Паміж струменьчыкамі да рукапаціскальнасці. Якая ў Лукашэнкі стратэгія на «выбары» 2025-га

Дазаванае вызваленне палітвязняў, «міралюбная» рыторыка, асцярожнае адпаўзанне ад Крамля — усё гэта складнікі аднаго трэнду.

Фота РІА

Фота РІА

Менш за год застаецца да прэзідэнцкіх «выбараў» 2025 года, і эксперты ўсё часцей заўважаюць, як старанна рэжым Лукашэнкі да іх рыхтуецца.

Вядома, гаворка не ідзе пра тое, каб мабілізавацца і перамагчы ва ўмовах чэснай палітычнай канкурэнцыі. Пра дэмакратычныя формы барацьбы і раней казаць не выпадала, а пасля падзей 2020-га гэта можа хіба выклікаць сумную ўсмешку. Сёння ў Беларусі любы голас супраць улады — замах на канстытуцыйны лад. Адзін неасцярожны рух — і ты ўжо «экстрэміст» пад крыміналкай.

Уласна, рэжым сваёй рэпрэсіўнай сутнасці ўжо і не хавае, амаль адкрыта называючы сябе дыктатурай. Але і стратэгія на «выбары» ў Лукашэнкі іншая. На міжнароднае прызнанне сваіх дэкаратыўных электаральных кампаній ён і не прэтэндуе. Звышзадача на сёння куды больш сціплая: правесці сваё «пераабранне» максімальна спакойна, ціха — каб пераканаць Захад, што Беларусь зноў стала «нармальнай» краінай. Так, з аўтакратам на чале, які ўсё ніяк не наесца ўлады за 30+ гадоў. Але яна нікому клопатаў не робіць, з ёй можна суседнічаць і нават мець справу.

«Мець справу», быць хаця б мінімальна рукапаціскальным — для Лукашэнкі цяпер гэта вяршыня «легітымнасці». Да яе ён і імкнецца. Якім чынам?

«Дэтокс на максімалках»

План беларускага рэжыму на 2025 год можна назваць прыкладна так — «дэтокс на максімалках». Усе гарачыя пункты ў адносінах з дэмакратычнымі краінамі трэба, наколькі магчыма, астудзіць. Усе публічныя канфлікты — сцішыць. Усе непаразуменні — разруліць.

Глядзіце таксама

Над тым і шчыруюць. Пакуль, праўда, без асаблівага поспеху.

Адной з найважнейшых, напрыклад, з’яўляецца праблема палітвязняў. Іх па-ранейшаму толькі ў афіцыйных спісах амаль паўтары тысячы. І рэпрэсіі працягваюцца, людзей кідаюць у турмы. Разам з тым, пачынаючы з ліпеня, Лукашэнка вызваляе сваіх палітычных закладнікаў. Прычым робіць гэта дэманстрацыйна, з шырокім асвятленнем у дзяржаўных медыя, нібыта гэта нейкая адмысловая піяр-кампанія — маўляў, паглядзіце, які я добранькі. Са мной можна весці палітычны дыялог, нават калі вы яго называеце гандлем людзьмі.

Няма сумневаў, што да «выбараў» працэс вызвалення працягнецца. Задача, хутчэй за ўсё, палягае ў тым, каб выхад палітвязняў на волю стаў такім пастаянным інфармацыйным фонам, на які цяжка не звярнуць увагу на Захадзе. І так, гэта сігнал: бачыце, я згаворлівы, сёння за кратамі яшчэ палітвязні сядзяць, але паступова яны выйдуць. Толькі прыміце мяне такім, якім я ёсць. Давайце камунікаваць, гандляваць, сужыцельстваваць. Давайце як у 2019-м.

Халаднавата стала ў адным акопе з расійцамі

Яшчэ адзін вузел — вайна ва Украіне. Развязаць яго Лукашэнку складаней праз вялікую залежнасць ад Крамля. Але ён спрабуе, прынамсі на ўзроўні рыторыкі.

Палітолагі заўважылі, што беларускі дыктатар апошнім часам менш выкарыстоўвае мову варожасці на адрас дэмакратычных краін. Зусім не кажа пра вагнераўцаў, якія хочуць экскурсію ў Варшаву. Маўчыць наконт ядзернай зброі, якой яшчэ ўчора пагражаў «калектыўнаму Захаду». Пра Украіну цяпер выказваецца нашмат больш лагодна. Нават кажа, што з Кіевам ёсць камунікацыя і дамоўленасць «па каналах» «не падсвечваць сітуацыю з залётам дронаў». Хлусіць, хутчэй за ўсё, але мог бы ўвогуле памаўчаць.

Глядзіце таксама

Галоўнае ж у тым, што Лукашэнка транслюе знешняму свету зусім не тое, што Масква. У Крамлі па-ранейшаму кажуць пра вайну да «пераможнага канца». Пуцінскі прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў, напрыклад, днямі заявіў, што «СВА трэба працягваць, каб дасягнуць усіх мэтаў, выканаць пастаўленыя задачы і атрымаць перамогу самім». Неяк гэта зусім не вяжацца са словамі Лукашэнкі, які прасоўвае тэзісы пра неабходнасць спынення агню і пачатак перамоў.

