«Білі электрашокерам, аблівалі вадой і зноў білі». Былыя арыштанты — пра катаванні ў 2023 годзе

Чацвёрты год запар у Беларусі сітуацыя з масавымі рэпрэсіямі застаецца крытычнай. У жніўні 2020 года ўвесь свет жахнуўся ад падзей, якія адбываліся ў першыя дні пасля выбараў, калі па ўсёй краіне былі затрыманыя дзясяткі тысяч людзей за ўдзел у акцыях пратэсту. Тады для затрыманых па палітычных матывах улады стварылі спецыяльныя нечалавечыя ўмовы, а тысячы людзей сутыкнуліся з катаваннямі і збіццём.

_neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg_logo_1.webp

Такая сітуацыя застаецца і да гэтага часу: кожны дзень сілавікі ўрываюцца ў дзясяткі кватэр па ўсёй краіне, ужываюць супраць іх фізічную сілу і спецсродкі, затрымліваюць іх і адпраўляюць у ізалятары. Толькі ў мінулым месяцы пад рэпрэсіі трапілі не менш за 620 чалавек, 288 з якіх — жанчыны.

«Вясна» паразмаўляла з некалькімі былымі арыштантамі, якія прайшлі праз адміністрацыйны арышт восенню і зімой 2023 года ў ізалятарах Мінска і Наваполацка. Яны распавялі пра збіццё і метады катаванняў у ГУБАЗіКу, пра арыштаваных за ўдзел у акцыях пратэсту за мяжой, пра затрыманні за каментары пад відэа палка Кастуся Каліноўскага, пра невыносныя ўмовы для палітычных і неаказанне медыцынскай дапамогі.

Што цяпер адбываецца ў беларускіх ізалятарах?

Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю, што цяпер праз вялікую колькасць затрыманых у Мінску і недахоп месцаў у ЦІПе на Акрэсціна, людзі адбываюць арышты ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), дзе звычайна ўтрымліваюць затрыманых толькі да суда або паводле крымінальных артыкулаў.

Акрамя гэтага, з пачатку 2023 года ў Беларусі з'явілася новая практыка ціску на асуджаных да абмежавання волі. Цяпер за імі сочаць праз камеры відэаназірання на вуліцах. Паводле слоў «хатніх хімікаў», яшчэ ў мінулым студзені іх сфатаграфавалі з розных ракурсаў і вусна папярэдзілі, што будуць адсочваць іх перамяшчэнні па камерах. У асуджаных ёсць пэўны расклад, якога яны павінны строга прытрымлівацца. Як толькі чалавек трапляецца на камеру ў «неналежны» час і яго твар распазнаецца ў сістэме, пра гэта практычна адразу даведваюцца супрацоўнікі міліцыі. Таму за апошнія месяцы колькасць арыштаваных за «парушэнне рэжыму» па ўсёй Беларусі моцна павялічылася.

«Распавядаюць, што б'юць нейкай вялізнай палкай»

У адной з камер ІЧУ, куды звычайна змяшчаюць затрыманых па палітычных матывах, на Акрэсціна толькі два ложкі ("шконкі"). Але гэта не перашкаджае адміністрацыі ізалятара змяшчаць туды адразу па 15 чалавек. Як распавядаюць былыя арыштанты, у камеры няма гарачай вады — толькі халодная. Абутак у затрыманых забіраюць, таму ім даводзіцца хадзіць у шкарпэтках. Кормяць арыштантаў толькі раніцай, пасля чаго развозяць па судах. Потым пакарміць іх могуць толькі падчас вячэры ў ЦІП, калі паспеюць прывезці да гэтага часу. Акрамя гэтага, у камеры антысанітарыя — там жывуць вошы і блохі.

Спаць затрыманым даводзіцца на падлозе, святло гарыць увесь час. У якасці дадатковага ціску ў камеры да затрыманых падсаджваюць бяздомных, частку з якіх затрымліваюць спецыяльна для палітычных камер. Каб падтрымліваць чысціню і не множыць вошай і блох, арыштанты просяць бяздомных чысціць сваю вопратку адразу пасля "заезду", але гэта практычна не дапамагае.

Пасля суда затрыманых пераводзяць у суседні будынак — ЦІП. Там арыштантаў не выводзяць ні ў душ, ні на прагулкі. Матрацы, пасцельную бялізну, сродкі гігіены ім не выдаюць.

Кірыл (імя змененае ў мэтах бяспекі), які адбываў арышт восенню 2023 года, распавёў, за што палітычным могуць заліць хлорку ў камеру: «На Акрэсціна ёсць пэўныя правілы, адно з якіх — не вешаць нічога на ложак. Было такое, што ўсе складалі рэчы на ложку, а потым змяніўся «прадольны». Прыходзіць і кажа: «Усё, хутка знялі. Яшчэ адна заўвага — і атрымаеце...» Потым прыходзіць, а хтосьці паклаў майку, напрыклад. Тады адчыняюць дзверы і выліваюць на падлогу двухлітровую бутэльку з хлорным растворам».

