Хронікі рэпрэсій за 20 верасня: затрыманні ў Віцебскай вобласці; заблакавана больш за 5 тысяч сайтаў
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі апошнія навіны пра рэпрэсіі у Беларусі.
![hroniki_represij2_7.png hroniki_represij2_7.png](/img/v1/images/hroniki_represij2_7.png?f=f&h=396&o=0&u=1726851529&w=528)
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1408 дзён, Дзяніс — 1288.
***
Сілавікі зладзілі хапун у Глыбокім — затрымалі 12 чалавек. Іх усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. На відэа сілавікоў паказана, як аднаго з затрыманых са зламанай рукой паклалі тварам на падлогу.
Паводле звестак «Віцебскай вясны» ад 19 верасня, сярод затрыманых — краязнаўца і грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч і фотамастак Айвар Удрыс. Частку затрыманых адразу адвезлі ў Віцебскі следчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 20 верасня з публікацыі сілавікоў стала вядома, што дваіх мужчын і жанчыну прымусілі сказаць, што ў жніўні 2020 года яны ўдзельнічалі ў пратэстах у райцэнтры і выходзілі на праезную частку.
***
Дваіх жыхароў Слаўгарада затрымалі за сарваны дзяржаўны сцяг, піша «Салідарнасць».
Сілавікі апублікавалі чарговае відэа з затрыманымі. Паведамляецца, што двое жыхароў Слаўгарада сарвалі дзяржаўны сцяг і паклалі яго на клумбу.
У дачыненні да мужчын распачатая крымінальная справа за «здзек з дзяржсімвалаў» (арт.370 КК). Цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА.
***
Ва Ушачах за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» асудзілі траіх супрацоўнікаў «Белтэлекама», піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
19 верасня суд Ушацкага раёна разгледзеў іх адміністрацыйныя справы. Паводле інфармацыі ТГ-канала, сярод асуджаных — ганаровы грамадзянін раёна Генадзь Арлоўскі. На «Белтэлекаме» ён працуе кабельшчыкам-спайшчыкам 4 разрада.
Таксама за «экстрэмізм» судзілі інжынераў Сяргея Чарткова і Дзмітрыя Фядуковіча. Вынікі судоў невядомыя.
***
У Віцебску, верагодна, затрымалі вядомага мінскага блогера Bulbanews. Учора ў раскладзе суда Чыгуначнага раёна адзначылася імя «Віталя Аляксандравіча Храмцова». Менавіта пад такімі данымі вядомы блогер Bulbanews, паведаміў сёння тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!».
У сацсетках блогер быў апошні раз у сераду ўвечары. Таму вельмі верагодна, што ўсё ж менавіта ён трапіў пад дзве «адміністрацыйкі» па прыездзе ў Віцебск — мужчыну абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмізму» і «дробным хуліганстве».
***
У Століне затрымалі як мінімум 5 чалавек, паведамляе «Берасцейская Вясна». Праўладныя тэлеграм-каналы напісалі 19 верасня, што затрыманыя «займаліся экстрэмісцкай дзейнасцю».
Як стала вядома праваабаронцам, адзін з затрыманых у сацсетках падпісаны як Вадзім Вяткоўскі.
***
19 верасня ў Рэчыцкім раённым судзе разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да Дзіяны Нараеўскай. Ёй было выстаўленае абвінавачанне паводле ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Пра жанчыну вядома, што яна працавала настаўніцай біялогіі і хіміі ў школе №7 Рэчыцы. Яна таксама была старшынёй першаснай арганізацыі «Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі».
Вядома, што настаўніца была адзначана падзякай Гомельскага абласнога камітэта «Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі» за «актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці, вялікі ўнёсак у абарону працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў сябраў прафсаюза і развіццё сацыяльнага партнёрства». Яна таксама была пераможцай сярод педагогаў у конкурсе навукова-даследчых і творчых работ «Залатыя россыпы».
