«Удзел Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх выбарах абвострыць канфлікт з Крамлём»

З'яўляецца ўсё больш сведчанняў, што чарговыя «прэзідэнцкія выбары» могуць адбыцца ўжо 23 лютага 2025 года. Чым можна растлумачыць такі выбар даты ўладамі (правесці выбары можна не пазней за 20 ліпеня)? І што можа перашкодзіць Лукашэнку вылучыць сваю кандыдатуру?

cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__img_5873_logo_logo.jpg

«Пры вымушаным характары транзіту ўлады ў бюлетэні можа аказацца некалькі наменклатурных кандыдатаў»

Палітычны аналітык, каардынатар «Нашай Візіі» Вадзім Мажэйка ў каментары UDF адзначыў, што магчымае правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у лютым 2025 года выглядае даволі лагічным.

«Ва ўладзе ёсць досвед правядзення электаральных кампаній летам (прэзідэнцкія выбары-2020) і ў лютым (рэферэндум-2022 і мясцовыя і парламенцкія выбары-2024). Зыходзячы з яго зразумела, чаму яны выбралі зіму. Па законе люты — самы ранні тэрмін, у які можна правесці выбары ў наступным годзе. Улада будзе спрабаваць мабілізаваць вертыкаль да гэтага месяца, а калі ўбачыць, што не паспявае ці нешта не складваецца, то тэрміны правядзення выбараў можна і пасунуць», —сказаў Мажэйка.

«Калі выбары заплануюць правесці 23 лютага, то трэба абвясціць пра гэта за тры месяцы. Гэта значыць дзесьці ў пачатку лістапада ўлады канчаткова вызначацца: паспяваюць яны ці варта выбары трохі адкласці» — дадаў ён.

Ці ёсць сумневы ў тым, што Лукашэнка зноў вылучыць сваю кандыдатуру на «выбары»?

«Базавы сцэнар — яго прозвішча будзе ў бюлетэні. Усё, што ён стаміўся, — пустая балбатня. Што можа перашкодзіць базаваму сцэнару? Напрыклад, пагаршэнне стану здароўя Лукашэнкі настолькі, што гэта не дазволіць яму вылучыць сваю кандыдатуру. Тады можа быць запушчаны транзіт улады, прычым пры яго вымушаным характары ў бюлетэні можа аказацца некалькі наменклатурных кандыдатаў, якія будуць супернічаць паміж сабой», — дапусціў Мажэйка.

Яшчэ пры адным магчымым сцэнары Лукашэнка вымусяць пакінуць уладу.

«Калі нам скажуць, што выбіраць давядзецца паміж Качанавай і Галоўчанкам праз дрэнны стан здароўя Лукашэнкі, мы наўрад ці даведаемся, ці сапраўды гэта так. Наўрад ці даведаемся пра ролю Расіі ці іншых фактарах. Але ў такім выпадку вельмі важная будзе кансалідаваная пазіцыя дэмакратычных сіл і Захаду, каб не дапусціць прызнання несумленных выбараў», – адзначыў Мажэйка.

На яго думку, пры базавым сцэнары правядзення прэзідэнцкіх выбараў-2025 гэтая падзея на пазіцыі і статус Святланы Ціханоўскай не паўплывае.

«Нефармальнай легітымнасці Ціханоўскай (фармальна яна абраным прэзідэнтам не прызнавалася) нешта магло б пагражаць, калі б будучыя прэзідэнцкія выбары праходзілі па сцэнары 2020 года — з удзелам дэмакратычных кандыдатаў, адзін з якіх мог бы стаць процівагай Ціханоўскай. Але, хутчэй за ўсё, выбары-2025 не пойдуць па такім сцэнары», — адзначыў Мажэйка.

Ён дадаў: «Раней у беларускіх дэмакратычных сілах не было настолькі працяглага лідарства, гэта ў навіну і гэта новы выклік. Але я бачу ў статусе Ціханоўскай і вялікі плюс — ён дае магчымасці для больш сістэмнай і доўгатэрміновай працы».

Глядзіце таксама

«Перашкодзіць Лукашэнку можа рэзкае змяненне сітуацыі на фронце ці правакацыі з расійскага боку»

Палітолаг Анатоль Котаў у каментары UDF назваў некалькі прычын для рэжыму правесці выбары ў лютым.

«Па-першае, больш бяспечна кампанію праводзіць у зімовы час. Халодна. Дадатковы фактар таго, што пратэстаў не будзе. Па-другое, ёсць спакуса не ламаць тое, што працуе. «Рэферэндум» працягнулі таксама зімой 24 лютага 2024 года і ўсё абышлося. «Выбары» 2020 прайшлі цёплым летам, і гэтая траўма яшчэ жывая. Па-трэцяе, і так зацягнуты транзіт, абяцаны Пуціну ў 2020-м наўзамен на падтрымку, якая, праўда, прывяла яшчэ да большай залежнасці ад Крамля. Хоць тут усё лагічна, няма падтрымкі беларускага народа — даводзіцца мірыцца з роляй губернатара, намесніка або кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі», — лічыць Котаў.

На ягоную думку, Лукашэнку трэба не вылучаць чарговым разам сваю кандыдатуру, а сыходзіць з улады.

«Удзел у выбарах толькі абвострыць канфлікт з Крамлём, а гэта адзіны, па сутнасці, спонсар дыктатуры ў Беларусі. Іншая справа, што сыходзіць Лукашэнку не хочацца. Таму што перад вачыма-хоць бы Нурсултан Назарбаеў. А гэта адносна мяккі варыянт яшчэ. Для таго каб спакойна сысці трэба ўпіхнуць у крэсла таго ж Рамана Галоўчанку. Гэта дазволіць забяспечыць асабістую лаяльнасць, але не гарантуе прадухілення росту расійскага ўплыву або развалу сістэмы», – мяркуе катоў.

Што можа перашкодзіць уладам правесці прэзідэнцкія выбары так, як яны хочуць?

«Рэзкае змяненне сітуацыі на фронце. Але для гэтага патрэбна воля заходніх саюзнікаў. Воля да перамогі, а не да замарозкі канфлікту. Гэта асноўны чорны лебедзь. Або правакацыі з расійскага боку, калі Лукашэнка будзе артачыцца. Правакацыі, якія ўцягнуць Беларусь у поўнамаштабную вайну», – лічыць Котаў.