Таксама дзяжурныя па калідоры ў якасці пакарання часта закрываюць «кармушку», каб у камеру не трапляла паветра.

«Тыя, каго затрымлівае ГУБАЗіК, прыязджаюць часцей за ўсё моцна збітыя. Азадак і ногі як баклажаны. Яны б'юць шокерам да сінякоў. У асноўным, па нагах, спіне і ягадзіцах. Расказваюць, што б'юць нейкай вялізнай палкай. Кладуць на падлогу і лупяць па нагах, па азадку. Пытаюцца пры гэтым усякую лухту, маўляў, «распавядай, дзе полк Каліноўскага», — узгадвае Кірыл.

Сродкі гігіены не прымаюць нават у перадачах, дазволена перадаваць толькі туалетную паперу, якую супрацоўнікі аддаюць часткамі. Зубы арыштантам даводзіцца чысціць таблеткамі актываванага вугалю.

Самай распаўсюджанай нагодай для затрымання з'яўляюцца «экстрэмісцкія» рэпосты і падпіскі.

«Быў з намі чалавек, якога ўсе называлі палкоўнікам — гэта значыць вайсковец. Ён толькі-толькі выйшаў на пенсію. І па старой дружбе зайшоў у свой стары аддзел. Чамусьці ў яго ўзялі праверыць тэлефон, там знайшлі нейкую падпіску. Далі 15 сутак», — распавядае Кірыл.


Глядзіце таксама

Перазатрыманні і новыя арышты

Беларускія ўлады цягам некалькіх гадоў працягваюць актыўна выкарыстоўваць практыку так званых «каруселяў», калі чалавека пасля адбыцця арышту перазатрымліваюць на выхадзе, складаюць новы пратакол і зноў арыштоўваюць. У такіх умовах іх утрымліваюць па два месяцы.

Увосень на некалькі тыдняў у ізалятар адправілі і аператара АНТ, якога затрымаў ГУБАЗ проста на працоўным месцы. Вядома, што ў яго трое дзяцей і цяжарная жонка. Паводле слоў яго сукамернікаў, ён прапрацаваў на тэлевізіі паўтара года, а потым у яго знайшлі каментары за 2020 год, у якіх ён нібыта заклікаў выходзіць людзей на пратэст.

Аляксея (імя зменена ў мэтах бяспекі) затрымалі напрыканцы 2023 года. Ён адзін з тых, каго «каруселілі» некалькі разоў. 

«Сустракаюцца людзі, якія так сядзяць па два месяцы. Больш за чатыры колы мы асабіста не сустракалі. Такіх было трое. Патэнцыйна магло быць яшчэ адзін-два чалавекі за восень, але пра іх лёс пасля другога кола мне невядома».

«У мяне было лайтова: спачатку мяне білі дома, а потым тры разы дручком»

Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа ўжывалі да Аляксея фізічную сілу: «У мяне было лайтова: спачатку мяне білі дома, а потым некалькі разоў дручком па азадку ў кабінеце. Але з гісторый усіх хлопцаў, да каго ўжывалі гвалт, мая была самая лёгкая. Іншыя гісторыі былі больш жорсткія: электрашокеры, дубінкі, білі па руках і нагах. Аб аднаго хлопца тры электрашокеры разрадзілі.

У іх у адным кабінеце ёсць цікавы прадмет, па апісанні падобны на біту для крыкету або біту для гульні ў лапту. Гэта шырокая дошка з двума ручкамі. І вось ёй, бывае, б'юць па мяккіх тканінах.

Але калі даходзіць да збіцця, то гэта часцей электрашокер. Зусім незразумела навошта, таму што ўсе хлопцы такія коцікі, ніхто не супраціўляецца, ніхто на іх нічога не кажа.

Але б'юць не ўсіх. Некаторых прымушаюць займацца фізічнымі практыкаваннямі: хадзіць на кукішках, прысядаць, падскокваць доўга. Мышцы забіваюцца настолькі, што на наступны дзень хлопцы не могуць хадзіць, не могуць самастойна ў прыбіральню схадзіць. Электрашок і ўдары дубінкай па спіне атрымліваюць тыя, хто фізічна моцныя. Калі ў чалавека лішняя вага, тады іх прымушаюць рабіць фізічныя практыкаванні».

«Апранулі на яго пакет цэлафанавы, прывязалі яго да цела шлейкамі са скотчу»

У ЦІПе Аляксей сустракаў мужчыну, якога супрацоўнікі ГУБАЗіКа для затрымання выклікалі ў якасці таксіста на вул. Рэвалюцыйную-3а — там размешчаны штаб кіравання.

