства ў расійскім рэестры. Свае подпісы пад гэтым рашэннем паставілі Шчокіна і Тэдзеева. Подпісу Крэйдзіча пад пратаколам няма, яго не было на сходзе. Тым не менш санаторый «Карал» афіцыйна зарэгістравалі па расійскіх законах.

Глядзіце таксама

Усё ішло добра. «Карал» атрымліваў дзясяткі тысяч долараў штогод, рэгулярна выконваючы дзяржаўныя замовы. У гэты час Шчокіна ездзіла ў Крым. Сітуацыя змянілася пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. На гарызонце з’явіўся Віктар Крэйдзіч. Ён заявіў, што не ўдзельнічаў у агульных сходах уладальнікаў «Карала» і не галасаваў ні за якія рашэнні. Над санаторыем навісла пагроза ліквідацыі. Тады Крэйдзіч напісаў ліст у падатковую, дзе папрасіў не закрываць прадпрыемства.

«…Таварыства павінна працягваць камерцыйную дзейнасць, браць удзел у сацыяльных праграмах, плаціць падаткі. Мной робяцца захады па [...] узнаўленні працы таварыства...» – напісаў беларускі бізнэсовец у сакавіку гэтага года. Расійскія ўлады пайшлі яму насустрач і спынілі працэдуру выключэння «Карала» з расійскага рэестра.

Журналісты-расследавальнікі звязаліся з уласніцамі санаторыя паўторна. Шчокіна адмаўляе, што падпісвала якія-небудзь дакументы пасля анексіі Крыма. «Пасля 2014 года кантроль над прадпрыемствам фактычна згублены», – напісала прадстаўніца Шчокінай.

Тэдзеева патлумачыла, што ёй цяжка ўзгадаць падзеі дзесяцігадовай даўніны, але не выключыла, што магла падпісаць дакументы па просьбе былога мужа.

Дырэктар санаторыя «Карал» Юрый Півавараў сказаў, што ўладальнікі ведалі пра рэгістрацыю прадпрыемства ў Расіі. Па падрабязнасці ён параіў звярнуцца да Віктара Крэйдзіча.

Беларускі бізнэсовец спачатку адмовіўся ад каментараў па тэлефоне, панаракаўшы на занятасць, але пазней напісаў нам паведамленне:

«Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь! І гэтым ганаруся! І да Украіны не маю ніякага дачынення! А домыслы і інтрыгі мяне не цікавяць...».

Зрэшты, лёс Крэйдзіча шчыльна звязаны з Украінай, дзе ён атрымаў прытулак, хаваючыся ад беларускіх сілавікоў. Цяпер спартовы функцыянер і бізнэсовец прасоўвае антыўкраінскія наратывы. Раскажам больш падрабязна пра яго жыццёвыя кульбіты.

Глядзіце таксама

Крымінальнае мінулае

Крэйдзіч – прадпрымальнік з 90-х, саўладальнік шэрагу кампаній пад агульнай назвай «Выток». Адны прадпрыемствы холдынга ўжо ліквідаваныя, іншыя працуюць і сёння. Смаргонская кампанія «Эліс» выпускае міжпакаёвыя дзверы. Пінская кампанія «Істок-Палесся» праводзіць тэхагляд машын і атрымлівае падрады ад розных дзяржустаноў. На блізкіх сваякоў таксама запісаная парачка фірмаў. 

rassledavanne_4.jpg

Бізнэс-кар’еру Крэйдзіча цяжка назваць крышталёва чыстай. Бізнэсовец засвяціўся ў дзвюх крымінальных справах у 2007 і 2008 гадах. Першая звязаная са злачыннай групай, якая шуравала на мытні «Заходні Буг» пад апекай сталічнага начальства. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, хітрыя дзялкі пераправілі з Еўропы ў Расію не менш за тысячу партый бытавой і камп’ютарнай тэхнікі, адзення і абутку па падробленых дакументах, каб не плаціць мытныя пошліны ў беларускі бюджэт. Адзін з эпізодаў апісвае ролю Крэйдзіча як пасярэдніка ў перадачы хабару для мытнікаў. Гаворка ідзе пра суму ў дзесяць тысяч долараў.

