925-ты дзень вайны. УСУ не хапала дальнабойных ракет і снарадаў, таму спланавалі аперацыю пад Курскам

У Палтаве колькасць загінулых у выніку расійскага ракетнага ўдару 3 верасня ўзрасла да 55 чалавек, 328 чалавек пацярпелі.

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Мінабароны Беларусі пацвердзіла, што вайскоўцы ўначы зафіксавалі факт парушэння паветранай прасторы — як мяркуецца, дронамі, яны знішчаныя. Пры гэтым у Мінску не ўдакладнілі, чые гэта былі дроны.

Зяленскі: недахоп дальнабойнай зброі ў УСУ выклікаў неабходнасць аперацыі ў Курскай вобласці

Зяленскі заявіў, што ў адзін з момантаў праз «дзірку ў пастаўках» Украіна мела толькі адзін снарад на 12 снарадаў Расіі. «Што вы павінны зрабіць? Усё роўна, колькі ў вас людзей тут, калі ў іх 12 снарадаў, а ў вас адзін, у вас проста будзе больш людзей стаяць і больш людзей гінуць», — сказаў Зяленскі ў інтэрв'ю NBC News.

Ён дадаў, што Украіне трэба было «разумнае рашэнне». Паводле яго, гаворка ідзе, у прыватнасці, пра Курскую аперацыю і адцягванне расійскіх сілаў.

«Што тычыцца дальнабойнасці. Менавіта гэты недахоп дальнабойнасці прымусіў нас думаць. Думаць кожную секунду, якая ў нас ёсць альтэрнатыва. І гэта прывяло да аперацыі на Куршчыне. І, дарэчы, паспяховай аперацыі», — сказаў прэзідэнт Украіны.

«І ў нас было разуменне ад нашых разведак, што РФ плануе рабіць гэтую буферную зону. Нават адкрыта Пуцін і яго асяроддзе заяўлялі, што яны хочуць стварыць буферную зону ўздоўж нашай мяжы — на нейкай колькасці кіламетраў углыб нашай дзяржавы. І мы зразумелі, што яны не спыняцца», — сказаў украінскі прэзідэнт.

«І тады мы зразумелі, што нам трэба правесці адпаведную аперацыю. Каб буферную зону рабілі не яны ў нас, а мы. Каб потым мы не адлюстроўвалі іх атакі, як гэта было ў Харкаве, губляючы тэрыторыі і людзей, а наадварот, рабіць нешта нечаканае. І з'явілася гэтая аперацыя», — растлумачыў Зяленскі.

З пачатку ўкраінскага наступу ў Курскай вобласці 6 жніўня, па словах галоўнакамандуючага УСУ Аляксандра Сырскага, украінскія войскі ўзялі пад кантроль 1300 квадратных кіламетраў расійскай тэрыторыі і 100 населеных пунктаў, захапіўшы ў палон каля 600 расійскіх салдат.

Раней Зяленскі заяўляў, што дзякуючы аперацыі ў Курскай вобласці Украіна адвяла пагрозу акупацыі часткі Харкаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай вобласці. 

Расійская атака на інстытут у Палтаве: колькасць загінулых павялічылася да 55 чалавек

Фота Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях

Фота Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях

Колькасць загінулых у выніку расійскага ракетнага абстрэлу палтаўскай навучальнай установы вырасла да 55 чалавек, 328 чалавек атрымалі раненні.

Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях паведаміла, што часткова разбураны шасціпавярховы будынак вучэбнага корпуса. Верагодна, пад заваламі яшчэ застаюцца людзі, адзначаюць у ДСНС.

На гэты момант ратавальнікі разабралі і вывезлі больш за дзве тысячы тон будаўнічага смецця.

Нагадаем, 3 верасня РФ ударыла дзвюма балістычнымі ракетамі  па адной з навучальных устаноў Палтавы. Ракеты пацэлілі па тэрыторыі Інстытута сувязі і размешчанай побач бальніцы. 

У Палтаўскай вобласці з 4 верасня  аб'яўлена трохдзённая жалоба па загінулых у выніку расійскага ўдару.

Сухапутныя войскі Украіны вядуць расследаванне абстрэлу навучальнай устаноў Палтавы, якая пацярпела ад ракет расійскай арміі.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійскія ракеты, якія патрапілі ў палтаўскую вайсковую навучальную ўстанову, ляцелі ўсяго 3 хвіліны — і шмат людзей загінулі і былі параненыя, калі яны спускаліся ў сховішча. 

Румынія падаравала Украіне сістэму Patriot

Румынія перадала Украіне ЗРК Patriot. Адпаведны закон прадставіў прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на News.ro.

Сёння Ёханіс апублікаваў ініцыяваны ўрадам законапраект аб перадачы Украіне зенітна-ракетнага комплексу Patriot. Напярэдадні яго падтрымаў парламент Румыніі.