«Ён прыехаў, заехаў пад шлагбаўм, яго адразу ж дасталі з машыны, збілі. Білі нагамі, рукамі, нейкімі палкамі, электрашокерам. Яго білі шокерам пад пазногці, потым аблівалі ногі і зноў білі шокерам у бранзалеты, у косткі ног. Натуральна, пасля такога кішэчнік адмовіў, усё вылілася. Ён увесь выпэцкаўся, а яны з яго яшчэ доўга смяяліся. Дазволілі яму зняць усю вопратку і апранулі на яго пакет цэлафанавы, прывязалі яго да цела шлейкамі са скотчу, надзелі на яго каску. Яго прывезлі ў РУУС і сказалі: «Гэта Марыё, сустракайце». Там яму дазволілі памыцца і падмыцца трошкі. І вось ён быў мацней за ўсіх збіты і выглядаў вельмі дрэнна. І да канца 15 сутак сінякі з яго не сышлі, рукі былі сінія і твар увесь пабіты».


Глядзіце таксама

«Знайшлі відэа з антываеннага мітынгу з украінскімі сцягамі на фоне»

Паводле слоў Аляксея, палітычных судзяць паводле розных адміністрацыйных артыкулаў: калі ў сілавікоў ёсць жаданне «працаваць» па чалавеку, то могуць шукаць «экстрэмізм» у тэлефоне і скласці пратакол паводле 19.11 КаАП, а калі няма, то складаюць пратакол за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП). Радзей у ізалятар адпраўляюць за нацыянальную сімволіку або лозунгі (арт. 24.23 КаАП) або за «непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі» (арт. 24.3 КаАП).

Паводле назіранняў мужчыны, многіх людзей затрымліваюць у аэрапорце пасля праходжання пашпартнага кантролю.

«Аднаго мужчыну затрымалі ў аэрапорце па вяртанні з Грузіі. Яго вырвалі на праверку, знайшлі відэа з антываеннага мітынгу ў Батумі або Тбілісі з украінскімі сцягамі на фоне і далі яму 15 сутак».

Цяпер сярод арыштаваных рэдка сустракаюцца айцішнікі, кажа Аляксей. Сярод затрыманых — таксісты, настаўнікі, музыкі, работнікі тэлебачання, біёлагі, супрацоўнікі ЖЭСа, арнітолагі і інжынеры.

«Быў адзін рыэлтар — у яго «калябацькаўскія» погляды. На Кальварыйскай каля «Кароны» па праспекце праязджаў картэж. У гэты час ён размаўляў з бабуляй па тэлефоне, падышоў да светлафора. Бабуля пытаецца, калі ты прыйдзеш, а ён кажа: «Зараз, пагляджу, як наш прэзідэнт едзе і тады прыйду». Тут жа да яго пайшлі, спыталі хто такі, пакажы тэлефон. Там нешта знайшлі, пры тым, што ў яго ў галаве «наш прэзідэнт, закон працуе, я таксама парушыў закон і сяджу тут справядліва». І за гэта ён атрымаў «суткі» і сядзеў шчаслівы, задаволены тым, што «закон працуе».

Аднаму арнітолагу далі "суткі" за тое, што на нумарнай рамцы была Пагоня. Яму патэлефанавалі, спыталі, ці яго машына, сказалі спусціцца. Там стаялі два патрульныя з ададранай паперкай на рамцы. Сказалі, што гэта пікетаванне. І такіх было двое. У адзін час сядзелі людзі з абсалютна аднолькавай гісторыяй: Пагоня была залепленая на нумарах, хтосьці падышоў, адклеіў, сфатаграфаваў і потым іх адправілі на «суткі».

Затрыманні за каментары пад відэа палка Кастуся Каліноўскага

Суразмоўца кажа, што да многіх прыходзяць праз каментары пад відэа на YouTube-канале палка Кастуся Каліноўскага.

«І шмат людзей прыязджаюць, якія нібыта пісалі ў бот ПКК для ўступлення ў полк. Умоўна, з 130 палітычных, з якімі я сядзеў, напэўна, чалавек 10-20 былі з нагоды палка. Гэта тыя, хто хацеў уступіць, нешта каментаваў, лайкаў».

«Хлопцы атрымалі адразу тры вядры хлоркі»

«У кожнай з камер прыкладна ад 16 да 24 чалавек сядзіць у розны час. Там чатыры ложкі — «грыль». Гэта значыць металічныя пласціны крыж на крыж, як грыль-рашотка. І на іх спяць чатыры чалавекі, па адным на кожным. Астатнія спяць на падлозе, адзін чалавек — на стале, і яшчэ адзін — на лаўцы. Былі людзі, якія спалі толькі на «грылях». А на падлозе блашчыцы кусаюць, таму спаць там не вельмі хочацца».

У залежнасці ад змены дзяжурных ноччу арыштантаў могуць будзіць два-тры разы.

«Адна «прадольная» дзяўчына, якая як раз уладкавалася ў кастрычніку, заўсёды пыталася пры ўздыме: «Як вы сябе адчуваеце? Усё добра? Ну, кладзіцеся».

Калі не шанцуе, то гэта тры абудкі за ноч. І трэба разлічыцца самастойна ад пачатку камеры, ад дзвярэй і да сцяны. Гэта значыць, гледзячы ў вочка, ты называеш сваё імя і імя па бацьку. Калі хтосьці запнуўся, калі хтосьці ўлез без чаргі, замарудзіўся, забыўся, то мы пачынаем усё нанова. Пасля гэтага людзі кладуцца спаць.

