«…І тады я згадаў фразу з твора Аляксандра Салжаніцына»

Былы палітвязень — пра тое, як адно слова каштавала яму трох гадоў пазбаўлення волі, пекла зняволення, важнасць салідарнасці і выклікі эміграцыі.

Арцём Задруцкі. Тут і далей фота з асабістага архіву героя публікацыі

Арцём Задруцкі. Тут і далей фота з асабістага архіву героя публікацыі

Арцёму Задруцкаму 39 гадоў, ён гукарэжысёр з Мінска. Арыштаваны ў верасні 2021 года за каментар па гучнай «справе Зэльцара». Хлопца асудзілі на тры гады пазбаўлення волі за слова «карнік» — якое, дарэчы, нават лінгвістычная экспертыза не прызнала абразлівым. 

Тэрмін палітвязень адбываў у ПК-1 у Наваполацку, падчас зняволення часткова згубіў слых. Пасля вызвалення Арцём пакінуў Беларусь і зараз нанова будуе сваё жыццё ў Польшчы. 

«Змагаўся за права навучацца на роднай мове»

— Непрыняццё сістэмы ўзнікла яшчэ ў школе: пры рэформе адукацыі напрыканцы дзевяностых у маёй школе № 197, што ў Мінску, пачаўся пераход з беларускай мовы навучання на рускую. У выніку ва ўстанове застаўся толькі адзін беларускамоўны клас, у ім было 12 чалавек, у тым ліку я. Вучняў у літаральным сэнсе прымушалі пераходзіць на рускую мову, — распавядае былы палітвязень. — А я выхаванец беларускамоўнага дзіцячага садка, свядома пайшоў у беларускамоўную школу, і ў нашай сям’і, сярод сваякоў, было нармальным мець зносіны па-беларуску. Мяне перасмыкнула ад такіх «рэформаў». Разам з іншымі вучнямі і іх бацькамі мы пратэставалі супраць гэтага, патрабавалі, каб нам забяспечылі права навучацца на роднай мове. 

Плюс калі сталееш, заўважаеш, колькі ўсяго абсурднага адбываецца ў краіне — таго, што не ўпісваецца ў рамкі законнасці, здаровага глузду.. Разумееш, што жывеш у сістэме, якая не дае людзям развівацца. Адсюль і непрыняццё ўсяго гэтага. 

Арцём Задруцкі.

Арцём Задруцкі.

Калі я ўліўся ў музычную тусоўку, сутыкнуўся з новымі забаронамі: як тое забарона выступаць з пэўным музыкантам, напрыклад. Маё абурэнне дзеяннямі ўлады расло і назапашвалася.  

Я ўдзельнічаў ва ўсіх выбарах і ніколі не падтрымліваў пазіцыі палітычных партый, што агітавалі за байкот. Лічу, што наадварот трэба выказвацца і выкарыстоўваць магчымасць прагаласаваць хоць за каго, але не за дзейсную ўладу, весці працу з электаратам. Чаму я мушу адмаўляцца ад свайго грамадзянскага доўга толькі таму, што хтосьці гаворыць, што гэтага рабіць не трэба, што гэта бессэнсоўна? 

Як паказаў досвед 2020 года — самасвядомасць прыходзіць менавіта тады, калі чалавек гатовы абараняць свой голас. 

«Сярод затрыманых было шмат выпадковых людзей»

Хлопец кажа, што ў 2020-м «усё ўжо настолькі накіпела, набалела», што незадаволенасць людзей не магла не скончыцца выбухам грамадскай свядомасці.

— У прыватнасці, маё пакаленне добра разумела, да чаго гэта ўсё далей будзе прыводзіць, што панаванне гэтай бязглуздай сістэмы знішчае краіну і нацыю. Па сутнасці ж нічога не змянілася ў Беларусі ў плане такой савецкай зашоранасці, і з кожным годам мы рухаліся не ў будучыню, а вярталіся ў мінулае. 

Арцём Задруцкі.

Арцём Задруцкі.

Я ўдзельнічаў у большасці акцый пратэсту, Маршах, агітаваў сваіх сяброў і знаёмых, што трэба галасаваць, выказваць сваю пазіцыю і быць гатовымі абараніць свой голас. 

Упершыню Арцёма затрымалі ў лістападзе 2020 года. Тады былы палітвязень адкараскаўся суткамі.