Комплекс Patriot будзе пастаўляцца ва Украіну ў канфігурацыі, узгодненай з амерыканскім партнёрам. Акрамя таго, румынскі ўрад цяпер упаўнаважаны прымаць неабходныя меры для аднаўлення наземнага патэнцыялу супрацьпаветранай абароны. Гэта значыць, цяпер Румынія купіць яшчэ адзін Patriot для абароны свайго неба на замену таму, які будзе перададзены Украіне.

Зенітна-ракетны комплекс Patriot — удасканаленая сістэма супрацьпаветранай абароны, распрацаваная ЗША для абароны ад ракетных і паветраных нападаў. Ён здольны паражаць тактычныя балістычныя ракеты, крылатыя ракеты і самалёты. Patriot шырока выкарыстоўваецца як у ЗША, так і ў многіх краінах свету.

Асноўныя магчымасці сістэмы:

  • Шматфункцыянальнасць: здольная адначасова адсочваць і знішчаць некалькі цэляў.

  • Радар: высокаадчувальны радар, які можа выяўляць пагрозы на вялікіх адлегласцях.

  • Перахоп: здольны перахопліваць балістычныя ракеты на далёкасці да 160 км і вышыні да 24 км.

Для Украіны Patriot з'яўляецца важным элементам абароны крытычнай інфраструктуры і мірнага насельніцтва ад расійскіх паветраных і ракетных нападаў.

Навіны вайны

Раніцай расіяне скінулі дзве кіраваныя авіябомбы на Канстанцінаўку Данецкай вобласці і абстралялі горад з артылерыі — адзін чалавек загінуў, васьмёра параненыя паведаміў кіраўнік АВА Вадзім Філашкін.

РФ абстраляла дзве медыцынскія ўстановы ў цэнтры Херсона — будынкі пашкоджаныя, пацярпелі двое медработнікаў, паведаміла АВА. Яшчэ адзін чалавек паранены ў Херсоне ў выніку скідвання выбухоўкі з БПЛА. Акрамя таго, у вёсцы Садовае пацярпелі тры чалавекі, на якіх расійскія войскі таксама скінулі выбухоўку з дрона.

Раніцай армія РФ атакавала Днепрапятроўскую вобласць дронам-камікадзэ-была пашкоджана інфраструктура, з-за чаго ўзнік пажар. Калі ратавальнікі тушылі пажар, РФ нанесла паўторны ўдар, адзін з пажарных паранены, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. Агнём знішчана службовае аўто.

Украінская супрацьпаветраная абарона падчас начной і ранішняй атакі знішчыла 60 з 78 ударных БПЛА тыпу Shahed, паведамілі ў паветраных сілах УСУ. Яшчэ два беспілотнікі вярнуліся ў Расію, адзін паляцеў у Беларусь, 15 дронаў — лакальна страчаныя на тэрыторыі Украіны (як мяркуецца, пад уплывам сродкаў РЭБ). Акрамя таго, ноччу Расія атакавала адной балістычнай ракетай Іскандэр-М. Супрацьпаветраная абарона працавала ў Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай, Вінніцкай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай, Жытомірскай, Запарожскай і Херсонскай абласцях.

Паветраная трывога ў Кіеве доўжылася больш за дзевяць гадзін. РФ атакавала сталіцу Украіны дронамі, паведаміў кіраўнік КМВА Сяргей Папко. Паводле яго слоў, пад пагрозай паветранага ўдару знаходзіліся практычна ўсе паўднёвыя, паўночныя, усходнія тэрыторыі, цэнтральныя і частка заходніх абласцей Украіны, у тым ліку і Кіеў. Гэтым разам на сталіцу БПЛА заходзілі пераважна паасобку, а не групамі. Усе беспілотнікі, якія пагражалі Кіеву, былі абясшкоджаныя, у горадзе абышлося без пацярпелых і разбурэнняў.

straty_rf_05_09_2024.jpg

Украінскі Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ паводле стану на раніцу 5 верасня: асабовага складу — каля 621 550 (+1200 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 8624 (+6), баявых браніраваных машын — 16 869 (+21), артылерыйскіх сістэм — 17 725 (+31), РСЗА — 1177 (+0), сродкаў СПА — 940 (+0), самалётаў — 368 (+0), верталётаў — 328 (+0), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 14 658 (+42), крылатых ракет — 2587 (+7), караблёў / катэраў —  28 (+0), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 24 044 (+37), спецыяльнай тэхнікі — 3024 (+10).

straty_rf_mora.jpg

Марскія надводныя дроны УСУ ноччу атакавалі Наварасійск у Краснадарскім краі. Мэр горада Андрэй Краўчанка папрасіў жыхароў берагавой лініі не падыходзіць да вокнаў і не знаходзіцца на адкрытым прасторы ля мора. У горадзе былі чутныя выбухі і страляніна. Раніцай Мінабароны РФ заявіла аб знішчэнні двух безэкіпажных катэраў у паўночна-ўсходняй частцы акваторыі Чорнага мора.