Там адзін прадольны ёсць, вельмі дасціпны малады чалавек. Яму каля 20 гадоў, вучыўся ў нейкім маленькім каледжы. З першага курса яго адлічылі і праз паўгода яго заўважылі на ЦІПе. З былым яго аднагрупнікам я сядзеў у камеры. Гэта той чалавек, які будзіць тры разы за ноч, які заўсёды ўсміхаецца. Ён прыходзіць на змену, глядзіць у вочка і такі: «Ну што вы, галадранцы, засумавалі? Памятаеце мяне? П*здаболы, бл*». Ён вельмі адказна выконвае сваю працу».

Для палітычных устаноўленыя пэўныя правілы: сядзець можна ў становішчы спіны 90 градусаў ці так, каб галава была на каленях. Сядзець, абапершыся на сцяну і звесіўшы ногі, — забаронена. Калі не выконваць правілы, то ў камеру могуць выліць хлорку.

«У адну камеру хлорку залівалі часта, маглі адразу тры дні запар. Сведкі распавядаюць, што тады хлопцы атрымалі адразу тры вядры хлоркі праз канфліктную сітуацыю з бяздомным».

У кастрычніку на выходных у ЦІПе разам з прадольнымі пачалі дзяжурыць і супрацоўнікі АМАПу, кажа былы арыштант.

«Па калідоры хадзілі яшчэ два здаравенныя амапаўцы. Яны ні ў чым не ўдзельнічалі. Хадзілі хвосцікам. З намі не было ніякага інтэрактыву і ўзаемадзеяння, але выглядалі страшэнна».


Глядзіце таксама

«У многіх пачынаецца тэмпература, але яе, вядома, ніхто не вымярае»

З-за вялікай колькасці людзей у палітычных камерах практычна ўсе затрыманыя захворваюць падчас арышту.

«Людзей вельмі шмат. Хтосьці калісьці захварэў і цяпер кожны новы чалавек, які прыходзіць, адразу захворвае. Спачатку кашаль, пяршэнне ў горле, закладзены нос. Потым у многіх пачынаецца тэмпература, але яе, вядома, ніхто не вымярае. Пару разоў тэмпературу мералі, але гэта не было звязана з тым, што чалавек захварэў, а нешта іншае.

Лекі можна атрымаць раніцай пасля ператрусу. Там тры медработніцы: адна, якая ўвесь час там знаходзіцца, і дзве прыходзяць. Ёсць лакальныя медыкаменты, якія знаходзяцца ў ЦІПе на дзяржзабеспячэнні. Адтуль практычна нічога нельга атрымаць, максімум — адну таблетку анальгіну і фенкаролу, парацэтамол і мазь ад псарыязу. Усё астатняе можна атрымаць толькі з перадачы».

Пасля таго як у арыштантаў падчас праверкі знайшлі запас таблетак, іх папросту выкінулі, распавядае Аляксей. З тых часоў у камеры пачалі дзейнічаць новыя правілы: калі падчас праверкі ў палітычных знаходзяць хоць адну таблетку, то больш іх асуджаным не выдаюць.

«Новая нага вырасце, усё нармальна, яму не балюча»

Асуджаных не па палітычных матывах пасля доўгіх патрабаванняў аб аказанні ім медыцынскай дапамогі часам адпраўляюць у карцар.

«У камеры быў адзін бяздомны, Аляксандр Малюцін, жыве каля Камароўкі. Цяпер ён ужо магчыма без нагі. Справа ў тым, што ў яго была старая траўма нагі, ён абадраў скуру, і, магчыма, яе трэба было зашываць яшчэ месяцы за тры да тых падзей.

Да траўмы ён ставіўся бязладна і два-тры месяцы хадзіў, не змяняючы павязку. У камеры яму, натуральна, перавязку ніхто не рабіў. І, калі сукамернікі прымусілі яго зняць яе, там адкрылася жывое мяса без скуры, па памеры гэта прыкладна траціна галёнкі. Рана адкрытая, вялікая і працякае. Прыйшлося яго прымушаць два-тры разы на дзень прамываць і трымаць яе адкрытай, таму што бінтоў не было. Як толькі ён усё зняў, прадольныя забралі гэта і выкінулі. І ніякай медыцынскай дапамогі ён не атрымліваў. Ён прасіў дапамогі, сукамернікі патрабавалі, а яны казалі: «Ну гэта ж Малюцін, новая нага вырасце, усё нармальна, яму не балюча».

«Карцар — гэта восем з паловай квадратных метраў»

Некаторых затрыманых у якасці чарговай меры ўздзеяння перыядычна адпраўлялі ў карцар, дзе ўтрымліваюцца бяздомныя. Аляксей адзначае, што гэта не з'яўляецца пакараннем за парушэнне, а проста спосаб ціску.

