«Таго Марыупаля, што быў, ужо няма». Гісторыі людзей, якія выбраліся са знішчанага вайной горада

Пры канцы верасня Марыупаль традыцыйна адзначаў Дзень горада. Сёлета ж ён стаў адным з найбольш пацярпелых падчас расейскай агрэсіі — дзясяткі тысяч забітых, каласальныя зруйнаванні падчас бамбёжак і абстрэлаў і, урэшце, варожая акупацыя.

Марыупаль, Украіна. 2 красавіка 2022 года. Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Марыупаль, Украіна. 2 красавіка 2022 года. Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum


Праз актыўныя баявыя дзеянні, адсутнасць камунальнага забеспячэння і рэпрэсіі акупацыйных уладаў большая частка жыхароў горада выехала на падкантрольныя Украіне тэрыторыі і ў краіны Еўропы. Таму 24 верасня марыупальцы адзначалі дзень свайго горада ў дзясятках іншых месцаў, маючы надзею ўрэшце павярнуцца дамоў.


На адным з такіх мерапрыемстваў у Івана-Франкоўску на захадзе Украіны мы паслухалі страшныя гісторыі саміх бежанцаў з Марыупаля.



Анастасія Вовк распавядае, што яе гісторыя пачалася крыху раней: дзяўчына пераехала ў Марыупаль у 2014 годзе з Данецку, уцякаючы ад баявых дзеянняў, стварыла разам з аднадумцамі грамадскую арганізацыю, каб падтрымліваць украінскі дух у горадзе:


— Цяпер я ўжо двойчы перамешчаная асоба. Мы з паплечнікамі восем гадоў адбудоўвалі горад, намагаліся зрабіць яго больш украінскім, праводзілі імпрэзы з нацыянальным каларытам, моўныя курсы для ўсіх ахвочых — а іх было нямала. Да нас прыязджалі музыкі, пісьменнікі з усёй Украіны.


А 24 лютага пачалася вайна, той месяц, што мы правялі ў Марыупалі, пакінуў шмат шрамаў у душы і сэрцы. Мы выехалі 29 сакавіка, а да таго перажылі ўсё: авіяцыю, артылерыю, непасрэдна акупацыю. Выязджалі, калі зразумелі, што нашы героі засталіся толькі ў АзоўМашы і Азоўсталі, што надзеі на хуткае вызваленне гораду няма.


У горадзе «оркі» ўжо паводзілі сябе як дома, пайшлі па хатах.


— Да вас таксама прыходзілі?


— Так, некалькі разоў. Спачатку намагаліся адабраць будынак, наўпрост выгнаць нас на вуліцу, бо ў хаце быў дэкаратыўны комін — яны вырашылі, што гэта нармальная печ і будзе абаграваць, бо было вельмі халодна. Але расейцы ўбачылі, што ў нас малыя дзеці: былі пляменнік васьмігадовы і васьмімесячная пляменніца, гэта іх крыху спыніла.


Ужо недзе праз тыдзень прыйшлі і забралі ў нас усе дровы, сякеры — усё, што магло дапамагчы ім сагрэцца. Мы прасілі вярнуць хоць частку, бо ў нас дзеці, але яны выйшлі за плот і ўсё.


У нас машыну таксама намагаліся забраць. Але мы адмыслова загадзя яе раскруцілі, каб была не на хаду. Прыйшлі акупанты (здаецца, гэта былі нават «ДНРаўцы»), убачылі машыну, кажуць: «Аддавайце!», я адказала: «Ну, завядзецца — едзьце». Яны пачалі злавацца, крычаць: «Мы зараз пастраляем усё тут». Потым паглядзелі самі, зразумелі, што нічога з машынай не змогуць зрабіць і сышлі. Так мы выжывалі як маглі.


Урэшце прыехалі сябры і змаглі нас на дзвюх машынах эвакуяваць з горада.


Анастасія Вовк. Фота аўтара

Анастасія Вовк. Фота аўтара

— Выязджаць складана было?


