Ігар Тышкевіч: Лукашэнка дэманструе гатоўнасць да гандлю

Неўзабаве мы станем сведкамі яшчэ не адной займальнай гісторыі на беларускім кірунку. Аж да таго, што цяпер ўяўляецца неверагодным, — стварэння «апазіцыйнай партыі» ўнутры Беларусі, прадракае ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Ігар Тышкевіч.

marsz_mira_i_nezaleznasci__32__logo_2_logo.jpg

Беларусь. Працэсы

Канец 2024 можа стаць перыядам пачатку публічных (маю на ўвазе менавіта публічных) кансультацый пра рамкі ўкраіна-расійскіх перамоваў (натуральна, з удзелам іншых краін).

На гэтым фоне для Лукашэнкі палітычная сітуацыя складваецца не вельмі. Ёсць разуменне неабходнасці транзіту. Але ёсць і жаданне ісці на наступны тэрмін. Пры гэтым згоды на «яшчэ пяць гадоў трымання пасінелымі рукамі ўлады» ні ад Масквы ні ад Пекіна няма. 

Для Масквы пытанні Беларусі і Лукашэнкі асабіста могуць стаць альбо элементам для стварэння бачнасці палітычнага поспеху ў выпадку маштабных саступак Украіне па мірным працэсе. Альбо (ужо ў выпадку калі атрымаецца «выкруціць рукі Украіне») фактарам, на які не варта звяртаць увагу. Гэта значыць, паспрабаваць калі не далучыць, то істотна ўзмацніць свой уплыў аж да прамога куратарства ўнутраных працэсаў.

Для Пекіна Беларусь як суб'ект важная. З Лукашэнкам складаней. З аднаго боку, у таго добрыя адносіны з Сі, з другога — шэраг заданняў «хатняй працы» не выкананы да гэтага часу. У Паднябеснай, тэарэтычна, могуць пагадзіцца на варыянт выбараў, але пад умовы далейшай трансфармацыі сістэмы. Прычым не толькі ў галіне эканомікі, але і палітыкі. 

Прасцей кажучы, Кітаю неабходна, каб афіцыйны Мінск прадэманстраваў здольнасць выхаду са спіралі экскалацыі з суседзямі. Калі пры гэтым будзе прадэманстравана жаданне дыстанцыявацца ад Крамля — гэта стане толькі плюсам.

Але акрамя пытанняў саўдзелу ў вайне, у Беларусі працягваецца палітычны крызіс. Так, ён не носіць характару 2020 года, але фрагментацыя грамадства захоўваецца, а электаральнае ядро Лукашэнкі скарацілася да прыкладна 25% сярод гарадскога насельніцтва (што дае дыяпазон 25–35% для ацэнкі ў агульным па краіне).

З улікам фактару 2022 года простых выхадаў для афіцыйнага Мінска мала. Гэта значыць, «перагарнуць старонку» проста пасля сімвалічнага жэсту не атрымліваецца. Аднак гэта можна арганізаваць, тым больш, што эмігранцкія цэнтры апазіцыі ўсё больш губляюць магчымасць уплыву на працэсы ўнутры краіны. І ў шэрагу дзяржаў ЕС бачаць гэта, — і задумваюцца над тым, як трансфармаваць палітыку на беларускім кірунку. 

«Перагарнуць старонку» проста так не можа і Лукашэнка. Для аўтакрата важна на ўнутраным полі дэманстраваць сваю сілу, а рэзкі разварот (у тым ліку і ва ўнутрыпалітычных пытаннях) пагражае стратай лаяльнасці часткі акружэння. 

Другі аспект — ягоная асабістая траўма ад 2020 года: Лукашэнка хоча пабачыць і сам сабе давесці, што «людзі яго любяць».

