Пастухоў: Расія не разваліцца, пакуль Кітай гэтага не захоча

Расійская агрэсія супраць Украіны — гэта геапалітычная грыжа, якая паўстала там, дзе мышца сусветнага парадку больш за ўсё аслабла.

china_14.png

Крыху гістарычнай дыялектыкі на экватары вайны ад гісторыка і палітолага Уладзіміра Пастухова.

Лёс Расіі з'яўляецца часткай лёсу свету, але пры гэтым тое, што адбываецца ў Расіі, здольнае змяніць траекторыю руху апошняга. 

Улік гэтай дыялектыкі даецца нам вельмі няпроста, значна прасцей адарваць тое, што адбываецца ў Расіі, ад таго, што адбываецца ў свеце — і аналізаваць іх паасобку як самастойныя працэсы. Праблема, аднак, палягае ў тым, што яны не самастойныя.

Разгледзім гэта на простым прыкладзе санкцый супраць Расіі ў сувязі з вайной ва Украіне. ЗША і іх хаўруснікі цалкам справядліва ацанілі агрэсію ва Украіне як сублімаваны выклік заходняму свету і тым каштоўнасцям, на якіх ён заснаваны. 

Адказам стала падтрымка Украіны і спроба абмежаваць доступ Расіі да рэсурсаў і тэхналогій, якія дазваляюць весці працяглую эфектыўную вайну. Аднак гэтыя меры натыкнуліся на супрацьдзеянне Кітая і Ірана, якія палічылі магчымым — і нават карысным — «падставіць плячо» Расіі і фактычна сарваць план па падрыве яе рэсурснай базы.

Такім чынам, перспектывы вайны ва Украіне аказаліся наўпрост падвязаныя да перспектыў вырашэння двух глабальных канфліктаў — «блізкаўсходняга» і «далёкаўсходняга», першы з якіх у значнай ступені сам з'яўляецца вытворным і падсілкоўваецца энергіяй іншага, больш магутнага супрацьстаяння. 

Калі б не «плячо» Кітая, то мы, напэўна, даўно б мелі зусім іншы зыход гэтай вайны, але праблема як раз у тым і палягае, што гэта самае «плячо Кітая» з самага пачатку было закладзенае ў меню міжнароднага палітычнага парадку дня. Аднак па нейкіх прычынах усе, хто планаваў аперацыю па ізаляцыі Расіі, старанна рабілі выгляд, што гэтага радка ў меню няма.

Расія ў выніку апынулася ў новай для сябе пазіцыі (Новай у адносінах да СССР, але не новай ў адносінах да Імператарскай Расіі) — не асноўнага, а дапаможнага актара сусветнай гісторыі, які ўступае ў гульню не як самастойная сіла, а заўсёды гуляе на чыім-небудзь баку ў рамках чужой глабальнай стратэгіі. 

Дарэчы, менавіта так Расія ўдзельнічала ва ўсіх еўрапейскіх войнах XIX стагоддзя, ды і ўдзел яе ў абедзвюх сусветных войнах XX стагоддзя наўрад ці выходзіць за названыя рамкі.

Але, як ні дзіўна, тое, што Расія стала «акцёрам другога гістарычнага плана», не толькі не спрасціла, але нават ўскладніла становішча ЗША і іх саюзнікаў як сцэнарыстаў і рэжысёраў. Актыўна змагаючыся за сваё месца пад геапалітычным сонцам, сучасная Расея апынулася нават больш дэструктыўным фактарам сусветнай палітыкі, чым быў СССР. СССР імкнуўся забяспечыць выгадныя для сябе ўмовы ў рамках сусветнага парадку, які сфармаваўся па выніках Другой сусветнай вайны. Расію ў яе пазіцыі гульца другой лініі, які імкнецца выбіцца ў першую, задавальняе цяпер толькі хаос на полі, які яна і ўкараняе усімі даступнымі ёй сродкамі.

Відавочна, не існуе ніякага «лакальнага» развязання расійска-ўкраінскага крызісу, хоць бы таму, што гэты крызіс не з'яўляецца лакальным. Расійская агрэсія супраць Украіны — гэта геапалітычная грыжа, якая паўстала там, дзе мышца сусветнага парадку больш за ўсё аслабла. Як і любы другасны канфлікт, гэты крызіс можа быць вырашаны толькі ў рамках больш шырокага ўрэгулявання, які закранае першасны канфлікт, у дадзеным выпадку – паміж Кітаем і ЗША. 

Дасягнута гэта можа быць толькі адным з двух спосабаў. Альбо Захад ідзе на кампраміс з Кітаем і матывуе яго далучыцца да блакады Расіі, альбо Захад ідзе на кампраміс з Расіяй і матывуе яе пачаць гуляць супраць Кітая. 

Трэцяга не дадзена, і само па сабе гэта таксама не рассмокчацца.

P. S. Забыўся сказаць паважаным «дэкаланізатарам», якія чакаюць распаду Расіі, — Расія не разваліцца, пакуль Кітай гэтага не захоча.