Што хаваецца за «актамі гуманізму»?

Памятаеце, як называлася адступленне расійцаў ад Кіева? «Актам гуманнасці» і «нас папрасілі адвесці войскі». А ўцёкі расійскіх войскаў з Харкаўскай вобласці? Іх называлі «перагрупоўкай», і ніхто не казаў пра «адступленне». Падобна, што ў Беларусі рэжыму стала даволі кепска. Ужо занадта шмат «актаў гуманізму» мы бачым апошнім часам.

Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў у Любліне. Фота: Рэальная Беларусь

Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў у Любліне. Фота: Рэальная Беларусь

На гэтым тыдні Лукашэнка трэці раз цягам месяца (не календарнага, а калі лічыць па днях) падпісаў указ аб памілаванні. Па першым указе было вызвалена 18 чалавек, па другім — 30, па трэцім — таксама 30 асобаў, «асуджаных за злачынствы пратэстнай накіраванасці»: 7 жанчын і 23 мужчыны. Большасць з іх з'яўляюцца бацькамі непаўналетніх і малалетніх дзяцей.

«Дадаткова ўсе прадстаўленыя да памілавання асобы вывучаліся Камісіяй па вяртанні збеглых пад кіраўніцтвам Шведа. Усімі гэтымі асобамі выкананыя абавязковыя ўмовы памілавання — яны падалі хадайніцтва аб памілаванні, прызналі віну, шчыра раскаяліся і далі абяцанне весці правапаслухмяны лад жыцця. Кантроль за правапаслухмянымі паводзінамі вызваленых забяспечыць МУС», — заявілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

Можна з упэўненасцю сказаць, што гэта вызваленне — не апошняе. Адразу ж пасля з'яўлення навіны пра «трэцяе памілаванне» генпракурор Швед анансаваў чарговае пасяджэнне камісіі па памілаванні, дзе будуць разгледжаныя іншыя заявы асуджаных па палітычных артыкулах. Паводле Шведа, камісія будзе засядаць на наступным тыдні.

«Шляхам стараннага вывучэння кожнай кандыдатуры будзем фармаваць сваё меркаванне, ці магчыма прасіць кіраўніка дзяржавы памілаваць тую ці іншую асобу», — заявіў чыноўнік у каментары дзяржтэлебачання. Сцвярджаецца, што «ўсе яны (тыя, чые заявы на памілаванне будуць разглядацца) ужо падалі хадайніцтва аб памілаванні, прызналі віну, шчыра раскаяліся і далі абяцанне весці правапаслухмяны лад жыцця».

Такі «прыступ гуманнасці» беларускаму рэжыму відавочна неўласцівы. Наўрад ці хто-небудзь верыць у гуманізм чалавека, які выступаў і выступае за захаванне ў Беларусі смяротнага пакарання, і ні за што не збіраецца яго адмяняць. Падобны «гуманізм» апошнім разам Лукашэнка выявіў у 2015 годзе, калі ў жніўні таго года былі памілаваныя 6 палітвязняў, уключаючы Мікалая Статкевіча (пры тым, што яны пра гэта не прасілі). А ў кастрычніку таго года адбыліся прэзідэнцкія выбары. Яны не былі прызнаныя цалкам дэмакратычнымі, але было прызнанае «паляпшэнне сітуацыі ў Беларусі», у выніку чаго з рэжыму быў зняты шэраг санкцый.

На гэтым тыдні «гуманізм» выявіў і міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, які анансаваў правядзенне ў лістападзе міжнароднай канферэнцыі па праблемах міграцыі, у якой прымуць удзел прадстаўнікі краін Еўрасаюза. «У лістападзе 2024 года мы плануем правесці міжнародную канферэнцыю па супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі ў рэгіёне з запрашэннем усіх зацікаўленых бакоў, уключаючы суседнія краіны, іншыя дзяржавы ЕС і СНД», — сказаў чыноўнік, якога цытуюць дзяржСМІ.

Паводле яго слоў, «сярод патэнцыйных удзельнікаў канферэнцыі ўжо пацвердзілі свой удзел шэраг міністраў краін Еўрапейскага Саюза».

Не выключана, што «шэраг міністраў» пра гэта пацвярджэнне не ведаюць. Альбо гэта будуць міністры краін ЕС з адносна дружалюбных для Беларусі Венгрыі і Сербіі.

