Калі дыктатура адступае

 Аб'яднаная ваенная кааліцыя праціўнікаў дыктатуры М'янмы дабілася буйнога поспеху.  Паведамляюць, што на днях фармаванні апазіцыі выцеснілі ворага з горада М'явадзі.

Ілюстрацыйная выява. Антываенны мітынг у цэнтры Янгона ў лютым 2021 года. Фота voanews.com

Ілюстрацыйная выява. Антываенны мітынг у цэнтры Янгона ў лютым 2021 года. Фота voanews.com


Падзенне М'явадзі з насельніцтвам 60 тысяч чалавек стала першай буйной паразай на полі бою ваеннага рэжыму, які ў лютым 2021 года адабраў кантроль у абранага ўрада на чале з нобелеўскім лаўрэатам Аун Сан Су Чжы. Апошняя да гэтага часу знаходзіцца пад вартай.

Пасля путчу людзі пратэставалі супраць хунты, аднак маніфестацыі (як правіла, у гарадах) былі лёгка разагнаныя. У першыя дні пасля захопу ўлады вайскоўцамі ў сутыкненнях сілавікоў і грамадзян было забіта каля 40 мірных пратэстоўцаў.

Глядзіце таксама

І гэта быў толькі пачатак. Па даных праваабарончай арганізацыі AAPPB, з моманту перавароту 1 лютага 2021 года ў агульнай складанасці 4882 мірныя жыхары былі забітыя і 26 510 арыштаваныя, а 20 337 усё яшчэ знаходзяцца пад вартай. З таго часу да смяротнага пакарання былі прыгавораны 164 асобы. Інфармацыі аб ваенных стратах з абодвух бакоў няма, але яны, верагодна, складаюць дзясяткі тысяч. Нарэшце, па даных Агенцтва ААН па надзвычайнай дапамозе, ужо цяпер налічваецца больш за 2,8 мільёна чалавек, якія былі вымушаныя бегчы за мяжу.

З улікам такой статыстыкі нядзіўна, што на нейкім этапе многія думалі, што дыктатура ў М'янме канчаткова перамагла.

Глядзіце таксама

Аднак улады памыліліся ў адным моманце. Па-першае, грамадзянскі супраціў стаў ваенным. Крывавае падаўленне выступаў супраць вайсковага перавароту прывяло да стварэння ўзброеных груп для барацьбы з хунтай пад дахам арганізацыі Народныя сілы абароны. Яна была сфармаваная дэпутатамі парламенту, якія не трапілі ў турму падчас перавароту. Народныя сілы афіцыйна абвясцілі «абарончую вайну» супраць ваеннага рэжыму.

Па-другое, у краіне даўно дзейнічаюць узброеныя сепаратысцкія групоўкі, якія абапіраюцца на этнічныя анклавы. Перш за ўсё, гэта Карэнскае нацыянальна-вызваленчае войска (KNLA) — ваеннае аддзяленне Карэнскага нацыянальнага саюза (КNS), якое выступае за самавызначэнне карэнскага народа М'янмы. KNLA змагаецца з бірманскім урадам з 1940-х гадоў. Па ацэнках экспертаў, на пачатак 2021 года групоўка налічвала каля 15 000 вайскоўцаў.

Паступова апазіцыйны рух пачаў дзейнічаць у каардынацыі з этнічнымі паўстанцкімі групамі, сумесна выступаючы супраць агульнага ворага. Найперш KNLA арганізавала курсы ваеннай падрыхтоўкі для многіх падпольных актывістаў, якія беглі з гарадоў у джунглі пасля перавароту 2021 года. Цікавы факт: сярод тых, хто сышоў «партызаніць», была пераможца нацыянальнага конкурсу прыгажосці.

Кааперацыя развівалася ў двух напрамках. Так, жыхары гарадоў, некаторыя з якіх маюць добрую тэхнічную адукацыю, дапамаглі этнічным паўстанцам не толькі павялічыць уласную вытворчасць зброі з дапамогай 3D-друкарак, але і навучылі ствараць магутныя дроны.

У выніку супрацоўніцтва сітуацыя на тэатры ваенных дзеянняў змянілася. З кастрычніка мінулага года ўрадавая армія паступова страціла кантроль над ключавымі раёнамі паблізу межаў з Індыяй і Кітаем з-за кааліцыі саюзных сіл супраціўлення. Страта М'явадзі, які знаходзіцца на мяжы з Тайландам, стала стратэгічным фіяска хунты.

Цяпер хунта больш не пачуваецца ў бяспецы. Тыдзень таму новая сталіца М'янмы, стратэгічна размешчаная ваеннымі ў глыбіні краіны, упершыню падверглася нападу паўстанцаў з дапамогай тузіна дронаў. Цэлямі сталі аэрапорт і штаб лідара перавароту Мін Аунг Хлаінга.

Вайсковыя заявілі, што збілі ўсе дроны. Тым не менш беспрэцэдэнтная атака на цытадэль дыктатуры стала для хунты псіхалагічным ударам. Медыя пішуць, што ўсё гэта паказвае страту кантролю за працэсамі.

Тое, што дзеянні рэжыму становіцца ўсё больш абарончымі, не ў апошнюю чаргу звязана з тым, што маральны дух салдат падае. І наадварот, высокаматываваныя паўстанцы, якія не атрымліваюць ніякай падтрымкі з боку замежных дзяржаў, змаглі захапіць шмат зброі і ўвесь час атакуюць.

Цяпер хунта імкліва спрабуе папоўніць свае войскі за кошт прызываў на ваенную службу. Але, як пішуць СМІ, мабілізацыя наадварот часцяком штурхае шматлікіх прызыўнікоў перабягаць у шэрагі паўстанцаў.