— Была нядзеля, Мінск пратэставаў, але я ў той момант проста вяртаўся дамоў з заалагічнай крамы, — згадвае былы палітвязень. — Мяне затрымалі ў падземным пераходзе, далі 15 сутак, адбываў іх на Акрэсціна. Там сустрэў людзей, якія ні ў якіх акцыях не ўдзельнічалі. Хлопец з Сухарава, напрыклад, проста выйшаў з крамы: яго затрымалі з пакетам. У такой жа сітуацыі аказаліся і некалькі сталых мужчын: са мной у камеры былі людзі, у якіх у вопісу фігуравалі «бутэлька піва і пачак чыпсаў». У пантофлях былі затрыманыя. Дастаўленыя без анічога, лістапад, халодна. А проста выйшлі ў краму са свайго пяціпавярховіка, спусціліся ў падземны пераход. І такіх выпадковых затрыманняў было багата: служакі зараблялі прэміі за тое, што выязджалі на экстранныя выклікі. Сістэма пабудаваная такім чынам, што чалавек, які ўжывае нейкія рэпрэсіўныя захады, атрымлівае за гэта грошы, птушачку, зорачкі, расце ў пасадзе. 

«Экспертыза не прызнала мой каментар абразлівым»

— У верасні 2021 годзе мяне арыштавалі за каментар па «справе Зэльцара». 28 верасня адбылося забойства Андрэя Зэльцара, а 29-га да мяне ўжо прыйшоў КДБ. 

Я напісаў каментар у чаце, які на той момант не быў  «экстрэмісцкім»: такім яго прызналі толькі напярэдадні майго суда ў лістападзе 2022 года. Частка доказаў у справе ўвогуле была падробленая. Там шмат чаго не супадала, але выканаўцы гэтага не саромеліся. Я пакінуў праваабаронцам-дакументалістам цалкам усю інфармацыю пасля вызвалення — тыя дакументы па крымінальнай справе, якія я змог выцягнуць і захаваць, там усё гэта бачна. 

Мяне затрымалі і асудзілі за слова «карнік» — цалкам сабе нармальнае слова, нічога абразлівага ў ім няма паводле слоўнікаў Даля. 

У тым чаце мы абмяркоўвалі абставіны гібелі Андрэя Зэльцара. Я між іншым згадаў фразу з твора Аляксандра Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» — там, дзе ён казаў, што калі б людзі ў пад’ездах давалі адлуп часцей, то, можа, тады б таго, што адбываецца, і не было б. І ад сябе дадаў, што такім чынам, ламаючы закон, дзейнічаюць толькі карнікі. 

Глядзіце таксама

Лінгвістычная экспертыза не прызнала маё выказванне абразай, зазначыўшы, што «не прадастаўляецца магчымым вызначыць, з’яўляецца гэта абразай ці не». Такім чынам, не абразіўшы нікога, я атрымаў тры гады пазбаўлення волі.

І такая фармулёўка экспертызы ў многіх хлопцаў, арыштаваных па «справе Зэльцара». Але асудзілі ўсіх. 

«Замест прагулак — стаянне ў калідоры на расцяжцы»

Арцёма вельмі доўга трымалі ў СІЗА ў Жодзіне — 14 месяцаў. З іх паўтара месяца ў рэжыме інкамунікада.

— Перадачкі і пасылкі былі ў гэты перыяд забароненыя. Адвакатаў не дапускалі, прагулак не было, душ з халоднай вадой раз на тыдзень, не аказвалі медычнай дапамогі.

Камеры былі перапоўненыя ў два разы: у разлічанай на дзесяць чалавек, у ёй утрымлівалася дваццаць-дваццаць чатыры.

Атаварвацца таксама не дазвалялі. Толькі тыдні праз два-тры далі магчымасць закупаць бытавую хімію і рэчы першай неабходнасці кшталту трусоў-шкарпэтак. Нашыя прагулкі ў гэты час — стаянне ў калідоры СІЗА на расцяжцы. 

Турэмнікі тлумачылі абмежаванні «каранціннымі мерамі». Зразумела, што гэта былі адгаворкі, і галоўнай мэтай было мучыць нас.

Глядзіце таксама

У Жодзіне я правёў 14 месяцаў, пасля 4 месяцы на Валадарцы (суд і апеляцыя), пасля мяне этапавалі ў ПК-1 у Наваполацк. 

