Хачу быць Максімам Знакам
Невядома, які шлях чакае нас наперадзе і калі і як лёс вынясе нас на самы грэбень хвалі. У дзяцінстве мы марым вырасці вялікімі і вядомымі, каб нас усе хвалілі і паважалі, каб намі захапляліся і ганарыліся. Часам гэтыя мары спраўджваюцца, але ніхто не гаворыць пра іх кошт — а ён бывае несувымерны з тым, што мы атрымліваем.
2020 год зрабіў героямі тысячы людзей, і коштам іх вядомасці стала свабода. Для кагосьці — на год-два, для кагосьці — на палову жыцця, а хтосьці назаўсёды застаўся там, за кратамі, паставіўшы кропку ў сваёй гісторыі раптоўна, нечакана, як кажуць у такіх выпадках, «заўчасна». І гэта, бадай, самае горкае — яны не дачакаліся ані свабоды, ані той Беларусі, у якой хацелі жыць і за якую памерлі.
Але пра смерць мы не будзем, пра яе хапае думак у іншыя дні. Давайце пра жыццё. Напрыклад, пра тое, што сёння свой 43-ці дзень народзінаў за кратамі святкуе мала каму яшчэ не вядомы Максім Знак — палітзняволены юрыст, адвакат, бард, паэт, пісьменнік і проста добры, прыгожы, годны чалавек. З ім так і здарылася: лёс вынес яго хваляй у авангард пратэстаў у 2020 годзе, і вось ужо чатыры гады яго імя гучыць на многіх міжнародных пляцоўках — як прысуд рэжыму і сістэме, у якіх няма ні закону, ні правоў чалавека, ні чалавечнасці.
Рэжым узяў Максіма ў палон на 10 гадоў. Роўна столькі спатрэбілася з 2010 года, каб вырасла цэлае пакаленне людзей, для якіх «свабода» аказалася не проста словам і якія за гэтую самую свабоду не пабаяліся выйсці на вуліцы, пад светлашумавыя гранаты і гумовыя кулі. Калі Максім Знак адсядзіць свой тэрмін (а фразу «яны не будуць сядзець свае тэрміны» ўжо не рызыкне прамовіць ніхто), ён выйдзе разам з іншым пакаленнем — тым, якое вырасла без яго, але пад яго ўплывам. Яго і тысяч іншых вязняў рэжыму.
Там, за кратамі, цяпер наша праўда, нашы сумленне, гонар і годнасць. Ніхто не вольны ў гэтай краіне, але ёсць яшчэ адзінкі, якія маюць смеласць гаварыць. І часам іх галасы, як ні дзіва, далятаюць да нас з няволі. Адзін з такіх гучных, ні на што не падобных галасоў — голас Максіма Знака. Памятаю, як часта цытавалі яго верш пра бульбу, які ён напісаў, калі не памыляюся, у 2021 годзе.
Бульба
Яны думалі – нас пахавалі…
А мы бульба! Як нас пахаваць?
Мы зялёным зямлю прабівалі,
Спрабавалі да неба дастаць.
Яны рэзалі нас на кавалкі,
Але кожны прарваўся наверх.
Стала болей нас! Неспадзяванка!
Вось! Трымайце яшчэ адзін мех!
Яны ў цемры мяхі пакідалі,
Яны думалі – гэта адказ,
Але мы прарасталі ў падвале,
Мы — жывыя! Не знішчыце нас!
Праўду гавораць, што гэта не мы іх падтрымліваем за кратамі, а яны нас. Максім Знак змешчаны ў невыносныя ўмовы. Хто бываў, ведае, што такое беларуская турма. А ўзмоцнены рэжым для палітвязня — гэта асаблівы «курорт». Асаблівы «курорт» для асаблівага палітвязня. Як адзін з самых важных твараў пратэсту Максім схаваны ад знешняга свету, ён знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі, не атрымлівае ні лістоў, ні навін, з ім нельга размаўляць іншым вязням, ды і ад яго самога вестак не было ўжо 574 дні. Так рэжым катуе палонных. Так ён помсціць за жаданне людзей быць свабоднымі.