Другая справа таксама звязаная з карупцыяй. Яе галоўны фігурант – былы намеснік начальніка камітэта па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Мікалай Кудзелка. Палкоўнік у запасе браў хабар за крышаванне бізнэсу. Крэйдзіч перадаў яму за два заходы 20 тысяч долараў. Першы раз – у лесе ля возера ва Уздзенскім раёне, а другі ў Мінску каля гатэля «Беларусь». Мінгарсуд даў Кудзелку дзевяць гадоў калоніі, а Крэйдзіча да таго часу ўжо і следу не стала.

З сярэдзіны 2006 года ён атабарыўся ва Украіне, куды яго запрасілі на працу ў якасці трэнера нацыянальнай зборнай па вольнай барацьбе. Беларускія ўлады спрабавалі дамагчыся яго экстрадыцыі па абвінавачанні ў дачыненні да арганізаванай злачыннасці, дапамаганні хабарніцтву і іншых злачынствах. Спачатку Крэйдзіча затрымалі і хацелі выдаць. Ён абскардзіў экстрадыцыю ў судзе. Маўляў, у Беларусі яму пагражае небяспека «жорсткага абыходжання і несправядлівага судовага разбору з боку ўладаў». Пакуль ішоў разбор, Крэйдзіч атрымаў статус бежанца ва Украіне. У выніку яго не выслалі ў Беларусь.

Бізнэсовец даволі хутка знайшоў, чым заняцца ў новай краіне. Ён бенефіцыяр кіеўскіх кампаній «Экаманаліт» і «Элізэ», якія займаюцца аптовым і рознічным гандлем палівам.

Глядзіце таксама

За рускі свет

Доўгі час пра Крэйдзіча нічога не было чуваць. У 2017 годзе ён нечакана з’яўляецца ў Беларусі, дзе яшчэ дзесяць гадоў таму яго абвінавачвалі ў сур’ёзных карупцыйных злачынствах. Бізнэсовец справакаваў бойку на дарозе. Пра інцыдэнт пісала выданне tut.by. Крэйдзіч ехаў на «лексусе» на рынак «Ждановічы» і раптоўна спыніўся, каб высадзіць пасажыраў. На дарозе ўтварыўся затор. Адзін з кіроўцаў зрабіў заўвагу. Тады, паводле слоў кіроўцы, Крэздзіч яго ўдарыў. У размове з журналістамі бізнэсовец сказаў, што зрабіў апаненту «лёгкую падсечку»:

«Калі б я яго ўдарыў, ён быў бы ў рэанімацыі проста».

Бойка на дарозе не перашкодзіла Крэйдзічу разгарнуць актыўную грамадскую дзейнасць пасля вяртання на радзіму. Бізнэсовец увайшоў у прэзідыум грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якую пазней перайменавалі ў Міжнародную грамадскую палату. Яго можна было часта бачыць на спартовых мерапрыемствах і круглых сталах, дзе ў тым ліку ў коле сілавікоў абмяркоўвалі «мабілізацыю сумесных рэсурсаў грамадскасці, лідараў меркаванняў і экспертаў для аператыўнага рэагавання на недружалюбныя крокі трэціх краін».

Віктар Крэйдзіч (справа) і Фёдар Поўны (прыхільнік рускага свету і духоўнік Лукашэнкі). Крыніца: rf-rb.ru

Віктар Крэйдзіч (справа) і Фёдар Поўны (прыхільнік рускага свету і духоўнік Лукашэнкі). Крыніца: rf-rb.ru

Крэйдзіч – сустаршыня таварыства дружбы «Расія – Беларусь» і савета па ўмацаванні дружбы «Беларусь – Украіна – Расія – Кітай». Ад імя гэтых структур Крэйдзіч выступаў з прарасійскай і антызаходняй рыторыкай.

