Чаму дыктатура Лукашэнкі можа павучыцца ў М'янмы?

На тле імавернай гістарычнай сустрэчы АГЛ і лідара хунты М'янмы афіцыёз шмат піша аб перспектывах супрацоўніцтва Мінска і Рангуна. Сапраўды, беларускім уладам ёсць чаму павучыцца ў новых індакітайскіх сяброў.

Фота Embassy of Belarus in Ha Noi, Viet Nam, Facebook

Фота Embassy of Belarus in Ha Noi, Viet Nam, Facebook

Напрыклад, можна папулярызаваць сярод беларусаў папулярныя ў М'янме крыніцы заробку. На днях CNN распавяла гісторыю кіроўцы-экспедытара Маунга Маунга. Прыкладна пару месяцаў таму яго затрымалі па падазрэнні ў перавозцы прадуктаў для апазіцыйных сіл і пакінулі ў турме на некалькі тыдняў. Паколькі мужа не было дома, ягоная жонка была вымушана браць крэдыты, каб утрымліваць сям'ю. Калі Маунга Маунга нарэшце вызвалілі, ён тут жа страціў працу, а сям'я аказалася без гроша ў кішэні, але з даўгамі. Праз тры дні галадання, страціўшы надзею, Маунг Маунг зайшоў на Facebook і прапанаваў яго карыстальнікам купіць у яго нырку.

Праз тры гады пасля таго, як вайскоўцы прыйшлі да ўлады ў М'янме ў выніку перавароту, амаль палова з 54 мільёнаў чалавек у краіне жывуць за рысай беднасці.

Ноў-хаў дыктатуры вайскоўцаў у М'янме таксама з'яўляецца забойства палітычных зняволеных. Усяго за тры гады дыктатуры ў мясцовых «зонах» былі пакараныя смерцю 150 чалавек. Літаральна на днях была забіта першая жанчына. Яна і яшчэ чатыры чалавекі, нібыта, належалі да групы супраціву і былі асуджаныя на смерць за нелегальнае захоўванне зброі і за меркаваны ўдзел у стральбе па сілавіках у 2021 годзе.

Арыгінальна вырашаюць у М'янме актуальную таксама для Сінявокай праблему ўцечкі моладзі за мяжу. Не так даўно для маладых людзей быў уведзены так званы «Адукацыйны пашпарт». Толькі пры яго наяўнасці юнак ці дзяўчына можа паехаць вучыцца за мяжу. Аформіць згаданы пашпарт улады таксама патрабуюць прыкладна ад 8000 тысяч студэнтаў з М'янмы, які вучацца ў суседнім Тайландзе. Студэнты павінны неадкладна вярнуцца на радзіму, каб падаць заявы на атрыманне «Адукацыйнага пашпарту». Пакуль жадаючых практычна няма. Юнакі баяцца, што такі дакумент яны могуць не атрымаць. А вось позву ў ваенкамат атрымаюць стоадсоткава.

Глядзіце таксама

Ёсць у генералаў і сваё напрацоўкі ў вобласці барацьбы з замежнымі грантамі. А менавіта з атрымальнікамі грантавых праграм. Канкрэтна гаворка пра тых, хто карыстаецца грантамі ў рамках рэалізацыі праграмы амерыканскага фонду USAID. Апошні арганізаваў сетку адукацыйных устаноў для прыкладна 300 тысяч дзяцей, чые сем'і ўцяклі з рэгіёнаў, якія кантралююць вайскоўцы. У пачатку верасня USAID атрымала дакладныя і правераныя паведамленні аб тым, што ваенны рэжым М'янмы нанёс авіяўдары па школах, якія фінансуюцца фондамі. У выніку атак загінула некалькі дзяцей ва ўзросце ад 9 да 16 гадоў, а іншыя атрымалі раненні. 

Як заявілі ў USAID, «мэтавыя атакі вайсковага рэжыму М'янмы забіваюць мірных жыхароў і пазбаўляюць дзяцей і моладзі права на бяспечную адукацыю. Акрамя таго, падобныя мэтавыя напады ставяць пад пагрозу працу супрацоўнікаў USAID. Апроч глыбокага фізічнага і эмацыйнага ўздзеяння на дзяцей, настаўнікаў і супольнасці, напады парушылі адукацыйны працэс на працяглыя перыяды і вымусілі тысячы людзей пакінуць свае дамы».

Як бачым, патэнцыйна цікавыя для рэжыму Лукашэнкі напрацоўкі ў дыктатуры М'янмы сапраўды маюцца. Але тут ёсць важны момант. Пераймаць досвед генералаў М'янмы беларускім чыноўнікам і сілавікам трэба як мага хутчэй. У апошні час у прэсе шмат пішуць аб новым паспяховым наступе войска паўстанцаў.

Глядзіце таксама

У пачатку жніўня пасля месяца жорсткіх баёў армія апазіцыйнага Нацыянальнага дэмакратычнага альянсу М'янмы і саюзныя сілы супраціву захапілі  найважнейшы апорны пункт у паўночнай частцы штата Шан горад Лашыа.

Як адзначае сайт праекта United States Institute of Peace, «захоп горада Лашыа азначае пераломны момант у канфлікце ў М'янме. Гэта ўяўляе сабой нешта большае, чым проста страту буйнога горада. Гэта першы выпадак, калі ваеннае рэгіянальнае камандаванне патрапіла ў палон сілаў супраціву. (…) Дадзеная страта выклікала расчараванне ва ўнутраных колах арміі і сярод яе ключавых унутраных прыхільнікаў».

Калі справы ў М'янме так пойдуць далей, хутка не будзе ў каго той досвед і пераймаць.