923-ці дзень вайны. Трагедыя ў Палтаве: больш за 50 загінулых і трохдзённая жалоба

У Палтаве ў выніку расійскай атакі паводле стану на 19:00 гадзін вядома пра 51 загінулага і больш за 200 параненых. Але ахвяр можа быць яшчэ больш. Пра гэта паведаміў офіс украінскага генпракурора. Часткова разбураныя адзін з будынкаў Інстытута сувязі, бальніца і найбліжэйшыя дамы.

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Расія сёння, 3 верасня, нанесла ўдар двума балістычнымі ракетамі па Інстытуце сувязі ў Палтаве. Траплянне было па тэрыторыі навучальнай установы і суседняй бальніцы, часткова разбурана адзін з будынкаў. У Мінабароны ўдакладнілі, што часавы прамежак паміж трывогай і ракетным ўдарам быў настолькі кароткім, што застаў людзей у момант эвакуацыі ў бамбасховішчы.

Спікер Мінабароны Дзмітрый Лазуткін паведаміў, што ў выніку ўдару 51 чалавек загінулі, 219 траўмаваныя, працягваюцца пошукава-выратавальныя працы. «У 9:08 прагучаў сігнал трывогі, усе спускаліся ў сховішча, праз некалькі хвілін пасля абвяшчэння трывогі пачуліся выбухі. Дэталі трагедыі ў Палтаве вывучаюцца. Цяпер вядома, што ніякіх мерапрыемстваў у момант удару не адбывалася», — падкрэсліў Лазуткін.

У Палтаўскай вобласці абвясцілі трохдзённую жалобу па загінулых у выніку расійскай атакі, паведаміў кіраўнік АВА Філіп Пронін.

Парламент Румыніі канчаткова ўхваліў перадачу Украіне Patriot

Ніжняя палата парламента Румыніі ўхваліла законапраект, які прадугледжвае прадастаўленне Украіне сістэмы Patriot. Апошні крок — за прэзідэнтам Румыніі Клаўсам Ёханісам, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Reuters.

Выданне нагадвае, што законапраект аб перадачы «Patriot» урад накіраваў у парламент у панядзелак, 2 верасня. Яго зацвердзіў Сенат (верхняя палата парламента Румыніі).

Пасля падпісання законапраекта прэзідэнтам Румыніі Клаўсам Ёханісам урад выдасць пастанову аб перадачы сістэмы супрацьпаветранай абароны Украіне.

Варта адзначыць, што Румынія вырашыла прадаставіць Украіне адну з дзвюх дзеючых батарэй Patriot. Умовай пастаўкі з'яўляецца абавязацельствы саюзнікаў даць Румыніі іншую сістэму Patriot наўзамен.

Дарэчы, яшчэ ў 2017 годзе Румынія падпісала кантракт на куплю Patriot на 4 мільярды долараў. Яна атрымала ўжо чатыры батарэі, дзве з іх уведзены ў эксплуатацыю.

Глядзіце таксама

Навіны заходніх партнёраў Украіны

ЗША блізкія да прыняцця пастановы аб выдачы Украіне крылатых ракет вялікай далёкасці JASSM, якія могуць дасягаць глыбіні Расіі, піша Reuters. Чакаецца, што пра ўключэнне ракет JASSM у пакет узбраенняў будзе абвешчана гэтай восенню, хоць канчатковая пастанова яшчэ не прынятая.

Нарвегія перадасць Міжнароднаму фонду для Украіны 570 млн нарвежскіх крон (блізу 48 млн еўраў) на закупку беспілотнікаў і сістэм супрацьпаветранай абароны, паведаміў урад краіны.

Кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што правёў тэлефонную размову з прэм'ерам Канады Джасцінам Трудо: абмеркавалі патрэбы УСУ, сярод якіх дадатковыя сістэмы СПА і браняваная тэхніка, працу ў рамках кааліцыі дронаў. 

Таксама ўкраінскі прэзідэнт заклікаў кіраўніка канадскага ўрада «ўзмацніць адвакацыю сярод партнёраў па прадастаўленні Украіне дазволу і адпаведных сродкаў для ўдараў па ваенных аб'ектах на тэрыторыі краіны-агрэсара». Акрамя таго, бакі абмеркавалі падрыхтоўку маючай адбыцца ў Канадзе тэматычнай канферэнцыі па пункце формулы міру «Вызваленне палонных і дэпартаваных асоб». 