Наўрад ці расійскі палітыкум прыходзіць у захапленне, гледзячы, як яго хаўруснік (і галоўны нахлебнік) спрабуе няўклюдна пераапрануцца ў «голуба міру». Праз гэта, калі верыць канспіролагам, можа, і тыя расійскія беспілотнікі раптам пачалі залятаць у Беларусь. Як напамін, наколькі ўсё крохка ў сённяшнім зменлівым свеце. І адыёзнага кіраўніка «ДНР» Дзяніса Пушыліна адправілі ў Мінск не проста так, а каб паручкаўся з беларускім «міратворцам». Хай той ведае сваё цяперашняе месца на адной прыступцы з ганебнымі «сепарамі» з «Лугандону».

Увогуле бачна, што ранейшая ідылія Лукашэнкі з Расіяй нібыта пахіснулася. Выступаючы падчас так званага «дня народнага адзінства», ён зрабіў некалькі намёкаў на гэта, якія не засталіся незаўважанымі.

Гэта было б дзіўна, калі не было б так знаёма. Цягам усяго перыяду свайго кіравання былы старшыня шклоўскага саўгасу рэгулярна крыўдзіцца на Маскву і спрабуе геапалітычна ад яе адпаўзаць. Бо небяспечна занадта збліжацца з суседам, які не хавае імперскіх памкненняў і пастаянна вядзе войны.

Вось і сёння, падобна, прыйшоў час па магчымасці ад Расіі дыстанцыявацца. Залежнасць крытычная, спонсарская дапамога магла б быць і большай, а ва Украіне сітуацыя настолькі невызначаная, што неяк халаднавата стала ў адным акопе з «рускімі братамі». Дзе там наша славутая шматвектарнасць?

На межах з ЕС стала цішэй

Да вострых пытанняў варта аднесці і міграцыйны крызіс. У яго цяпер не такая вострая фаза, але ж ён нікуды не падзеўся. Лезуць мігранты праз Беларусь у Еўрасаюз, і гэта раздражняе Варшаву, Вільню і Рыгу.

Але і тут апошнім часам неяк стала цішэй. Абвастрэнняў даўно няма, нібыта сітуацыя стабілізавалася. І чаму ж так сталася? Вядома, плён тут даюць не захады суседніх краін, якія выбудавалі ўздоўж мяжы з Беларуссю шматкіламетровыя платы ды пільнуюць мяжу 24/7. Гэта мінскі стратэг так вырашыў, працягнуў суседзям руку дапамогі.

У выступе 12 верасня Лукашэнка раптам заявіў, што ён «даручыў папярэджваць бежанцаў, каб яны не ехалі сюды ў спробах трапіць у Еўрасаюз». «Ну заб'юць проста, — сказаў добры чалавек. — Гэта значыць, мы пачалі за іх (за Польшчу і Еўрасаюз у цэлым) працаваць у Афганістане, там, дзе людзям цяжка. Таму стала менш людзей на мяжу ісці».

Так і ўяўляецца гэтая камунікацыя: паважаныя афганцы, вы сюды не хадзіце, вы туды хадзіце. Не варта ехаць у ЕС праз Беларусь, свет вялікі, шукайце іншыя шляхі.

Жарты жартамі, але ж не проста так узнік і гэты наратыў. На лістапад лукашэнкаўцы наогул нейкую міжнародную канферэнцыю па мігрантах хочуць зладзіць. Гасцей клічуць у тым ліку з Захаду. Чакаем працягу міралюбнай рыторыкі?

Ці пойдзе Захад на здзелку?

Лукашэнка плішчыцца паміж струменьчыкамі насустрач жаданай перазагрузцы адносін з дэмакратычным светам, але ці гатовы дэмакратычны свет «зразумець і дараваць»? Пакуль выглядае, што не.

Нават на вызваленне палітвязняў Захад рэагуе вельмі стрымана: маўляў, гэта добры крок, але вызваліць трэба не частку, а ўсіх. Здаецца, на апошні выхад на волю 37 чалавек рэакцыі ўвогуле не было.

Тым часам на дзяржаўным ТБ вырашылі паказаць «пакаяльнае інтэрв’ю»Юрася Зянковіча — палітзняволенага адваката з амерыканскі грамадзянствам. Мэсэдж там быў зусім ужо непрыхаваны — па сутнасці, публічная прапанова Вашынгтону пагандлявацца за вязня. І вось тут ужо ЗША адрэагавалі — жорстка асудзілі гэтую прымусовую і прымітыўную прапаганду.

Карацей, не падобна, што заходнія краіны гатовыя «купіць» такую танную гульню Лукашэнкі. На тое ёсць як мінімум дзве прычыны. Па-першае, мала хто у сённяшнім свеце верыць у суб’ектнасць афіцыйнага Мінска — настолькі яму пасуе вобраз марыянеткі Масквы. Па-другое, мала хто верыць асабіста Лукашэнку, які даўно мае рэпутацыю палітычнага шулера.

І таксама нельга скідваць з рахункаў намаганні апазіцыйных палітыкаў за мяжой. Дэмакратычныя сілы яшчэ канчаткова не сфармулявалі свае стратэгіі на «безвыбары» 2025 года, але галоўны матыў не хаваецца. Трэба зрабіць так, каб рэжыму не ўдалося нанова выбудаваць спаленыя масты з Захадам. Прынамсі пакуль палітвязні сядзяць у турмах, а хаўрусніцтва з Расіяй у вайне супраць Украіны трывае.

Трэба зрабіць так, каб Лукашэнка не здолеў прайсці паміж струменьчыкамі.