«Гэта, мабыць, па ўказцы ГУБАЗа, бо быў адзін дальнабойнік, якога ўзялі па нейкай замове, таму што ён наогул нідзе не ўдзельнічаў. Яго прыехала браць цэлая група. Вельмі моцна яго білі, увесь чорны быў. І амаль увесь тэрмін ён сядзеў у гэтым карцары.

Карцар — гэта восем з паловай квадратных метраў. На падлозе плітка. Там было 11 чалавек. Хлопцы туды трапілі, калі адбыўся абмен чатырох бяздомных на чатырох палітычных. Адзін прадольны не даваў ляжаць, але ўсе астатнія не чапалі. Усё проста ляжалі цэлы дзень, таму што, па-першае, там заняцца больш няма чым, а, па-другое, кармушка зачынена, акно зачынена, вентыляцыя ўключаецца перад праверкай і другі раз вечарам хвілін на 30, а ўвесь астатні час дыхаць няма чым, вельмі горача. Горача было настолькі і вільготнасць была такая, што па сценах і па дзвярах ручаі цяклі, І вочка заўсёды было запацелым. У камеры толькі халодная вада, ракавіны няма — яна даўно адламаная. Там ёсць два смеццевых вядра, куды набіраецца вада, і адна бутэлька літровая».

Вёдры арыштанты выкарыстоўваюць для мыцца посуду і мыцця рэчаў, а бутэлькі — для пітва і мыцця галавы. У карцары таксама ёсць толькі ўмантаваны ў падлогу жалезны зэдлік, адзін ложак, прышпілены да сцяны, але супрацоўнікі ЦІПа яго не адшпільваюць.

«У цэлым, усе восем чалавек маглі легчы акуратненька, калі людзей больш, то аднаму даводзілася сядзець на зэдліку, хтосьці седзячы спрабаваў спаць».

Былыя сукамернікі распавядалі Аляксею пра ўмовы ў карцары ІЧУ, дзе іх утрымлівалі: «Там на падлозе асфальт, а не плітка, і яшчэ менш месца. І калі восем чалавек, то спаць даводзіцца па чарзе. Туды адпраўляюць усіх палітычных, якія паступаюць па арт. 342 КК. З таго, што я чуў цяпер, людзі сядзяць там па 10-15 сутак і едуць далей на Жодзіна».


Глядзіце таксама

«ГУБАЗ вырашае, у якіх камерах ты будзеш сядзець, колькі колаў табе даваць, па якіх артыкулах судзіць»

Далейшы лёс чалавека, затрыманага супрацоўнікамі ГУБАЗа, залежыць ад рашэння менавіта гэтага ведамства, кажа Аляксей.

«Калі цябе затрымлівае ГУБАЗ, то менавіта яны вырашаюць, у якіх камерах ты будзеш сядзець, колькі колаў табе даваць, па якіх артыкулах судзіць. Нават калі ёсць падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы, то яны самі вырашаюць: адпраўляць цябе па крыміналцы, ці трымаць кола-два-тры-чатыры. Калі вырашаюць адправіць на крыміналку, то даюць адмашку чалавеку з РУУС для падрыхтоўкі дакументаў для крымінальнай справы.

342 КК — гэта фота з праезнай часткі. Тады адразу табе даюць «суткі», а напярэдадні вызвалення цябе выдзіраюць з камеры з рэчамі і пераводзяць у карцар ІЧУ, а потым — у Жодзіна.

Калі цябе затрымліваюць, то адразу кажуць, што з табой будзе. Адразу даюць падпісваць дзіўныя дакументы, дзе фігуруе арт. 342 КК. І нават могуць сказаць, выпусцяць цябе пад заклад ці не».

Былы арыштант адзначае, што ў працы КДБ і ГУБАЗіКа ёсць істотная розніца. Акрамя гэтага, два ведамствы вельмі не любяць адно другое і не саромеюцца гэта адкрыта гаварыць.

Паводле слоў аднаго з сукамернікаў Аляксея, у кабінетах ГУБАЗіКа практычна няма беларускіх сцягоў і фота Лукашэнкі. Пры гэтым яны абвешаныя сцягамі Расіі, ДНР і «Вагнера», там жа стаяць і бюсты Дзяржынскага, кубак з яго выявай.

Супрацоўнік ІЧУ распыліў слезацечны газ у камеру

У сярэдзіне кастрычніка 2023 года ў ІЧУ ўладкаваўся працаваць новы «прадольны». Паводле слоў Аляксея, супрацоўнік у камеру, дзе ўтрымліваліся палітычныя, распыліў слезацечны газ.

«Няшмат, але ўсім хапіла. Усе кашлялі і пакутавалі. Гэта малады хлопец, які хацеў самасцвярдзіцца. А ў адзін з дзён у ІЧУ па ўнутраным радыё гучала песня «Саня останется с нами».

«З усім згаджаецеся, ківаеце галавой ды ідзяце дадому»

Судовыя пасяджэнні па адміністрацыйных справах працягваюць праходзіць анлайн па скайпе, як, напрыклад, у судах Фрунзенскага і Цэнтральнага раёнах Мінска. Ленінскае РУУС, як правіла, прывозіць людзей асабіста на суд.

