Гуманізм, кажаце? За інтэрв’ю незалежнаму СМІ будуць судзіць жанчыну, якая не можа хадзіць

Калі Лукашэнка пачаў вызваляць палітвязняў, некаторая частка дэмакратычных пачала казаць пра яго гуманізм. Вось выпадак, які паказвае, што насамрэч сістэма не мяняецца, яна працягвае жорскія рэпрэсіі, а выхад на волю палітычных зняволеных — проста цынічны гандаль дзеля пэўных саступак з боку Захаду.

Фота з сайта "Віцебская Вясны"

Фота з сайта "Віцебская Вясны"

У Віцебску за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» будуць судзіць Валянціну Крыштопенка, яна мае першую групу  інваліднасці. Як распавядае «Віцебская Вясна», жанчыну вінавацяць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Падставай для крымінальнага пераследу сталі інтэрв'ю тэлеканалу, прызнанаму ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Валянціна Крыштопенка была сведкай на судовым працэсе над Вячаславам Лазаравым і Таццянай Пыцько, якіх судзілі за супрацоўніцтва ў «Белсатам». А потым супраць яе самой завялі крымінальную справу.

Судовы працэс над Валянцінай Крыштопенка распачнецца 9 кастрычніка ў Віцебскім абласным судзе, суддзёй прызначана Галіна Бондал.

Валянціна мае праблемы з апорна-рухальным апаратам. Віцябляне памятаюць, як яна на інвалідным вазку брала ўдзел у мірных шэсцях ў 2020г. За ўдзел у шэсцях 4 і 11 кастрычніка на Валянціну склалі два пратаколы і аштрафавалі на 7 базавых велічынь (189 рублёў). Маўляў, жанчына парушала заканадаўства аб масавых імерапрыемствах - «трымала транспарант»і «выкрыквала лозунгі».


Глядзіце таксама

Жанчыну пакаралі і за ўдзел у шэсці 15 лістапада 2020г, калі грамадскасць ўспамінала забітага Рамана Бандарэнку. Суд Віцебскага раёну аштрафаваў Валянціну на 25 базавых (675 рублёў). Суддзя Святлана Іванова пакінула скаргу без задавальнення.

У снежні 2020г. супраць Валянціны Крыштопенка распачалі адміністрацыйную справу за «адзіночнае пікетаванне»: на яе склалі пратакола за фотаздымак з плакатам «Власть воюет с собственным народом». 3-га студзеня 2021 г. у яе дома правялі ператрус, канфіскавалі два мабільныя тэлефоны і плакат, на якім была цытата з Бібліі «Когда господствует нечестивый, народ стенает». За фотаздымак з гэтым плакатам Валянціну аштрафавалі на 1160 рублёў .

За нясплату адміністрацыйных штрафаў 21 красавіка 2021 г. у жанчыны арыштавалі маёмасць на суму 615 рублёў. На той момант Валянціна Крыштопенка была вінная дзяржаве больш за 1600 рублёў.