Падаляк: Беларуская грамадзянская супольнасць цяпер значна больш жорсткая

Дарадца Зяленскага выказаўся наконт будучыні Лукашэнкі — і пазітыву там не ўбачыў.

tbilisi1_logo.jpg

— Пагроза незалежнасці Беларусі, пра якую цяпер гаворыць рэжым, пагражаючы ядзернай зброяй, сапраўды існуе, — заявіў Міхаіл Падаляк у інтэрв'ю Яўгену Кісілеву, піша «Салідарнасць». — Але толькі з боку РФ, якая татальна дамінуе — і ў рамках канцэпцыі Саюзнай дзяржавы, і ў вырашэнні ўсіх астатніх пытанняў, напрыклад, кадравых.

Мне зразумелы страх Лукашэнкі. Ён усё больш і больш адчувае страту якой бы там ні было, нават унутранай, суб'ектнасці. На самой справе нават вайскоўцы ў выпадку ўзнікнення ўнутранага крызісу могуць яму не падпарадкавацца.

Страх Лукашэнкі прадыктаваны тым, што пасля трыццацігадовага знаходжання ва ўладзе ён не можа мець гарантый ад наступных элітаў аб тым, што не пацерпіць ён, яго сям'я, яго інтарэсы.

Яго палітычныя заявы апошнім часам падкрэсліваюць тое, што ён адчувае дастаткова выражаны страх. Ён разумее, што Расія паступова заходзіць у той стан, калі можа пазбавіцца яго.


Глядзіце таксама

Прадстаўнік офіса Зяленскага мяркуе, што, жадаючы дыстанцыявацца ад Расіі, беларускі кіраўнік адчайна шукае іншых партнёраў, якія маглі б дапамагчы яму ў абставінах, што склаліся.

— Лукашэнка цяпер шукае кагосьці, хто пры тых ці іншых палітычных працэсах у Беларусі змог бы яму даць гарантыі, сказаў бы: так, Беларусь нам цікавая.

Але тут ён памыляецца. Ён дапусціў шмат стратэгічных памылак. Кітай знайшоў сабе ў Еўропе іншыя дзверы. Мы бачылі досыць эфектыўны візіт Сі Цзіньпіна ў Бялград.

Адпаведна, Беларусь у гэтым плане для КНР выглядае не так перспектыўна, як гэта было да пачатку поўнамаштабнага ўварвання, калі Кітай вельмі шмат грошай інвеставаў у розныя галіны Беларусі.

Лукашэнка памыліўся, ён не прадугледзеў, што вайна можа развівацца не паводле расійскага сцэнару. Яму здавалася, што гэта будзе крымскі сцэнар, вокамгненная вайна, Расія стане кантраляваць Украіну, а Беларусь за кошт плацдармнай дапамогі атрымае свае дывідэнды.

Ці будуць з Лукашэнкам весці перамовы некаторыя краіны, каб яго падтрымаць? Весці, можа, і будуць, але падтрымліваць не будуць.  

І далей, чым горшым будзе станавіцца становішча Расіі на полі бою, тым горш будзе сябе адчуваць Лукашэнка і тым больш радыкальным будзе да яго стаўленне з боку Пуціна.

Для яго часы будуць усё горш і горш, — мяркуе Падаляк.


Глядзіце таксама

Гаворачы пра страхі Лукашэнкі, дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны вяртаецца і да падзей 2020 года.  

— Не выключаю, што любая ваенная параза Расіі, нават тактычная (напрыклад, прарыў лініі фронту на тым ці іншым кірунку ці нешта падобнае), прывядзе да рэвалюцыйных працэсаў у дзяржавах, дзе так ці інакш ёсць прысутнасць расійскай цікавасці.

Адна з краін, дзе гэта будзе адбывацца, — Беларусь. Лукашэнка гэта інтуітыўна адчувае. Ён разумее, што тады лета-восень 2020 года будуць дагуляныя.

Тым больш, што пасля той выбарчай кампаніі дагэтуль у турмах Беларусі знаходзяцца дзясяткі тысяч людзей, хтосьці нават памёр. Вядома, людзі запатрабуюць сатысфакцыі.

Нагадаю, падзеі 2020 года фармавала не класічная апазіцыя, а грамадзянская супольнасць. Гэта было зусім нечакана, шакавальна для Лукашэнкі.

І гэтая грамадзянская супольнасць, думаю, цяпер значна больш жорсткая, — мяркуе Падаляк.