«Шмат людзей па-сапраўднаму любяць народы Беларусі і Расіі. Вядома, туды, бліжэй да Захаду, львоўскія бандэраўцы – гэта не нашы людзі, а Кіеў, Адэса, Харкаў – гэта нашы сябры і браты. Мы павінны гэта ўмацоўваць, развіваць. Спадзяемся, пры нейкай нашай малой дапамозе мы, можа, створым агульны саюз. І там будзе Украіна, у тым ліку», – казаў Крэйдзіч напярэдадні поўнамаштабнай вайны.

Расійскае ўварванне ва Украіну адна з узначальваных ім арганізацый лічыць «спецаперацыяй супраць пагрозы, якую Расія ўбачыла з боку ўкраінскага рэжыму».

Нядзіўна, што з такімі прарасійскімі поглядамі прадпрымальнік без дакораў сумлення вядзе бізнэс у анексаваным Крыме. Акрамя санаторыя «Карал» у яго таксама ёсць доля ў кампаніі «Юбіка». Фірма зарэгістраваная ў пасёлку Чырвонагвардзейскае ў маі 2017 года і займаецца гандлем нафтапрадуктамі. «Юбіка» шчыльна працавала з дзяржаўным прадпрыемствам «Крымаўтадар» і пастаўляла яму дарожны бітум. Агульная сума кантрактаў – 3,5 мільёна долараў.

Партнёр Крэйдзіча па крымскай фірме – ураджэнец Гомельскага раёна Юрый Калбаснікаў. У яго была доля ў беларускіх кампаніях, якія вырабляюць якраз прадукты з бітуму. Магчыма, ягоны досвед і сувязі прыдаліся ў Крыме. У лепшыя гады абароты «Юбікі» перавышалі мільён долараў. Свежых звестак кампанія не падала.

Крыніца ў праваахоўных органах Украіны паведаміла нам, што ў дачыненні да Крэйдзіча «вядзецца контрразведвальная праца».

Глядзіце таксама

Марыупальскі будаўнік

Беларусы маюць бізнэс не толькі ў Крыме, але і ў Данбасе, дзе ідуць цяжкія баі. Марыупаль – самы разбураны горад падчас гэтай вайны. Расійскія захопнікі ператварылі важнейшы ўкраінскі прамысловы цэнтр у руіны. Цяпер яго спешна забудоўваюць, каб, паводле звестак СМІ, схаваць сляды ваенных злачынстваў.

Вакансіі для будаўнікоў прапаноўвае марыупальская кампанія «М-С-М». Мулярам і бетоншчыкам гатовыя плаціць па сорак долараў за дзень. Падрабязнасцяў у перапісцы не паведамляюць, а проста прапаноўваюць прыйсці на сумоўе ў офіс недалёка ад разбуранага драмтэатра, дзе ад расійскіх бамбаванняў загінулі сотні мірных жыхароў.

Разбомблены будынак драмтэатра ў Марыупалі. Крыніца: Reuters

Разбомблены будынак драмтэатра ў Марыупалі. Крыніца: Reuters

Адзіны ўладальнік «М-С-М» – 49-гадовы беларус Уладзімір Унукаў. Пэўны час працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве «Беларуснафта», а потым заняўся індывідуальным прадпрымальніцтвам.

У 2015 годзе ў жыцці прадпрымальніка адбыліся кардынальныя змены. Яго затрымалі з вялікай колькасцю наркотыкаў. Пры сабе ў яго знайшлі скрутак і пакецік з сінтэтычным псіхастымулятарам альфа-PVP, а ў ягонай машыне выявілі 11 пакецікаў амфетаміну і яшчэ шэсць пакецікаў альфа-PVP. Агульная маса канфіскаваных рэчываў – больш як пяць грамаў. У фабуле крымінальнай справы пазначана, што Унукаў набыў наркотыкі «ў неўстаноўленым месцы і ў неўстаноўлены час без мэты збыту». Яму далі дзевяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з прымусовым лячэннем ад залежнасці.

Мяркуючы па ўсім, Унукаў выйшаў з калоніі раней тэрміну. У 2020 годзе з яго знялі абмежаванне на выезд з Беларусі. У размове з «Бюро» бізнэсовец расказаў, што не хацеў бы «варушыць мінулае». Паводле ягоных слоў, пасля вызвалення з калоніі ён спачатку пераехаў у Маскву, а потым яго паклікалі аднаўляць Марыупаль.