Мая справа ішла марудна, таму што я доўга і актыўна супраціўляўся — даты судовых пасяджэнняў увесь час адкладалі. Плюс лінгвістычная экспертыза тады працавала вельмі павольна: гэта была масавая справа, і такога паняцця як лінгвістычная экспертыза ў поўнай ступені не існавала. Мая экспертыза была гатовая амаль праз год пасля арышту. І шмат у каго так было, — дзеліцца ўспамінамі Арцём Задруцкі. 

«Не верыў, што вызваляць»

Арцём Задруцкі пасля 18 месяцаў у СІЗА

Арцём Задруцкі пасля 18 месяцаў у СІЗА

— Што дапамагала табе трымацца за кратамі? 

— У значнай ступені спорт і лісты ад родных, якія перыядычна аддавалі. Стасункі з нармальнымі людзьмі. За кошт калектыўнай салідарнасці ўдалося гэта ўсё перажыць. 

Гаворачы пра цяжкія ўспаміны, Арцём кажа, што «іх шмат», але «ён не хацеў бы зараз да іх вяртацца».

— Я не верыў, што вызвалюся па сканчэнні тэрміна. Мне яшчэ адвакаты мае казалі, што малаверагодна, што я выйду, бо я вельмі актыўна абараняў сябе ў судзе. Вядома, гэта выклікала раздражненне ў служак сістэмы. Я не хацеў шмат навешваць на сваіх адвакатаў, не хацеў іх пазбавіцца. Але пазбавіўся: майго першага адваката затрымаў ГУБАЗіК напярэдадні суда. Да пасяджэння заставаўся тыдзень, сваякі тэрмінова шукалі мне новага. Ім удалося яго знайсці, але пасля апеляцыі гэтага другога адваката пазбавілі ліцэнзіі. Адвакатуры вычашчаныя цалкам. І цяпер тыя абаронцы, што прадстаўляюць арыштаваных, — у асноўным гэта лепшыя сябры следчых. 

Дык вось я не верыў у сваё вызваленне, быў упэўнены, што за час адседкі яшчэ штосьці ўсплыве. Яно і ўсплыло, толькі пазней, калі я ўжо паспеў эвакуявацца. У першы ж дзень пасля ад’езду прыйшла яшчэ адна папера ад Следчага камітэту — аб узбуджэнні новай крымінальнай справы. То бок па сутнасці мне далі зусім невялікую перадышку, а пасля я б паехаў на зону па другім коле, дакладна як і Паша Белагалоў з Магілёва. Ён таксама праходзіў па «справе Зэльцара», адседзеў тры гады, а зараз адбывае новы тэрмін. І такіх людзей шмат. Проста пра гэта не так шмат гавораць, не ўсе хочуць гэта агучваць, — кажа экс-палітвязень. 

Глядзіце таксама

— Памятаеш, што ты адчуў, калі апынуўся за турэмнай брамай?

— Першая думка была — бяжаць, — сумна ўсміхаецца хлопец. — Любымі спосабамі вырвацца з гэтага пекла. 

Я стаў на прафілактычны ўлік у РУУС. Хоць і не хацеў затрымлівацца ў Беларусі, але на той момант працэс атрымання шэнгенскай візы быў даволі марудным. 

Адзначацца ў Першамайскім РУУС Мінска трэба было кожны дзень апроч выходных. Хаця ў суботу-нядзелю часам таксама трэба было прыходзіць — на так званыя прафілактычныя лекцыі. 

Перыядычна мяне дома спраўджвалі міліцыянты: іх цікавіла, ці пражываю я па месцы рэгістрацыі, стараліся прыехаць у позні час. Неяк не заспелі мяне дома, тэлефануюць, маўляў, дзе вы? Кажу: «Я ў горадзе, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Па законе я не маю права пакідаць тэрыторыю краіны без дазволу, але магу на ёй знаходзіцца. Я абавязаны кожны дзень з’яўляцца ў РУУС? Добра, я там з’яўляюся і адзначаюся. Навошта вы мяне ўвечары турбуеце?» 

Выклікі эміграцыі, роздумы з нагоды

Былы палітвязень кажа, што апынуўшыся ў Польшчы,  нарэшце выдыхнуў. Напачатку яшчэ заставаўся, праўда, трыгер на паліцыю, але, гаворыць Арцём, «гэта паступова праходзіць».

