Хронікі рэпрэсій за 23 верасня: мужчына адбіваўся нажом ад ГУБАЗіКа — на яго завялі крымінальную справу
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі апошнія навіны пра палітычны пераслед у Беларусі за сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1411 дзён, Дзяніс — 1291.
***
25 верасня лідару праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму спаўняецца 62 гады. Гэта ўжо сёмы дзень народзінаў праваабаронцы, які ён вымушаны сустрэць у зняволенні. Раней ён ужо быў вязнем уладаў за сваю праваабарончую і грамадскую дзейнасць з 2011 па 2014 год, піша «Салідарнасць».
У ліпені 2021 года яго зноў затрымалі — і з таго часу ён прайшоў праз следчы ізалятар і суд, які прысудзіў яму 10 гадоў пазбаўлення волі. Алесь Бяляцкі адбывае свой тэрмін у папраўчай калоніі №9 у г. Горкі, куды накіроўваюць рэцыдывістаў.
За сваю барацьбу за правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці Алесь Бяляцкі ў 2022 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Ён стаў другім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі з Еўропы, хто атрымаў яе, знаходзячыся за кратамі. Першым быў Карл фон Асецкі ў 1935 годзе, які быў ворагам нацысцкай Германіі.
Інфармацыі пра Алеся Бяляцкага на дадзены момант вельмі мала. Таму сябры ПЦ «Вясна» лічаць сваім абавязкам нагадаць пра тое, што ў цэнтры Еўропы ў 2024 годзе за свае перакананні і абарону правоў чалавека ў жахлівых умовах калоніі знаходзіцца лаўрэат Нобелеўскай прэміі. З гэтай нагоды ладзяцца акцыі салідарнасці «Выратуйце Алеся Бяляцкага».
Вільня, 25 верасня. Пачатак акцыі — а 14:00. Месца правядзення — Naugarduko, 7 (мурал Алеся Бяляцкага). Гэта знаходзіцца побач з амбасадай Рэспублікі Беларусь у Літве.
Варшава, 25 верасня. Пачатак акцыі — а 18:00. Месца правядзення — Plac Konstytucji, каля будынка Plac Konstytucji, 6.
Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных далучыцца і выказаць салідарнасць са зняволеным лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
***
У Магілёве мужчына адбіваўся нажом ад ГУБАЗіКаўцаў, піша «Вясна». Пра гэта сцвярджаецца ў афіцыйнай версіі прэс-службы МУС.
«Сёння каля 11-й гадзіны раніцы ў Магілёве на праспекце Пушкіна аператыўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС апазналі мясцовага жыхара, датычнага да экстрэмісцкай дзейнасці. Падчас прафілактычнай гутаркі мужчына раптам дастаў нож і нанёс удары міліцыянтам».
Пры мужчыну нібыта знайшлі яшчэ адзін нож і пісталет. Міліцыянту аказалі медыцынскую дапамогу.
Пазней стала вядома, што ГУБАЗіКавец, на якога нібыта напалі ў Магілёве, быў у джынсах, а не ў форме. Першымі паведамілі навіну магілёўскія паблікі. І яны казалі, спасылаючыся на відавочцаў, пра «напад на дваіх чалавек». То-бок сведкі інцыдэнту не ідэнтыфікавалі ўдзельнікаў канфлікту як сілавікоў.
***
Сілавікі затрымалі мужа і жонку за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года, відэа з імі апублікаваў праўладны канал.
«Медыязона» знайшла старонку затрыманай жанчыны ў сацсетках, там яна падпісаная як Ася Ільініцкая.
На відэа сілавікоў яна кажа, што брала ўдзел у пратэстных маршах, у тым ліку жаночых, пісала каментары аб перамяшчэнні тэхнікі ў «экстрэмісцкія» каналы. Муж Асі таксама гаворыць на відэа пра ўдзел у пратэстах.
У відэа сілавікоў паказаны скрыншот рэпартажу тэлеканала «Дождж» пра жаночыя маршы ў Беларусі. У ім Ася расказвае, што прыйшла на акцыю пратэсту праз арышт Марыі Калеснікавай.
***
Беларускамоўнай айцішніцы з EPAM, якая вярнулася з Грузіі, пагражае да дзесяці гадоў калоніі.