Першы час Унукаў працаваў у Марыупалі ў кампаніі «Прэміюм», якая рамантуе шматпавярховыя дамы і маласямейкі. Мясцовыя жыхары не заўсёды задаволеныя якасцю іх працы. У маі мінулага года мясцовыя чыноўнікі арганізавалі марыупальцам сустрэчу з прадстаўнікамі «Прэміюму», на якой быў і Унукаў. Падрадчык абяцаў «узяць усе пытанні на кантроль».

Уладзімір Унукаў (у цэнтры ў чорнай кепцы). Крыніца: mariupol-news.ru

Уладзімір Унукаў (у цэнтры ў чорнай кепцы). Крыніца: mariupol-news.ru

Саўладальнік «Прэміюму» – расійскі бізнэсовец Вячаслаў Кобец. Ён кіруе групай кампаній «МБК», якая займаецца чыгуначнымі перавозкамі, гандлем і будаўніцтвам. У групу «МБК» уваходзіць «Першая гранітная майстэрня», якая выпускае тратуарную і фасадную плітку ў Новасібірскай вобласці.

Адзін з партнёраў Кобеца па «Першай гранітнай майстэрні» – Сяргій Чайка. Гэта ўнук былога расійскага генпракурора Юрыя Чайкі. За гады працы на высокай пасадзе сям’я Чайкі пабудавала сапраўдную бізнэс-імперыю з інтарэсамі ў розных сферах – ад саляной прамысловасці і дэвелапменту да развіцця гарадскіх прастораў і вывазу смецця.

rassledavanne_8.jpg

Унукаў расказаў, што з Кобецам блізка не знаёмы і нічога не ведае пра яго дзелавых партнёраў.

«Я ад гэтага далёкі», – сказаў Унукаў.

Паводле яго слоў, цяпер ён не мае ніякага дачынення да кампаніі «Прэміюм» і развівае свой уласны бізнэс – «М-С-М». Кампанія зарэгістраваная ўсяго паўтара года таму, але пазіцыянуе сябе як «будаўнічая кампанія, якая дынамічна развіваецца і мае за плячамі ўдзел у больш як дзесяці буйных праектах па будаўніцтве і рэканструкцыі аб’ектаў у Маскве, Данецку і Марыупалі».

Глядзіце таксама

Паводле слоў Унукава, «М-С-М» вядзе ў Марыупалі аднаўленчыя працы па субпадрадных дамовах. Іх удалося атрымаць дзякуючы знаёмствам, якія з’явіліся ў яго на ранейшай працы.

«Мы адкрылі сваю кампанію і сталі працаваць самастойна. Лепей працаваць не па найме, а рухаць сваю справу. Тым больш што цяпер Марыупаль – гэта гістарычны момант. Вельмі хочацца паўдзельнічаць у гэтым праекце. Мне насраць, што могуць зрабіць украінскія ўлады. Я не лічу іх правамоцнымі», – сказаў Унукаў.

Мінулы год яго кампанія скончыла з выручкай у 290 тысяч долараў і чыстым прыбыткам у 2 тысячы долараў. Дарэчы, офіс «М-С-М» знаходзіцца ў адным будынку з марыупальскім філіялам кампаніі «Прэміюм». Акрамя таго, «М-С-М» карыстаецца адной і той жа поштай, што і іншая марыупальская фірма «Ліцій-М», адзіным уладальнікам якой з’яўляецца ўсё той жа Вячаслаў Кобец. Ён не адказаў на наш запыт.

Глядзіце таксама

Крымскія справы

Крэйдзіч і Унукаў – не адзіныя беларусы, якія займаюцца бізнэсам у Крыме і Данбасе. Усяго журналісты-расследавальнікі выявілі каля 60 кампаній з беларускім капіталам у акупаваных рэгіёнах Украіны. Большасць зарэгістраваныя пасля 2014 года і ў асноўным займаюцца гандлем і будаўніцтвам.

