Уладзімір Пастухоў: Гэты шчупак не збіраецца выконваць жаданняў Івана-дурня

Будучыня Расіі пры Кітаі, калі пуцінскі план будзе цалкам рэалізаваны, – гэта стаць глухой  правінцыяй каля сцюдзёнага мора, дзе пражываюць беласкурыя уйгуры — занадта ганарлівыя і з надмерна высокім уяўленнем пра сябе саміх і сваё месцы ў свеце, піша гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў.

po_schuczemu_velenju.jpg

Невялікая натхняльная прамова Пуціна пра важнасць кітайскай мовы, дзе ён падзяліўся інфармацыяй пра тое, што яго «малодшанькія» свабодна гавораць па-кітайску, выклікала ўсплёск цікавасці да яго меркаваных дзяцей ад партнёрства з Кабаевай (хоць асабіста я падумаў пра ўнукаў). Цікавасць тут жа задаволіла «Дасье» — трохі распавяло пра побыт пуцінскіх спадчыннікаў. 

У цэлым вымалёўваецца апакаліптычная карціна ізаляваных ад рэальнага жыцця падлеткаў, якія праводзяць час на яхтах і ў закрытых рэзідэнцыях і штудзіруюць кітайскую мову (зрэшты, расследаванне «Дасье» намякае, што ў асноўным шукаюць настаўнікаў нямецкай і англійскай моваў). З прыцэлам на будучыню? Якію? Гэта для мяне самае цікавае пытанне.

Вобраз Кітая як чароўнага шчупака з казкі пра Івана-дурня адыгрывае сістэмаўтваральную ролю ў ідэалогіі пуцінскіх элітаў, структуруючы яшчэ больш важны і глабальны вобраз «пачварнай Расіі будучыні». 

І сапраўды так — без Кітая гэты вобраз ніяк не складваецца. 

Глядзіце таксама

Кітай — гэта адказ на ўсе пытанні, на якія насамрэч няма адказу. 

  • А як мы правядзем мадэрнізацыю, калі сваіх тэхналогій няма, а з Захадам ваюем? — А Кітай дапаможа. 
  • А як мы асвоім Сібір і Арктыку, калі сваіх людзей няма, а чужых ужо і браць няма адкуль? — А Кітай дапаможа. 
  • А дзе мы возьмем чыпы, машыны, хімікаты і наогул усё, што трэба для нармальнага жыцця, не кажучы пра вайну? — А ў Кітаі возьмем. 
  • А як наконт інвестыцый і тэхналогій? — Ды там жа, вядома. 

Ну, чым не чароўны шчупак, скажыце? Якім шчаслівым карасём аказалася гэтая Расія. Пашанцавала ёй з Кітаем з казкі – свой, ды яшчэ і ручны шчупак на ўсе выпадкі жыцця па патрабаванні.

Глядзіце таксама

Калі сур'ёзна, то ва ўяўленні пуцінскіх элітаў будучыня Расіі ў партнёрстве з Кітаем паўстае ў ненатуральна ружовых адценнях. Яны бачаць адносіны Расіі і Кітая як кальку адносін Англіі і Амерыкі – збяднелы арыстакрат фліртуе з багатым вахлаком. «Джэнтльмен у пошуках дзясяткі», як сказаў бы герой Ільфа і Пятрова. 

Расія пры Кітаі — гэта прывілеяваная правінцыя, светач еўрапейскай культуры ў азіяцкай цемры. Гэта значыць ім здаецца, што яны будуць з Масквы як «белыя людзі» кіраваць «кітайскімі ватнікамі». Цяжка сказаць, чаго ў гэтых уяўленнях больш — рэшткавай імперскай пыхі або неразумнага фантазерства. 

У рэальнасці ў рамках той мадэлі стасункаў з усходнім суседам, што цяпер развіваецца, у пуцінскай Расіі ёсць толькі адна функцыя — адсмоктваць для Кітая нафту і газ і яшчэ сякія-такія рэсурсы. Усё! Ні для чаго іншага Расія цяперашняму Кітаю не патрэбна.

Глядзіце таксама

Будучыня Расіі пры Кітаі, калі пуцінскі план будзе цалкам рэалізаваны, – гэта стаць глухой правінцыяй каля сцюдзёнага мора, дзе пражываюць беласкурыя уйгуры — занадта ганарлівыя і з надмерна высокім уяўленнем пра сябе саміх і сваё месцы ў свеце. 

Менавіта гэтая сумная перспектыва і з'яўляецца ахілесавай пятай пуцінскага плана мадэрнізацыі. Ён усім добры, практычна бездакорны, але ў яго ёсць адзін маленькі недахоп: ён утапічны. Гэты шчупак не збіраецца выконваць жаданняў Івана-дурня.