— А ў цэлым адчуваеш сябе свабодным і табе прасцей дыхаць. Я вельмі ўдзячны Польшчы, якая па вялікім рахунку нам нічога не павінная — яна і так выратавала нас, прытуліла. Удзячны я і беларускім арганізацыям і актывістам за падтрымку палітвязняў, гэта вельмі важная рэч. Але разам з тым ведаю, што сёлета многія фонды згортваюць шэраг праграм па падтрымцы і рэабілітацыі былых палітзняволеных, і гэта даволі прыкра. 

Арцём Задруцкі

Арцём Задруцкі

Рэпрэсаваным беларусам у эміграцыі, асабліва тым, хто выйшаў з-за кратаў, цяжка рэінтэгравацца, знайсці працу. На жаль, у Польшчы яны часта сутыкаюцца і з такой рэччу як «візавая пастка». Беларусы, што просяць міжнародную абарону — а шмат у каго з экс-палітвязняў кароткатэрміновыя візы — могуць працаваць у Польшчы толькі пакуль не скончыўся тэрмін візы. А пасля ўсё. Трэба чакаць рашэння ад міграцыйных уладаў, права працаваць у цябе няма. І так можа цягнуцца паўгода, а за што жыць? Людзі звычайна ўцякаюць з адным заплечнікам і з пустымі кішэнямі. Было б выдатна, калі б наш рэлацыраваны бізнес таксама адгукаўся на гэтую праблему: браў на працу спецыялістаў, дапамагаў з перанавучаннем. Такіх праграм пакуль няма, я не бачыў. Як і не бачыў праграм ці нейкіх агенцтваў па працаўладкаванні экс-палітвязняў. 

Гэтыя пытанні адрасаваныя не ўладам Польшчы, а ў першую чаргу нашым дэмакратычным сілам, бізнес-колам. Было б цудоўна, калі б яны звярнулі больш пільную ўвагу на гэтую праблему.

«Маўчаць нельга»

— Мне трошкі незразумела, калі беларусы, якія аказаліся ў бяспецы, працягваюць маўчаць і баяцца. Так, яны перажываюць за родных, але іх сваякі асэнсавана зрабілі свой выбар, застаўшыся ў Беларусі. А мы зрабілі свой, з’ехалі. І пры прыняцці такой пазіцыі знікае страх, што ты павінен маўчаць і нічога не казаць. 

У многіх, хто выехаў з краіны даўно, як мне падаецца, няма дакладнага разумення аб рэчаіснасці ў Беларусі. Людзі губляюць мускулы і едуць дамоў, дзе іх затрымліваюць. Мне гэта не зусім зразумела, і на маю думку, калі ты ўжо з’язджаеш, то з канцамі. 

Глядзіце таксама

На жаль, Еўропа значна астудзела да Беларусі і нашых праблем. Наколькі ведаю, шмат якія працоўныя групы па Беларусі і ў ААН ужо закрытыя, і звярнуцца да іх ужо немагчыма. Вельмі няшмат згадак пра Беларусь у заходніх медыя. Глядзіце, наколькі гучала ў іх тэма расійскіх палітвязняў і іх вызвалення. Але нічога не было пра беларускіх. Той жа вызвалены Уладзімір Кара-Мурза кажа, што, паглядзіце, у Беларусі яшчэ горшая сітуацыя, там яшчэ больш палітвязняў! Але пра гэтых людзей вельмі мала згадваюць на Захадзе. Лічу, вельмі важна, каб нашыя дэмакратычныя структуры аб’ядналіся і з расійскімі ліберальнымі коламі, каб разам даносіць гэтую праблему палітвязняў. Тое, што адбываецца ў Беларусі, — жудасна. Нядаўна выпусцілі шесцьдзесят палітвязняў, а пасадзілі за гэты ж час сто сорак.

Калі таргавацца з рэжымам наконт палітзняволеных, то толькі з пазіцыі сілы. З пазіцыі мяккасці і рэверансаў не выпадае: аўтарытарны рэжым гэтага не разумее.  

Я вельмі спадзяюся, што будучыня Беларусі — дэмакратычная. Але калі людзі, у тым ліку тыя, што з’ехалі, пачнуць забываць пра тых, хто застаўся ўнутры краіны і заціснуты жудаснымі рэпрэсіямі, тады пра дэмакратычную Беларусь мы можам марыць яшчэ гадоў пяцьдзесят. Без агульнай салідарнасці, разумення таго, што адбываецца, пазбаўлення ад знешняга страху — нічога не адбудзецца. 

Герой публікацыі выказвае падзяку за дапамогу ў эвакуацыі службе BYSOL і праекту «Зямля» Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі».

Падтрымаць Арцёма можна тут