З мая мінулага года ў Сімферопалі працуе кампанія «АВ-Тэхнабуд». За год яна паспела атрымаць дзяржпадрады на капітальны рамонт будынкаў школы і дзіцячага сада, добраўпарадкаванне сквера і дваровай тэрыторыі ў Крыме. Агульная сума кантрактаў – каля 750 тысяч долараў.

Адзіны ўладальнік «АВ-Тэхнабуда» – 46-гадовы ўраджэнец Бабруйска Аляксандр Кажан. Бізнэсовец не хавае, што працуе ў Крыме, і не баіцца, што ў яго будуць праблемы з-за гэтага, таму што лічыць сябе «ў першую чаргу патрыётам Беларусі і, адпаведна, Саюзнай дзяржавы з Расіяй».

Аляксандр Кажан (у цэнтры з картай). Крыніца: e-zdravnitsa.ru

Аляксандр Кажан (у цэнтры з картай). Крыніца: e-zdravnitsa.ru

У размове з «Бюро» Кажан расказаў, што яго запрасілі ў Крым, таму што беларускія будаўнікі лічацца добрымі спецыялістамі, у чым ён бачыць заслугу Лукашэнкі. Паводле яго слоў, кампанія «АВ-Тэхнабуд» добра зарэкамендавала сябе, таму атрымлівала дзяржаўныя падрады ў Крыме на бясконкурснай аснове.

У Беларусі Кажан узначальваў бабруйскі філіял дзяржаўнага інстытута «Белжылпраект» і пагарэў на хабары. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, у 2007 і 2008 гадах чыноўнік атрымаў больш за дзве тысячы долараў за выраб праектна-каштарыснай дакументацыі па разнастайных праектах. На яго завялі крымінальную справу і далі шэсць гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць адказныя пасады. Кажан кажа, што не шкадуе пра гэты момант у яго жыцці.

«Я сваё адбыў і ўсё асэнсаваў. Цяпер так не раблю», – сказаў Кажан.

Пасля выхаду з калоніі ён адкрыў у Мінску архітэктурную фірму па сваім профілі – «АСТ-Профі Груп». Яна выконвала праектныя працы для розных прамысловых аб’ектаў. Кампанія працуе дагэтуль, але яе фінансавых паказчыкаў няма ў доступе, у адрозненне ад дадзеных па крымскай фірме Кажана. Летась выручка «АВ-Тэхнабуда» перавысіла 125 тысяч долараў, а чысты прыбытак – каля 35 тысяч долараў.

Яшчэ адна сімферопальская фірма з беларускімі каранямі – «Гандлёвы Дом – Крымбелхолдынг». Яна працуе з лютага 2016 года і займаецца пастаўкамі гідраўлікі для беларускай тэхнікі. Кампанія таксама вазіла ў Крым вадагрэйныя катлы і газавыя гарэлкі беларускай вытворчасці.

Дырэктар і саўладальнік «ГД-Крымбелхолдынг» – 60-гадовы ўраджэнец Пухавіцкага раёна Уладзімір Акуліч. Яго жонка і дачка нарадзіліся ў Сімферопалі, але потым пераехалі ў Беларусь. Жонка працавала ў міліцэйскай ахове, дачка служыла ў пагранічных войсках. А Акуліч супрацоўнічаў з беларускімі спецслужбамі. У яго прафесійнай біяграфіі ёсць запіс аб працы старшым інспектарам у КДБ.

rassledavanne_10.jpg

Акрамя таго, з 2015 года Акуліч узначальвае гомельскую гандлёвую фірму «АкуБел Экспарт». Яе адзіны ўладальнік – ураджэнец Рэчыцы Віталій Белавусаў, які да прыходу ў прыватны бізнэс доўгі час працаваў на дзяржпрадпрыемстве «Гомельаблдарбуд». Белавусаў быў партнёрам Акуліча па крымскай фірме «ГД-Крымбелхолдынг».

Мяркуючы па ўсім, справы ў іх ідуць не вельмі. Апошнія тры гады сімферопальская кампанія не падавала фінансавыя справаздачы, а ў 2019 і 2020 гадах працавала са стратамі. Акуліч і Белавусаў адмовіліся ад каментараў.