Патрэбны нейкі сімвалічны акт. І выбары 2025 года могуць стаць такім. Дзе альбо сам Лукашэнка (пасля намаляваных яму 99,9%, але без пратэстаў на вуліцах) з «пазіцыі пераможцы» заяўляе пра неабходнасць сябраваць з суседзямі. Альбо, што яшчэ лепш для краін ЕС, яго зменшчык кажа пра новую палітыку.

Глядзіце таксама

Але для 2025 неабходна вырашыць некалькі задач:

  1.  Забяспечыць базу — гэта значыць, пачаць зрухі ў адносінах з ЕС
  2.  Прадэманстраваць гатоўнасць да траснфармацыі палітыкі (тут як для ЕС, так і для КНР)
  3. Заручыцца падтрымкай моцнага партнёра як балансіра ўплыву Маскавы (ну тут відавочна Пекінскі трэк)
  4. Паглыбіць раскол унутры беларускага грамадства. У першую чаргу па лініі «апаненты Лукашэнкі ўнутры краіны — эміграцыйныя апазіцыйныя групы». Гэты раскол ужо існуе, і ён моцны. Але дэманстрацыяй «неэфектыўнасці» працы новай беларускай апазіцыі (гаворка ідзе пра структуры, што ўзніклі пасля 2020) разам з працэсамі ўнутры краіны можна яго паглыбіць.

З улікам сказанага вышэй, мы ўжо назіраем наступнае:

  1.  З чэрвеня 2024 ідзе ракіроўка кіраўнікоў (ад вобласці да ўрада) з паступовым памяншэннем уплыву «людзей у пагонах»
  2.  Указы аб памілаванні палітычных вязняў, што рызыкуюць стаць рэгулярнымі. Так бы мовіць, патроху, па 20–30 чалавек, але раз ці два разы на месяц. Дзе спіс вызваленых можа абмяркоўвацца з дыпламатамі краін ЕС, але не з віленскім альбо варшаўскім цэнтрамі новай апазіцыі.
  3.  Рэзкае (больш чым у два разы ў параўнанні з вясновымі данымі) зніжэнне колькасці спробаў перасячэння беларуска-польскай мяжы нелегальнымі мігрантамі
  4.  Больш за 11 кітайскіх дэлегацый (на ўзроўні міністэрства і вышэй) у Беларусі з 15 чэрвеня па канец жніўня.
  5.  Анансаваная канферэнцыя па «барацьбе з нелегальнай міграцыяй», на якую будуць запрошаныя кіраўнікі МЗС шэрагу еўрапейскіх дзяржаў. Гэта значыць, Лукашэнка паспрабуе дамовіцца аб зручным для ўсіх варыянце выхаду з міграцыйнага крызісу.

Глядзіце таксама

І, нарэшце, шоу на ўкраінскім кірунку. Для РФ ёсць заявы пра перакідванне ледзь не ўсёй арміі да мяжы. Украінскія памежнікі заяўляюць, што кардынальнага колькаснай і якаснай змены сітуацыі не адбываецца. 

А, яшчэ ў апошнія дні — пачатак працэсу збіцця «шахедаў», якія залятаюць на беларускую тэрыторыю. Пакуль што — без рэзкіх заяў Лукашэнкі з гэтай нагоды. Але працэс носіць дэманстратыўны характар, асабліва на фоне нежадання збіваць «залётныя БПЛА» Польшчай і Румыніяй.

Лукашэнка дэманструе гатоўнасць да гандлю. І гэты гандаль ён жадае пачаць як мага раней, каб зімой 2025-га можна было ўжо дэманстраваць наступны этап трансфармацыі палітыкі. Яму важна забяспечыць сабе ўстойлівасць да замаразкі (альбо спынення) вайны ва Украіне.  І гэта пытанне як яго асабістай будучыні, уключаючы транзіт улады.

А значыць, мы станем сведкамі яшчэ не адной займальнай гісторыі на беларускім кірунку. Аж да ўяўнага неверагодным — стварэння «апазіцыйнай партыі» ўнутры Беларусі. Не сёння, але крыху пазней, у 2025-м.