Хронікі рэпрэсій за 6 верасня: мінімум 1188 палітвязняў адбылі свае тэрміны — праваабаронцы

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі самыя важныя навіны за сённяшні дзень.

hroniki_represij2_5_4.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1394 дні, Дзяніс — 1274

***

Затрымалі мінскага айцішніка, які «пагражаў міліцыянту расправай» у «Viber», піша «Вясна». Паводле інфармацыі МУС, 53-гадовы супрацоўнік IT-кампаніі «з дапамогай перапіскі ў мэсэнджэры "Вайбер" пагражаў супрацоўніку крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС ужываннем гвалту ў мэтах перашкоды яго законнай дзейнасці».

У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу за «пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Мінчуку пагражае пакаранне да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы — Андрэй Руды.

***

Пракуратура горада Мінска накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 54-гадовага жыхара Мінскага раёна, якому інкрымінавана «адмаўленне генацыду беларускага народа», а таксама «публічная абраза Аляксандра Лукашэнкі», піша «Зеркало».

Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны ў кастрычніку 2020 года стварыў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» адкрытую суполку, дзе быў адміністратарам.

У паведамленні пракуратуры сцвярджаецца, што ў гэтай суполцы мужчына «размясціў шэраг публікацый, у якіх даваў відавочна негатыўную ацэнку Аляксандру Лукашэнку».

Там жа была размешчана публікацыя, у якой ён «адмаўляў масавае знішчэнне вайскоўцамі 118-га шуцманшафт-батальёна ахоўнай паліцыі і асаблівага батальёна СС А.Дырлевангера мірных жыхароў вёскі Хатынь у выніку карнай аперацыі 22 сакавіка 1943 года, вынікам якой сталі спаленне жыўцом і расстрэл 149 грамадзян БССР, у тым ліку 75 дзяцей».

Абвінавачаны пасля накіравання справы ў суд застаўся пад вартай.

***

У Мінску сужэнцаў затрымалі за ўдзел у пратэстах, паведамляюць праваабаронцы. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што 15 жніўня адзначалі дзень народзінаў жонкі ў Мінску, дзе прынялі ўдзел у пратэстах.

«Медыязона» знайшла старонкі затрыманых у сацсетках. Там яны падпісаны як Іван Хадасевіч і Аліна Свянціцкая.

***

54-гадовую мінчанку Таццяну Стэпа абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмізму» (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса) і «закліках да прычынення шкоды нацбяспецы» (арт.361 КК), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Судовы працэс над жанчынай пачнецца 16 верасня ў Мінскім гарадскім судзе.

Таццяну Стэпа затрымалі 23 студзеня 2024 года падчас студзеньскага рэйду па сваяках палітвязняў па справе аб атрыманні прадуктовай дапамогі праз ініцыятыву «IneedHelpBY».

***

18 верасня Магілёўскі абласны суд пачне разглядаць крымінальную справу супраць жыхара Бабруйска Максіма Хвашчынскага. Яго абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (ч.1 і ч.2 арт.361-1 КК) і «паклёпе на Лукашэнку» (арт.367 КК), піша «Вясна».

Хвашчынскага затрымалі 26 лютага — на наступны дзень пасля яго вяртання з Польшчы. Спачатку яго судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП), а пасля завялі крымінальную справу за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання».

Хвашчынскага абвінавачваюць у стварэнні канала «Бабруйск 375», прызнанага «экстрэмісцкім фарміраваннем», і чата «Бобр 97%», таксама прызнанага «экстрэмісцкім».

***

17 верасня Брэсцкі абласны суд пачынае разглядаць справу супраць 41-гадовага жыхара Кобрына Дзмітрыя Ператолчына. Яго абвінавачваюць па артыкуле аб «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт.356 КК) і аб «неданясенні аб злачынстве» (ч.2 арт.406).

Паводле інфармацыі «BelPol», прадастаўленай «Медыязоне», Ператолчын да 2011 года працаваў на пасадзе камандзіра ўзвода Кобрынскага аддзела Дэпартамента аховы і з'яўляўся капітанам міліцыі. Жанаты, ёсць дачка.

У лістападзе 2012 года Брэсцкі міжгарнізонны ваенны суд прысудзіў Ператолчына да 3,5 гадоў калоніі з адтэрміноўкай на тры гады па артыкуле аб махлярстве (ч.3 арт.209 КК).

У жніўні 2010 года Ператолчын разам з іншымі беларусамі ўступіў у змову. Яна заключалася ў тым, каб выкрасці пад выглядам канфіскацыі маёмасць, увезеную з Украіны. Знаходзячыся ў форме, Ператолчын спыніў аўто, у якім перавозіліся рэчы з Украіны. Пад выглядам канфіскацыі ён разам з змоўшчыкамі скраў маёмасць, нанёсшы ўладальніцы рэчаў страты на 9 143 000 недэнамінаваных беларускіх рублёў.

Ператолчына пазбавілі звання капітана міліцыі. Пасля гэтага ён працаваў ліцейшчыкам на «Палессі» і спецыялістам у «Дабраноме». Бацька абвінавачанага — Генадзь Ператолчын — падпалкоўнік міліцыі ў запасе, які займаў пасаду начальніка ГУБАЗіКа па Брэсцкай вобласці. У 2008 годзе пайшоў на пенсію, а ў 2014 годзе быў кандыдатам у Кобрынскі раённы савет дэпутатаў.

***

(Мінімум) 1188 чалавек, якія атрымалі тэрмін па палітычных матывах, выйшлі з няволі, адбыўшы прысуд цалкам. Гэта звесткі на 6 верасня, апублікаваныя праваабаронцамі «Вясны».

***

Мінчука затрымалі за «заклікі да пратэсту» ў чатах, пішуць праваабаронцы. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ў 2020 годзе «быў удзельнікам дэструктыўных чатаў» і ў адным з іх «заклікаў людзей згуртавацца, каардынавацца», а таксама «заклікаў псаваць дзяржаўную маёмасць». Пра затрыманне мінчука прапагандысты паведамілі 5 верасня.

«Медыязона» знайшла старонку затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Ігар Драбышэўскі.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 582 дні, Максіма Знака — 576 дзён, Мікалая Статкевіча — 573 дні, Ігара Лосіка — 564 дні, Віктара Бабарыкі — 502 дні, Сяргея Ціханоўскага — 432 дні, Уладзіміра Гундара — 395 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1367 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1457 чалавек. Сярод іх — 184 жанчыны і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.