Хронікі рэпрэсій за 24 верасня: Старонкі ў сацсетках сястры Марыі Калеснікавай прызналі «экстрэмісцкімі»

У Беларусі яшчэ 5 новых палітвязняў: Раман Гралеўскі, Сяргей Козікаў, Аляксандр Зубкоў, Аляксандр Сацюк, Сяргей Паспелаў. Асуджаны на 15 сутак беларус распавёў, як падчас арышту працаваў на плантацыі цыбулі, што належала нямецкаму прадпрымальніку і дэпутату партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Ёргу Дарнау. Апошнія навіны з канвеера рэпрэсій унутры краіны

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

Старонкі Таццяны Хоміч, сястры Марыі Калеснікавай прызналі «экстрэмісцкімі». У спіс трапілі TikTok-акаўнт, старонка ў Instagram і Facebook-профіль Таццяны Хоміч.

У Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў трапіў Youtube-канал «Максим Шабуцкий». Да таго ж у яго дадалі таксама старонку ў Instagram «yana.joj».

  • Жыхар Лунінецкага раёна ў 2021 годзе зняў з крамы чырвона-зялёны сцяг — яго знайшлі праз тры гады па адбітках пальцаў

У 2021 годзе ў Лунінецкім раёне была распачата крымінальная справа па артыкуле аб здзеку з дзяржсімвалаў (арт. 370 КК), аднак чалавека, які зняў сцяг, тады не знайшлі. Побач з месцам здарэння ляжала бутэлька з півам, з якой знялі адбіткі пальцаў.

Як паведамляе Дзяржкамітэт судэкспертыз, у 2024 годзе 21-гадовы хлопец з гэтага раёна праходзіў працэдуру абавязковай дактыласкапіі ў рамках прызыву. Адбіткі яго пальцаў супалі з адбіткамі на бутэльцы, знойдзенымі ў 2021 годзе. 

  • Юнакі сарвалі чырвона-зялёны сцяг з крамы — распачата крымінальная справа

Паведамляецца, што ў Слаўгарадскі РАУС звярнулася ўладальніца кветкавай крамы — нехта нібыта сарваў з фасаду чырвона зялёны сцяг, а таксама пашкодзіў шыльду і кветачніцу.

Міліцыянты затрымалі 16-гадовага навучэнца каледжу і 18-гадовага трактарыста. Распачата крымінальная справа за «здзек з дзяржаўных сімавалаў» (арт. 370 КК).

Верагодна, гаворка ідзе пра двух хлопцаў, якіх затрымалі ў Слаўгарадзе на мінулым тыдні.

  • Асуджаны на 15 сутак беларус распавёў пра працу на плантацыі цыбулі падчас арышту

Асуджаны на 15 сутак за лайк пад постам беларус распавёў выданню Reform.news пра тое, як падчас арышту працаваў на плантацыі цыбулі, якая належыць нямецкаму прадпрымальніку і дэпутату партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Ёргу Дарнау.

Андрэя затрымалі ў лютым 2024 года. Паводле інфармацыі выдання, работнікам плацілі блізу 5 еўраў за працоўны дзень, а працу кантраляваў сам немец.

«Нас завезлі ў сховішча. Люты, падвал, адзежа як у каго. Там рукі і ногі мерзлі. Сняданак у 7:00 гадзін раніцы. Да 18:00 без ежы і піцця. Цыбуля смачная.

Згоду на працу падпісвалі штодня. Калі брыгадзір палічыў, што затрыманы працуюць добра, то яму налічылі заробак. Лідскаму ЦІП плацілі 30 рублёў, затрыманым — каля 20. Цыбулю перабіралі для гандлёвай сеткі “Еўраопт”», — распавёў зняволены аб умовах працы.

Са слоў Андрэя, паміж прадпрыемствам «Цыбулька-Бел» і Лідскім ЦІП была падпісаная дамова падраду. Таксама ён адзначыў, што праца не была прымусовай. Заробленыя грошы павінны былі пайсці ў кошт утрымання ў ЦІПе.

Ёргу Дарнау 53 гады. У 2016 годзе ён далучыўся да ультраправай прарасійскай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны». У 2020 годзе ў вёсцы Гуды Лідскага раёна ён зарэгістраваў ТАА «Цыбулька-Бел». Гэта ферма, дзе вырошчваюць цыбулю і іншую гародніну. У Германіі Дарнау ўтаіў інфармацыю пра свой бізнэс у Беларусі, за што быў аштрафаваны на 20 862 еўра. 

  • У цэнтры Познані адкрылася арт-інсталяцыя «Нязломныя»
instaljacyja_njazlomnyja_poznan.jpg

На працягу бліжэйшых двух тыдняў, да 7 кастрычніка, на плошчы Адама Міцкевіча ў цэнтры Познані (Польшча) можна будзе пабачыць арт-інсталяцыю «Нязломныя», асноўнымі героямі якой сталі пяцёра праваабаронцаў «Вясны», што знаходзяцца за кратамі ў Беларусі выключна за сваю мірную прафесійную дзейнасць.

Арт-інсталяцыя нагадвае пра драматычную рэальнасць, у якой апынулася Беларусь: сярод амаль 1400 зняволеных, што знаходзяцца ў беларускіх турмах паводле палітычных прычынаў, пазбаўлены волі і тыя, хто заўжды імкнуўся дапамагаць беларусам абараняць свае законныя правы і свабоды.

  • Супраць журналіста Сяргея Скулаўца, які з'ехаў з Беларусі, распачалі крымінальную справу

Пра гэта журналіст напісаў у сваім Facebook.

 «Следчы камітэт распачаў супраць мяне справу. З ператрусам прыехалі да мамы, праглядзелі мабільнік, забралі яе, завезлі на мой хутар. Падрабязнасьцяў, на жаль, не ведаю зусім, але справа дакладна зьвязаная з Белсатам».

  • Пададзена апеляцыйная скарга па справе датычнага да гвалтоўных знікненняў сахраўца Юрыя Гараўскага

Глядзіце таксама

Юрысты міжнародных праваабарончых арганізацый ад імя пацярпелых сваякоў падалі апеляцыйную скаргу на рашэнне швейцарскага суда, які вынес апраўдальны прысуд экс-байцу беларускага САХР Юрыю Гараўскаму.

«Мы можам прадставіць новыя доказы, якія дэманструюць наўпроставае дачыненне Юрыя Гараўскага да знікненняў», — адзначаецца ў скарзе.

Нагадаем, Гараўскі ў 2019 годзе добраахвотна заявіў пра сваё дачыненне да выкрадання апазіцыйных палітыкаў — былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

Нагадаем, акруговы суд Роршаха ў 2023 годзе пасля двухдзённага пасяджэння агучыў рашэнне — апраўдаць Гараўскага паводле артыкула аб знікненні людзей, а таксама паводле артыкула аб увядзенні правасуддзя ў зман. У час суда пракурор запытваў для яго тры гады пазбаўлення волі.