Прадстаўнік BELPOL: Любы замежнік у Беларусі — мішэнь рэжыму Лукашэнкі

Прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар — пра затрыманне японскага грамадзяніна.

Фота pixabay.com

Фота pixabay.com

Многія адзначаюць, што кейс з затрыманнем грамадзяніна Японіі Масатосі Наканісі нагадвае гісторыю з іншым замежным грамадзянінам — Рыка Крыгерам. З гэтым згодны і прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар.

— Усё гэта — чарговае ўзяцце замежнага грамадзяніна ў закладнікі, — адзначае Жыгар у каментары «Салідарнасці». — Масатосі Наканісі, грамадзянін Японіі, доўгі час жыў у Беларусі. У 2018-ым годзе ажаніўся з грамадзянкай РБ, мае ПМЖ у нашай краіне з 2019 года. І дагэтуль яго асоба нікога не цікавіла.

З іншага боку, і рэжым Лукашэнкі дагэтуль меў адносна нядрэнныя адносіны з Японіяй, відавочных канфліктаў не было. Але ў сувязі з тым, што Японія не так даўно ўвяла санкцыі супраць кампаніі-пракладкі Shenzhen 5G High-Tech Innovation Co., Limited, якая неаднаразова фігуравала ў нашых расследаваннях, і якая з'яўляецца па сутнасці тавараправоднай кампаніяй як па абыходзе санкцый для прадпрыемстваў РБ, так і кампаніяй, якая пастаўляе рознага роду тавары ў інтарэсах ВПК РБ, рэжым відавочна пакрыўдзіўся на Японію.

Асабліва непрыемным сюрпрызам [для рэжыму] стала тое, што японскае выданне ў матэрыялах, падрыхтаваных з улікам інфармацыі BELPOL, паказала, як рэжым Лукашэнкі звязаны з Кітаем у інтарэсах войска РФ.

Апошні матэрыял выйшаў месяц таму і выклікаў шырокае абмеркаванне ў прэсе. Фактычна на наступны дзень пасля яго публікацыі міністр замежных спраў Вялікабрытаніі публічна звярнуўся да свайго кітайскага калегі з заклікам не прадаваць Беларусі і Расіі тавары падвойнага прызначэння, тэхналогіі, механізмы і іншае, што ў наступным прызначаецца для вытворчасці зброі ў Беларусі.

— Як вы думаеце, якім будзе далейшы лёс японскага грамадзяніна?

— Магчыма, ён стане часткай новага «гандлю». Напрыклад, праз яго могуць спрабаваць аслабіць гэтую ўвагу да супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў ваеннай сферы. Але не выключана, што рэжым можа прасіць нейкія бонусы для сябе. Магчыма, гэтым разам абыдуцца без крайніх захадаў.

— Замежным грамадзянам з  «недружалюбных» краін, якія жывуць у Беларусі, ужо можна напружыцца ці гэта ўсё яшчэ не тэндэнцыя?

— Вядома, тэндэнцыя. Усе яны — выгадныя мішэні для рэжыму. І я б ім раіў пакінуць краіну.

Яны павінны зразумець, што гаворка ідзе пра Беларусь, краіну, у якой штодня парушаюцца фундаментальныя правы чалавека, у якой няма незалежнага правасуддзя.

У такой сістэме ні адзін чалавек не можа быць на сто адсоткаў упэўнены ў тым, што яго не затрымаюць па надуманых прычынах.