Навіны вайны 

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе са спасылкай на геалакацыйныя кадры, што УСУ аднавілі пазіцыі на паўднёвым захадзе Наваградаўкі, што на паўднёвы ўсход ад Пакроўска. Паводле звестак украінскага Генштаба, на Пакроўскім кірунку расійскія войскі канцэнтравалі атакі пад Наваградаўкай. 

Украінскі OSINT-праект DeepState у сваю чаргу паведамляе, што РФ прасунулася ў Нью-Ёрку і Прачыстаўцы.

Ва Украіны ёсць беспілотнікі і ракеты, якія могуць ляцець на 1500 км углыб Расіі, заявіў украінскі міністр па пытаннях стратэгічных галін прамысловасці Аляксандр Камышын: «У нас ёсць дроны, ракеты далёкасцю 1,5 тысячы кіламетраў... І вы бачылі, што яны эфектыўныя».

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Супрацьпаветраная абарона Украіны сёння ноччу знішчыла 27 з 35 ударных БПЛА тыпу Shahed-131/136, яшчэ шэсць лакацыйна страчаныя і два паляцелі ў напрамку Белгародскай вобласці і акупаванай Данеччыны, паведамілі ва ўкраінскіх паветраных сілах. СПА працавала ў Кіеўскай, Адэскай, Харкаўскай, Мікалаеўскай, Херсонскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласцях. Акрамя таго, ноччу РФ нанесла ўдар трыма балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/KN-23 і кіраванай авіяцыйнай ракетай Х-59/69. 

Кіраўнік Мікалаеўскай АВА Віталь Кім паведаміў, што ўначы Расія атакавала балістычнымі ракетамі, верагодна, “Іскандэр-М”, Вазнясенскі і Мікалаеўскі раёны. Ракеты трапілі па адкрытых тэрыторыях за межамі населеных пунктаў, пацярпелых няма.

Позна ўвечары 2 верасня войскі РФ нанеслі ўдар па будынку гасцінічнага комплексу “Гранд-Палац” у Запарожжы: загінулі два чалавекі, сярод іх васьмігадовае дзіця, ёсць таксама параненыя: сярод іх 12-гадовае дзіця, паведаміў кіраўнік АВА Іван Фёдараў. Пазней стала вядома, што колькасць пацярпелых у выніку начнога расійскага ракетнага ўдару па гатэлі ў Запарожжы ўзрасла да шасці чплавек.

Позна ўвечары 2 верасня расіяне нанеслі ўдар па Дняпры — адзін чалавек загінуў, шасцёра пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак.

Пад Чарнігавам ноччу працавала СПА, у выніку падзення абломкаў пацярпелі два чалавекі, паведаміў кіраўнік ОВА Вячаслаў Чавус.

Гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі паведаміў, што правёў у Кіеве сустрэчу з кіраўнікамі Мінэнэрга, Дзяржатамрэгулявання і Энэргаатама перад паездкай на акупаваную Запарожскую АЭС. Гэта ўжо яго дзясяты візіт ва Украіну. 

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Украінскі Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ паводле стану на раніцу 3 верасня: асабовага складу — каля 618 960 (+1360) чалавек, танкаў — 8611 (+10), баявых браніраваных машын — 16 821 (+35), артылерыйскіх сістэм — 17 664 (+18), РСЗА — 1177 (+0), сродкаў СПА — 940 (+0), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 14 573 (+36), крылатых ракет-2578 (+21), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 23 972 (+47), спецыяльнай тэхнікі — 3003 (+9). 

РФ звезлі ў Крым «каласальную колькасць» сістэм супрацьпаветранай абароны, а таксама будуюць «загадкавае збудаванне» каля Керчанскага моста, распавёў спікер Вайскова-Марскіх Сіл УСУ Дзмітрый Пляцянчук. 

Паводле яго слоў, на паўвостраве расі яне выкарыстоўваюць усе існуючыя сістэмы СПА рознага радыусу дзеяння: сістэмы С-300, С-400 і нават С-500. 

Што тычыцца збудавання каля моста, то пакуль няма дакладнай інфармацыі аб яго прызначэнні, адзначыў Плецянчук, і дадаў, што «гэта можа быць як ахоўнае збудаванне, так і тэхнічнае, так і паралельны пераход».