«Калі судзяць асабіста, то, як правіла, збіраюць цэлы аўтобус. Напрыклад, 30 «бытавых» і адзін-два палітычных. У суддзяў вельмі цікавая мадэль паводзінаў. Яны такія коцікі і лапачкі, такія выдатныя людзі, калі судзяць «бытавых». Напрыклад, судзяць мужыка за тое, што ён збіў жонку: з ім міла размаўляюць, кажуць, маўляў, «вам трэба прыехаць дадому і купіць кветкі». А прыходзіць палітычны, і тон размовы і выраз твару тут жа мяняецца.

Супрацоўнікі з РУУС прыязджаюць, заносяць справы, дамаўляюцца каму колькі даць. «Бытавых» адразу папярэджваюць, што калі ў іх не было неаплачаных штрафаў, то атрымаюць адну-дзве базавыя і пойдуць дадому: «З усім згаджаецеся, ківаеце галавой ды ідзяце дадому». Калі хтосьці збіў жонку ці маці, то пытаюцца, ці памятае яе нумар, каб яна напісала «прымірэнчую», і тады ў яе ёсць гадзіна, каб прыехаць і адпусціць яго на волю. «Бытавых», як правіла, адпускаюць усіх, незалежна ад таго, што яны зрабілі.

Вельмі нам падабалася гісторыя з аднаго з судоў. Як правіла, калі пасяджэнне вочнае, то перад ім затрыманых пакідаюць чакаць у калідоры будынка суда за спецыяльнай кратамі. У гэты час яны знаходзяцца без кайданкоў і ніхто з супрацоўнікаў міліцыі за імі не сочыць. Таму аднаму затрыманаму ўдалося збегчы праз акно з другога паверха».


Глядзіце таксама

«Кожны дзень лекцыі — слухаеш пра птушачак, пра матэматыку, пра музыку»

У першай камеры, у якую трапіў Аляксей у ЦІПе, было 19 палітычных і адзін бяздомны.

«Бяздомных, як коцікаў, падкідваюць да палітычных «на перавыхаванне». З імі, натуральна, добра стасуюцца ў камеры: іх кормяць, за імі даглядаюць. Першае, з чым ты сустракаешся ў камеры — вельмі шчыльнае паветра і вельмі непрыемны цягучы пах мужчынскіх целаў і пах бяздомнага.

Спачатку цябе сустракае гэты пах, а потым бачыш, што на цябе 20 ашалелых напаўаголеных мужчын глядзяць. Але далей адбываецца ўсё выдатна і цудоўна. Заўсёды знаходзіцца адзін чалавек, які адказны за прыём. Сустракаюць, знаёмяцца: «Як справы? Усё добра? Цяпер усё скончылася, тут усё будзе выдатна. Ты да нас з ІЧУ? Вось табе асобныя тэпцікі, пераабувайся, калі ласка. Заходзь у прыбіральню, здымай усю вопратку і правярай яе на блашчыц і вошай. Мы дапаможам, калі ты не бачыш. Усё добра, аддыхайся. Потым нам усё раскажаш».

Потым, як правіла, табе даюць карытца вады гарачай, кавалачак мыла, тлумачаць, як правільна памыцца: ва ўмовах дэфіцыту ты намыльваеш галаву мылам і гэтай пенкай ужо мыеш усе астатнія часткі цела. Спалоскваеш, выціраеш ваду, якая разлілася, спускаешся, табе хлопцы даюць вадзіцы, хлебушка. Ты спакойна ясі, табе нешта распавядаюць, каб ты асвоіўся і потым ты распавядаеш ужо сваю гісторыю. І такое кожны дзень, калі па два-тры чалавекі заязджаюць. Падтрымка цудоўная і сядзець у палітычнай камеры па частцы якая тычыцца нейкай эмпатыі, адносік — выдатна. Гэта прэс-хата, безумоўна, гэта непрыемныя ўмовы ўтрымання, але таварыства шыкоўнае. Гэта кожны дзень лекцыі, абсалютна кожны вечар слухаеш пра птушачак, пра матэматыку, пра музыку, музычныя інструменты, псіхалогію».

«Былі цукеркі, жуйкі «Love is...», соль, прыправа, вэнджанае сала са звалкі»

У залежнасці ад настрою дзяжурных, падчас праверак у зняволеных могуць забраць цёплыя рэчы або запасныя шкарпэткі і майткі, а таксама раскідаць па камеры хлеб і пігулкі. Падчас «сутак» да ўсіх арыштантаў прыходзяць з апытаннем супрацоўнікі міліцыі. Супрацоўнікі задаюць некалькі пытанняў пра асабістыя звесткі чалавека, пра мэсэнджары і паролі да іх, пасля чаго адпраўляюць назад у камеру. Да тых, супраць каго распачатыя крымінальныя справы, паводле назіранняў арыштантаў, з апытаннем прыходзяць больш за адзін раз за ўвесь тэрмін.