— Мы былі зусім без сувязі, без электрычнасці, газу, увесь час ішлі абстрэлы, дазнацца нешта адносна эвакуацыі было вельмі складана. Да 13 сакавіка мы ўвогуле не ведалі, ці адкрытыя дзесь блокпасты. Нават калі мы выязджалі ў канцы месяца — не было эвакуацыі як такой, рушылі на свой страх і рызыку. Выедзем, не выедзем — як бог дасць.


Спачатку даехалі да Мілейкіна — гэта сяло пад Марыупалем, там пераночылі і раніцай паехалі прама цераз палі і праз 18 гадзін былі ўжо ў Запарожжы.


Выбіраліся мы ўсёй наша грамадскай арганізацыяй валанцёраў — 39 чалавек. Але ж па выніку мы ехалі ў пустэчу: нічога ні ў кога не засталося. Вырашылі спыніцца ў Івана-Франкоўску, тут і застаемся пакуль.


— А ці ёсць сувязь з кімсьці, хто зараз застаецца ў Марыупалі?


— У нас на сям’ю было тры будынкі. У два патрапілі снарады, іх больш няма. Застаўся адзін, але калі мы выехалі, мясцовыя адразу пачалі адтуль усё выносіць. Я б не сказала, што гэта марадзёры — людзі проста выжывалі, бо ў горадзе не было нічога. Тыя, з кім удавалася падтрымліваць сувязь, таксама эвакуяваліся на пачатку лета, што робіцца ў горадзе цяпер — цяжка ўявіць.


Я думаю мы ведаем толькі частку з той лічбы загінулых. Я ўласна хавала сваіх сяброў яшчэ на самым пачатку. Потым ужо хаваць перасталі — фізічна магчымасці не было.


Марыупаль, Украіна. 31 сакавіка 2022 года. Фота:Sergei Bobylev / TASS / Forum

Марыупаль, Украіна. 31 сакавіка 2022 года. Фота:Sergei Bobylev / TASS / Forum

Ведаю, засталіся людзі, якія не змаглі прайсці «фільтрацыю» і выехаць — некалькі знаёмых. Ёсць прычыны, чаму яны не змогуць прайсці фільтрацыю, таму да гэтага я стаўлюся спакойна (фільтрацыя — працэдура, якую праводзяць акупацыйныя ўлады, правяраючы чалавека, тэхніку і г.д. Тых, хто працаваў у паліцыі і д.п., — арыштоўваюць. У выніку даюць паперку, без якой выехаць немагчыма — заўв. аўт.).


Але ёсць і тыя, хто быў за Украіну, разам з усімі, а цяпер падтрымлівае акупантаў.


— Такія сярод вашых знаёмых ёсць?


— Так, на жаль. У нашай грамадскай арганізацыі выехала 98 адсоткаў, але пяць чалавек там засталося і яны перайшлі на іншы бок. Мы чакаем вяртання ў Марыупаль, каб выпхнуць іх адразу на мяжу. Я ўпэўнена, што мы вернемся — веру, хутчэй, чым за год — і я асабіста знайду ўсіх гэтых здраднікаў.


— Як вы думаеце, чаму так здарылася, ці былі ў іх падобныя погляды раней?


— Я не ведаю, што з людзьмі адбылося. Мне здаецца, што цяжка быць моцным сярод моцных. А калі ты застаешся сярод слабых, то прасцей. Думаю, яны адчулі сваю значнасць і ўладу сярод тых, хто застаўся, а засталіся не наймацнейшыя.


Перасяленцы з Марыупаля закладаюць алею гонару герояў горада, 24 верасня 2022, Івана-Франкоўск. Фота аўтара

Аляксандр Смотраў выехаў з Марыупаля 17 сакавіка. Мужчына прызнаецца, што нават калі пачаліся баявыя дзеянні бегчы не хацеў — меркаваў, што ў яго ўзросце прасцей перачакаць нейкі момант, чым эвакуявацца, але «недаацаніў узровень жаху».


