Беларускіх зняволеных адправяць на будоўлі ў Марыупаль?

На будаўнічыя працы ў акупаваны і зруйнаваны расійскімі войскамі ўкраінскі Марыупаль плануюць звесці зняволеных з Беларусі, асуджаных за няцяжкія злачынствы. Пра гэта ў эфіры «Свобода. Ранок» (украінская служба «Радыё Св*бода») паведаміў дарадца гарадскога галавы Марыупаля Пётр Андрушчанка.

ПФота Maximilian Clarke

ПФота Maximilian Clarke

«Літаральна ўчора мы атрымалі дадатковую інфармацыю, што прынята рашэнне, што не толькі расіяне будуць. Збіраюцца прывезці ў бліжэйшы час ужо з Беларусі людзей, якія асуджаныя за няцяжкія злачынствы для таго, каб яны таксама займаліся будаўнічымі работамі на тэрыторыі Марыупаля», — сказаў Пётр Андрушчанка, які знаходзіцца на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

На якіх менавіта ўмовах беларускія зняволеныя будуць выконваць працы ў Марыупалі, дарадца гарадскога галавы не ўдакладніў. Аднак што тычыцца расійскіх будаўнікоў, якія цяпер масава прыбываюць у акупаваны горад, то, паводле слоў Андрушчанкі, яны застануцца жыць у Марыупалі.

«Яны не плануюць нікуды выязджаць, яны плануюць будаваць жылыя дамы, кварталы і не хаваюць, што яны будуюць гэта менавіта для сябе — пад тую праграму іпатэкі, якая запушчана ў Расіі з лютага гэтага года — пад два працэнты. Ужо нават 40 тэндэраў у Маскве разыграна. Іх атрымалі фірмы, якія належаць набліжаным да Крамля. І будуць будаваць за федэральны бюджэт усё гэта. Таму іх колькасць будзе расці», — сказаў Андрушчанка.

Расійскія войскі акупавалі Марыупаль у траўні 2022 года пасля кровапралітных баёў і працяглай блакады. Падчас вайсковага ўварвання Расіі ва Украіну Марыупаль амаль цалкам разбураны абстрэламі. Паводле ацэнак ААН, у горадзе знішчана або пашкоджана каля 90% шматпавярховых жылых дамоў і каля 60% прыватных дамоў.

Да поўнамаштабнага ўварвання ў Марыупалі пражывала каля 426 тысяч чалавек. 350 тысяч з іх сталі бежанцамі. Падчас расійскай аблогі загінулі прынамсі 25 тысяч чалавек.

Расійскія войскі падазраюць у здзяйсненні ў Марыупалі шматлікіх ваенных злачынстваў. Масква гэта адмаўляе.

Колькасць беларускіх зняволеных, якіх нібыта плануюць адправіць на будоўлі ў Марыупаль, не ўдакладняецца. Невядома таксама, ці разглядаюцца ў такой якасці палітычныя вязні.