Але тое, што канферэнцыю па міграцыі праводзіць краіна, якая абвінавачваецца якраз у стварэнні «мігранцкага крызісу» на межах ЕС, вельмі сімптаматычна. Верагодна, Беларусь вырашыла... Незразумела, што яна вырашыла, але выглядае гэта як спроба не толькі «апраўдацца» за мігранцкі крызіс, але і нейкім чынам «разруліць праблему».

Глядзіце таксама

І ўсе гэтыя сімптомы вельмі паказальныя. Таму што расійскія «шахеды» ўсё часцей залятаюць у Беларусь, альбо Беларуская паветраная прастора ўсё часцей выкарыстоўваецца як «транзітная» для расійскіх дронаў і не толькі. У выніку «шахеды» давялося збіваць над Гомелем, а аскепкі ўдарнага БПЛА пашкодзілі склад на вуліцы Ільіча абласным цэнтры. Вуліца, Ільіча — гэта адна з «артэрый» горада, вельмі буйная і заселеная вуліца, якая выходзіць у трасу на Чарнігаў.

Апроч «шахедаў, маніторынгавы праект @war_monitor заўважыў, што над тэрыторыяй Беларусі праляцела расійская гіпергукавая ракета «Кінжал», якая атакавала Львоў.

Паводле інфармацыі @war_monitor, «Кінжал» праляцеў над тэрыторыяй Гомельскай вобласці Беларусі праз Брагінскі і Нараўлянскі раёны блізу 100 км. Ракета прайшла ў зоне абмежавання палётаў, якая дзейнічае над памежнай тэрыторыяй Беларусі з Украінай ужо 2,5 года. У выніку атакі ў Львове 7 чалавек загінулі, сярод іх двое дзяцей. 64 чалавекі пацярпелі, у тым ліку 8 дзяцей.

І падаецца, што хтосьці вельмі занепакоены тым, як ягоны «саюзнік» выкарыстоўвае яго паветраную прастору. І таксама занепакоены, што «не-саюзнікі» могуць раптам вырашыць, што гэты нехта, падаючы сваю паветраную прастору для ўдараў па Украіне, вінаваты ў гібелі мірных жыхароў і дзяцей.

Ён і без таго вінаваты, паколькі суагрэсар, але ў дадзеным выпадку яго віна ўжо наўпроставая, а не ўскосная. А таму суагрэсару можна наладзіць нешта накшталт таго, што наладзілі агрэсару ў Курскай вобласці. 

А таму, пакуль суагрэсара і агрэсара ў гэтым сэнсе не прыраўнялі, трэба спрабаваць зрабіць тое, пра што шмат разоў прадказана беларускімі аналітыкамі. Можна зрабіць выгляд, што «я белы і пухнаты», а ўсё астатняе — «невінаватая я, ён сам прыйшоў». І завуалявана крычаць на Захад: «Ратуйце мяне ад майго саюзніка!» Маўляў, гэта ён ладзіць мігранцкі крызіс (напэўна спадар Рыжанкоў будзе прасоўваць гэты тэзіс у кулуарах канферэнцыі па міграцыі — употай ад Лаўрова). Можна выстаўляць сябе ахвярай расійскіх «шахедаў» і рабюіць выгляд, што мы незадаволеныя такой актыўнасцю чужых ракет у нашым небе. І можна дэманстраваць «акты гуманізму» як паказальную гатоўнасць «выправіцца».

Ну і, вядома, пытанне знешняга гандлю і знешняга доўгу таксама застаецца актуальным. У «саюзніка» заканчваецца «залаты запас», і расійская эканоміка зацягвае паясы. Куды ўжо беларускага саюзніка спансаваць…

Вось і даводзіцца шукаць сцежку на Захад. Таму можна меркаваць, што «акты гуманізму» мы ўбачым яшчэ не раз — у розных варыяцыях. І гэта нельга не вітаць, таму што ў выніку гэтых вымушаных актаў з беларускіх турмаў вызваляюцца невінаватыя людзі.

А вось як да гэтых актаў паставіцца Захад, і ці паўторыцца яго памылка 2015 году — гэта вялікае пытанне. Дзесяць гадоў таму ў «гуманістаў» усё ж быў лепшы крэдыт даверу. А цяпер гэтая крэдытная гісторыя сапсаваная.

Глядзіце таксама