Хронікі рэпрэсій за 4 верасня. Лукашэнка памілаваў яшчэ 30 палітвязняў. У Брэсце за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах судзяць адразу 11 чалавек
Па памілаванні выйшла на свабоду адна з заснавальніц руху «Маці-328» Марына Кісялевіч. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ "Вясна".
У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 12 беларусаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ 12 чалавек.
Сярод іх Лазарэвіч Уладзімір, Блізнец Аляксандр, Максімовіч Аляксандр, Зайкоў Андрэй, Мірэйчык Андрэй, Судзілоўская Анастасія, Цімашчук Алена, Сауцін Павел, Субцельны Андрэй, Наумаў Сяргей, Германовіч Яўген, Валадзько Анатоль.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1158 чалавек, з іх крыху менш за 500 — беларусы.
Палітвязень Аляксей Ільінчык — на волі
Аляксей — гомельскі бард і музыкант. Яго абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК), абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і асудзілі да 2,5 гадоў калоніі.
За час знаходжання ў СІЗА-3 і ў папраўчай калоніі здароўе Аляксея пагоршылася. Правая рука ў яго амаль не дзейнічала, быў парушаны маўленчы апарат, таму размаўляў ён з цяжкасцю. Пісаць самастойна лісты ён таксама не мог.
Як стала вядома «Гомельскай Вясне», Аляксей цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю 31 жніўня.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 чалавек — цяпер у ім 4375 прозвішчаў
30 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі аператара АНТ Антона Казельскага і настаўніцу мінскай гімназіі Дар'ю Хмяльніцкую.
Жыхара Гомеля затрымалі за падпіску на паблік «Чай з малінавым варэннем» ва «Укантакце»
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што мужчыну абвінавачваюць у «распаўсюде экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).
Белта: Лукашэнка памілаваў яшчэ 30 палітвязняў
Сярод іх 7 жанчын і 23 мужчыны. Большасць з іх з'яўляюцца бацькамі непаўналетніх і малалетніх дзяцей.
Вядома, што іх справы разглядала камісія генпракурора Андрэя Шведа, які ўзначавальвае гэтак званую «камісію па вяртанні».
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» X-акаўнт нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 2 верасня.
Праваабаронцы Libereco гадамі падтрымліваюць беларусаў і застаюцца неабыякавымі да парушэнняў правоў чалавека ў нашай краіне, а таксама прыцягваюць увагу еўрапейцаў да гэтай праблемы.
Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх» трапілі старонкі ў «X» «Наnnа Liubakova», «Pavel Slunkin», «bielarus.infо», Instagram-старонкі «margo.vorykhava», «anton_rodionovart», Telegram-каналы «Вольно-Казачий Отряд РДК», «BGmedia:новости – 2024» і Facebook-старонкі «Беларускi Хаб "Новая зямля"/Bialoruski Hub "Novaja Ziamia», «Акцыi беларусаў Варшавы».
У Брэсце за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах судзяць адразу 11 чалавек
У судзе Брэсцкага раёна паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) пачалі судзіць 11 мясцовых жыхароў. Гэта Ілля Сабко, Аляксандр Зайцаў, Мікалай Каплюк, Кірыл Еўтышык, Мікалай Місюк, Артур Зарэмба, Дзмітрый Лысюк, Алег Бандарук, Міхаіл Верамчук, Дзмітрый Салавейка, Дзяніс Якавенка. З некаторымі з іх публікаваліся «пакаяльныя відэа».
Паводле інфармацыі «Берасцейскай Вясны», папярэдне ўсіх судзяць за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года.
Масавую справу разглядае Сяргей Маручак, які ў 2021 годзе вынес прысуд адразу 12 чалавекам па «справе карагодаў». Агулам за брэсцкую акцыю пратэсту, якая адбылася 10 жніўня 2020 года, паводле арт. 342 і 293 асудзілі ўжо 107 чалавек.
У Пінску судзяць двух мясцовых жыхароў за ўдзел у пратэстах
4 верасня ў судзе Пінскага раёна і Пінска адбываецца адразу два працэсы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. За ўдзел у акцыях пратэсту судзяць Арцёма Стасюкевіча і Аляксандра Валацко. Іх справы разглядаюць Яўгенія Мельнік і Вольга Лубнік адпаведна.
Як піша «Берасцейская Вясна», справы звязаныя з акцыяй пратэсту, якая праходзіла з 9 на 10 жніўня 2020 года ў Пінску. Раней за тую акцыю пратэсту асудзілі 29 чалавек, але паводле ч. 2 арт. 293 КК «удзел у масавых беспарадках».
Актывіст і сябар «Руху за Свабоду» Аляксей Клюшнічэнка ўжо больш за 6 месяцаў знаходзіцца за кратамі
Пра гэта ў Facebook паведаміла Аліна Герашчанка.
Аляксей быў затрыманы 22 лютага. Паведамляецца, што яму інкрымінуюцца артыкулы 130 КК (распальванне варожасці), 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), 367 КК (паклёп на Лукашэнку), 368 КК (абраза Лукашэнкі) і іншыя.
У Беларусі +5 новых палітвязняў
Гэта Афанасій Афанасенкаў, Уладзімір Дэмбіцкі, Яўген Вялесік, Яўген Блінкоў, Наталля Сцёпіна.
Па памілаванні выйшла на свабоду адна з заснавальніц «Маці-328» Марына Кісялевіч
Пра гэта паведамляе "Наша Ніва".
У траўні 2022 года Марыну Кісялевіч асудзілі да 4 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яе судзілі па «даносу неабыякавага» па допісах «УКантакце» па двух дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку). Тэрмін жанчына адбывала ў берасцейскай ПУАТ-1.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 12 красавіка 2024 прайшло судовае пасяджэнне па ўзмацненні пакарання палітзняволенай. У выніку Марыне замянілі абмежавання волі на пазбаўленне волі ў калоніі тэрмінам на 10 месяцаў.