Судзіў Дзіяну Нараеўскую суддзя Юрый Лунцэвіч. Вынікі судовага пасяджэння ўдакладняюцца, паведамляе «Гомельская Вясна».
***
Жыхара Кіраўска Юрыя Аверкава, ужо асуджанага па артыкуле аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК), будуць судзіць па двух новых артыкулах, піша тэлеграм-канал «MAYDAY.TEAM».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, цяпер яго абвінавачваюць у «распальванні варожасці» (арт.130 КК) і «масавых беспарадках» (арт.293 КК).
У першы раз Юрыя Аверкава затрымалі напярэдадні «адзінага дня галасавання» ў лютым 2024 года. Тады яго спачатку судзілі па адміністрацыйным артыкуле, затым ён стаў фігурантам крымінальнай справы. Прысуд па яго справе праваабаронцам невядомы.
Цяпер беларуса зноў будуць судзіць. Яго справу ў Магілёўскім абласным судзе 30 верасня пачне разглядаць суддзя Ірына Ланчава. Судзіць яго будуць у закрытым рэжыме.
***
28-гадовага жыхара Слуцка прысудзілі да 1,5 гадоў калоніі паводле артыкула аб «супраціве міліцыянту» (ч.2 арт.363 КК), піша «Медыязона» са спасылкай на прэс-службу Генпракуратуры. Яго абвінавацілі ў штурханні міліцыянта ў грудзі і пагрозах яму.
Днём 8 ліпеня на вуліцы Сацыялістычнай беларус нібыта «парушаў грамадскі парадак, гучна размаўляў і нецэнзурна лаяўся».
***
14 кастрычніка Мінскі гарадскі суд пачне разглядаць справу супраць 41-гадовага дызайнера-ілюстратара Сяргея Скібінскага. Яго абвінавачваюць па артыкулах аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 і ч.2 арт.361-4 КК) і «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК), піша «Наша Ніва».
Скібінскі раней быў дырэктарам дызайн-агенцтва poligraf.by, якое праіснавала да 2020 года. У беларуса адкрыта ІП у сферы дызайну, ён стварае ілюстрацыі.
Калі менавіта затрымалі мужчыну — невядома. У сацсетках апошні раз мужчына быў 19 студзеня.
***
Старонка з беларускімі мемамі ў Instagram прызнаная «экстрэмісцкай», паведамляе «Вясна».
Гаворка ідзе пра акаўнт «БелМемы», на які падпісаны больш за 1700 чалавек. «Экстрэмісцкі» статус старонцы надаў суд Ленінскага раёна Гродна 18 верасня.
Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» трапілі Instagram-старонкі «Андрей Стрижак», «Libereco PHR», «INeedHelpBY», Telegram-канал, чат, старонкі ў Youtube, Instagram, TikTok «Оля Токарчук», TikTok-старонкі «nikmen131», «Не Избранные», а таксама сацсеткі праекта «Около культуры».
Тым часам міністр інфармацыі РБ Марат Маркаў заявіў дзяржаўнаму інфармагенцтву «БелТА», што ў Беларусі абмежаваны доступ як мінімум да 5 000 інтэрнет-рэсурсаў. Са студзеня да жніўня 2024 года, паводле заявы пракуратуры Мінска, 103 рэсурсы былі прызнаныя «экстрэмісцкімі», пра гэта піша прэс-служба Генпракуратуры.
Сярод прызнаных «экстрэмісцкімі» па заяве пракуратуры — 13 чатаў і каналаў у Тэлеграме, 44 акаўнты ў «Х» («Твітар»), шэсць сайтаў, 24 акаўнты ў «TikTok», 11 — у Фэйсбуку, тры друкаваныя кнігі і 14 ютуб-каналаў.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 596 дзён, Максіма Знака — 590 дзён, Мікалая Статкевіча — 587 дзён, Ігара Лосіка — 578 дзён, Віктара Бабарыкі — 516 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 446 дзён, Уладзіміра Гундара — 409 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1324 чалавекі.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1410 чалавек. Сярод іх — 174 жанчыны і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.