«Мяне адвезлі ў РУУС, дзе дапытвалі ўсю ноч. Я некалькі разоў траціў прытомнасць». Гісторыя былога палітвязня
Сведчанняў зверстваў сілавікоў з 2020 года збіраецца ўсё больш. Праваабаронцы публікуюць яшчэ адну гісторыю былога палітзняволенага, які з жніўня 2020 года праходзіў праз катаванні.
Былы палітзняволены з Мінска Мікалай (сапраўднае імя не называецца з прычыны бяспекі для блізкіх) пасля адміністрацыйных працэсаў і двух з паловай гадоў зняволення нядаўна здолеў з’ехаць з Беларусі. А думка пакінуць краіну ў яго ўзнікла яшчэ падчас адбыцця першага арышту на Акрэсціна. Ён пагадзіўся расказаць «Вясне» пра свой удзел у падзеях 2020 года, пра пераслед і рэпрэсіі, праз якія ён прайшоў ад часу свайго затрымання і да моманту вызвалення.
За фота «касманаўтаў» атрымаў чэрапна-мазгавую траўму
«Пачалося ўсё з 9 жніўня 2020 года, — расказвае Мікалай. — У той дзень я пайшоў на свой участак, прагаласаваў, зрабіў допіс, а потым пачалася жэсць. Вечарам паехаў у горад і ўсё гэта бачыў на свае вочы, і гэта мяне моцна ўразіла. Я пачаў прымаць удзел у маршах, мітынгах, але тады мяне Бог збярог, і я нікуды не трапіў.
Запомнілася сітуацыя на другі дзень пасля смерці Аляксандра Тарайкоўскага. Я ехаў з дому ў офіс праз "Пушкінскую", і там, на светлафоры каля стыхійнага мемарыяла, я разам з іншымі кіроўцамі сігналіў. А побач ехаў нейкі "ябацька" з чырвона-зялёным сцяжком, які абагнаў мяне і пачаў падразаць і рэзка тармазіць. Ствараў аварыйную сітуацыю, карацей. А потым, калі я абагнаў яго, то ён заехаў мне ззаду ў аўтамабіль. Я ўжо ведаў, як затрымлівалі матацыклістаў і збівалі іх. Таму вырашыў не разбірацца з ім і з’ехаў адтуль. Пазней мне выпісалі вялікі штраф за гэта і абавязалі аплаціць страхоўку правакатару».
12 кастрычніка 2020 года аўтамабіль Мікалая спынілі амапаўцы, моцна збілі яго і адвезлі ў аддзяленне міліцыі. І гэта толькі за тое, што ён зрабіў фота на мабільны тэлефон:
«Калі праходзіў марш пенсіянераў, я ехаў па Прытыцкага і ўбачыў на прыпынку групу “касманаўтаў”, 15-20 чалавек. Я зафоткаў іх і паехаў далей. Але на наступным светлафоры мяне дагналі на двух аўтамабілях, выскачылі, схапілі, моцна і жорстка збілі, пашкодзілі аўтамабіль, забралі тэлефон і дакументы. А мяне адвезлі ў РУУС, дзе дапытвалі ўсю ноч. Я некалькі разоў за гэты час траціў прытомнасць, мяне ванітавала. Потым аказалася, што ў мяне чэрапна-мазгавая траўма. Амапаўцы хацелі павезці на Акрэсціна, але я зноў страціў прытомнасць. Тады яны выклікалі "хуткую" і адвезлі ў траўматалогію. Там мяне ахоўваў супрацоўнік міліцыі, але я, скарыстаўшыся момантам, калі нікога не было, збег з лякарні. Мяне на нейкі час пакінулі ў спакоі», – расказвае суразмоўца «Вясны».
Праз некалькі месяцаў, у лютым 2021 года, Мікалай пасля працы позна вечарам вярнуўся дахаты, але не паспеў як след прыпаркавацца, як пад’ехалі два аўтамабілі, з якіх выйшлі невядомыя людзі і запатрабавалі праехаць з імі:
«Яны паказалі ў цемры пасведчанні і забралі мяне ў Фрунзенскі РУУС. Я падумаў здзіўлена: “Чаму туды, гэта ж не мой раён?”
Там сталі складаць пратаколы, дзе пазначылі, што я размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся каля… Фрунзенскага РУУС. Адвезлі на Акрэсціна. Там я чатыры дні трымаў сухую галадоўку. Калі прайшлі 72 гадзіны ад моманту затрымання, мяне зноў павезлі ў РУУС, там дзве гадзіны нічога не тлумачылі, а затым зноўку адвезлі на Акрэсціна. Па дарозе паказалі пратаколы. Гэтым разам мяне нібыта затрымалі ў нецвярозым стане недзе на Чыгладзе. Зразумела, не было ніякага медыцынскага агляду, а назаўтра па скайпе правялі суд. Быў адвакат, які і дапамог: звярнуў увагу суду на розныя нестыкоўкі, на неабходнасць далучыць відэа з камеры назірання. Справу адклалі да панядзелка. На судзе разглядаліся чатыры пратаколы. Суддзя два пратаколы адкінула. Але застаўся па арт. 23.34 КаАП. Мне параілі прызнаць віну — і, можа, таму абышлося штрафам».