Марыну Леановіч, якая да затрымання працавала ў EPAM, абвінавачваюць у «фінансаванні вайны» і «садзейнічанні экстрэмізму». Дзяўчыне пагражае да пяці гадоў калоніі. Судзіць яе будзе тая ж суддзя, якая судзіла Насту Лойка і Алеся Пушкіна, піша «Наша Ніва».
Марыне Леановіч 28 гадоў. Яна з Мінска. Пасля школы вучылася ў БДУІР на метролага. Адразу па размеркаванні дзяўчына пачала працаваць у EPAM, дзе была фронтэнд-распрацоўшчыцай.
Таксама Марына займаецца творчасцю. Напрыклад, піша артыкулы для беларускай «Вікіпедыі», робіць ілюстрацыі і перакладае на беларускую мову, а яшчэ піша вершы. Усе сацыяльныя сеткі дзяўчына вядзе па-беларуску, але пад псеўданімамі.
Пасля пачатку вайны Марына пераехала жыць у Грузію і асела ў Тбілісі.
Пра яе затрыманне паведамілі ў «Твітары» ў кастрычніку 2023 года. Невядома, чаму дзяўчына вярнулася ў Беларусь.
***
Гродзенскі абласны суд прысудзіў 50-гадовую Аксану Ляпко да 3 гадоў калоніі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Яе асудзілі па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса).
У студзені 2024 года сілавікі правялі па ўсёй краіне рэйд, яны прыходзілі да сваякоў палітвязняў і тых, хто атрымліваў дапамогу ад сацыяльнай ініцыятывы «INeedHelpBY». Тады ж была затрыманая і Аксана Ляпко.
«INeedHelpBY» — ініцыятыва прадуктовай дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. 16 студзеня ўлады прызналі ініцыятыву «экстрэмісцкім фарміраваннем».
***
21-гадовага магілёўца Льва Іўчына затрымалі пасля вяртання з Расіі і асудзілі паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК). Суд прысудзіў яго да двух гадоў «хатняй хіміі», піша «Вясна».
Леў Іўчын некаторы час жыў у Расіі, аднак вярнуўся ў 2024 годзе і быў затрыманы. Раней, як пішуць праваабаронцы, па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» судзілі бацьку Льва Валерыя Іўчына. Яго прысудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі».
***
20 верасня ў судзе Добрушскага раёна адбылося пасяджэнне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Таццяны Літвяковай. Яе абвінавацілі паводле ч.2 арт.19. 11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Вынік судовага пасяджэння высвятляецца, піша «Салідарнасць». Працэс узначальвала суддзя Святлана Лук'янава.
Таццяна Літвякова працуе фельчарам-лабарантам у раённай бальніцы ў Добрушы. Яна таксама з'яўляецца членам прафкама першаснай прафсаюзнай арганізацыі Добрушскай цэнтральнай бальніцы «Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя».
***
20 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляюць праваабаронцы.
Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Украіны Юрыя Бандарэнку, senior-распрацоўшчыка з «iTechArt» Іллю Гумбара, жонку былога палітвязня Алесю Сяргеенка.
Акрамя таго, у «Спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў» дадалі новыя арганізацыі: «Беларускі жаночы фонд / Belarus Women’s Foundation», які прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем» яшчэ ў мінулую сераду. Сцвярджаецца, што дачыненне да фонду маюць Вераніка Цапкала і Анжаліка Агурбаш; «Беларускі нацыянальны моладзевы савет "РАДА"» — дачыненне да яго маюць Пракопчык Лізавета, Буніна Кацярына, Ворыхава Маргарыта.
«Экстрэмісцкай» прызналі Instagram-старонку з навінамі Баранавічаў, на якую падпісаныя больш за 45 тысяч чалавек — «Барановичи Новости». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёна 18 верасня.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі відэаролік «Мысли вслух #8. ВАЖНО!» на Youtube-канале Вольгі Такарчук, Youtube-канал «ВЕСТОЧКА» і старонка ў Instagram «wooddecor.bу».
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 599 дзён, Максіма Знака — 593 дні, Мікалая Статкевіча — 590 дзён, Ігара Лосіка — 581 дзень, Віктара Бабарыкі — 519 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 449 дзён, Уладзіміра Гундара — 412 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1322 чалавекі.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1410 чалавек. Сярод іх — 174 жанчыны і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.