Глядзіце таксама

Дэ-юрэ і дэ-факта

Шматгадовая актыўнасць беларускіх прадпрымальнікаў у Крыме і Данбасе ўпісваецца ў палітычную пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі адносна часова акупаваных рэгіёнаў Украіны. Саюзнік Крамля не спяшаецца прызнаваць іх новымі расійскімі землямі, але заўсёды гатовы супрацоўнічаць.

«Трэба будзе – прызнаем. Калі ў гэтым будзе сэнс нейкі. [...] Дэ-факта мы прызналі, што ёсць Крым, Луганск і Данецк, таму што мы з імі супрацоўнічаем», – казаў Лукашэнка ў ліпені 2022 года і праз дзевяць месяцаў прыняў у сябе кіраўніка так званай ДНР Дзяніса Пушыліна.

Аляксандр Лукашэнка і Дзяніс Пушылін. Крыніца: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка і Дзяніс Пушылін. Крыніца: president.gov.by

З ліпеня ў Растове-на-Доне павінна запрацаваць Генеральнае консульства Беларусі. Консульская акруга будзе ўключаць у тым ліку так званыя ДНР і ЛНР, Крым і Севастопаль, Запарожскую і Херсонскую вобласці.

Украіна, у сваю чаргу, мае законнае права наказаць беларусаў за вядзенне бізнэсу на часова акупаваных тэрыторыях, вынікае з адказаў апытаных украінскіх экспертаў.

Ва Украіне ёсць крымінальная адказнасць за вядзенне гаспадарчай дзейнасці ва ўзаемадзеянні з краінай-агрэсарам. Пакаранне – да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Аспірант-даследчык Нацыянальнага юрыдычнага ўніверсітэта імя Яраслава Мудрага Іна Вішнеўска патлумачыла расследвальнікам прымяненне гэтага артыкула на прыкладзе санаторыя «Карал». Паводле яе слоў, у дадзеным выпадку ўзаемадзеянне з краінай-агрэсарам заключаецца ў падпісанні кантрактаў з расійскай дзяржустановай, па чыёй замове былі аказаныя турыстычныя паслугі.

Пры гэтым пад крымінальную адказнасць за вядзенне бізнэсу ў часова акупаваных рэгіёнах падпадаюць як украінскія, так і беларускія грамадзяне, бо ў артыкуле няма асобнага ўказання на асобу, якая здзейсніла правапарушэнне. Беларускія грамадзяне падлягаюць крымінальнай адказнасці яшчэ і таму, што злачынства здзейсненае ва Украіне, дадала Вішнеўска.

Акрамя таго, гаспадарчая дзейнасць на акупаваных украінскіх тэрыторыях можа падпадаць пад санкцыі, зазначыла юрыстка з «Рэгіянальнага цэнтра правоў чалавека» Кацярына Рашэўска.

Паводле яе слоў, да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Украіна ўводзіла абмежаванні ў дачыненні да малдаўскай і партугальскай авіякампаній, якія ажыццяўлялі незаконныя палёты ў акупаваны Крым, а таксама ў дачыненні да архітэктурнага бюро з месцам рэгістрацыі ў Аўстрыі за супрацьпраўнае будаўніцтва опернага тэатра ў Севастопалі. На практыцы такіх санкцый дастаткова мала.

«На ўзроўні замежных дзяржаў падобныя санкцыі – хутчэй выключэнне, якое патрабуе болей адвакацыі для папярэджання адпаведнай гаспадарчай дзейнасці», – сказала Рашэўска.

Ва Украіне абяцаюць не цырымоніцца з тымі, хто спрыяе расійскім акупантам.

«Любыя праявы прызнання акупацыі – гэта антыўкраінскае дзеянне, і ўкраінская ўлада будзе жорстка рэагаваць на праявы такога «прызнання». Відавочна, што санкцыі ўваходзяць у інструментарый такога рэагавання», – сказаў «Бюро» пасол Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім.

Цяпер ва ўкраінскім санкцыйным спісе больш як 200 фізічных і юрыдычных асобаў з Беларусі. Гэты спіс перыядычна папаўняецца.