«Затрымлівалі, як якога Усаму бен Ладэна»
Мікалай з’ехаў на пару месяцаў да сябра на хутар, а потым, калі ўсё трохі супакоілася, перабраўся жыць у ціхую вёску, стараючыся асабліва не «адсвечваць» у сацыяльных сетках.
«Я разумеў, што яны рана ці позна яны прыдуць па мяне. Так і здарылася: прыехалі ў вёску праз год — некалькі аўтамабіляў, амапаўцы ў поўнай экіпіроўцы з аўтаматамі і нават запусцілі квадракоптэр. Затрымлівалі, як якога Усаму бен Ладэна», — прыгадвае ён.
Спачатку Мікалая змясцілі ў ІЧУ Мінскага раёна на 10 сутак, потым прысудзілі яшчэ 10 сутак на Акрэсціна па нейкім прыдуманым пратаколе за «дробнае хуліганства» — нібыта ён на тэрыторыі Бараўлянскага пасялковага савета размахваў рукамі.
«Я ніколі не мог уявіць, што 10 чалавек могуць змясціцца на пяці "квадратах" на бетоннай падлозе і спаць так дзесяць начэй запар. Нават і падумаць не мог, што можна хадзіць у прыбіральню ў пакоі з вялікай колькасцю чалавек, калі ты прыкрыты ўсяго толькі прасцінай», — кажа Мікалай.
Затым вязня перавялі на «Валадарку», дзе ён правёў сем месяцаў у камеры, у якой чакалі суду 19 чалавек, а потым пачалі вызваляць месцы (якраз тады пачаліся суды над «вясноўцамі» і іншымі вядомымі асобамі) — і яго перавезлі ў Магілёў. Там Мікалай чакаў суду яшчэ два месяцы. Такім чынам, да суду ён адседзеў 11 месяцаў.
Мікалаю прад’явілі абвінавачанне за ўдзел у акцыях пратэсту па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса, а крыху пазней, калі следчыя вывучылі допісы ў сацыяльных сетках, дадалі яшчэ арт.130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Следчыя правялі лінгвістычную экспертызу, якая нічога крамольнага ў тэкстах не знайшла, тады амаль два месяцы рабілі яшчэ і псіхолага-лінгвістычную экспертызу. Дадалі яшчэ тлумачальную запіску нейкага супрацоўніка ГУБАЗіКа. У траўні адбыўся суд, на якім мужчыну прысудзілі па двух артыкулах два гады і шэсць мясяцаў пазбаўлення волі. На «Віцьбу» ён трапіў у сярэдзіне чэрвеня. Спачатку было спакойна, а праз нейкі час яго пакаралі ШІЗА, пазней яшчэ змясцілі і ў памяшканне камернага тыпу:
«Неяк у размове я эмацыйна выказаўся на палітычную тэму, і адразу нехта мяне "здаў" адміністрацыі. На мяне пачалі паляваць кантралёры, каб знайсці нейкую падставу. Аднаго разу супрацоўнік рэжымнага аддзела гартаў мой нататнічак, дзе я пакідаў кароткія свае развагі, нейкія цытаты з прачытаных кніг, і звярнуў увагу на маленькі аркушык з надпісам: “Атраднік – сука”. Вось так усё пайшло і паехала. Больш за шэсць месяцаў агулам правёў у ШІЗА і ПКТ.
Татальная адсутнасць справядлівасці нараджала ўва мне ўнутраны пратэст. Колькі я ні намагаўся справіцца з сабой — часам пратэст прарываўся. У калоніі ўсе сядзяць і баяцца. "Палітычных" пастаянна прэсуюць, кідаюць у штрафны ізалятар за любую драбязу. Часам было невыносна ўсё гэта цярпець. Фізічна яшчэ можна было вынесці ўсё гэта, а вось псіхалагічна — значна складаней. Усё гэта падобна да згвалтавання, калі чалавека гвалцяць і ён нічога не можа з гэтым зрабіць».
Рашэнне з’ехаць з Беларусі прыйшло да яго адразу, яшчэ на Акрэсціна ў 2022 годзе:
«Увесь тэрмін я сядзеў з думкай, што калі здарыцца цуд і я выйду, то адразу трэба валіць адсюль. Бо ў турме нічога не зробіш, а на волі хоць нейкую карысць магу прынесці».