Часам палітычных пераводзяць у камеры з арыштантамі, асуджанымі не па «палітыцы». У асноўным там сядзяць за «дробнае хуліганства», алкаголь, аліменты. Акрамя гэтага, некаторыя з гэтых людзей ездзяць на «грамадскія працы», адкуль могуць прывезці сабе ежу ці вопратку.

У гэтых камерах звычайна няма ніякіх абмежаванняў: у некаторых «бытавікоў» ёсць гадзіннікі і тэлефоны, ім дазволена паліць.

«Там можа пашанцаваць так, што ты будзеш есці цыбулю, чытаць кніжкі, нават есці торт. Сустракаюцца цукеркі, жуйкі «Love is...», соль, прыправа, вэнджанае сала са звалкі. Торт таксама са звалкі, зацвілы, але ўсё роўна смачны. Пару апельсінаў, гнілыя нектарыны, падгнілы перац».

У гэтых камерах сустракаюцца матрацы агульныя — тыя, якія з камер не выносяцца, брудныя і вашывыя, а таксама «асабістыя» — тых арыштантаў, якія фактычна жывуць у ЦІП. Сярод такіх людзей — бяздомны Сяргей Маклюк, які ў дзень пасля вызвалення зноў затрымліваецца, атрымлівае «суткі» і вяртаецца ў сваю камеру. Па словах Аляксея, Сяргей актыўна супрацоўнічае з адміністрацыяй.

«Гэты Сяргей — вельмі грубы чалавек, але клапоціцца пра тых, з кім сядзіць. Сукамернікам ён прыносіць садавіну і гародніну. Сам ён турэмную ежу практычна не есць, а сілкуецца сваёй ежай».

Паводле слоў Аляксея, у кастрычніку 2023 года вярнулася працэдура «пражаркі», калі бяздомных ды іх рэчы апрацоўваюць адмысловымі сродкамі, для ачышчэння ад насякомых. Да гэтага часу гэтую працэдуру не праводзілі на працягу некалькіх месяцаў. Акрамя гэтага, у ЦІПе за некалькі дзён усе камеры труцілі ад насякомых.

«Лепш, чым вярнуцца дадому ў цёплы ложак»

Пасля трэцяга суда Аляксею ўдалося пастрыгчы пазногці. Мужчына назваў гэта адной з самых галоўных прыемных падзей за ўвесь тэрмін: «Мне нават удалося пазногці абрэзаць. Таму што ў аднаго з нашых былі з сабой нажнічкі і кусачкі. Мы абрэзалі пазногці і гэта была самая лепшая падзея ў плане нейкага цялеснага задавальнення. Лепш, чым спаць, чым ёсць, чым вярнуцца дадому ў цёплы ложак — абрэзаць пазногці на 25-я суткі».

«У нас жа тут не санаторый». Пра ўмовы ўтрымання ў ЦІП Наваполацка

Жорсткія ўмовы ў часовых ізалятарах для палітычных затрыманых ствараюцца не толькі ў Мінску. У рэгіёнах на працягу амаль чатырох гадоў таксама працягваюцца масавыя зачысткі сярод мясцовых жыхароў. Адным з гарадоў, дзе штотыдзень судзяць людзей па палітычных адміністрацыйных справах, з'яўляецца Наваполацк.

Алена (імя змененае ў мэтах бяспекі) зімой 2023 года адбывала арышт у наваполацкім ЦІПе паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Увесь час з моманту затрымання Алену вадзілі ў кайданках з рукамі за спінай, у тым ліку і падчас штодзённых праверак у ЦІПе. Сродкі гігіены ёй з сабой узяць не дазволілі, бо нібыта «забіраюць ненадоўга».

Адразу пасля затрымання Алену на восем гадзін змясцілі адну ў «адстойнік» пры РАУС. Абутак пры гэтым у яе забралі, таму ўвесь гэты час яна знаходзілася там у адных шкарпэтках. Увечары жанчыну перавялі ў ІЧУ да суда. Пры паступленні яе прымусілі распрануцца і голай прысядаць.


Глядзіце таксама

«Накрылася зверху капюшонам, але тут жа прыйшлі і сказалі нельга — можаш задушыцца»

У самой камеры было ўстаноўленае відэаназіранне, у агляд якога трапляла і прыбіральня:

«Туалет праглядаецца. Прывялі без зменнай бялізны і гігіенічных сродкаў, без зменнага абутку. Так і давялося ісці ў шкарпэтках. Накрылася зверху капюшонам, але тут жа прыйшлі і сказалі нельга — можаш задушыцца. Кажа: «Хочаш захінуцца ад святла — закрывайся рукой».

На раніцу Алене прынеслі сняданак — гэта адзіная ежа за суткі з моманту затрымання, але яна вырашыла адмовіцца ад прыёму ежы.