— Бог дапамог перажыць гэта ўсё: калі выязджалі, наш будынак быў яшчэ цэлы, машына таксама, заставалася крыху бензіну. Да 15 чысла было нерэальна рухацца кудысь — ішлі моцныя баі на ўскраінах, не выпускалі, гуманітарных калідораў не было.


На другую раніцу, пасля таго, як разбамбілі драмтэатр, мы вырушылі, бо сілаў заставацца не было больш. Сабралася пяць машын з нашага двара, атрымалася такая калона.

Дабраліся спачатку да таксама акупаванага Бярдзянска, чакалі, пакуль з’явіцца бензін, яго не было, давялося прасіць у мясцовых. Па дарозе да Запарожжа нас 18 разоў спынялі на расейскіх блокпастах, усё правяралі: дакументы, рэчы, тэлефоны. З намі было шмат дзяцей, гэта дапамагло, бо прапускалі не ўсіх.


Аляксандр Смотраў. Фота аўтара

Аляксандр Смотраў. Фота аўтара

— Калі вы зразумелі, што неабходна эвакуявацца з горада?


— Газ і электрычнасць зніклі на самым пачатку вясны, вады таксама не стала. У магазін побач з нашым домам патрапіла ракета, шмат іншых будынкаў вакол таксама былі разбітыя. Па ваду хадзілі на рэчку, у дварах секлі мэблю, каб тапіць.


Я жыў на бульвары Шаўчэнкі, гэта цэнтральны раён горада, там людзі пачалі секчы дрэвы з самога бульвара, каб гатаваць ежу. У двары ўсім домам разводзім вогнішча, прыносім прадукты, а тут ляціць — усе разбягаюцца, вогнішча за гэты час дагарае, потым зноў. І смех і грэх.


Выбівала шыбы ў вокнах, асабліва ў старых, драўляных, людзі хаваліся ў падвалах, забітыя ляжалі проста на вуліцах — я сам бачыў. Ніхто не хаваў — на могілкі не давязеш. Хто змог — тыя выехалі. Нават пешкі ішлі.


У нашым будынку была старая жанчына, якая ўжо не хадзіла. Два маладых суседы пасадзілі яе на крэсла і панеслі, кажуць «пройдзем метраў 10-20 — спынімся адпачнем, потым далей».


Таго Марыупаля, што быў, ужо няма. Але маем надзею на УСУ, што вызваляць тое, што засталося.


— Нехта з вашых знаёмых застаўся ў горадзе?


— Так, але сувязь там не працуе, вельмі рэдка ўдаецца нешта дазнацца, часцей ад людзей, што таксама выязджаюць.


Мой прыяцель да апошняга заставаўся — не было машыны. Яны з жонкай выехалі толькі ў траўні, прайшлі фільтрацыю (яны ўжо сталыя, таму пытанняў было менш), выехалі да Таганрогу, потым да Масквы. Там заплацілі дзесь па 250 еўра за чалавека, каб іх вывезлі ў Еўропу. Так праз Латвію, Літву, Польшчу яны павярнуліся ва Украіну. Каб так выехаць, трэба грошы мець, да таго ж гэта рызыка — можа і не выйсці.

Аляксандр кажа, што вяртацца ў родны горад пасля ўсяго яму будзе бадай не больш балюча, чым бегчы з яго, але мужчына верыць, што неўзабаве Марыупаль будзе вызвалены, і мае намер «сесці на першы ж цягнік, каб патрапіць дадому, нават калі яго ўжо і няма на тым месцы».


Марыупаль, Украіна. 20 сакавіка 2022 года. Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Марыупаль, Украіна. 20 сакавіка 2022 года. Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Дарэчы, наступны дзень горада марыупальцы, імаверна, будуць адзначаць ужо не ў верасні: днямі намеснік мэра горада паведаміў, што вядуцца абмеркаванні пра перанос свята на дзень, калі Узброеныя сілы Украіны вызваляць яго ад акупанта.