Поўнай ізаляцыяй і жорсткімі ўмовамі ўтрымання каты спрабуюць зламаць палітвязняў. Але зламаць такіх людзей, як Максім, мне падаецца, немагчыма. Прынамсі, гэта тое, што я бачу па яго тэкстах. Зборнік «Зэкамерон» — гэта шчыры аповед пра будні зняволеных, але не дзённік, не фіксацыя фактаў і парушэнняў з боку наглядчыкаў. Максім дзеліцца з намі кроплямі светлага, прыгожага, добрага — таго, што пракрадаецца нават за краты, — і на іх фоне яшчэ вастрэй адчуваюцца несправядлівасць, беззаконне і беспакаранасць з боку тых, хто ўтрымлівае людзей у няволі.
Я доўга думаў, якім тэкстам праілюстраваць свае адчуванні, і зразумеў, што лепшага, мабыць, не знайсці.
Крошка
Узброіўшыся вядром і анучай, ён праводзіў археалагічныя пошукі. Справа ў тым, што яму выдалі вельмі-вельмі-вельмі брудны карцар, далі анучу і сказалі, каб да праверкі прыбраў. Ён адчуваў сябе археолагам, перасоўваючыся па нескладаным маршруце: ад дзвярэй да прыступкі.
Добрыя навіны: гэта быў карцар шырынёй трохі больш за метр і даўжынёй недзе метры тры. Кепская навіна была ў тым, што мылі тут, відаць, упершыню. На подыуме з дзвюх прыступак знаходзілася тое, да чаго вяла гэтая вузкая брудна-бетонная сцежка, — дзірка і кранік зверху. Здаецца, правільна называецца ваннай імя кагосьці. А абывацель скажа, што гэта грамадская прыбіральня без унітаза. Але ў грамадскай прыбіральні над адтулінай няма краніка. А тут быў, і пад ім можна было мыць рукі, чысціць зубы, прымаць душ, уявіць, што ў цябе джакузі і бідэ. Ці вось як ён — бясконца напаўняць вёдры. З падлогі збіраўся бруд, вада станавілася непрагляднай, налівалася новая, і ўсё паўтаралася.
Калі вада перастала быць чорнай і зрабілася пяшчотна-карычневай, ён спыніўся і прысеў на маленькую прыступку, што праклюнулася са сцяны і выглядала як зэдлік. Чыста! Прыборка ўдалася! Ён паглядзеў на гадзіннік і яшчэ раз абвёў позіркам свае невялікія палеткі... Проста пасярод памяшкання на падлозе ляжала вялікая хлебная крошка. І гэта было абсалютна немагчыма. Ён заплюшчыў вочы, каб супакоіцца, адчуў, што стаміўся. Калі расплюшчыў, убачыў, што крошка ёсць, але трошкі не там. Вецер? Крошка не рухалася. Паднімацца было лянотна. Вырашыў, што прыбярэ потым. Калі наступіла потым, крошка знікла. І ён усю праверку гадаў — як і куды. Потым разабраўся, канешне. Гэта быў маленькі смоўжык, ён мірна поўзаў там і сям.
Трымаць гадаванцаў было забаронена, таму ён вырашыў, што ў яго з'явіўся сябар — смоўжык па імені Крошачка.
Можна падумаць, што гэта дзіцячы тэкст. Але не — гэта вельмі нават дарослы тэкст пра страшныя рэчы, толькі расказаны так, што страшнае ў ім адыходзіць на задні план, застаецца другасным і аддае месца святлу. Так здольны напісаць толькі чалавек, унутры якога гэтак жа сама няма месца злу. Чалавек, за якім ідуць іншыя, адчуваючы яго сілу і прыгажосць.
Маленькія дзеці часта хочуць быць «дзядзямі сцёпамі», дапамагаць людзям, ратаваць свет ад злачынцаў. Наўрад ці хтосьці марыць ад пачатку быць, напрыклад, адвакатам — але гэта таксама пра дапамогу людзям і абарону ад злога. Павінна прайсці яшчэ шмат часу, каб мы асэнсавалі ўсё перажытае і назвалі паіменна сваіх герояў і катаў. Я спадзяюся, што калісьці, калі з'явіцца не адно пакаленне новых беларусаў і беларусак, для якіх свабода будзе важнай каштоўнасцю, хто-небудзь з іх дзяцей аднойчы скажа: «Калі я вырасту, хачу быць Максімам Знакам». І гэта будзе самай вернай прыкметай таго, што мы ўсё зрабілі правільна.