Суд Полацкага раёна і Полацка прызнаў жанчыну вінаватай у падпісцы на «экстрэмісцкі» канал і прызначыў ёй 15-сутачны арышт. Пасля суда яе вярнулі ў ІЧУ разам з яшчэ адной затрыманай. Ім выдалі порцыі вячэры, а пасля гэтага сказалі збірацца і «на выхад». Іх разам пасадзілі ў аўтазак, які моцна заносіла, таму жанчыны біліся галавой аб сценкі праз недахоп вольнага месца. У выніку, як высветлілася па прыездзе, іх прывезлі ў ЦІП Наваполацка.

«У камеры ўжо было тры чалавекі і нас двое. Камера чатыры на два метры, два жалезныя ложкі. Проста рэйкі, паміж якімі правальваюцца часткі цела. Адна тумбачка, маленькі рукамыйніца і прыбіральня».

З пяці жанчын у камеры толькі дзве былі асуджаныя па палітычных матывах. Астатнім жанчынам было забаронена мець зносіны і чым-небудзь дзяліцца з палітычнымі, інакш — пакаранне для ўсёй камеры. Перадачу са сродкамі гігіены і рэчамі перадалі толькі праз некалькі дзён.

На падлозе, Паводле слоў Алены, спаць было немагчыма. Бо калі ў камеру прыносілі матрацы для асуджаных не па палітыцы, з іх сыпаліся казуркі. Таму спаць на падлозе жанчыны адмаўляліся. За ноч для праверак камеру будзілі па два-тры разы. Акрамя гэтага, у жанчын забралі пустыя пластыкавыя бутэлькі, у якія можна было наліваць ваду, каб грэцца.

Палітычных не выводзілі ні ў душ, ні на прагулкі. Пры гэтым астатнім жанчынам з камеры было ўсё гэта дазволена. У перадачы Алене перадалі пракладкі, якія ўвесь час ляжалі ў тумбачцы, і ніхто іх падчас праверак не забіраў. Падчас «сутак» у жанчыны пачаліся месячныя. Яна мяркуе, што дзяжурныя па камерах убачылі, што яна пачала карыстацца пракладкамі, таму ў камеру адразу прыйшлі і забралі іх. На абурэнне Алены, супрацоўнікі ізалятара, сказалі, што «цяпер трэба прасіць».

«Калі з камеры сышла другая палітычная, я засталася з яшчэ адной жанчынай. Да нас падсялілі жанчыну ва ўзросце, якая хадзіла пад сябе. Яна не стрымлівалася. Калі яна замочвала джынсы і вешала іх сушыцца, там такі стаяў аміячны пах, проста жах. Яна не хацела выходзіць на вуліцу на праветрыванне і ўсе пяць сутак сядзела ў камеры. Дыхаць было зусім няма чым. Акно, якое было заўсёды адчыненае, не ратавала. Я прасіла хлёрку, каб неяк перабіваць гэты пах. І ў нас некалькі дзён стаяў гэты хлёркавы-аміячны пах. Лёгкія можна было проста выплюнуць», — узгадвае Алена.

У адзін з дзён у суседнюю камеру пасялілі мігрантаў з Сірыі, затрыманых на мяжы.

«У першы дзень была цішыня. На другі дзень яны пачалі малітвы чытаць. На трэці дзень спявалі песні, весяліліся. Да іх нехта прыходзіў, нешта пыталіся з перакладчыкам. Яны чакалі дэпартацыі. І вось нам неяк далі батон адразу з цвіллю. На рэйдзе я ім сказала, каб забралі. А яны мне: «Выкіньце». А ў мяне ў вядры выкарыстаныя пракладкі, таму што смецце не выкідалася. Ну я туды паклала батон. І на абед дзяжурны вырашыў вынесці смецце. Дастае адтуль батон і стукае ў камеру мігрантаў. Спытаў ці хочуць яны батон і аддаў ім».

«У нас жа тут не санаторый»

У ЦІПе ў Алены пачаліся праблемы са здароўем. Але пералік медыкаментаў у мясцовых лекараў невялікі, напрыклад, для лячэння дыярэі прапанавалі «ношпу». А калі ў жанчыны пачаўся крывацёк з носа, ёй выдалі адзін ватовы дыск і перакіс вадароду.

Паводле слоў былой арыштанткі, у ізалятары не было градусніка. Таму, калі яна адчула, што ў яе павысілася тэмпература, можна было арыентавацца толькі на свае адчуванні. Праўда, ад тэмпературы на выбар былі парацэтамол і аспірын.

У адзін з дзён у жанчыны падняўся ціск. Медсястра дала Алене таблетку і дазволіла дзве гадзіны паляжаць на ложку ў спакоі. Пазней прыйшлі праверыць ціск са зламаным танометрам. Але вымяраюць ціск праз «кармушку» — руку трэба прасоўваць праз дзверы ў калідор.

«На трэці дзень у мяне ад жалезнага ложка пайшлі гематомы па руках, па нагах. Выклікалі зноў лекара. Яна паглядзела і сказала, што гематомы сур'ёзныя. Паварочваецца да дзяжурнага і пытаецца, можа быць можна хоць коўдру нам даць. Той сказаў «не». Яна паварочваецца і кажа: «Ну так, у нас жа тут не санаторый. Можаце спаць на падлозе».